Saturday, June 6, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 24 траўня/ 6 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 51

У тыя дні: калі ўратаваліся, тыя, што былі з Паўлам, даведаліся, што востраў называецца Меліт. Іншапляменцы прынялі нас вельмі чалавекалюбна: бо яны, з прычыны дажджу і холаду, расклалі вогнішча і прынялі ўсіх нас. Калі ж Павал набраў многа хмызу і клаў на вагонь, выскачыла ад жару зьмяюка і павісла на руцэ ў яго. Іншапляменцы, калі ўбачылі павіслую на руцэ ў яго зьмяю, казалі адзін аднаму: праўда, чалавек гэты - забойца, калі яму, уратаванаму ў моры, суд Божы не пакідае жыцьця. Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды. Яны чакалі былі, што ён пухнуць пачне, альбо што раптам упадзе мёртвы; але, чакаючы доўга і ўбачыўшы, што ня сталася зь ім ніякай бяды, думку зьмянілі і казалі, што ён - Бог. НаваКал той мясьціны былі валоданьні першага чалавека вострава, называнага Публіем; ён прыняў нас і тры дні гасьцінна частаваў. Публіеў бацька ляжаў, пакутуючы ад гарачкі і ад болю ў жываце: Павал увайшоў да яго, памаліўся і, усклаўшы на яго рукі свае, ацаліў яго. Пасьля гэтай падзеі і астатнія на востраве, хто быў хворы, прыходзілі і былі вылечаны. І рабілі нам шмат гонару, і на дарогу далі ўсё патрэбнае. Праз тры месяцы мы адплылі на Александрыйскім караблі, пад знакам Дыяскураў, які зімаваў на тым востраве, і, прыплыўшы ў Сыракузы, пабылі там тры дні; адтуль адплыўшы, прыбылі ў Рыгію; а празь дзень, як павеяў паўднёвы вецер, прыбылі на другі дзень у Путэол, дзе знайшлі братоў і былі ўпрошаныя пабыць у іх сем дзён, і потым паплылі мы ў Рым. Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, выйшлі нам насустрач да Апіевай плошчы і трох гасьцініц; убачыўшы іх, Павал падзякаваў Богу і падбадзёрыўся духам. А як прыйшлі мы ў Рым, дык сотнік перадаў вязьняў ваеначальніку, а Паўлу дазволена жыць адасоблена з воінам, які вартаваў яго. Праз тры дні Павал склікаў самых знакамітых Юдэяў і, калі яны сышліся, прамовіў да іх; мужы браты! не зрабіўшы нічога супраць народу ці бацькоўскіх звычаяў, я ў кайданах зь Ерусаліма перададзены ў рукі Рымлянам; яны, судзіўшы мяне, хацелі даць волю, бо няма ўва мне ніякай віны, вартае сьмерці; але як што Юдэі не паразумеліся, дык я мусіў патрабаваць суду ў кесара, зрэшты, ня дзеля таго, каб зьвінаваціць у чым-небудзь народ мой; з гэтай прычыны я і склікаў вас, каб пабачыцца і пагутарыць з вамі, бо за надзею Ізраілеву абложаны я гэтымі кайданамі. А яны сказалі яму: мы ні пісьмаў ня мелі пра цябе зь Юдэі, ні з вандроўных братоў ніхто не паведаміў пра цябе і не сказаў нічога благога. Зрэшты, нам пажадана пачуць ад цябе, як ты думаеш; бо вядома нам, што пра гэта вучэньне ўсюды спрачаюцца. І прызначыўшы дзень яму, вельмі многія прыйшлі да яго ў гасьцініцу; і ён з раніцы да вечара выкладаў ім вучэньне пра Царства Божае і пераконваў іх за Ісуса, прыводзячы сьведчаньні з закона Майсеевага і прарокаў. І адны пераконваліся ад словаў ягоных, а другія ня верылі. Ня маючы згоды паміж сабою, яны адыходзілі, калі Павал сказаў ім наступныя словы: добра Дух Сьвяты сказаў бацькам нашым праз прарока Ісаю: “ідзі да народу гэтага і скажы: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце; агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх”. Дык вось, хай вам будзе вядома, што збавеньне Божае паслана язычнікам: яны і пачуюць. Калі ён сказаў гэта, Юдэі пайшлі, многа спрачаючыся паміж сабою. І жыў Павал цэлыя два гады на сваім утрыманьні і прымаў усіх, хто прыходзіў да яго, прапаведуючы Царства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усякай адвагаю без забароны.

Дзеі 28:1–31

Чытаньне Евангельля на 24 траўня/ 6 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 67

У той час, як уваскрос зь мёртвых, Ісус зьявіўся вучням Сваім і: калі яны абедалі, Ісус кажа Сымону Пятру: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне больш, чым яны? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві ягняты Мае. Яшчэ кажа яму другі раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пётр кажа Яму: так, Госпадзе! Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі мае. Кажа яму трэйці раз: Сымоне Ёнін! ці любіш ты Мяне? Пятра замаркоціўся, што трэйці раз спытаўся ў яго: “ці любіш Мяне?” і сказаў Яму: Госпадзе! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю Цябе. Ісус кажа яму: пасьві авечкі Мае; праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады, дык апаясваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарышся, дык выцягнеш рукі твае, і другі апаяша цябе і павядзе, куды ня хочаш. А сказаў гэта, даючы зразумець, якою сьмерцю Пётр праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною. А Пётр, абярнуўшыся, бачыць - за ім ідзе вучань, якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўшыся, сказаў: Госпадзе! хто цябе прадасьць? Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Ісусу: Госпадзе! а ён што? Ісус кажа яму: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? ты ідзі за Мною. І пранеслася гэтае слова паміж братамі, што вучань той не памрэ. Але Ісус не сказаў яму, што не памрэ, а: калі Я хачу, каб ён заставаўся, пакуль прыйду, што табе да таго? Гэты вучань і сьведчыць пра гэта і напісаў гэта: і ведаем, што ў ісьціне сьведчаньне ягонае. Многа й іншага стварыў Ісус; але калі б пісаць пра тое падрабязна, дык, думаю, і самому сьвету не ўвабраць напісаных кніг. Амін.

Яна (21:15-25)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.