Tuesday, October 6, 2009

ЦІМАШЭНКА ПАДТРЫМАЛА КАНСТАНТЫНОПАЛЬ


Прэм’ер міністар Украіны Юлія Цімашэнка заявіла, што падтрымлівае ідэю заснаваньня ў Кіеве сталага прадстаўніцтва Канстантынопальскага Патрыярхату. На сустрэчы з канстантынопальскай дэлегацыяй пад старшынствам мітрапаліта Гальскага Эмануіла яна выславіла перакананасьць ў тым, што гэта “шляхетная справа атрымае ва Ўкраіне падтрымку ўсіх царкоўных канфэсій, усіх галін улады і прадстаўнікоў усіх палітычных сіл”, паведамляе прэс-служба Ўкраінскага ўраду. Прэм’ер таксама выступіла за аб’яднаньне праваслаўных краіны ў “адзіную памесную царкву”. На яе думку, працэс стварэньня такой царквы павінен адбывацца эвалюцыйна, без ціску, з боку ўлады.

Ідэю адкрыцьця ва Ўкраіне прадстаўніцтва Канстантынопальскага Патрыярхату вясной гэтага году агучыў прэзыдэнт краіны Віктар Юшчанка на сустрэчы з Патрыярхам Канстантынопальскім Варфаламеям у Стамбуле.

У адказ на гэта ў МЗС Турцыі падкрэсьлівалі, што Канстантынопальскі патрыярх не надзелены паўнамоцтвамі адчыняць свае прадстаўніцтва за межамі краіны, у тым ліку і ва Ўкраіне. Як вядома, турэцкая ўлада не вызнае Варфаламея І “Сусьветным Патрыярхам” (гістарычны тытул, які ўспадкаваны зь візантыйскіх часоў). Не згаджаюцца ў Турцыі і называць Патрыярха “Канстантынопальскім”, заўважаючы, што горада з такой назвай больш не існуе.

Спробы адчыненьня прадстаўніцтва Канстантынопальскага Патрыярхату ва Ўкраіне былі і раней. Так, яшчэ ў верасьні 2005 г. у Расейскай Царкве выказвалі зьдзіўленьне і занепакоенасьць у зьвязку зь інфармацыяй аб намеры адчыніць такія прадстаўніцтвы ў Кіеве і Львове.

http://uaoc.net/?p=3042

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.