Wednesday, November 27, 2013

КАЗАНЬ НА ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ (УГОДКІ СЛУЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ 1920 г.)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы, як і ўсе сьвядомыя беларусы ва ўсім сьвеце, сабраліся тут, каб малітоўна памянуць усіх тых, хто аддаў свае жыцьця ў змаганьні за свабоду нашае Бацькаўшчыны – Сьвятой Беларусі.
Кожнаму народу ягоную зямлю, мову – усё тое, што мы называем словам Бацькаўшчына дае Бог. Гэтая думка ясна выкладзена ў Новым Запавеце: “Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста, ад Якога мѓе найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі” (Эф. 3:14 – 15). Таму немагчыма ўявіць сябе сапраўднага праваслаўнага, якому не ўласьціва любоў да сваёй Радзімы.
Любоў – гэта не абстракцыя, гэта служэньня. Таму любоў да Радзімы, таксама як і сапраўдная любоў да сваёй сям’і: маці, бацька, жонкі, дзяцей, ёсьць любоўю ахвярнай. Бо вучыць нас Хрыстос: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13).

Сапраўдны праваслаўны хрысьціянін і сын сваёй Бацькаўшчыны – гэта ў першую чаргу той, хто атаясамлівае сябе са сваім народам і бярэ адказнасьць за сваю краіну. Гэтая адказнасьць выяўляецца ў тым , што табе не абыякавы лёс Радзімы, ты усімі сіламі служыш ёй. Быць патрыётам - гэта значыць працаваць для дабра свайго народа. Гэта таксама змагацца з усякай цемрай, якая спрабуе паланіць і зьнішчыць твой народ. Быць патрыётам - гэта значыць адукоўваць свой народ. Гэта значыць рабіць яго такім, якім хацеў бы бачыць яго Бог. Таму кожны праваслаўны хрысьціянін, служачы сваёй Бацькаўшчыне, служыць Богу.
Упадабаныя мае, толькі паспрабуйце ўявіць сябе: якой вышэйшае любоўю, якім разуменьнем Боскае Праўды мусіць палаць чалавек, каб паставіць сваю любоў да Бацькаўшчыны вышэй усяго асабістага. Якое разуменьне мусіць быць, каб, кінуўшы ўсё, узяць на сябе цяжкі крыж адказнасьці за сваю Радзіму і свой народ… І яны, нашы слаўныя беларускія ваяры, ўзялі гэты цяжкі крыж і пайшлі… пайшлі на бой, пакуты і нават сьмерць! Пайшлі, як калісьці ішлі іх продкі… пайшлі, бо вера ў Бога і любоў да Бацькаўшчыны жыла ў сэрцы кожнага.
Менавіта праз подзьвіг велічы веры, веры да самаахвярнасьці, сьвяціцель Феафан Затворнік лічыў подзьвіг воінаў, якія загінулі за сваю Бацькаўшчыну, падобны подзьвігу першых хрысьціянскіх мучанікаў. Гэта аб іх, героях сваёй Айчыны, сьвяціцель: “Людзі , якія выконвалі свой доўг, раптам захопленыя сьмерцю і адышлі ў іншае жыцьцё . Як іх там сустрэнуць ? Вядома без дакору ... і як выканаўцаў свайго абавязку ... Сьмерць іх была салодкая або пакутлівая? Я думаю, што падобную мукі адчувалі толькі вялікія пакутнікі ... За што пацярпелі яны гэтую мукі? За выкананьне доўгу. Так цярпелі і мучанікі ... і, такім чынам, …павінны быць далучаны да хору мучанікаў».
Сьвяткуючы сёньня “Дзень Герояў”, дзень памяці ўсіх ваяроў, што аддалі свае жыцьця нашае Бацькаўшчыне – Сьвятой Беларусі, услаўляючы іх подзьвігі, іх пакуты, іх ахвярнасьць, пастараемся хоць у чымсьці быць падобнымі ім: у веры, у любові да Бацькаўшчыны, у адвазе і ахвярнасьці.
Нашы героі, зрабілі ўсё, што маглі зрабіць “аж да сьмерці”, і цяпер адказнасьць за долю Бацькаўшчыны ляжыць на кожным зь нас. Бо кажа апостал Павал: “Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага” (1 Цім. 5:8)
Дык давайце, упадабаныя мае, маліць Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб дараваў вечную памяць і спакой у сялібах праведных кожнаму, хто паклаў жыцьця свае за нашу Бацькаўшчыну, а нам, іх нашчадкам, падасьць “павагу, сілу і веліч веры”, зробіць вольнай і шчасьлівай нашу Бацькаўшчыну – Сьвятую Беларусь. Амін.
прат. Сяргей Горбік

14/27 лістапада 2013 л.Б.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.