Monday, June 15, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 2 / 15 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 83

Браты, ня той Юдэй, хто такі з выгляду, і ня тое абразаньне, якое вонкавае, на плоці; а той Юдэй, хто ўнутрана такі, і тое абразаньне, якое ў сэрцы паводле Духа, а не паводле літары: яму і пахвала не ад людзей, а ад Бога. Дык вось, у чым жа перавага быць Юдэем, альбо якая карысьць ад абразаньня? Вялікая, ва ўсіх праявах, а найперш у тым, што ім даверана слова Божае. Бо што ж? калі некаторыя ня верылі, хіба ж няверства іхняе зьнішчыць вернасьць Божую? Зусім не. Бог верны, а кожны чалавек ілжывы, як напісана: “Ты праведны ў словах Тваіх і пераможаш, у судзе Тваім”. А калі нашая няпраўда выяўляе праўду Божую, дык што скажам? няўжо будзе Бог несправядлівы, калі паказвае гнеў? - кажу, па-чалавечы разважаючы. Зусім не. Бо як жа тады Богу судзіць сьвет? Бо, калі вернасьць Божая ўзвышаецца маёю нявернасьцю на славу Божую, завошта яшчэ мяне ж судзіць, як грэшніка? І ці ж не рабіць нам зло, каб выйшла на дабро, як некаторыя ўпікаюць нас і кажуць, быццам мы гэтак вучым? Справядлівы суд на такіх. Дык што ж? ці маем мы перавагу? Зусім не; бо мы ўжо даказалі, што як Юдэі, так і Эліны, усе пад грэхам, як напісана: “няма праведнага аніводнага; няма, хто разумеў бы; няма, хто Бога шукаў бы; усе зьбіліся з тропу, нягодныя сталіся ўсе: няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага”. Горла іхняе - дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком; атрута асьпідаў у іх на губах; вусны ў іх поўныя ліхаслоўя і горычы. Ногі ў іх борздыя на праліваньне крыві; разбурэньне і згубнасьць на іхніх дарогах; яны ня ведаюць шляхоў міру. Няма страху Божага перад вачамі ў іх”.

Рым 2:28–3:18

Чытаньне Евангельля на 12 / 15 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацьвея чытаньне, пач. 19

Кажа Госпад: Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: “што нам есьці?” альбо: “што піць?” альбо: “у што апрануцца?”. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам. Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату. Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму? і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму? Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.

Мц (6:31-34, 7:9-11)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.