Friday, August 30, 2013

ПАДРЫХТОЎКА ДА АФІЦЫЙНАГА ВЫДАНЬНЯ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА БОГАСЛУЖБОВАГА ЭВАНГЕЛЬЛЯ Ў ПОЛЬСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЕ. ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ.


Пытаньне разьвіцьця і выкарыстаньня беларускае мовы ў Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царкве (далей – ПАПЦ) міжваеннага часу застаецца адным зь найменей дасьледаваным у гісторыі Беларусі. Да сёньня дасьледчыкі, з розных канфэсійных ды палітычных меркаваньняў, спрабуюць абыйсьці гэтую тэму маўчаньнем або абмяжоўваюцца некалькімі сказамі ў сваіх навуковых працах. Дадзены артыкул–паведамленьне, зьяўляецца спробай выкласьці некаторыя факты ды зацікавіць беларускіх дасьледчыкаў дадзенае тэмай.
Пачаткам афіцыйнага дазволу выкарыстаньня беларускае мовы ў ПАПЦ, на наш погляд, мусім лічыць Сьвяшчэнны Архірэйскі Сынод ПАПЦ, які адбыўся 3 верасьня 1924 г. у Варшаве. Менавіта ў пастанове гэтага Сыноду сказана наступнае: “У дадатак да пастановаў Сьвятога Сыноду ад дня 16 чэрвеня і 14 сьнежня 1922 г. і ў разьвіцьцё іх — 1. дазволіць ужываньня ўкраінскай, беларускай, польскай і чэскай моваў у тых богаслужбовых чынах, тэкст якіх атрымаў багаслаўленьня  вышэйшай Царкоўнай уладай і ў тых парахфіях, дзе таго зажадаюць парахфіяне і дзе гэта магчыма па мясцовым умовам…”. Разам з тым, нягледзячы на фармальны дазвол, гэтая пастанова заставалася досыць тэарэтычнаю, ва ўсякім разе для беларусаў, бо на той час практычна не было не толькі перакладаў чыноў богаслужбы, але нават перакладу Эвангельля і Псалтыра.
Менавіта для ўніфікацыі перакладаў богаслужэбнае літаратуры на нацыянальных мовах, Сьвяшчэнны Архірэйскі Сынод ПАПЦ у красавіку 1927 г. вырашае выдаць “афіцыйныя Богаслужбовыя Эвангельля на польскай, чэскай, украінскай і беларускае мовах” (Журнал Сьвяшчэннага сыноду ПАПЦ ад 20 красавіка 1927 г.).

Варта адзначыць, што на час гэтага рашэньня ўсе пералічаныя групы праваслаўных вернікаў ПАПЦ, апрача беларусаў, мелі пераклад Эвангельля на нацыянальныя мовы. У прыватнасьці ўкраінцы абапіраліся на пераклад Піліпа Марачэўскага, які быў выдадзены ў 1906 – 1908 г.г. з дазволу Урадавага Сыноду Расейскай Праваслаўнае Царквы ў Каменцы–Падольскаму. Менавіта гэты пераклад быў афіцыйна выдадзены ПАПЦ як “Вялікае Напасаднае Эвангельля” ў 1936 годзе.
Таксама палякі і чэхі малі свае пераклады Эвангельля, якія былі ў 1933 – 1938 г.г. выдадзены з дазволу Предстоятеля ПАПЦ мітрапаліта Дыянісія.
Па нашаму меркаваньню, менавіта ў 1926 – 1927 г.г., з дабраслаўленьня мітрапаліта Дыянісія, была створана першая афіцыйная беларуская група па перакладу богаслужбовых тэкстаў ды падрыхтоўцы перакладу Эвангельля і Псалтыра. Кіраўніком гэтай групы робіцца вядомы беларускі перакладчык і навуковец Сяргей Паўловіч. Менавіта пад ягоным аўтарствам ў 1926 – 1936 г.г. пабачылі сьвет наступныя выданьні: Паўловіч С. Сьвяшчэнная гісторыя Старога Запавету з 10 малюнкамі і геаграфічнай картай Палестыны. Вільня, 1926.; Паўловіч С. Сьвяшчэнная гісторыя Новага Запавету: Падручнік для беларускіх школ і самаадукацыі. Варшава, 1936.; Першая навука Закону Божага з беларуска-славянскім букваром. Варшава, 1936.; Праваслаўны Малітваслоў на царкоўнаславянскай і беларускай мове. Варшава, 1935. Можна думаць, што ў 1926 – 1931 г.г., Сяргеем Паўловічам і ягонай групай, вялася пэўная праца і па перакладу Новага Запавету, але яна не была скончана, на нашу думку, з прычыны зьяўленьня перакладу А. Луцкевіча (Новы Запавет Госпада нашага і Псальмы / Пераклад А. Луцкевіча. Гэльсінкфорс, 1931).
Па прадстаўленьню Варшаўскага беларускага праваслаўнага брацтва “Сьв. Юрага”, Предстаяцель ПАПЦ, мітрапаліт Дыянісій, дазволіў апрабацыю дадзенага беларускага перакладу Эвангельля і Апостала на праваслаўных парафіях.
Сёньня ўжо вядома, што апрабацыя беларускамоўнага Эвангельля і Апостала была распачата ў Палескае япархіі ПАПЦ пад кіраўніцтвам архіяпіскапа Аляксандра (Іназемцава). Падобны выбар быў не выпадковы, бо, калі мы грунтоўна прааналізуем стан спраў і адносіны да беларускамоўнага праваслаўнага служэньня ў міжваеннае Польшчы, толькі архіяпіскап Аляксандр прыхільна ставіўся да нацыянальных патрэб беларусаў і ўкраінцаў.
Карыстаючыся рашэньнем сыноду ПАПЦ, Пінскі ўладыка садзейнічаў складаньню ды выданьню невялікай (не болей за 50 асобнікаў) богаслужбовых Эвангельля і Апостала (Евангельля. Рівне, 1933 г.; Апостал. Рівне, 1933 г.), якія былі перададзены на апрабацыю праваслаўным сьвятарам япархіі. Як вядома на сёньня, пры зьдзяйсьненьні выданьня ў тэкст А. Луцкевіча былі ўнесены пэўныя тэрміналягічныя праўкі.
Па нашаму меркаваньню, менавіта пасьля апрабацыі, заўваг і рэкамэндацый уладыкі Аляксандра (Іназемцева), беларускім праваслаўных асяродкам у Варшаве, у 1937 – 1938 гадах была зьдзейсьнена падрыхтоўка рукапісу (машынапісу) беларускамоўнага богаслужбовага Эвангельля і Апостала. Менавіта некалькі асобнікаў гэтага рукапісу, з аздабленьнем ручной работы, была прадстаўлена на разгляд мітрапаліту Дыянісію як варыянт будучага афіцыйнага выданьня і менавіта асобнікі гэтага рукапісу сёньня вядомы як т.зв. “варшаўскія выданьні Эвангельля і Апостала”: Евангельле (богаслужбовае). З багаслаўленьня Дзіянісія, мітрапаліта Варшаўскага. Варшава, 1938 г.; Апостал (богаслужбовы). З багаслаўленьня Дзіянісія, мітрапаліта Варшаўскага. Варшава, 1938 г. Але афіцыйна друкам яны так і не былі выдадзены, бо, пакуль цягнуліся пэўныя бюракратычныя працэдуры, пачалася ІІ Сусьветная вайна…
прат. Сяргей Горбік

P.S. Дзякую украінскім сябрам з кліру Польскае Праваслаўнае Царквы за выпіскі зь журналаў Сьвяшчэннага Архірэйскага сыноду ПАПЦ 1924-1927 г.г.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.