Tuesday, August 20, 2013

НОВАГАРОДСКАЯ АЎТАКЕФАЛЬНАЯ МІТРАПОЛІЯ


На ўсходнеславянскіх абшарах у розныя часы былі заснаваны тры метраполіі грэцкага абрадку: Кіеўская, Новагародская і Галіцкая.
Першая, Кіеўская мітраполія, заснавана ў канцы X ст. і абымала ўсе землі, якія ў той час былі пад панаваннем варажскай дынастыі русаў. Кіеўская мітраполія ўстанавіла на важнейшых тагачасных палітычных цэнтрах біскупствы. Да 1200 года былі ўжо біскупствы: у Вялікім Ноўгарадзе, Чарнігаве, Пераяслаўлі, Белгарадзе, Юр'еве (Запольскім), Полацку, Галі чу, Валадзімеры-Валынскім, Перамышлю, Тураве, Холме, Смаленску і, мабыць, Новагародку.

Заснаванне біскупстваў Тураўскага і Полацкага многія гісторыкі згодна адносяць да X сталецця; біскупства ў Навагрудку магло паўстаць не пазней сярэдзіны XII ст.
Першапачатковая цэнтралізацыя ўлады каля Кіева сыходзілася з варажскімі падбоямі на ўсходнеславянскіх абшарах, але гэты цэнтралізм не мог доўга ўтрымацца. Ужо пры Валадзімеры, у тым жа X ст., мы бачым імкненне аддзельных зямель да незалежнага існавання. Адны з першых выламваюцца з-пад кіеўскай залежнасці землі крыўскія, якія ў гады афіцыяльнага прыняцця хрысціянства выдзяляюцца, з невядомых нам прычын, у асобную палітычную адзінку. Валадзімер, паводле летапісі, аддае іх Рагнедзе і сыну яе Ізяславу як іх дзедзіну каля 980 года. Як часць крыўскіх зямель [1] у гэтым часе выходзіць з-пад залежнасці русаў і Новагародак.
Хрысціянства ўсходнага абрадку ў Новагародскай зямлі арганізуецца і крэпне пры невядомых нам варунках. У другой палавіне XIII стагоддзя яно нагэтулькі тут змоцнілася, што візантыцкі імператар Андронік Старшы ў 1291 годзе зацвярджае ўжо аўтакефальную Новагародскую мітраполію, а канстанцінопальскі патрыярх Ян XII Салодкі (Glykys) назначае новагародскаму аўтакефальнаму мітрапаліту 82 пасад: «Litborum» [2] “eadem et Litbada dicuntur, guae sunt vicina magnae Russiae, factae sunt metropolis obtinueruntgue thronum 82 per imperatorem domnum Andronicum sub sanctissimo patriarcha domno Joanne Glykys (Dulcis) anno 6800 (1291/2)”. (Тэкст з Андронікавага каталога рускіх біскупстваў, які знаходзіцца ў Парыжскай Акадэмічнай бібліятэцы, № 1352.)
Дагэтуль невядома, чым можна тлумачыць адносна высокае становішча, прызначанае маладой Новагародскай мітраполіі ў іерархіі грэцкай царквы, бо на 110 біскупскіх крэсел, якія існавалі ў тыя часы ў радзе патрыярха, ёй прызначаецца 82-е месца [3].
Новагародская мітраполія на адзінаццаць гадоў старэйшая за Галіцкую, якая з'яўляецца трэцяй з чароду. Галіцкая мітраполія ўстаноўлена тым жа імператарам Андронікам пры патрыярху Апанасе ў 6811 годзе, паводле храналогіі грэцкай, або ў 1303 годзе па нарадж[энні] Хрыста.
Усе дакументы, датыкаючыя Новагародскай мітраполіі, загінулі, і толькі кароценькія зменкі — ледзь след таго, што існавала яна, — знаходзяцца ў грэцкіх крыніцах. Адно пэўна, што Новагародская аўтакефальная мітраполія існавала ўжо да Гедыміна. Імя аднаго з першых новагародскіх мітрапалітаў было Тэафіль. 3 дыпламатара візантыйскіх патрыярхаў відаць, што ў красавіку 1329 года, пры Гедыміне (1316-1341), мітрапаліт Тоўтвіль (Tovtvilus) прымаў удзел у канстанцінопальскім сінодзе (Acta patriarch. Constantin. I. С. 147). Акром гэтага, новагародскія мітрапаліты ўпамінаюцца як учаснікі Канстанцінопальскіх сінодаў у 1317 г. (жнівень) і 1327 г. (студзень), але — безыменна. (Latopisiec Litwy. Выд. Даніловіча. С. 72 і 143).
Устанаўленне ў Новагародку аўтакефальнай мітраполіі было вынікам змагання яго з цэнтралізмам Кіеўскай мітраполіі, якая ўвесь час і пазней напірала на канстанцінопальскі патрыярхат, дамагаючыся скасавання гэтай мітраполіі. Але Новагародак упорна вёў змаганне за сваю незалежнасць і, як аказуецца,— даволі памысна. Пацвярджае гэта той факт, што ў ліпні 1361 года патрыяршым лістом акрэсляюцца граніцы Новагародскай мітраполіі, у склад яе ўходзяць: архібіскупія Новагародская, біскупіі Тураўская і Полацкая. Урэшце ў гэтым часе Новагародак выяўляе імкненне ўзалежніць ад сябе не толькі Галіцкую, але і Кіеўскую мітраполію.
Палітыка Альгерда (1355-1377) была скіравана на ўсход і імкнулася да ўтварэння з крыўскіх, украінскіх і літоўскіх зямель вялікай дзяржавы ад Балтыцкага да Чорнага мора. Дзяржаўнага аб'яднання ён сваёй мудрай палітыкай дасцігнуў: яго ўлада пашыралася на Віцебск, Смаленск, Вільню, Новагародак і Кіеў. Але ён разумеў, што гэта вялікая дзяржава можа ўтрымацца толькі тады, калі жыхары яе будуць зліты ў адно цэлае рэлігіяй. Да гэтага акту спасобіўся Альгерд і, як здаецца, спасобіў да таго ўсе свае землі. Але перш ён хацеў мець у межах сваёй дзяржавы кіравецтва праваслаўнай царквой. 3 гэтай мэтай пачаў дабівацца ў канстанцінопальскага патрыярхату, каб брат яго жонкі (Марыі Яраслаўны, кн. віцебскай), князь Раман, мітрапаліт новагародскі, быў высвячаны на мітрапаліта «ўсей русі», з аддачай пад яго зверхнасць мітраполіі Новагародскай, Галіцкай і Кіеўскай.
Гэтага апошняга баялася Масква і са сваёй стараны рабіла захады перад патрыярхам, каб яе кандыдат, Аляксей, быў высвячаны на мітрапаліта Кіеўскага і «ўсей русі», а месцам прабывання ў Валадзімеры-Суздальскім.
У 1354 годзе канстанцінопальскі патрыярхат, атрымаўшы ад абодвух кандыдатаў багатыя дары, абодвух жа, і маскоўскага — Аляксея, і новагародскага—Рамана, немаль адначасова высвяціў на кіеўскіх мітрапалітаў і «ўсей русі».
3 гэтага моманту пачынаецца доўгае і ўпорнае змаганне за ўплывы над праваслаўнай царквой паміж Літвой і Масковіяй. Як вынік гэтага змагання ўтвараецца яшчэ адна новая мітраполія — Валадзімера-Маскоўская. I Масква і Новагародак імкнуцца заваладзець тытулам кіеўскага мітрапаліта. Масква з гэтай мэтай пачародна ўсіх першых сваіх мітрапалітаў кананізуе і ставіць на алтары, акружае іх аўрэолем святасці. Адна і другая старана добра разумее, што каля пытання аб цэнтры царкоўнага кіравецтва важацца лёсы, пад кім аб'яднаецца ўсходняя славяншчына — пад нашчадкамі Гедыміна ці Івана Каліты. Масковія была паярэмлена татарамі, Літва была вольнай. Усе шансы былі на старане Гедымінавічаў.
Ход гісторыі быў павернуты саўсім у іншы бок сынам Альгерда, в. кн. літоўскім Ягайлам, які перайшоў у каталіцтва і злучыў Літву з Полыпчай. Ягайлавічы сталіся прапагатарамі рымскіх уплываў, а Масква атрымала нечаканы сукцэс: у яе рукі перайшло кіравецтва «рускай верай» і — што з гэтага вынікае — народнасцю. Вял[ікі] кн[язь] маскоўскі становіцца адзіным праваслаўным манархам на славянскім усходзе.
Гэтае становішча стараўся ратаваць Вітаўт, яркі прадстаўнік дзяржаўна-незалежніцкай думкі. Убачыўшы, што грэцкі патрыярхат спрыяе Маскве, што імкнецца крыўска-літоўскую царкву паддаць пад зверхнасць маскоўскага мітрапаліта, а дзеля гэтага адмаўляецца высвячаць у Новагародак аўтакефальнага мітрапаліта, Вітаўт склікаў у 1416 годзе праваслаўны духоўны сабор. На гэты сабор прыехалі ў Новагародак біскупы полацкі, чарнігаўскі, луцкі, валадзімерскі (з Валадзімера-Валынскага), холмскі, тураўскі і смаленскі. Сабор, паклікаючыся на сваю гісторыю (на прыклад кананічнага высвячэння Кліма Смаляціча ў 1147 годзе саборам мясцовых біскупаў), на гісторыю іншых нацыянальных цэркваў (балгарскай, сербскай), на каноны і традыцыі, выбірае сабе ў мітрапаліты Грыгора Цамблака3, які катэдру сваю пераносіць у Вільню.
Гэта быў рэвалюцыйны крок, які вёў да поўнага аддзялення крыўска-літоўскай царквы ўсходняга абраду ад канстанцінопальскага патрыярхату і да ўстаноўлення самаістай нацыянальнай царквы. Наша мітраполія яшчэ не парывае з Канстанцінопалем, прызнае яго зверхнасць над сабою, але цвёрда выказуе волю быць незалежнай. Гэтак вызваляліся ўсе нацыянальныя цэрквы. На жаль, становішча праваслаўя пры Ягелонах не дало магчымасці маладой царквы акрыяць і ўзмоцніцца. Апынуўшыся на палажэнні «сызматыцкай», яна з'яўлялася аб'ектам лацінізацыі; царква гэта прымушана была ўрэшце здацца і шукаць сабе апоры ў Канстанцінопалі і Маскве. Наступнікі Цамблака, новагародска-віленскія мітрапаліты пад напорам уніі, баронячы свайго абрадку, усе свае надзеі пакладаюць на ўзрастаючую ў сілу Масковію.
Гэтак былі змарнаваны аграмадныя высілкі раду пакаленняў, якія імкнуліся да ўтварэння нацыянальнай крыўскай царквы. Ягелоны цягнулі праваслаўную царкву праз унію ў каталіцтва, а дзяржаву — праз унутраныя закалоты — у пропасць.
Канчаючы гэты нарыс, трэба сцвердзіць, што Новагародак і Новагародская зямля займае адно з першых месц між тымі землямі, якія адыгралі ў гісторыі нашага палітычнага і культурнага жыцця выдатную ролю. Дзякуючы таму, што тут заснавалася мітраполія ў XIII ст., а біскупія існавала шмат раней, Новагародак быў цэнтрам, як даўней казалі, «кннжного почнтання», г. зн. — сабірання, перапіскі і начытанасці ў кнігах. 3 новагародскай зямлі дайшоў да нас значны лік помнікаў нашай мовы— пергаміновыя рукапісы, пачаўшы ад XIII ст. Лаўрышаўскае евангелле4, якое знаходзілася ў Лаўрышаўскім манастыры, заснаваным Лаўрынам, сынам Гедыміна5, займае адно з першых месц як у гісторыі пісьменніцтва, так і ў гісторыі нашага мастацтва. Каля мітрапалічай сталіцы тут збіраліся лепшыя сілы краю, якія будавалі культуру і шырылі асвету. Мусілі існаваць тут і школы і бібліятэкі. Усё гэта цяпер распарушылася: Лаўрышаўскага слаўнага манастыра і следу няма, Новагародак стаўся малым правінцыяльным мястэчкам, бо заняпала сіла гаспадара зямлі ў чужацкай няволі.
[1924]
Вацлаў Ластоўскі
1. Што землі гэтыя слылі пад назовам крыўскіх, відаць з летапісных зменак краёвых і загранічных; між іншымі крыжацкі кронікар Дусбург (Dusburg, c. 315) пад 1314 годам піша: Frater Henricus Marschalcus... venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit». (Брат Генрык Маршалак... прыйшоў у зямлю Крывіція і места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў.)
2. У грэцкіх дакументах сустрачаюцца гэткія напісанні: Litboram, Luthovia, Luthavia, Lethovia, Letoini, Letvani, Lutvani, Lutheni, Letvoini. Новагародак пісалі: Новогродополіс.
3. Гэта тлумачыцца, можа, тым фактам, што новагародская княжая дынастыя членаў сваёй сям'і пасвячала на вышэйшыя духоўныя ўрады. 3 летапісаў мы даведваемся, што ў Лаўрышаўскім манастыры ў 1262 годзе быў мніхам Войшалк (Лаўрын), у 1278 г.—сын Тройдэна Рымант. Брат жонкі Альгерда (Марыі Яраслаўны, княжны віцебскай), віцебскі князь Раман, у першай палавіне XIV ст. быў новагародскім мітрапалітам. Гэтая цесная сувязь дзяржаўнага кіравецтва з царкоўным хіба і была прычынай той высокай ступені, якой патрыярхат надзяліў Новагародскую мітраполію.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.