Thursday, August 27, 2009

УСЬПЕНЬНЕ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Зь усіх сьвятаў, усталяваных Царквой у гонар Багародзіцы, найбольшым ёсьць сьвята яе сьвятога і слаўнага Ўсьпеньня. Двухтыднёвым постам мы рыхтуем сябе да сьвяткаваньня гэтага дня.

Сьмерць Боскай Маці называецца Ўсьпеньнем на знак таго, што Яна заснула на нейкую хвіліну, а тады, як сон, скінула з вачэй сьмерць труны, пабачыла несьмяротнае жыцьцё і славу Госпада.

У Дзеях сьвятых апосталаў гаворыцца, што пасьля Ўзьнясеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста апосталы гары Эляёнскай ў Ерусалім і там жылі ўсе разам, чакаючы зыходу Сьвятога Духа. Зь імі знаходзілася і Боская Маці, Якая ў гэты час жыла ў сьв. Яна Багаслова, малілася, заўсёды згадваючы аб Сваім Боскім Сыне.

Яны знаходзілася зь апосталамі ў часе зыходу Сьвятога Духа на апосталаў. З шматлікіх апавяданьняў і прац сьвятых айцоў Царквы бачна, што пасьля зыходу Сьвятога Духа на апосталаў Багародзіца засталася ў Ерусаліме, наведвала тыя мясьціны, дзе хадзіў і прапаведаваў Яе Сын Ісус Хрыстос і не жадала пакідаць краіну, для Яе любую і сьвятую.

Але цар Ірад Агрыпа пачаў прасьледаваць Царкву Боскую, паганы і жыды, якія ненавідзелі Боскую Маці за тое, што Яе любяць хрысьціяне, жадалі забіць Яе. Тады Яна, разам з Янам Багасловам, пайшла зь Ерусаліму і прыбыла ў Эфес. У Эфэсе яна наведала япіскапа Кіпрскага Сьв. Лазара, якога ўваскрэсіў Выратавальнік, а таксама Афонскую гару. Калі ганеньня на хрысьціян скончыліся, Усясьвятая Дзева павярнулася ў Ерусалім і зноў пасялілася ў доме Яна Багаслова на Сіёне.

Аднаго разу Яна, як заўсёды, пайшла на Эляёнскую гару і там у часе малітвы пабачыла прад сабой архангела Гаўрыіла, які трымаў у руках райскую аліўкавую галінку. Ён падаў ёй галінку і прамовіў: “Твой Сын і Бог наш чакае Цябе зь анёламі, архангеламі і ўсімі сіламі нябеснымі. Праз тры дні Ты спачінёш, і Ён узьнясе Цябе, Маці Сваю, у Свае нябеснае Царства, дзе Ты будзеш жыць зь Ім вечна.” Зь вялікай радасьцю пачула Багародзіца вестку аб сваім блізкім спачыне і, пакланіўшыся да зямлі свайму нябеснаму весьніку, ад усёй душы падзякавала Госпаду за абяцаную Ёй міласьць. Павярнуўшыся да дому, Яна распавяла Багаслову ўсё, што бачыла і чула, і пачала рыхтавацца да свайго скону. Яна упрыгожыла свой пакой, як да вялікага сьвята, зрабіла свае апошнія загады, просячы, каб Яе пахавалі ў Гэўсіманіі, там, дзе ляжалі Яе бацькі і справядлівы Іосіф, і ўручыла Яну райскую аліўную галінку з тым, каб, па загаду анёла, ён нёс яе прад Яе труной у часе пахавальнай хады. Ёй вельмі хацелася яшчэ раз пабачыць тут, на зямлі, збор усіх апосталаў. І адбыўся цуд, аб якім так душэўна сьпявае Царква: “На несьмяротнае Твае Ўсьпеньне, Маці жыцьця Багародзіца, цудам сабраліся раскіданыя па ўсяму сусьвету апосталы.” Яны вельмі зьдзівіліся, калі пабачылі адзін аднаго, і толькі тады, калі Ян Багаслоў распавёў ім аб блізкім сконе Маці Боскай, апосталы зразумелі, для чаго іх Госпад сабраў такім цудоўным чынам.

Апосталы засмуціліся, што бачаць Боскую Маці ў апошні раз, і, абліваючыся сьлязамі, ледзь адпавядалі на Яе пытаньні аб іх апостальскай працы ў справе пропаведзі слова Боскага. Яна суцешыла іх. “Не плачце, сябры і вучні Хрыстовы, – казала Яна ім, – не затуляйце Маёй радасьці вашым горам. Я крочу да Сына Майго і Бога вашага, а вы, пахаваўшы Маё цела, вяртайцеся кожны да сваёй справы.” Калі надышоў час скону Ўсясьвятой Дзевы, у першую гадзіну дня ў пакоі раптам зазьзяла яскравае сьвятло боскай славы, дах дому разышоўся, і цуд пабачылі прысутныя.

Сам Госпад Ісус Хрыстос сышоў з неба зь анёламі і сьвятымі. “Узьвялічвае душа Мая Госпада, – ускрыкнула Маці Боская, – і радуецца Мой дух у Богу, Збаўцы Маім, што паглядзеў на пакору служанцы Сваёй!” З гэтымі словамі Яна паднялася зь сьмяротнага ложку насустрач Выратавальніку і перадала душу Сваю ў рукі Свайго Боскага Сына. Тады ўсе пачулі сьпеў анёльскага хору, якой паўтараў словы, якімі архангел Гаўрыіл вітаў Усясьвятую Дзеву Марыю ў час дабраслаўленьня: “Радуйся, Дабрадатная, Госпад з Табой! Дабраслаўлёная Ты паміж жанчынамі!” Усе прысутныя глядзелі на цудоўнае відовішча зь страхам і набожнасьцю. На іконах душу Багародзіцы малююць у выглядзе немаўля.

У дзень пахаваньня апосталы паднялі труну зь целам Боскай Маці і зь сьпевам псальмаў панесьлі яе праз Ерусалім у Гэўсіманію; на перадзе крочыў Ян Багаслоў і нёс зьзяючую яскравым нябесным сьвятлом райскую аліўкавую галінку. Шмат людзей зь запалёнымі сьвечкамі суправаджалі Ўсячыстае Цела Боскай Маці. Жыхары Ерусаліму, жыды, пабачыўшы гэтую цудоўную хаду, выходзілі з будынкаў і далучаліся да хады.

Гэта не падабалася жыдоўскім сьвятарам і старэйшынам. У пераказе гаворыцца, што адзін з іх, дзёрзкі Афоній, кінуўся да труны і жадаў яго перакуліць. Але анёл Госпада нябачным мячом адсек яму рукі. Афоній адразу пакаяўся, і Апостал Павал вылечыў яго. Апосталы пахавалі цела Багародзіцы ў пячоры і завалілі ўваход у яе вялікім каменем. Тры дні не адыходзілі яны ад магілы і маліліся.

На трэці дзень у Ерусалім прыбыў адсутнічаўшы на пахаваньні апостал Тамаш. Каб даць яму магчымасьць разьвітацца зь Целам Багародзіцы, адкінулі камень, які зачыняў уваход да пячоры, але Цела Багародзіцы там не адшукалі. На месцы, дзе было Цела, ляжала толькі плашчаніца, якая накрывала Яго.

Павярнуўшыся да дому, апосталы сабраліся за агульнай трапэзай і, як заўсёды, пакінулі адно вольна месца і, як заўсёды, паклалі хлеб у гонар уваскрэслага Госпада Ісуса. Пасьля трапэзы яны, як заўсёды, узьнялі хлеб, названы часткай Госпада, прамаўляючы: “Госпад Ісус Хрыстос, дапамагай нам!”

Яны маліліся, гледзячы на неба, і раптам пачулі над сабой анёльскі сьпеў і пабачылі ў хмарах Багародзіцу і атачэньні анёлаў і сьвятых. “Радуйцеся, – прамовіла Яна ім, – Я заўсёды буду зь вамі.” Сьвятыя апосталы, схіліўшыся, прамовілі: “Усясьвятая Багародзіца, памагай нам!” Тут толькі яны зразумелі і паверылі, што Багародзіца ў трэці дзень пасьля Свайго ўсьпеньня ўваскрэсла.

У памяць аб гэтай падзею Сьвята Царква ўсталявала 15 жніўня сьвята Ўсьпеньня Ўсясьвятой Багародзіцы, якому 14 жніўня бывае прадсьвята Ўсьпеньня Боскай Маці. У памяць таго, што Ўсяьсвятая Дзева вызначаны час да Свайго скону трымала пост, Сьвятая Царква ўсталявала Ўсьпенскі Пост, які пачынаецца 1 жніўня і канчаецца 15 жніўня.

Трапар сьвята, тон 1

Пры нараджэньні Хрыста Ты дзявоцтва захавала / і па сьмерці сусьвету не пакінула, Багародзіца: / да жыцьця Ты перайшла, як Маці Жыцьця, / і малітвамі Тваімі пазбаўляеш ад сьмерці душы нашы.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.