Tuesday, June 16, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 3 / 16 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 86

Браты, Плата працаўніку залічваецца не зь мілаты, а з абавязку; а таму, хто не працуе, а верыць у Таго, Хто апраўдвае бязбожнага, вера ягоная залічваецца ў праведнасьць. Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў: “дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху”. Дабрашчаснасьць гэтая датычыцца абразаньня, ці неабразаньня? Мы кажам, што Абрагаму вера залічылася ў праведнасьць. Калі залічылася? пасьля абразаньня ці да абразаньня? Не пасьля абразаньня, а да абразаньня. І знак абразаньня ён атрымаў, як пячатку праведнасьці празь веру, якую меў у неабразаньні, так што ён стаўся бацькам усіх веруючых у неабразаньні, каб і ім залічылася праведнасьць, і бацькам абрэзаных, ня толькі тых, што прынялі абразаньне, але і тых, што ходзяць па сьлядах веры бацькі нашага Абрагама, якую меў ён у неабразаньні.

Рым 4:4–12

Чытаньне Евангельля на 3 / 16 чэрвеня 2009 л.Б.

Кажа Госпад: Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне - ваўкі драпежныя; па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы? Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія: ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя. Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь. Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх. Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!” увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.

Мц (7:15-21)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.