Tuesday, June 2, 2009

Чытаньні дня

Чытаньне Апостальскае на 20 траўня/ 2 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 46

У тыя дні: Павал, узяўшы тых мужоў і ачысьціўшыся зь імі, на другі дзень увайшоў у храм і абвясьціў заканчэньне дзён ачышчэньня, калі павінна быць прынесена за кожнага зь іх ахвяра. Калі ж сем дзён канчаліся, тады Асійскія Юдэі, убачыўшы яго ў храме, падбухторылі ўсіх людзей і наклалі на яго рукі, закрычаўшы: мужы Ізраільскія, памажэце! Гэты чалавек усіх і ўсюды настаўляе супроць народу і закона і месца гэтага; да таго ж і Элінаў дапусьціў у храм і спаганіў сьвятое месца гэтае. Бо папярэдне яны бачылі зь ім у горадзе Трахіма Эфэсяніна і думалі, што Павал яго ўвёў у храм. Увесь горад узрушыўся, і пазьбягаліся ўсе людзі; і, схапіўшы Паўла, павалаклі яго з храма, і адразу ж замкнуты былі дзьверы. Калі ж яны хацелі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узбунтаваўся; ён, адразу ўзяўшы воінаў і сотнікаў, рушыў на іх; а яны, убачыўшы тысячніка і воінаў, перасталі біць Паўла.

Дзеі 21:26–32

Чытаньне Евангельля на 20 траўня/ 2 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 53

Кажа Госпад вучням Сваім: прагоняць вас зь сынагогаў; нават прыходзіць час, калі кожны, хто забівацьме вас, будзе думаць, што ён тым служыць Богу. Так будуць рабіць, бо ня зьведалі ні Айца, ні Мяне. Але Я сказаў вам гэта, каб вы, калі прыйдзе той час, успомнілі, што Я казаў вам пра тое; не казаў жа гэтага вам раней, таму што быў з вамі. А цяпер іду да Таго, Хто паслаў Мяне, і ніхто з вас ня пытаецца ў Мяне: куды ідзеш? Але таму, што Я сказаў вам гэта, жальбай напоўнілася сэрца ваша. Але Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас, і Ён, прыйшоўшы, выкрые сьвет у грэху і ў праўдзе і ў судзе. У грэху, - што ня вераць у Мяне; у праўдзе, - што Я іду да Айца Майго, і ўжо не пабачыце Мяне; а ў судзе, - што князь сьвету гэтага асуджаны. Яшчэ многае маю сказаць вам, але вы цяпер ня можаце спасьцігнуць. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам.

Яна (16:2-13)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.