Saturday, June 6, 2009

За каго маліліся ў сыботу прад Тройцай:


ЗА КАГО МАЛІЛІСЯ Ў СЫБОТУ ПРАД ТРОЙЦАЙ

Сёньняшняя сыбота прад сьвятам Зыходу Сьвятога Духа на апосталаў – на першую Царкву Хрыстову – прысьвячаецца, браты памінаньню ўсіх памёршых, і найбольш тых, якія скончылі свае жыцьцё раптоўнай сьмерцю: у вагні згарэлі, у вадзе патапіліся, зьверам альбо чалавекам забітыя, прапалі без вестак; якія без Спавяданьня й Прычасьця адышлі на той сьвет, і наогул за тых невядомых, безпрытульных, якія не маюць тых, хто за іх моліцца.

Любыя браты і сёстры! Жыцьцё, калі нават спакойна мінае, і тое, як часта раптоўнай сьмерцю людзей карае, а ў такія гадзіны, якія мы і да сёньня не перажылі, у гадзіны агульнанародных беспарадкаў, колькі ў тых хвалях жыцьцёвага мора, у тым вагні народных змаганьняў, раптоўную сьмерць знайшлі, прапалі без вестак, ад нападу ворага загінулі. Колькі за гэтыя часы вырасла падобных магілаў, у якіх дзесяткі, сотні нікому невядомых, загінуўшых знайшлі сабе вечны спакой. А між тым яны ёсьць душы жывыя, што ў Бога вядомыя, што патрабуюць Божай ласкі, патрабуюць і нашых малітваў. Ды хто зь усіх памёршых, нават хрысьціянскай сьмерцю, цалкам падрыхтаваны адышоў на той сьвет? Усялякая сьмерць, ужо тым, што яна сьмерць, ёсьць нечаканая, ёсьць раптоўная, ёсьць полымя, ёсьць бяздоньне, ад якой выратаваць душу можа толькі бяздоньне Божай любові і міласэрнасьці.

Вось заўтра – дзень Зыходу Сьвятога Духа на вучняў Хрыстовых, ёсьць канечне выяўленьне Божай любові і міласэрнасьці да грэшнага сьмяротнага сьвету, ёсьць заканчэньнем таго Боскага пляну аб выратаваньні сусьвету, які пачаўся яшчэ з часоў стварэньня сусьвету і людзей Богам Айцом, працягваўся ў часы пераўтварэньня сусьвету ў асобы і працы на зямлі Сына Божага, і скончыўся ажыўленьнем сусьвету і людзей Зыходам Духу Сьвятога, які перабывае ў людзях да канца сусьвету.

Таму прад гэтым днём найвышэйшага і канечнага выяўленьня Божай любові да людзей, нам найбольш варта зьвярнуцца да Бога з малітвай і аб тых памёршых, якія найбольш патрабуюць Боскай міласэрнасьці. Таму – зьвернемся сёньня з шчырай малітвай да міласэрнага Бога за душы памёршых, якія ад пачатку сусьвету да апошняга моманту жыцьцё сваё на зямлі скончылі. Хай не будзе ў нас сумневу, што нават адна душа засталася без нашай малітвай.

А можа, спытаеце, браты, а як жа маліцца за язычнікаў, ерэтыкаў, каталікоў? Можа гэта грэх?. Не, браты, не маліцца за нікога, вось гэта сапраўды грэх, а ў малітве нашай не толькі за чалавека, а і за ўсялякае Боскае стварэньне граху няма. А за душы памёршых людзей, якія б яны не былі на зямлі, тым больш не грэх, а добрая справа прад Богам, бо душа кожнага чалавека ёсьць вобразам Божым, і ўзьнесьці да Бога малітву за душы ўсіх памёршых, узьядноўваць з Богам Ягоны вобраз, гэта адно з выкананьня Хрыстовага запавету і малітвы, каб усе былі адно, як Ты Ойча, у Мне, і Я ў Табе, каб і яны ў нас былі адно (Ян. 17:21). А за ворагаў, які з намі былі разьяднаны ў жыцьці, які магчыма шукалі нашай сьмерці, таксама маліцца? Безумоўна, так. Яны з намі разьяднаны былі ў зямным жыцьці, тым больш трэба маліць Госпада аб зьяднаньні нашым у вечным Божым жыцьці.

Хай жа сёньняшняя малітва наша за душы памёршых дасягне ва ўсе бязмежныя прасторы іх знаходжаньня, наблізіць іх да яднаньня з бязмежнай паўнатой любові – зь усяміласэрным Богам, а найбольш шчыра маліцеся за тыя блізкія да нас родныя душы, што за волю, веру і дабрабыт народу нашага жыцьцё свае паклалі і за душы нашых бацькоў, маці і ўсіх родных і блізкіх нам, якія ласкі Божай і Ягонай міласьці патрабуюць. Амін.

Прыгодны мітрапаліт-мучанік Васіль Ліпкіўскі.

http://uaoc.net/?p=1176

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.