Monday, June 15, 2009

Сёньня сьвяткуем памяць:




СЬВЯЦІЦЕЛЬ НІЧЫПАР СПАВЯДАЛЬНІК


Сьвяціцель Нічыпар Спавяданьнік нарадзіўся ў Канстанцінопалі ў другой палове VIII стагодзьдзя. Глыбокая вера і гатоўнасьць да подзьвігу спавядальніцтва былі закладзеныя ў ім яго бацькамі, Хведарам і Еўдакіяй. Яны далі сыну сапраўднае хрысьціянскае выхаваньне, падмацаванае прыкладам іх уласнага жыцьця. Айцец яго папакутаваў як спавяданьнік Праваслаўя ад імпэратара-іконазмагара Канстанціна Капроніма (740 - 775). Маці, падзяліла усё выпрабаваньні свайго мужа, рушыла усьлед за ім у выгнаньне, а пасьля яго сьмерці вярнулася ў Канстанцінопаль і скончыла жыцьцё ў манастве. Сьвяты Нічыпар атрымаў добрую сьвецкую адукацыю, але больш за усё вывучаў Сьвятое Пісаньне і чытаў духоўныя кнігі.


У валадараньне Льва IV (775 - 780) сьвяты Нічыпар атрымаў званьне царскага дарадцы. Знаходзячыся пры царскім двары, ён працягваў весьці строгае, дабрадзейнае жыцьцё, цьвёрда захоўваў чысьціню Праваслаўнай веры і. дбайна абараняў шанаваньне сьвятых абразаў. Пасьля сьмерці Льва IV, у валадараньне Канстанціна VI (780 - 797) і яго маці сьвятой Ірыны, у 787 году ў Нікеі быў скліканы VII Сусьветны Сабор, які зганіў іконазмагарную ерась. Глыбока ведаючы Сьвятое Пісаньне, сьвяты Нічыпар ад імя імпэратара выступіў на Саборы ў абарону Праваслаўя, чым зьдзясьніў вялікую дапамогу сьвятым айцам Сабора.


Пасьля Сабора сьвяціцель Нічыпар некалькі гадоў заставаўся пры двары, але поўная мітусьні жыцьцё усё больш і больш абцяжарвала сьвятога. Ён пакінуў службу і пасяліўся ў адзіноце, пры Басфоры, праводзячы жыцьцё ў навуковых працах, бязмоўі, пасьце і малітве. Сьвяты Нічыпар пабудаваў царкву, заснаваў манастыр і вёў строгае манаскае жыцьцё яшчэ да прыняцьця манаскага пострыгу.


У валадараньне імпэратара Нічыпара I (802 - 811), пасьля сьмерці сьвятога Патрыярха Тарасія (784 - 806), сьвяты Нічыпар быў абраны на яго месца, прыняў манаскі пострыг і сьвятарскі сан і быў узьвядзёны на патрыяршы пасад 12 красавіка 806 году, у дзень сьвятой Пасхі.


Пры імпэратары Льве V Армяніне (813 - 820), ярым прыхільніку іконазмагарнай ерасі, для Царквы ізноў пачаўся пэрыяд смут і ганеньняў. Імпэратар не мог адразу пачаць вольнае ганеньне на Праваслаўе, паколькі іконазмагарнасьць была асуджана VII Сусьветным Саборам. Сьвяты Патрыярх працягваў служыць у Вялікай царкве, адважна пераконваючы народ захоўваць Праваслаўную веру, і праводзіў пасьлядоўнае і неаслабнае змаганьне зь ерасьсю. Імпэратар пачаў выклікаць з выгнаньня япіскапаў і клірыкаў, адлучаных ад Царквы VII Сусьветным Саборам. Склаўшы зь іх ерэтычны сабор, імпэратар запатрабаваў, каб Патрыярх зьявіўся для спрэчак аб веры. Патрыярх адмовіўся разважаць аб веры зь ерэтыкамі, бо вучэньне іконазмагароў ужо было адданае анафеме VII Сусьветным Саборам. Ён усяляк імкнуўся паразуміць імпэратара і яго асяродзьдзе, бязбоязна растлумачваў народу вучэньне аб шанаваньні сьвятых абразаў, напісаў заклік да імпэратрыцы і кіраўніку горада Эўціхіану, найблізкаму да імпэратара саноўніку, далучыўшы ў канцы прароцкае слова аб хуткай згубе ерэтыкоў ад “каральнай рукі Гасподняй”. Тады ерэтычны сабор адлучыў ад Царквы сьвятога Патрыярха Нічыпара і яго папярэднікаў - дабрашчасных спачылых Патрыярхаў Тарасія і Германа. Сьвяты Нічыпар быў сасланы спачатку ў манастыр у Хрысопаль, а затым - на выспу Праканіс у Мармуровым моры. Пасьля 13 гадоў пакутаў і жабрацтва 2 чэрвеня 828 гады сьвяты Патрыярх Нічыпар памёр у выгнаньні.


13 сакавіка 847 гады нятленныя мошчы сьвятога Патрыярха Нічыпара, што праляжалі ў зямлі 19 гадоў, зь урачыстасьцю былі перанесены ў Канстанцінопаль у саборную царкву Сьвятой Сафіі.


Сьвяціцель Нічыпар быў выбітным царкоўным дзеячам свайго часу, “упрыгожваньнем стагодзьдзя і катэдры” і, шмат паслужыў Царкве, пакінуў шырокую духоўную спадчыну - шматлікія працы гістарычнага, дагматычнага і кананічнага зьместу.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.