Monday, June 15, 2009

ХТО ЁСЬЦЬ “УСЕ СЬВЯТЫЯ”? АБ КАЛЕНДАРЫ І СЬВЯТЫХ


Сёньняшняя нядзеля, браты, першая нядзеля пасьля Зялёных сьвятаў, называецца “Нядзеля Ўсіх Сьвятых”; яна ўсталявана на ўслаўленьне тых ад стагодзьдзя памёршых, што сваім зямным жыцьцём так дагадзілі Богу, што душы іх на тым сьвеце перайшлі да радасьцяў царства нябеснага – што здабылі такую ласку ў Бога, што сваімі малітвамі і для нас выпрошваюць Божай міласэрнасьці. Хто ж такія ёсьць гэтыя сьвятыя? Толькі нешматлікіх зь іх Царква занатавала ў сваіх сьвятцах (календарах), а менавіта тых, што былі найбольш вядомыя Царкве сваёй працай на яе карысьць, альбо зьвярталі на сябе вялікую ўвагу подзьвігамі ўласнага самаўдасканаленьня альбо любоў да Хрыста прад ўсімі засьведчылі сваімі мукамі за Яго. Сьвяткаваньне гэтых сьвятых раскладзена Царквой у царкоўных календарах праз увесь год па іх імёнам. Але, як я казаў, імёны тых сьвятых, што зьмешчаны ў календарах, гэта толькі невялікая частка таго незьлічонага сабору сьвятых, імёны якіх вядомы толькі Богу.

Гэта ёсьць ўсе тыя, што аб іх чыталася сёньня Евангельля. Гэта тыя, хто сьмела вызнаваў Хрыста прад людзьмі і каго Хрыстос за гэта вызнаў прад Айцом сваім Нябесным. Гэта тыя, хто любіў Хрыста больш чым бацьку і маці, больш чым сына і дачку, і за гэта зрабіўся годным царства Хрыстовага. Гэта тыя, хто ўзяў крыж свой і пайшоў у сьлед за Хрыстом. Гэтая тыя, аб кім Хрыстос казаў: Хто пакіне дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо лані дзеля імені Майго, той у сто разоў больш здабудзе і жыцьця вечнага дасягне. Гэта, з рэшты, тыя, што шчыра паслужылі меншым братам Хрыстовым – усім бедным і патрабуючым, – галодных сілкавалі, голых апраналі, вандроўнікаў прымалі, хворым, вязьням дапамагалі, што ім Хрыстос у дзень суду свайго прамовіць: “Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету” (Мц. 25:34)

Хто ж яны ёсьць, усе гэтыя сьвятыя? Да якога чыну чалавецтва яны належны? Ці да чыну багатых, паноў, вышэйшых кіраўнікоў, ці да чыну бедных, працаўнікоў, вяскоўцаў? Цяпер, браты, да ўсяго робяць клясавы падыход і нават да сьвятых жадаюць падыйсьці з клясавай кропкі зору. Аб бязмежным саборы тых сьвятых, імёны якіх нам невядомы, мы натуральна не здольны адказаць, да якога чыну чалавецтва яны належалі, але за нас адказвае Сам Хрыстос: Апошнія тут на зямлі, будуць першымі там на небе.

Што ж датычыцца тых сьвятых, якія зьмешчаны ў календары, імёны і жыцьцё якіх нам вядомы, то ворагі Хрыстовай Царквы з пралетарскімі лёзунгамі, што шукаюць розных зачэпак, каб яе зьняславіць, ужо і яны пабачылі, што амаль усе зьмешчаныя ў календары сьвятыя прыналежалі ў сваім жыцьці да так званых пануючых клясаў – да цароў, князёў, вышэйшых духоўных кіраўнікоў і найбольш да манахаў.

На падставе гэтага назіраньня, бязвернікі робяць такі высновак, што значыцца і Царква ёсьць па сутнасьці інсьцітуцыя буржуазная, вельмі спрыяе вышэйшым клясам грамадства, калі нават каляндар сьвятых у ёй амаль увесь з вышэйшых клясаў, а з людзей пралетарскіх – работнікаў, вяскоўцаў амаль нікога няма. Гэты дакор меў бы яшчэ сваю вагу, калі б у Царкве толькі і было б сьвятых, што зьмешчаны ў календары. Але ж, як мы казалі, гэта толькі нязначная частка ўсіх сьвятых, які пакінулі аб сябе заўважаны для людзей сьлед, магчыма нават праз тое самае, што належалі да вышэйшых клясаў грамадства, што займалі вышэйшыя пасады ў Царкве.

Але вялікая большасьць сьвятых, што вядомы толькі Богу, можа менавіта і праз тое невядомы людзям, што яны паходзілі з ніжэйшых клясаў чалавецтва, былі апошнія тут на зямлі. Але гэтыя сьвятыя, невядомыя людзям, яшчэ больш, чым першыя, вядомы Богу і высокія прад Ім, бо Хрыстос казаў: Апошнія будуць першымі ў Яго царстве.

Што адносна складаньня каляндру сьвятых, то і мы згодны дапусьціць, што на ім адбілася, які і на ўсялякай чалавечай працы, і чалавечы абмежаванасьці і чалавечыя памылкі. Толькі імёны сваіх мучанікаў кожная царква больш-менш рупліва занатоўвала, а далей і таму, што над складаньнем сьвятцаў найбольш працавалі япіскапы і манахі, натуральна, што і ў сьвятцы яны ўносілі найбольш япіскапаў і манахаў. Ды і пралетарскае неба – з каго складаецца? Маркс, Энгельс, Лібхнет, Цэткін і іншыя найбольш вядомыя дзеячы з гэтага неба да пралетарыяту нават не належалі, а толькі працавалі на яго стварэньне, а нязьлічоная колькасьць звычайных пралетарыяў, можа яшчэ больш шчырых, чым іх кіраўнікі, так і заставаліся і застаюцца нікому невядомымі, толькі Богу.

Мы мусім сказаць, што на нашых праваслаўных сьвятцах адбілася яшчэ адна памылка, якая ўжо не вельмі і лічыць Царкве. Калі мы разглядаем наш сучасны праваслаўны каляндар, то бачым, што найбольш там сьвятых з грэцкай і расейскай нацыі. З іншых народаў, калі і зьмешчаны ў сьвятыя, то хіба такія, якіх ўжо аніяк нельга было абыйсьці. Разам з хростам мы і сьвятцы прынялі з Царгорада і натуральна, што ў іх зьмешчана найбольш царгародскіх цароў, патрыярхаў і наогул грэцкіх і вядомых сьвятасьцю жыцьця япіскапаў, манахаў. Калі дадаткі да грэцкіх сьвятцаў пачала рабіць Масква для ўзьвялічваньня сваёй дзяржавы, як “новага Рыму”, яна звычайна ўнесла ў сьвятцы сваіх сьвятых расійскіх. Так зь украінскага народу, апрача Пячорскіх сьвятых (хоць і яны амаль усе лічацца мясцовымі) у сьвятцы зьмешчаны толькі некалькі сьвятых, як “усерасійскіх”, і то толькі ў апошнія часы, як Зьміцер Растоўскі, Фёдар Чарнігаўскі, Іосаф Белгародскі, што выявілі сябе шчырымі прыхільнікамі Масквы.

Наша Ўкраінская Царква ўласных сьвятцаў яшчэ не мае і не магла мець, пакуль была падлеглай маскоўскае царквы. Яна тады мусіла шанаваць Пятра, Алексія, Ёну маскоўскіх, Мікіту Наўгародскага і іншых расійскіх і грэцкіх сьвятых. Зараз наша Царква ўжо аўтакефальная, але ўласных сьвятцаў яшчэ не мае і хто ведае, ці хутка будзе мець, бо іх патрэбна адшукваць у старых дакумэнтах, а іх ужо шмат згублена, зьнішчана. Для ўключэньня ў сьвятцы патрэбна (у старых цэрквах) і афіцыйнае вызнаньне пэўнымі царкоўнымі актамі, у якіх звычайна адлюстроўваецца і пэўная палітыка і пэўны фармалізм. У рыма-каталікоў для вызнаньня сьвятым над ім зьдзясьняецца сапраўдны суд х абвінаваўцам (адвакатам злога) і абаронцам. У Праваслаўнай Царкве для вызнаньня сьвятым ад яго абавязкова патрабуюцца цуды, вылячэньне хворых.

Але, браты, найбольшая радасьць нашага сёньняшняга сьвята ў тым, што мы зараз шануем і ўсіх тых сьвятых з ўсялякага народу і роду, які незаўважаныя былі людзьмі, не ўвайшлі ў іх сьвятцы, але спадобіліся вечнай славы ў Бога. Мы можам дапусьціць, што гэтых сьвятых найбольш з простага народу, з найніжэйшых яго клясаў, што апошнімі былі тут, а зрабіліся першымі ў Бога. І найбольш тых сьвятых не з сьвятарства, не з манаства, а з звычайных слуг Боскіх, што жылі звычайным, набожным жыцьцём, нічым не адрозьніваліся ад народу, як тыя дзьве замужнія жанчыны, што Бог іх паставіў як прыклад вялікаму пустэльніку Антонію, што жылі суседзямі і ні разу не пасварыліся.

Браты! Будзем верыць, што і з нашага ўкраінскага народу, калі не ў сьвятцах, то ў саборы ўсіх сьвятых ёсьць значная грамада. Наш народ заўсёды нёс на сябе такі цяжкі крыж, што здабыў сябе шмат міласьці Боскай. Хіба мала з нашага народу мусілі пакідаць сям’ю, гаспадарку, родную зямлю і цяжка пакутаваць у татарскай і турэцкай няволі за імя Хрыстова? А колькі народу з казацтва пакідалі ўсё, каб абараніць сваю веру і волю, цярпелі зьдзекі і мукі, і сьмерць прынялі ў гэтай барацьбе! А прыгон пад польскім і маскоўскім панствам, ці ня быў цяжкім крыжам для народу? І наогул, заўсёды цяжкім было жыцьцё нашага народу, а вядома, што вялікімі цяжкасьцямі дасягаецца царства нябеснае (Мц. 11:12).

Ушануем жа, барты, сёньня ўсіх нашых сьвятых, папросім у іх малітваў за нас прад пасадам міласэрнага Бога, каб Ён Спадобіў і нас здабыць тое, што ёсьць найбольш каштоўнае ў нашым жыцьці для пераходу на той сьвет – здабыць сьвятасьць. Цяпер мы слухаем слова Божа роднай мовай, больш вольныя ў сваім часе і ў сваім майне, і больш магчымасьці маем набыць хрысьціянскае сьвядомасьці, паслужыць Богу і сваім часам і маёмасьцю, і выканаць тыя запаветы, якімі Хрыстос вызначае сьвятасьць чалавека.

Браты! Ушаноўваючы сёньня нашых сьвятых мы, як хрысьціяне, мусім безумоўна ўшаноўваць у гэты дзень і ўсіх сьвятых іншых народаў і цэркваў. Бо ў палацах Айца Нябеснага сьвятыя не падзяляюцца на праваслаўных, каталікоў, лютэран ды іншых, як у нас на зямлі. Там усе сьвятыя, зь якога б народу, ці царквы яны не паходзілі, безумоўна знаходзяцца ў братэрстве і яднаньні, – сьвятло Твару Божага там зьнішчае і разганяе ўсе хмары цёмных чалавечых змаганьняў і супярэчнасьцяў. Там ужо цалкам зьяднаная Царква. А што ў Бога ёсьць сьвятыя ўсіх цэркваў, гэта справа бясспрэчная, бо сьвятасьць, як выкананьне запаветаў Хрыста, пакуты за Яго, адданасьць Яму – агульная ўсім цэрквам.

Мы нават мусім верыць, што і з іншых вераваньняў шмат ёсьць сьвятых у Бога, бо апостал Павал казаў “Наадварот жа, слава і гонар і мір кожнаму, хто робіць добрае: першаму Юдэю, потым і Эліну!” (Рым. 2:10), і гэтыя сьвятыя ў Бога безумоўна знаходзяцца ў братэрстве з сьвятымі хрысьціянаў – сьвятасьць усіх там яднае. Вось таму гэтае сьвята ў гонар усіх сьвятых на небе, хай і ўсіх, што на зямлі – усе веры і народы – схіляе да братэрства і еднасьці праз сьвятасьць жыцьця.

Мы ж, браты, у справе дасягненьня сьвятасьці найбольш памятаем словы Хрыста: “Шмат першых будуць апошнімі, а апошнія першымі”. — Амін.


Мітрапаліт Васіль Ліпкіўскі

http://uaoc.net/?p=2637


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.