Wednesday, June 3, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 21 траўня/ 3 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 47

У тыя дні: Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень. А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах. Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне. А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш? Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: “начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань”. Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю. І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое. Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу. Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць. У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме.

Дзеі 23:1–11

Чытаньне Евангельля на 21 траўня/ 3 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 54

Кажа Госпад вучням Сваім: Усё, што мае Айцец, ёсьць Маё; бо Я сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам. Неўзабаве вы ня ўбачыце Мяне, і зноў неўзабаве ўбачыце Мяне; бо я іду да Айца. Тут некаторыя вучні Ягоныя сказалі адзін аднаму: што гэта Ён кажа нам: “неўзабаве ня ўбачыце Мяне”, і зноў “неўзабаве ўбачыце Мяне”, і: “Я іду да Айца”? І вось яны гаварылі: што гэта кажа Ён: “неўзабаве”? ня ведаем, што кажа. Ісус, зразумеўшы, што хочуць спытацца ў Яго, сказаў ім: ці пра тое распытваецеся вы, што Я сказаў: “неўзабаве ня ўбачыце Мяне”? Праўду, праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет узрадуецца; вы засмучаныя будзеце, але смутак ваш радасьцю абернецца. Жанчына, калі раджае, трывае цярпеньні, бо прыйшоў час яе; а як толькі народзіць дзіцятка, ужо не памятае цярпеньняў ад радасьці, бо нарадзіўся чалавек на сьвет. Так і вы цяпер маеце смутак; але Я вас угледжу зноў, і ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас. І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам.

Яна (16:15-23)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.