Friday, September 25, 2009

УЗМАЦНЯЙЦЕ СВАЕ РЭЛІГІЙНАЕ ЖЫЦЬЦЁ

Прат. М. Аўчарэнка.

1. Мета жыцьця чалавека.

Якая мэта жыцьця чалавека? Гэта пытаньне найбольш важнае, бо ад адказу на яго залежыць і ўдасканаленьне кожнага чалавека. Розныя людзі даюць розныя адказы, але праз тое, што людзі недасканалыя і яшчэ вельмі шмат чаго не ведаюць, то і адказы іх “ад сябе”, на ўзроўні чалавечага розуму, не могуць прэтэндаваць на ісьціну.

Толькі Хрысьціянства дае правільны адказ, бо гэта адказ не ад чалавека, а ад Бога. Хрыстос гаворыць: “Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.” (Мц. 5:48), — значыцца, мэта жыцьця чалавека – удасканаленьне (у шырокім і глыбокім разуменьні гэтага слова) аж да абагаўленьня. Удасканаленьня чалавека пачынаецца тут, на зямлі, і будзе працягвацца ў іншым Вечным Жыцьці. Яно ніколі не скончыцца, бо чалавек, бясконца набліжаючыся да Бога, не можа сам зрабіцца Богам. Удасканаленьне немагчыма разглядаць як турботу чалавека толькі за сябе самога.

“Бог ёсьць любоў” (1 Ян 4:8). А гэта значыцца, што для чалавека любоў ёсьць найбольш важным зь усяго (1 Кар. 13:13). Любоў чалавека, удасканальваючыся, павінна дасягнуць дасканалай любові да Бога, значыцца, каб любіць і ворагаў сваіх. Аб гэтым ясна сказана Хрыстом (Мц. 5:44-45, 48). Гэту найвышэйшую ступень любові чалавек набывае, удасканальваючы сябе ў любові да родных, да бліжэйшых, да свайго народу, на ўсяго чалавецтва.

Любоў да іншых людзей настолькі важна, што на Страшным Судзе Госпад будзе судзіць кожнага па ягонай любові, служэньню іншым: Ці накарміў галоднага? Ці апрануў голага? Ці паслужыў хворым? ды іншае. (Мц. 25:31-46)

Наш Сьвяцейшы Ўладыка Мітрапаліт Іларыён стала падкрэсьлівае, што “Служыць народу – гэта служыць Богу!”. Удасканаленьне сябе і служэньне іншым людзям так павязаны адно зь адным, што падзяліць іх немагчыма. Чым больш дасканалы чалавек, тым больш ён можа паслужыць іншым.

Любоў, служэньне іншым людзям павінны ісьці ад шчырага сэрца, а не быць толькі фармальнымі. Праўдзівая любоў ёсьць толькі тады, калі чалавек не можа не любіць, не можа не служыць. Царква і розныя арганізацыі – гэта месца, дзе найбольш і найлепш выяўляецца служэньне іншым. Толькі трэба памятаваць, што Царква і сьвецкія арганізацыі – не ёсьць аднолькавымі

2. Царква і сьвецкія арганізацыі — розныя рэчы

Ёсьць розныя аб’яднаньні – арганізацыі людзей, кожнае зь якіх скіравана да адной альбо іншае мэты. Але ўсе сьвецкія арганізацыі маюць на мэце толькі зямное жыцьцё чалавека. Ёсьць толькі адно аб’яднаньне, якое мае на мэце і зямное і нябеснае жыцьцё, значыцца Вечнае Жыцьцё чалавека. Гэта аб’яднаньне, утворанае Самім Хрыстом Богам, і носіць назву Царква (Мц. 16:18). Вечным кіраўніком Царквы ёсьць Сам Хрыстос, а Царква – цела Яго (Эф. 1:22-23).

Якая розьніца паміж каапэрацыяй і целам? Ва ўсялякай каапэрацыі кожны жыве сваім жыцьцём і каапэрацыя, значыцца сумесная дзея зь іншымі, выгадна для дасягненьня пэўнае мэты. У целе ж ёсьць арганічная залежнасьць усіх чальцоў. Баліць рука – баліць і ўсё цела. Прыемна воку – прыемна і ўсяму целу. У целе ёсьць розныя чальцы, але ўсе яны патрэбны. Калі захварэў нейкі чалец, то ўсё цела лечыць яго. У целе найслабейшы чалец не толькі раўнапраўны боль моцнаму, а нават важнейшы за яго, чаго пры каапэрацыі ў сьвецкіх арганізацыях няма. Гэта вельмі добра паказаў Сьвяты Апостал Павал ў 1-м Пасланьні Карынфянаў (1 Кар. 13:12-27).

Для чаго людзі аб’ядноўваюцца ў Царкву? А для таго, каб у агульнай малітве славіць Бога, дзякаваць Яму за ўсе Яго даброты і прасіць у Яго дапамогі для далейшага жыцьця.

Царква – гэта школа, дзе вернікі навучаюцца Закону Гасподняму, навучаюцца як ім жыць, дзе верныя ўдасканальваюцца ў сваіх маральных сілах. Царква – гэта месца дзе вернікі словам і справай выяўляюць сваю любоў адзін да аднаго.

Усе людзі памыляюцца, усе людзі грашаць, а таму і ў Царкоўных Грамадах магчымы памылкі іх сяброў, магчымы непаразуменьня. Але злосьці, “прынцыповай” непрымірымасьці адзін да аднаго не можа быць у Царкве. Калі чалавек каецца, яго патрэбна прабачаць, бо ў Царкве дзее Навука Хрыстова: “Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны; а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.” (Мц. 6:14-15) Калі ж няма пакаяньня, а дзее злосная ўпартасьць, то там справа іншая (Мц. 18:15-17).

Каб Царкоўная Грамада духоўна ўзрастала, удасканальвалася – за гэтым назірае духоўны кіраўнік яе – Сьвятар. Аб гэтым ясна напісана і ва ўсіх Парафіяльных Статутах нашай Царквы. Сьвятар – духоўны айцец сяброў Царкоўнае Грамады. Ён мусіць правільна навучаць верных, мусіць змагацца са ўсялякімі праявамі антыхрысьціянскага ў Грамадах. А гэты праявы магчымы, бо мы жывем сярод іншавернага і нават атэістычнага атачэньня. Сьвяты Апостал Павал вучыў Япіскапаў і Сьвятароў: “Прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем. Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху” (2 Цім. 4:2-3).

Становішча Сьвятара ў Царкоўных Грамадах абсалютна іншае, чым любых кіраўнікоў ці працаўнікоў у сьвецкіх арганізацыях, бо Сьвятар атрымоўвае Дабрыню Боскую пры Рукапакладаньні (у Сьвятой Таямніцы Сьвятарства). Гэта гаворыць, што жыцьцё Царкоўнае Грамады іншага характару, чым сьвецкіх арганізацый, і розьніца між імі істотная. Саборнапраўнасьць і дэмакратыя не ёсьць тое ж самае. На жаль, часта блытаюць гэтыя паняцьця.

Вельмі вялікую памылку (калі не казаць мацней) робяць тыя, хто разглядае Царкву, як адну з чалавечых арганізацый. А некаторыя ўпарта вяжуць Царкву з палітыкай, блытаючы палітычнае і нацыянальнае, хоць гэта розныя паняцьця. Так, Царква – нацыянальная, бо толькі праз нацыянальнае перакананьне чалавек найбольш адчувае Бога; Бог робіцца для яго сапраўдным Айцом (Мы ж молімся “Ойча наш…”), але Царква далёкая ад палітыкі. Аб гэтым Хрыстос ясна сказаў: Ян. 18:36; Мц. 22:21 і інш. Ворагі Хрыстовы ўмешваюць палітыку ў Навуку Хрыста (Ян. 19:12), і фармальная падстава асуджэньня Хрыста на сьмерць Пілатам была палітычнага характару (Ян. 19:19-22; Мк. 15:26), хоць Хрыстос не мяшаўся ў палітыку.

Гэта не значыцца, што нельга займацца палітыкай, а толькі значыцца, што палітыку нельга ўносіць у Царкву.

Уладыка Мітрапаліт Іларыён (Агіенка) у сваёй кніжцы: “Як правіць Сьвятую Літургію”, Вінніпенг, 1952 г., у якой ён дае ўказаньні Сьвятарам, піша: “Царква і Сьвятар не для палітыкі” (б. 16). Тыя, хто разглядае Царкву, як адну з чалавечых арганізацый, пазбаўляюць Царкву Сьвятасьці, Дабрыні Боскай у ёй, і Боскую Ўстанову прыніжаюць да ўзроўню чалавечых устаноў. Гэтым яны шмат шкодзяць нармальнай незалежнае працы Царквы, і тармозяць духоўны рост Царкоўных Грамад, хоць матэрыяльна Грамады могуць і расьці.

Сьвяты Павал забараняе прыстасоўваць Царкву “да гэтага стагодзьдзя” (Рым. 12:2), бо Навука Хрыста – гэта абсалютна вечная Праўда. Але гэта не значыцца. Што патрэбна адарваць Царкву ад жыцьця. Царква шчыльна павязана з жыцьцём: яе заданьне – уплываць на жыцьцё, пераўтвараць яго, рабіць людзей лепшымі. Вельмі важным ёсьць не блытаць Навукі Хрыста са звычаямі, якія ёсьць чалавечым стварэньнем.

Каб жыцьцё Царкоўнае Грамады праходзіла нармальна, патрэбна, каб кожны сябра яе ўмеў адрозьніваць Богаабвешчаныя Ісьціны ад абрадаў, звычаяў. Богаабвешчаныя Ісьціны, як Боскія, не могуць зьменьвацца людзьмі. Таксама не магчыма “замоўчваць” адно альбо іншае зь Сьвятога Пісьма толькі таму, што яно супярэчыць пэўным “нашым” поглядам. А справа тут у тым, што альбо “нашы” погляды няправільныя, альбо няправільна разумеецца Сьвятое Пісьмо. Адносна абрадаў і звычаяў, дык іх ствараюць людзі, і яны могуць быць рознымі ў розных народаў, і могуць людзьмі зьменьвацца.

Колькі шкоды прыносяць Царкве тыя, хто зьмешвае ў адно і Боскія Абвяшчэньня і звычаі! Нават бывае. Што звычаі ставяцца вышэй Богам Абвешчаных Ісьцін. Абавязкова патрэбна сыстэмная праца ў адкрыцьці Навукі Хрыстовай. Нельга дапускаць, каб Праваслаўя пераўтваралася ва абрадаслаўнасьць, і гэтым зацямняўся б сьветлы глыбокі зьмест Хрысьціянства.

Царква не можа адмаўляць сьвецкае жыцьцё, сьвецкія арганізацыі, бо чалавек мае матэрыяльнае цела, а адсюль і матэрыяльныя патрэбы, задавальненьнем якіх і займаюцца сьвецкія арганізацыі. Матэрыяльны сьвет створаны Богам, і таму не можа быць нядобры сам па сябе, бо Бог нічога нядобрага не творыць. Але ж не трэба аж занадта пераацэньваць матэрыяльнае жыцьцё, бо тады занепадае жыцьцё духоўнае.

3. Сьвятасьць Храму

Мы жывем сярод іншаверных, а то і атэістаў, і іх уплыў, часта незаўважаны, пазнаецца і ў тым, што ў некаторых зь верных памяншаецца пачуцьцё Сьвятасьці ў Царкве. Сьвятасьці Сьвятых Таямніц, асабліва Пакаяньне, Прычасьце і Сьвятарства; Сьвятасьці Храму ды інш. Мы спынімся толькі на адным – Сьвятасьць Храму. Храм – гэта Дом Божы, гэта Сьвятыня. А таму ў будынку Царквы нельга рабіць нічога, што ёсьць зьнявагай Боскага Дому. Ва ўмовах жыцьця ў Канадзе, Царквы будуюць з памяшканьнямі для правядзеньня ў іх нацыянальна-культурнай працы, як, напрыклад, школа, нацыянальныя імпрэзы ды інш., што ўзмацняе Царкоўную Грамаду ў рэлігійна-нацыянальным дусе. У гэтых памяшканьнях магчымы і развагі для Грамады, толькі каб яны насілі хрысьціянска-культурны характар.

Гэтыя памяшканьні ёсьць часткай Боскага. А наш украінскі народ лічыць Сьвятасьцямі не толькі ўвесь будынак Царквы, а нават і агароджаны пляц вакол Царквы, не дазваляючы на ім паліць. Але нехта лічыць, што нам патрэбны грошы для выплаты пазык ці ўтрыманьня Царквы, і таму мы вымушаны рабіць у залях пад Царквой нешто і неадпаведнае.

Такі погляд няправільны, не хрысьціянскі. Ніколі не трэба забывацца, што спосаб здабыцьця грошаў для Царквы не мусіць выходзіць па-за межы хрысьціянска-культурнага характару. Богу не патрэбны падарункі, здабытыя неадпаведным спосабам. Наш Т.Г. Шаўчэнка гэта вельмі добра разумеў і пісаў зь абурэньнем: “А потым у дар Табе прыносім з пажару выкрадзены Пакроў” (“Каўказ”).

Спосабы здабыцьця грошаў, праца, якая праводзіцца ў будынку Царквы, павінны быць такімі, каб не рабіць зьнявагі Богу, не было зьнявагі Сьвятасьці Царквы. Не магчыма пагодзіцца з тым, што гэта, гавораць, часовая зьява, бо ці раз зрабіць зьнявагу Сьвятыні, ці сто разоў – усё роўна гэта зьнявага Сьвятасьці! Грамада мусіць працаваць плянава, тады не будзе непасільных даўгоў. Плянавасьці ў працы навучаў нас Сам Хрыстос (Лк. 14:28-30)

4. Барацьба зь атэізмам.

Мы жывем у час пасільнага наступу атэізму. Праз прэсу, кіно, тэлебачаньне і інш., дзе вольна, а дзе прыхавана, але ён нясе зьняверу альбо хоць бы сумнеў у існаваньні Бога, у праўдзівасьць Сьвятога Пісьма, нясе зьнявагу Сьвятасьці і б’е па духоўнаму кіраўніку – Сьвятару, выклікаючы зьнявагу да яго.

Барацьба з гэтым – абавязак кожнага вернага, абавязак усёй Царквы. Найлепш гэта рабіць праз царкоўны ворган. Нам патрэбна выданьне такіх рэлігійных часопісаў, заданьне якіх было б раскрыцьцё непраўдзівасьці атэізму, і тлумачэньне Праваслаўнай Хрысьціянскае Навукі. Такія выданьні мусяць бы быць на адпаведным узроўні. У наш час навука пайшла далёка наперад, колькасьць адукаваных людзей багата большая, а таму ўжо недастаткова толькі пачатковае тлумачэньне пытаньняў Рэлігіі. Прэса ж – вялікая сіла, надзвычайна вялікая сіла. Мы мусім мець выключна рэлігійны ворган зь аддзеламі для моладзі і дзяцей.

Узмоцнім жа сваю Царкву. Змагаемся са ўсім нэгатыўным, што намагаецца ўлезьці ў нашу Сьвятую Царкву! Не зачыняем вачэй і на свае памылкі, не баімся вызнаць іх, бо толькі дзякуючы гэтаму магчыма пазбавіцца іх.

Заўсёды памятаем, што найбольш галоўнае, найбольш важнае для Царкоўных Грамад, для ўсёй Царквы – гэта рэлігійная праца праз нацыянальную сьвядомасьць, бо для гэтага і сама Царква існуе, а ўсё іншае – толькі прылады, толькі дапамога.

Што б мы не рабілі – заўсёды глядзім, а ці не супярэчыць гэта сутнасьці Хрысьціянства, яго духу, ці не ёсьць перашкодай нашаму ўдасканаленьню, ці вядзе нас да мэты, якую ўказаў Хрыстос: “Будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.” (Мц. 5:48).

Да сьветлае мэты павінны і крочыць сьветлым шляхам.

“Вірі й культура”, нумар 4 (136), году 1965 б.б. 9-12

http://uaoc.net/?p=1637


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.