Thursday, January 7, 2010

НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА

Мітрапаліт Антоній Суражскі

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Бездапаможная любоў — адначасова і выратаваньне і суд для нас; бездапаможная любоў, якая аддае сябе ў чалавечыя рукі, у канчатковым выніку, ёсьць адзінае, што можа выклікаць з жорсткага сэрца, халоднае душы, грэшнага чалавека апошнюю магчымую іскру сьвятла. Калі мы няздольныя адклікацца на любоў, зрабіўшуюся бездапаможнай, згодную быць уразьлівай, якая аддае сябе ў нашы рукі, значыць, мы няздольныя адклікацца ні на што наогул, і павінна здарыцца нешта трагічнае зь намі, зь нашым жыцьцём, каб мы зрабіліся здольныя адказаць на кліч любові. І у гэтым сэнсе бездапаможная любоў, якая ёсьць выратаваньне, ёсьць таксама і выпрабаваньне, крытычны момант нашага жыцьця: па-грэцку, слова “крызыс “азначае "суд”.

Прышэсьце Хрыста ў сьвет ёсьць наша выратаваньне, і прышэсьце Хрыста ў сьвет — ужо распачаты Страшны суд. Гэтае наша выратаваньне, таму што Боская Любоў робіць сябе даступнай, адчувальнай, бачнай у сьвеце, таму што яна робіцца безабароннай і уразьлівай, таму што яна заклікае да нас аб літасьці, таму што Боская Любоў, зрабіўшаяся целам, бывае або прынятая або адпрэчаная. Але гэта і суд наш, таму што калі мы няздольныя адклікацца на безабароннасьць літасьцю, калі мы няздольныя прыняць Таго, Хто адмаўляецца абараніцца ад нас уласьцівай Яму сілай, то гэта — суд над намі, і мы стаім на ім асуджанымі.

Вось выява, праз якую даходзіць да нас вестка аб Увасабленьні. Гэта выява строгая і адначасова так бясконца поўная пяшчоты, цеплыні і любові. Адпрэчым суровасьць гэтай весткі не тым, каб мінуць міма яе, але тым, каб усьвядоміць і трагедыю, і крызіс гэтай весткі і адклікацца усёй сваёй чуласьцю, усёй сваёй успрымальнасьцю, якія ёсьць у нашым сэрцы, і тады выратаваньне сапраўды будзе нашай доляй.

Але выратаваньне, якое Хрыстос прапаноўвае нам гэтай выявай, не складаецца проста ў тым, каб прыняць зь літасьцівай любоўю і пяшчотай нованароджанага Немаўля ў Яго безабароннасьці, гэта нешта, што залучае нас і глыбей, і нават можа быць, няўхільна, таму што Хрыстос кажа: “Я даў прыклад, каб вы рушылі за ім усьлед”. Калі мы Хрыстовы, мы павінны навучыцца быць носьбітамі безабароннай любові, якая прыносіць сябе ў ахвяру жывую ў выратаваньне тых, хто можа яе прыняць, і ў адкупленьне грахоў тых, якія адпрэчваюць яе, таму што не ведаюць, што дзеюць.

Вось думкі, якія я жадаю пакінуць зь вамі ў гэты Калядны дзень, таму што усё наша жыцьцё і уся гісторыя сьвету ёсьць пэрыяд падрыхтоўкі, гэты час чаканьня прышэсьця, таму што Хрыстос, прыйшоўшы аднойчы ў сьвет, зноў ідзе ў сьвет. Першае прышэсьце было ў пакоры і ў безабароннасьці ў выратаваньне, іншае прышэсьце будзе ў славе і сіле, але таксама ў выратаваньне, калі мы зможам убачыць усё сваё жыцьцё ў цэлым і усю гісторыю ў цэлым, як Прышэсьце, час прышэсьця Хрыстова, і калі аднойчы мы шчыра засумуем па дні Гасподнім і скажам разам зь Царквой і Духам: “Прыйдзі, Госпадзі Ісусе”. Амін


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.