Thursday, June 4, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 22 траўня/ 4 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 48

У тыя дні: цар Агрыпа і Вэрэніка прыбылі ў Кесарыю павіншаваць Фэста. І як яны правялі там шмат дзён, дык Фэст выклаў цару справу Паўлаву, кажучы: тут ёсьць чалавек, пакінуты Феліксам у кайданах, на якога, у бытнасьць маю ў Ерусаліме, скардзіліся першасьвятары і старэйшыны Юдэйскія, дамагаючыся засудзіць яго. Я адказваў ім, што ў Рымлян няма звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека на згубу, перш чым абвінавачаны будзе мець скаржнікаў перад сабою і атрымае свабоду абараняцца ад абвінавачаньня. Калі ж яны прыйшлі сюды, дык, бяз усякага адкладу, на другі дзень, сеў я на суднае месца і загадаў прывесьці таго чалавека. Абступіўшы яго, скаржнікі не назвалі ніводнай віны ягонай, якое я чакаў; але яны мелі пэўныя спрэчкі зь ім пра іхняе богашанаваньне і пра нейкага мёртвага Ісуса, пра Якога Павал сьцьвярджаў, што Ён жывы.

Дзеі 25:13–19

Чытаньне Евангельля на 22 траўня/ 4 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 55

Кажа Госпад вучням Сваім: І ў той дзень вы не папытаецеся ў Мяне ні пра што. Праўду, праўду кажу вам: чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, дасьць вам. Дагэтуль вы нічога не прасілі ў імя Маё; прасеце і атрымаеце, каб радасьць ваша была поўная. Дагэтуль Я гаварыў вам прытчамі; але настае часіна, калі ня буду гаварыць вам прытчамі, а проста абвяшчу вам пра Айца. У той дзень будзеце прасіць у імя Маё, і не кажу вам, што Я буду прасіць Айца за вас; бо Сам Айцец любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і ўверавалі, што Я зыйшоў ад Бога. Я зыйшоў ад Айца і прыйшоў у сьвет; і зноў пакідаю сьвет і іду да Айца. Вучні Ягоныя сказалі Яму: вось цяпер Ты проста гаворыш і прытчы ня кажаш ніякай; цяпер бачым, што Ты ведаеш усё і ня маеш патрэбы, каб нехта пытаўся ў Цябе; таму веруем, што Ты ад Бога зыйшоў. Ісус адказваў ім: цяпер веруеце? вось, настае гадзіна, і настала ўжо, што вы расьсеецеся кожны ў свой бок і Мяне пакінеце аднаго; але Я не адзін, бо Айцец Мой са Мною. Гэта сказаў Я вам, каб вы мелі ад Мяне мір. У сьвеце зазнаеце скруху; але суцешцеся: Я перамог сьвет.

Яна (16:23-33)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.