Saturday, August 16, 2014

СЬВЕТЛАСЬЦЬ…. ЗАМЕСТ ЭПІТАФІІ ЮРКУ СТАНКЕВІЧУ

Гасподзь прызывае лепшых, вось і няма больш з намі Юркі Станкевіча… Дзеда - так трошкі фамільярна (значыць, па-сямейнаму, па-блізкаму, з павагай і сэнтымэнтам як да роднага) звалі спадара Юрку ў вузкім коле. А успамінаў - на кнігу, і ў вачах саланее як пачынаю думаць і перабіраць, пра што ж важней сказаць, каб каротка (задоўгае не чытаюць, а хачу, каб прачыталі).
Быў такі момант, як Дзедавы рэгулярныя (без аглядкі ні на што) тэлефанаваньні. Па суботах у праскай “Клюбоўні” ладзіцца школка для малых беларусаў (Юрка Станкевіч яе колькі год таму задумаў і зарганізаваў). Дык вось, шторазу, напярэдадні заняткаў, ён абзвоньваў бацькоў і настаўнікаў (настаўнічала і я), ветліва нагадваў. Камусьці лянотна ехаць у выходны ў цэнтар з прыгараду, хтосьці хоча сплянаваць іншыя справы, у кагосьці дзьве працы (эмігрантам выжыць ня проста), але пасьля такіх простых душэўных запрашэньняў сумленьне не дазваляла адмовіць. Уласна Дзеда можна назваць нашым (чэскіх беларусаў) нацыянальным сумленьнем.

Другі падобны момант - мэйлы, рассылкі, электронны бюлетэнь. Спадар. Станкевіч, дарма што 28-га году, быў сучасным мабільным чалавекам, тэлефон з рук не выпускаў, кіраваў машынай, цудоўна абыходзіўся з кампутарамі, ягоны “Mac” ніколі не прастойваў. Апошняе, пра што ён мне казаў, ужо слабым голасам, за пару тыдняў да сыходу, гэта слоўнік. Ён укладаў слоўнік, працаваў над ім да рэшты прытомнасьці.
Трэці момант-- спагада. Бяздонная, чыстая дабрыня. Ніколі ня бачыла каб ён злаваў ці хоць бы раздражніўся, нахмурыўся. Да яго ішлі і выгаварыцца, і жыцьцёва параіцца, сёй-той нават пазычыць грошай (меў добрую пэнсію). Хадзіла і я неяк -- прасіць абароны ад непрыемных асобаў (важных аднак для дыяспары), і ён дыпляматычна, нікога не пакрыўдзіўшы, даў рады, разьвёў нас.
Патас хай будзе ў нэкралёгах, а я скажу па-простаму. Чалавек усё пасьпеў, пражыў і сыйшоў годна, у маіх сьлязах ня роспач і шкадаваньне, а павага і удзячнасьць.
Дай, Божа, вечны спакой слугу Твайму Юрку.

Ксенія Бязрукая

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.