Friday, September 25, 2009

СЛУЖЫЦЬ НАРОДУ – ГЭТА СЛУЖЫЦЬ БОГУ

Мітрапаліт Іларыён (Агіенка) УАПЦ

Сьвятаайцоўская літаратура дае вялікую колькасьць пераканаўчых доказаў, што Сьвятыя Айцы спавядалі на справе вялікую і выратавальную навуку: Служыць народу – гэта служыць Богу. Але я падаю толькі частку зь іх, якую маю каля сябе. Яшчэ зь раньняга Хрысьціянства моцна пашырана была навука, што Богу лепш служыць самотай, у пустэльні, адкуль і пайшло хрысьціянскае пустэльнае жыцьцё. Але таксама зь даўняга часу пайшла і супрацьлеглая навука – што Богу боль прыемна служба Яму ў сьвеце, сярод жывых людзей, бо яны ўсе патрабуюць менавіта гэтай службы для сябе.

Я ўжо неаднойчы распавядаў, як на Запавет любові да блізкага глядзелі ў старажытнасьці Сьвятыя Айцы.

1. Прарок Майсей усё свае жыцьцё служыў свайму народу, і гэтую сваю службу лічыў службай Богу. А “Вераю Майсей, у сталым веку, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавай, і лепей захацеў пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую, грахоўную асалоду.” (Жыд. 11:24-25)

2. Таксама, па загаду Боскаму, служылі свайму народу ўсе Патрыярхі, Судзьдзі і ўсе Прарокі, і яны ўсе лічылі, што служачы народу, яны гэтым служаць Богу.

3. Калі прынесьлі Дзіцё Ісуса да Ерусалімскага Храму, то там “быў у Ерусаліме чалавек, імем Сымон. Ён быў муж праведны і пабожны, чакаў суцяшэньня Ізраілевага”. (Лк. 2:25)

Прыглядзімся бліжэй да гэтага. Праведны Сымон жыў тым, што чакаў суцяшэньня не для сябе самога, а для свайго роднага народу. Бо ён служыў свайму народу, і гэту службу лічыў службай Богу. А калі Сымон узяў Ісуса на свае старыя рукі, тады прамовіў хвалу Богу, а ў ёй ён сказаў: “Сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам; бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё, якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў, сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля.”(Лк. 2:29-32) І тут зноў праведны Сымон падкрэсьліў, што настае слава не для яго, а для яго народу, значыцца зноў свой народ ён ставіць на першае месца. Ды інакш і быць не магло, бо ён жа “чакаў суцяшэньня для Ізраіля”, і толькі тым і жыў. І за гэта, што Сымон Верай і Праўдай служыў свайму народу, жыў толькі ягонай доляй, мрояў толькі аб ягонай славе, а ўсё гэта лічыў службай Бог, Бог узнагародзіў яго за гэта, удастоіўшы зрабіцца Баганосным.

4. Пры Ерусалімскім храме жыла і 84-ці гадовая Прарочыца Ганна, якая распавядала аб Дзіцяці Ісусе ўсім, хто “хто чакаў ратунку ў Ерусаліме”(Лк. 2:38). Ерусалім быў заняты тады чужынцамі, акупантамі, рымлянамі, а Ганна і іншыя чакалі яго вызваленьня, бо любілі свой народ, служылі яму, любілі сваю сталіцу. Вось таму, і Праведны Сымон, і Праведная Ганна гарманічна зьядналі ў сябе любоў да Бога зь любоўю да свайго роднага народу, бо ж на гэтым, уласна, “увесь Закон і Прарокі стаяць” (Мц. 22:40). Яны служылі Богу службай народу.

5. Сьвяты Мікалай Цудатворца ў маладыя гады ўступіў у манастыр, што зваўся Сіён. І жадаў цалкам аддацца на службу Богу, адарваўшыся ад народу. Але аднойчы на малітве пачуў ён голас: “Мікалай, калі ты жадаеш заслужыць ад Мяне вянец, то ідзі і служы для дабра сьвету. Не ў манастыры твая ніва – кроч у сьвет!” І Мікалай пайшоў у сьвет, і ўсё свае жыцьцё старана служыў народу, за што і зрабіўся найбольш слаўным сярод Сьвятых.

6. Ёсьць добрая народная легенда аб Сьвятых Мікалая і Касьяна, якая глыбока і зразумела тлумачыць, што служыць народу – гэта служыць Богу. Адзін раз паслаў Бог Сьвятога Мікалая і Сьвятога Касьяна на зямлю, каб пабачылі, што робіцца ў сьвеце, і дапамаглі Яму. Ужо павяртаючыся, ідуць сябе Сьвятыя па дарозе, ды і бачаць, што нейкі вясковец патрапіў зь возам збожжа ў бруд, і аніяк не здольны выбрацца. Аж надрываецца вясковец ды і конік яго таксама, але воз не рушыць зь места. – Пойдзем, дапаможам беднаму, – адразу кінуўся Сьвяты Мікалай. Але разважлівы Касьян запярэчыў: – Ды што мы дапаможам? Ды мы ж абодва ў сьветлых рызах, – мы іх, барані Божа, забруднім!...

– Дык ідзі сябе сам наперад, – кажа Сьвяты Мікалай, – а я тут паспрабую, ці не дапамагу… І кінуўся Сьвяты Мікалай да возу, добра ўзяліся разам зь вяскоўцам за яго, – і ўсё ж выцягнулі на сухое… Вясковец і словаў не знаходзіў, каб падзякаваць за такую дапамогу… Але Сьвяты Мікалай цалкам забрудніў свае сьветлыя Рызы ад верху і аж да долу, а да ўсяго яшчэ і падзёр іх… Нагнаў ён Сьвятога Касьяна, а той і не пазнае яго… – Як жа мы цяпер да Бога пойдзем? – жахнуўся Касьян…

– Нічога, – кажа абыякава Сьвятой Мікалай, – неяк яно будзе… – І вінавата абтрасае бруд зь сваіх Рызаў… І падышлі яны да брамы Раю, а там іх сустракае Сьвяты Пётр з ключамі. І таксама не пазнае Сьвятога Мікалая: – А дзе ж ты так забрудніўся? – пытае Апостал. Распавёў Сьвяты Мікалай, пакорліва і вінавата, усё што адбылося зь возам, а твар Пятра аж зазьзяў, – задаволены быў. І пайшоў Пётр да Бога, каб пераказаць усё, што ён пачуў, бо не пускаць жа такога забрудненага прад вачамі Бога… І павярнуўся Пётр, і абвясьціў Божы прысуд: – Добра зрабіў ты, Мікалай!

– За праўдзівую службу блізкаму будуць людзі сьвяткаваць табе двойчы на год… А табе, Касьян, хопіць і самых сьветлых чыстых Рызаў тваіх, а сьвяткаваць табе будуць раз у чатыры гады (29 лютага высакоснага году)… І сапраўды – Сьвята Мікалая сьвяткуецца двойчы ў год: 9 (22) траўня і 6 (19) сьнежня. Звычайна, гэта толькі народная легенда, але як яна вельмі добра даказвае, што служыць народу – гэта служыць Богу.

7. Звышгодны Макар Эгіпэцкі (+390 г.) 60 гадоў знаходзіўся ў пустэльні, служачы Богу Малітвай, а не ў сьвеце. Аднаго разу Госпад адчыніў Макару ва сьне, што ў недалёкім ад яго месцы жывуць дзьве жанчыны, якія больш дасканалыя чым ён у набожнасьці і лепш служаць Богу. Макар занепакоіўся, і пачаў шукаць гэтых жанчын, каб навучыцца ад іх, як лепш дагадзіць Богу. Ён лічыў, што яны робяць нейкія надзвычайныя малітоўныя подзьвігі. І Макар адшукаў гэтых жанчын, і выявілася, што яны вядуць ціхае, сямейнае жыцьцё, звычайнае ў сьвеце. Яны былі ў шлюбе за дзьвюма братамі ўжо 15 гадоў, і годна выконвалі свае шлюбныя і дамавыя абавязкі… І Макар маліў Госпада, каб Ён дапамог яму жыць так набожна ў пустэльні, як і гэтыя жанчыны жылі ў “грэшным” сьвеце, служачы сваім дзецям і муж’ям: варылі і пралі…

8. Мучанік Зьміцер Салунскі (III-IV ст.ст.) верна служыў свайму народу, і гэтую службу сваю лічыў службай Богу. Калі на ягоны родны горад Салунь напалі ворагі, то ён мужна абараняў яго, а Госпада маліў: “Госпадзі, калі Ты пагубіш гэты горад, то і я зь імі (салунянамі) загіну, а калі выратуеш іх, то і я зь імі выратуюся.” Гэта вялікі ўзор нацыянальнага патрыятызму, і служэньня свайму народу!

ІНШЫЯ ДОКАЗЫ

1. Знаходзячыся на гэтым сьвеце, Ісус Хрыстос часта зваў Сябе Сынам Чалавечым, па-жыдоўскі Ben Adam, па нашаму Сын Чалавечы. Значыцца тым Сынам, што цалкам стаў на службу для іх. Зрабіўшыся такім, бо так было прадвызначана Богам яшчэ спрадвеку, і Сын Божы зрабіўся Сынам Чалавечым, і быў паслушны Свайму Айцу, і пакорліва служыў яму службай народу!

2. Сьвятое Богазьяўленьне, калі Ісусу Хрыстос упершыню зьявіўся народу, каб служыць яму, сьвяткуецца боль чым велічна, бо Бог Айцец сьведчыць аб сыне, а Дух Сьвяты Галубкай сышоў на Яго. Гэта было прылюднае зьяўленьне Хрыста ў сьвет, пачатак Яго службы народу, “каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх” (Мц. 20:28; Мк. 10:45). Службай народу Ісус служыў Свайму Айцу, Богу.

3. Сама назва для Духоўных “Пастыр” гаворыць аб службе народу. Бо пастыр не толькі ахоўвае свой статак, але найперш – служыць яму, працуе для яго. Бог – Пастыр Ізраіля (Дз. 76:20, 79:1), а праз гэта і нашага народу. Хрыстос быў заўсёды Добрым Пастырам, бо ўсё жыцьцё служыў народу. Удумайцеся глыбока ў наступныя словы Хрыста: “Я Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі” (Ян. 10:11), і наогул ва ўсю прамову Выратавальніка аб Добрым Пастыры (Ян. 10:1-18), – яна ясна сьведчыць, што служыць народу – гэта служыць Богу.

4. Жыцьцё Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы перапоўнена прыкладамі, што ў нас заўсёды адчувалася спрадвечная ўкраінская ідэалёгія: Служыць народу, значыцца служыць Богу. Цэрквы і манастыры нашы ад старажытнасьці былі цесна павязаны зь народам, бо служылі яму. Напрыклад, яны ўтрымлівалі для ўсенароднае корысьці бібліятэкі, школы, шпіталі, друкарні, аптэкі і г.д. Кіева-Пячорская Лаўра, яшчэ з часоў свайго заснаваньня, заўсёды шчыра і аддана служыла свайму народу, лічачы гэта службай Богу. Вядома, што Звышгодны Феадосій не дабраслаўляў маладых манахаў на самотнасьць, вымагаючы ад іх найперш працы для сьвету, для народу.

Эвангельскую ідэю: Служыць народу – служыць Богу, глыбока ўжыў у свае жыцьцё наш слаўны філёзаф Рыгор Скаварада (1722 – 1794), які меў магчымасьць заняць высокае становішча ў Царкве, але гэтага не зрабіў, бо ўсё сваё жыцьцё глыбока разумеў, што найбольшая служба Богу – служба народу. І ўсе апошнія 30 гадоў свайго жыцьця Рыгор Скаварада цалкам прысьвяціў службе ўкраінскаму народу, вандруючы па Ўкраіне і ўсюды вучачы найперш просты народ. І ў гэтай сваёй працы ўсё жыцьцё быў манахам – аскетам, хоць і пільна ўнікаў манастыроў.

Супрацьлеглага Скаварадзе ідэалягічнага кірунку быў слаўны аскет, старац Паісій Велічкоўскі, равесьнік Рыгора Скаварады (1722 – 15. ХІ.1794). Ён заклаў у нас інстытут “старцаў”, шмат працаваў пры манастырах, быў пладавітым пісьменьнікам, але ўся праца яго адбывалася ў манастырах, для невялікага кола абраных людзей. І ў гісторыі нашай бачым: Скаварада зрабіўся агульна прызнаным, а Паісій Велічкоўскі – малавядомы, але таксама шматплодным для разьвіцьця ідэалёгіі “старцаў”. Абодва служылі Богу рознымі шляхамі.

ВЯЛІКАЯ ТРАГЕДЫЯ НАШАГА ЧАСУ

Мы перажываем гістарычны час, калі людзі горача шукаюць нейкай вялікай галоўнае ідэі – і не знаходзяць яе. Душа наша прагне Сьвятой ідэі, такой ідэі, каб захапіла яе ўсю, каб захапіла яе на ўсё жыцьцё, каб была Божай Праўдай. Шукаюць, – і знахлдзяць дробныя “ідэйкі”, і ўспрымаюць іх па свайму выхаваньню, па сваёй адукацыі, па свайму атачэньню. І ўспрымаюць гэта новае, як нейкую сапраўды Боскую Праўду, – шчыра аддаюцца яму і служаць яму.

Адны знайшлі яе ў іеговізме, іншыя ў сыботніцтве, іншыя ў іншым і ў сотнях падобных іншых “ідэях”. І служаць новастворанай ілжывай ідэі, як Богу. Аддаюць ёй усё, служаць да сьмерці… Зь “ідэйкі” робяць Самога Бога, і жыцьцё сваё аддаюць ёй…

Але… за такімі “ідэйным” служэньнем не бачаць Чалавека. Жывога праўдзівага Чалавека. Забываюцца аб ім. Абясцэньваюць яго да нулю… “Ідэйка” захіляе ім жывога Чалавека… А Чалавек пакутывая, мучыцца, перапрацоўвае, хварэе, робіцца калекай, галадае, трымціць ад страху прад гвалтам і г.д. — і гэтага ніхто не бачыць!

Людзі зь сваіх “ідэяў” стварылі сябе бажка—куміра — і пакланяюцца, і служаць яму нягледзячы на забарону Божу.

— Выратаваньне ў перэхросьце, – крычаць адны. І хватаюць хворага Чалавека, і робяць другі хрост. Перехрэшчываюць. А чалавек гэты проста перапрацаваў і хоча… есьці.

— Не, выратаваньне ў самой Веры. Ідзіце да нас, і толькі верце. І вы ўжо выратаваны… — крычаць іншыя. – Не трэба адпаведных спраў да Веры!...

— Цалкам не так, – крычаць трэцьці. – Выратаваньне ў тым, каб сьвяткаваць суботу!... І ўсе забываюцца, што “субота для чалавека, а не чалавек для суботы” (Мк. 2:27). І не жадаюць зразумець, што ў цэнтры ўсяго – рэальны жывы Чалавек. І ў кожным зь людзей – Бог, у кожным – Хрыстос. Ён – Чалавек!

І даўным-даўно ўжо і Запавет дадзены, як служыць Богу, дадзены Самім Ісусам Хрыстом: “Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету: бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.” (Мц. 25:34-36) Вось гэта рэальная служба Госпаду. І ў службе гэтай у цэнтры заўсёды адно – Чалавек. Чалавек галодны, прагнуўшы, голы, хворы, катаваны, цёмны – ёй паслужы, і гэтым паслужыш Самаму Госпаду! (Мц. 25:40)

Чалавецтва ўжо забылася, што Сам Госпад Ісус Хрыстос даў ясны адказ, які Запавет першы ў Законе. Ён на гэта адказаў усяму сусьвету: — Першы Запавет: Любі Госпада Бога свайго. А другі: Любі блізкага свайго, як самога сябе. І абодва гэтых Запавету – казаў Хрыстос – аднолькава роўныя. Тут не першы – другі, а адзіны непадзельны Запавет!

Чалавецтва з гэтага Запавету крыху запамятавала пачатак яго: Любі Госпада Бога свайго, а сканчэньне яе, другую палову яго: Любі блізкага свайго, як самога сябе – цалкам забыла. І даўно ўжо забыла! І моцна забыла… І адсюль сучасная трагедыя сьвету, адсюль трагедыя чалавецтва…. Адсюль рабства, адсюль войны, адсюль паншчына.

Хоць яшчэ апостал Ян нагадваў чалавецтву аб гэтым забыцьці і перекручаньні: “Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?” (1 Ян. 4:20)

Вось жа, у Сьвятым Пісаньні загадваецца раней паказаць, што ты любіш брата, тады па гэтаму будзе бачна, ці любіш ты Бога. Любоў да брата, гэта служэньне брату альбо народу, Сьвятое Пісьмо вуснамі ўлюблёнага Вучня Ісуса ставіць на першае месца, робіць першым Запаветам, ставіць умовай тваёй службы Госпаду. Таму: Служыць народу – гэта служыць Богу! І найбольшая трагедыя сучаснае гісторыі чалавецтва – забыцьцё менавіта гэтага першага – другога Запавету Божага.

І Чалавека, што створаны па Вобразу і Падабенству Боскаму, забылі, абясцэнілі яго… А ў нашы часы ўжо ніхто стомленаму і абцяжаранаму не дапаможа, бо праз служэньне “ідэйкам” зрабілася не бачна Чалавека, што жыве ў пакутах, Іконы Боскай…

Хрысьціянства цяпер распадаецца на сотні сэкт, якія гатовыя праглынуць адна адну, і ў якіх ад праўдзівага Хрыста мала што засталося. Яны не бачаць бяздольнага Чалавека, яны ўсе забыліся, што любіць – гэта служыць, “жалаваць”, што служыць Чалавеку – гэта служыць Богу. І ўсе сэкты адна адну завуць грэшнымі, і толькі сябе саму праведнаю… І ўсе забыліся, што Хрыстос “еў і піў з грэшнікамі”, што Хрыстос гасьцяваў у доме мытніка Закхея.

І ўсе забыліся, што Хрыстос прабачыў нават блудніцы… І ўсе толькі сябе лічаць Праведнікамі, і як Праведныя, гатовыя першымі кінуць камень у іншых… (Ян. 8:7). За сваёй фальшывай верай усе забыліся аб найвышэйшым тварэньні Боскім – аб Чалавеку! За сваімі фальшывымі “ідэйкамі” цяпер цалкам забыліся, што Чалавек – гэта Вобраз і Падабенства Боскае! (Бц. 1:26)

Чалавек – Ікона Божа! І так нарадзілася вялікая трагедыя сучаснасьці: Сьвет згубіў Чалавека! Сьвет абясцэніў Чалавека!

Дэвальвацыя Чалавека!....

http://uaoc.net/?p=1638


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.