Friday, September 18, 2009

ЗВЫГОДНЫ МУЧАНІК АФАНАСІЙ БЕРАСЬЦЕЙСКІ (1597 – 1648 г.г.)



Звышгодны Афанасій, беларус, нарадзіўся ў 1957 г., у Брэсьце. Ягоная шляхетная сям’я ад старажытнасьці належала да Берасьцейскага Праваслаўнага брацтва. Зь юнацтва ён атрымаў добрую адукацыю, ведаў шмат моў – польскую, грэцкую, лацінскую і, зразумела, родную беларускую. Ад маладосьці працаваў прыватным настаўнікам ў маёнтках буйной шляхты, а таксама быў і на дзяржаўнае службе.

У 30-ці гадовым узросьце, скарыўшыся манаскаму пакліканьню, што існавала ў яго ад дзяцінства, Афанасій у 1627 г. прымае пострыг у Віленскім Сьвята-Духаўскім манастыры. Пасьля ён праходзіў послух у Куцеінскім манастыры пад Воршай, у Міжгірскім манастыры пад Кіевам, у Дубоўскім манастыры пад Пінскам, зь якога яго перавялі ў Купятыцкі манастыр недалёка ад Менску.

Купятыцкі манастыр меў слаўную і старажытную гісторыю. Ён быў заснаваны на месьці зьяўленьня 15 лістапада 1182 г. цудатворнай Купятыцкай іконы Боскай Маці, але прастаяў нядоўга – у 1240 годзе манастыр спалілі татары і цудатворны абраз больш 250 год праляжаў у попелу. У XV ст.ікона была зноў знойдзена, а манастыр адноўлены. У 1655 г. манастыр гвалтам захопліваюць уніяты, але праваслаўныя манахі выратоўваюць цудатворны абраз Багародзіцы ад зьнявагі і прыносяць яго ў Кіеў, дзе ён быў з пашанай усталяваны ў Сафійскім саборы.

Неўзабаве пасьля пераводу ў Купятыцкі манастыр, Афанасій быў прызначаны манастырскім зборшчыкам і выпраўлены братамі ў Маскву за міласьцінай. Шлях да Масквы быў цяжкі, як з побытавага, так і зь маральнага боку. Але звг. Афанасій выканаў даручэньня і павярнуўся з багатай міласьцінай. Пасьля вяртаньня ў Беларусь, у 1640 г., ён быў абраны ігуменам берасьцейскага Сімяёнаўскага манастыра.

У наступны год ігумен Афанасій адпраўляецца ў Варшаву і там выпрасіў у караля Ўладзіслава грамату, што пацьвердзіла ўсе прывілеі Берасьцейскага брацтва і абяцаўшая поўную свабоду Праваслаўнай Царкве. Але ў зацьвярджэньні яе каралеўскія чыноўнікі адмовілі. “Зрабіцеся ўсе ўніятамі, – адказалі звг. Афанасію, – так мы і дарам усё зацьвердзім!”

“О Божа правы! – піша ў сваім дзёньніку ўражаны скрухай звг. Афанасій. – вагі беззаконьня ўпалі да самага краю, ужо не турбуюцца аб праваслаўнае веры, аб сьцьверджаньні славы Боскай, усе быццам сарамацяцца…”

Аднойчы ў гэтыя цяжкія дні, калі звышгодны чытаў акафіст прад Купятыцкай іконай Боскай Маці, ён ясна пачуў ад Яе голас: “Афанасій! Падавай скаргу цяпер на сэйме пры дапамозе абраза Майго Купятыцкага, у крыжы выяўленым, прад польскім каралём і дзяржавай, пагражаючы справядлівым гневам Боскім, які вось-вось наступіць, калі не апамятаюцца! Хай раней за ўсё на заўсёды асудзяць унію – у гэтым самая вялікая патрэба, – і ім яшчэ можа быць добра!”

Скарыўшыся волі Багародзіцы, звышгодны раздаў сябрам сэйму абразкі Купятыцкай Боскай Маці зь “надпісам”, утрымліваючым у сябе пагрозу гневу і суду Боскага за дабрадзейства ўніі і ўціск Праваслаўя, а таксама прамовіў у абарону Праваслаўя моцную прамову ў прысутнасьці караля. Звышгодны Афанасій падаў каралю прашэньне, у якім казаў: “Калі вы абараніце Ўсходнюю Праваслаўную Царкву, тады пражывеце гады вашы ў шчасьці. Калі ж не абараніце і не зьнішчыце зь твару зямнога ўніі – пазнаеце гнеў Боскі. Абраз Маці Боскай ды будзе вам трубой і прадвесьнікам”.

За падобную дзёрзкасьць у абароне Праваслаўя прад каралём Рэчы Паспалітай звышгоднаму прышлося шмат перанесьці. Ён быў абвешчаны “вар’ятам”, вытрымаў шматлікія допыты, кінуты ў вязьніцу. Варшаўскія праваслаўныя сьвятары, запалоханыя каралеўскімі чыноўнікам, каталікамі і ўніятамі, спужаліся і, пазбавіўшы звг. Афанасія сьвятарства, адправілі яго на суд да мітрапаліта Кіеўскага Пятра (Магілы). У Кіеве варшаўскае рашэньне было прызнана незаконным , а звг. Афанасій быў цалкам апраўданы. Калі ён распавядаў мітрапаліту, як яго вадзілі ад адной духоўнае асобы да іншай, знакаміты прапаведнік, архімандрыт Інакенцій Гізель адзначыў: “Як ад Ганны да Каяфы!”.

Змучаны перажытым, звг. Афанасій павярнуўся ў свой манастыр. Ён шукаў толькі спакою і малітвы. Але зноў ён ясна пачуў голас ад Купятыцкай іконы Багародзіцы: “Афанасій! Прасі яшчэ, зь дапамогай Майго абраза, на будучым сэйме прад каралём і дэпутатамі Рэчы Паспалітай аб поўным зьнішчэньні праклятай уніі. Добра будзе, калі паслухаюцца і зьнішчаць яе: пражывуць яшчэ шчасьліва будучыя гады!”

Звышгодны так спужаўся, што пяць дзён нічога не еў і ня піў, і не ведаў, што рабіць. Неўзабаве ён вырашыў выканаць волю Багародзіцы. Але ў лістападзе яго арыштавалі і адправілі ў Варшаву, бо ўніяты, спрабуючы спыніць дзейнасьць звг. Афанасія па абароне Праваслаўя, выкарысталі ягоную вандроўку ў Маскву як падставу для абвінавачаньня ў дзяржаўнае здрады. Але нават зь вязьніцы звг. Афанасій напісаў прашэньне каралю, апісваючы ганеньні на Праваслаўную Царкву, і нагадваючы абяцаньне, дадзенае каралём пры ўзыходжаньні на пасад, абараніць праваслаўную Царкву. Другое прашэньне, больш кароткае, нехта кінуў у карэту караля пры ягоным прыезьдзе. Кароль загадаў вызваліць звг. Афанасія, але пры ўмове, што мітрапаліт Кіеўскі возьме яго да сябе.

Такім чынам, да самой сьмерці мітрапаліта Пятра (Магілы) у 1647 г., звг. Афанасій жыў у Пячорскае лаўры. Але пасьля вяртаньня яго ў Берасьце вясной 1647 г. выбухнуў бунт Багдана Хмяльніцкага, які для задавальненьня ўласных мэтаў пачаў выкарыстоўваць праваслаўную рыторыку. Гэта адбілася на лёсе праваслаўнага насельніцтва Беларусі і Ўкраіны, якое, нягледзячы на патрыятызм і супраціў бунтуючым бандытам, агулам было абвінавачана каталікамі ў падтрымцы бунту.

Падобнае становішча выкарысталі ўніяты, якія даўно жадалі прыпыніць дзейнасьць звг. Афанасія. Першага ліпеня 1648 г. у манастыр зьявілася каталіцкая і ўніяцкая шляхта каб арыштаваць ігумена па абвінавачаньню яго ў тым, што ён пасылаў бунтаўшчыкам порах. Аніякага пораху не знайшлі, але даношчык не вытрымаў і пры ўсіх зласьліва сказаў салдатам: “Чаму ж вы не падкінулі мяшочка з порахам і не даклалі, што знайшлі яго тут у манахаў?” Самі судзьдзі пераканаліся ў ілжывасьці абвінавачаньняў, але пачалі пытаць іншае: “Але ж ты сьвятую ўнію абвінавачваў і ганіў!” Звышгодны перакрыжаваўся і пацьвердзіў усе свае ранейшыя словы. Яго закавалі ў кайданы і кінулі ў мясцовую вязьніцу.

У ноч на пятае верасьня зь яго зьнялі кайданы і перавезьлі ў “абоз”, гэта значыцца ва ўмацаваны лягер, за горад. Прад тым да яго прыходзілі айцы езуіты ўгаворваць яго пакінуць Праваслаўе, але сышлі, нічога не дасягнуўшы, і паслалі да яго аднаго зь сваіх вучняў угаворваць яго апошні раз. Але звг. Афанасій адказваў яму так: “Хай езуіты ведаюць, што як ім прыемна перабываць у асалодзе сьвету гэтага, так і мне прыемна пайсьці на сьмерць!” Кіраўнік абозу адмовіўся прыняць яго, кажучы езуітам: “Ён цяпер у вашых руках, рабіце зь ім што жадаеце!”

Тады яго адвялі ў лясок каля абозу і пыталі вагнём, і чутна было, як звышгодны грозна казаў нешта сваім катам. Потым гукнулі гайдуку, каб ён зарадзіў ружжо, і загадалі падрыхтаваць яму. У апошні раз патрабавалі ад звышгоднага, каб ён адмовіўся ад Праваслаўя. Але ён зразумела адказаў: “Што казаў, з тым і памру!”. Гайдук, знаёмы яму, устаў на калені, просячы прабачэньня і дабраслаўленьня і, атрымаўшы іх, выстраліў. Звышгодны працягваў стаяць, прыхіліўшыся да сасны. Тады загадалі кінуць яго ў яму. Ён скіраваў твар на неба, склаў рукі крыжам і выцягнуў ногі, і яго закапалі жывым. Потым так і знайшлі яго.

У горадзе ніхто ў гэтую ноч не спаў. “У ноч, калі закатавалі спачыўшага, вялікае трапятаньне напала на нас і на ўсіх мяшчан ад гэтых спраў, – пішуць складальнікі гэтай журботнай повесьці, паслушнікі Берасьцейскага манастыра, вучні звг. Афанасія, назіраўшыя, схаваўшыся ў кустах, за апошнімі мінутамі зямнога жыцьця свайго настаўніка. – Ноч была ясная, не бачна ніводнага воблака, а маланка была жахлівая і разьлівалася па ўсяму небу…”

Толькі першага траўня наступнага году, па ўказаньню аднаго юнака, было знойдзена цела звышгоднага. Адкапалі яго ноччу і другі дзень пахавалі ў манастыры ў Сімяёнаўскім храме. Тленьне не датыкнулася яго, но на целе былі бачны сьляды катаваньняў і пуль. Язык усох паміж зубамі. “Лічым, што пахавалі яго яшчэ жывога, і гэта зрабілася зь ім ад вялікага сьмяротнага цяжару. Бог дабрынёй Сваёй ды замацуе нас у набожнасьці і пашле нам цярпеньне імям Яго дзеля сьвятога.” – так канчаюць апавяданьне аб пакутах сьвятога звышгоднага мучаніка Афанасія Берасьцейскага яго верныя вучні.

Ужо ў 1658 г. звышгодны мучанік Афанасій быў прызнаны мясцова шануемым сьвятым Кіеўскае Царквы, а ў 1666 г. пабачыў сьвет яго жыцьцяпіс лацінкай на беларускай мове. Жыцьцяпіс быў складзены па дзеньнікам і ўспамінам яго паслушнікаў беларускімі студэнтамі Кіева-Брацкай школы.



Трапар Афанасію Берасьцейскаму


Дабрашчасны ёсьць, ойча наш Афанасій, / бо праўдзіва жыў ты, стоячы непарушна за веру Сьвятую Праваслаўную, / зь замілаваньнем заўсёды сьпяваючы гімн Багародзіцы, / запавет усім даўшы аб захаваньні Сьвятой Праваслаўнае веры, / пацярпеў за сьведчаньне ісьціна нават да сьмерці. / Мы ж, шануючы сьвятасьць тваю, / зь дзёрзкасьцю сьпяваем табе: / ойча наш, звышгодны мучанік Афанасій, / пахвала і ўпрыгожаньне наша і ўсяго народу беларускага.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.