Friday, May 10, 2013

АКАФІСТ СЬВЯЦІЦЕЛЮ КІРЫЛЕ ТУРАЎСКАМУ


Кандак 1
Абраны ўгоднік Хрыстовы і Эвангельскіх запаветаў добры выканаўца, усяго Кіеўскага Праваслаўя залатавусны настаўнік, праслаўляем цябе, малітоўніка за ўсіх, хто зь вераю старана да цябе прыбягае, бо ты стаіш зь адвагаю прад Сьвятой Тройцай, малі аб нас, нягодных дзецях тваіх, каб у цьвёрдасьці Праваслаўнае веры і набожнасьці жылі і зь замілаваньням табе сьпяваем: Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Ікас 1
Анёльскаму жыцьцю ад дзяцінства навучыўся ад богалюбівых бацькоў шляхетнага роду, але не любіў ні багацьця, ні славы тленнае, ні забаў сьвету гэтага, усё, як разумны, разумеў ты. Разуменьне прамудрасьці кніжнай ад добрых настаўнікаў грэцкіх успрыняў, і найбольш розум свой ад юнацтва рупліва да вывучэньня Боскага Пісаньня і сьвятых скіраваў, а малітву, адзіноту і пост палюбіў ты, Кірыла. Цяпер і нас да набожнасьці гэтым уздымі, удзячна сьпяваючых табе:
Радуйся, горада Турава лаза цудоўная, што прынесла плод добры; радуйся, бо Адзінага Госпада й запаветы Ягоныя ад юнацтва ты палюбіў.
Радуйся, бо набожных бацькоў сваіх руплівасьцю да навукі парадаваў; радуйся, бо ад настаўнікаў, вядомых грэкаў, розум кніжны ты прыняў.
Радуйся, бо паказаў вялікія посьпехі ў кніжнае мудрасьці і набожнасьці; радуйся, бо ад Сьвятога Пісаньня прамудрасьць Боскую атрымаў.
Радуйся, бо творамі Яна Залатавуснага ды сьвятых айцоў Бізантыі розум свой сілкаваў; радуйся, бо цноту, сьціпласьць і пакору ад юнацтва захаваў і праз усё жыцьцё свае пранёс.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.

Кандак 2
Бачачы сумны канец жыцьця цялеснага, мяцежным сьветам пагрэбаваў ты, а скарбуту і стрыманасьць манаскую палюбіў, таму ў манастыр сьвятога Мікалая з дому бацькоўскага прыйшоў ты і там вобраз анёльскі прыняў. У послуху ігумену добра подзьвіг манаскі зьдзяйсьняў, і няспынна ў малітвах да Бога сьпяваў: Алілуя.
Ікас 2
Розум дасканалы і бясстрасны атрымаць жадаючы і ўсім зямным грэбуючы, бясцэнны бісэр Хрыста ў манастыры сьвятым набыў ты. Там жа і сам неўзабаве сан сьвятара і ярмо ігумена прыняў ты. Манахаў узаемнае брацкае любові і цьвёрдаму послуху ды самаадрачэньню навучаў добра. Мы ж, жыцьцём тваім ў Богу замілаваныя, богамудраму настаўніку сьпяваем так:
Радуйся, бо постам, сьлязамі і няспыннаю малітваю душу сваю ўгнаіў; радуйся, бо самаадрачэньню і послуху манахаў добра вучыў.
Радуйся, бо ў падмурак набожнасьці манаскае страх Боскі паклаў; радуйся, бо няспынную малітву вусны і сэрца твае зьдзяйсьняло.
Радуйся, бо дарам мудрасьцю казаньняў брацію манастыра зьдзіўляў; радуйся, бо ўнікаць спрэчак і размоў марных навучаў ты.
Радуйся, бо строгасьцю і нявечаньнем багата беззаконных і лянотных выправіў ты; радуйся, бо аб любіцелях сьвету і бязьдзейнасьці няспынна рыдаў ты.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кондак 3
Сілай з вышынь умацаваны, скарб нятленны для душы сваёй атрымаў ты, клопат не толькі аб манахах, але і аб усіх жывучых у сьвеце гэтым маючы: Бо ўсім, хто блукае ў цемры, быў ты духоўным настаўнікам і прапаведнікам ісьціны. Цяпер і нас пазбаў аб мітусьні жыцьцёвае сваімі да Богам малітвамі, Яму ж ў прастаце сэрца сьпяваем: Алілуя.
Ікас 3
Маючы вялікую турботу аб уладкаваньні агульнага жыцьця манаскага, быў пастаўлены ўладыкам Георгіем у ігумены манастыра Барыса-Глебскага. У ім не толькі манахам, але і ўсім прыходзячым да цябе людзям горада Турава, настаўнікам выратаваньня зрабіўся ты, сэрцам за іх хварэючы і сьлязамі зь замілаваньням Уседзяржыцеля і Добрую Царыцу Багародзіцу аб прабачэньні грахоў маліў. Таму і сьвятлом адважнае мілаты напоўніўся ты, цяпер і нам міласьць Боскую выпрасі і навучы зь любоўю сьпяваць табе:
Радуся, бо як крыніца жывой вады духоўную смагу задавальняў ты; радуйся, бо аб выратаваньні прыносячых пакаяньня грэшніках няспынна Бога маліў.
Радуйся, бо ты пакаяньням грэшнікаў да абнаўленьня заклікаў; радуйся, бо ты тых, хто ў блудзе тануў, з бяздоньня граху паднімаў.
Радуйся, бо быў ты для ўсіх скарбутных і бядуючых праўдзівае суцяшэньня; радуйся, настаўнік манахаў і слава падзьвіжнікаў набожнасьці.
Радуйся, бо і цяпер, для любячых манаства і адзіноту, добрае натхненьня; радуйся, рупліўцаў набожнасьці багатае абагачэньне.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 4
Буру варожых спакус адкінуўшы і падзьвіжнікам Праваслаўнага Ўсходу пераймаючы, пасаду ігумена пакінуў ты і на слуп ўзышоў, у затвор схаваўся і там, у цеснае кельлі, дні і ночы ў малітве праводзіў. Жорсткім постам і думкамі добрымі, сябе ад мітусьні сьвету агарадзіў ды багата Богам натхненных твораў там напісаў, праслаўляючы Бога анёльскім сьпевам: Алілуя.
Ікас 4
Чуючы сьпеў птушак нябесных і бачачы прыгажосьць Боскага тварэньня, у слупе сваім за ўвесь сусьвет маліўся ты, разважаючы аб высокім ды выпрабоўваючы, што ёсьць воля Боская, суразмоўцам Анёлаў быў ты, дабрынёй чысьціні зазьзяў, Боскім Духам натхненны, сьветлае вучэньня разуменьня Бога падаваў ты, якім зямля Русі Кіеўскае адукавалася. Мы ж, подзьвігі і працу тваю праслаўляючы, так у радасьці сьпяваем табе:
Радуйся, дабрашчасны слупнік, у затворы дзівосны і праслаўлены; радуйся, бо днём і ноччу ў пакаяньні і малітве жыў.
Радуйся, бо багата твораў і малітваў у навуку нам пакінуў ты; радуйся, залатавусны настаўнік статку Турава і ўсёй зямлі Русі Кіеўскае.
Радуйся, бо, быццам на крыж, цела твае на слуп узьнялося; радуйся, бо прыняў у подзьвігах сваіх дапамогу ад Госпада.
Радуйся, бо ты сярод мітусьні жыцьцёвае, духа пустэльніка ў сябе не згасіў; радуйся, бо талент, ад Бога дадзены, багата памножыў.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 5
Зорку новую, у Кіеўскім Праваслаўі ўзыходзячую, бачыў у табе Гасподзь, да служэньня сьвяціцеля рыхтаваў цябе і праз прапанову архірэя Георгія, багата людзей, разам з князем Тураўскім, прывёў да слупа твайго, каб маліць цябе зрабіцца япіскапам старажытнага горада Турава. Ты ж, ойча Кірыла, са сьлязамі маліўся і ўсяго сябе на волю Госпада аддаў, ад яго адказ атрымаў, зь удзячнасьцю засьпяваў ты: Алілуя.
Ікас 5
Бачачы ў табе чыстае веры сьвяцільнік палаючы і Ісьціны настаўніка прамудрага, мітрапаліт Кіеўскі Канстанцін, па просьбе князя Юрыя і шляхты Тураўскае, як годны сасуд мілаты Боскае, паставіў цябе на катэдру старажытнага горада Турава і ўсёй зямлі Палескае, каб прасьвяціў тамтэйшых людзей, што яшчэ ў цемры язычніцтва знаходзіліся. Мы ж, зьдзіўленыя дзівосным Боскім задумам аб табе, прыносім табе такі сьпеў просты:
Радуйся, бо ты сьвяціцелям дабрашчасным і праведным на япіскапа названы быў; радуйся, бо ад сьвятога герарха і сам ты сьвятым зрабіўся.
Радуйся, бо вышэйшы сан царкоўны з пакораю прыняў; радуйся, бо герархам і пастырам прыклад зьмірэньня паказаў.
Радуйся, хор герархаў Кіеўскага Праваслаўя ўпрыгожыўшы; радуйся, духам веры жывой і набожнасьць шмат людзей запаліўшы.
Радуйся, бо ты нястомным працаўніком вінаградніку Хрыстовага выявіўся; радуйся, бо ты ў радасьць Госпада твайго увайшоў.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 6
Прапаведнікам праўдзівае набожнасьці і пакаяньня выявіўся ты, ойча Кірыла, калі не цярпеў бяздумнае бязьдзейнасьці ў горадзе тваім, і як добры ваяр Хрыстовы, выкрываў ты ўсялякія дэманскія гульні і скокі язычнікаў, словам прамудрым адукоўваў авечак заблукаўшых, а вернікаў навучаў сьпяваць Адзінаму Праўдзіваму Богу: Алілуя.
Ікас 6
Зазьзяў ты, ойча Кірыла, як сьветлае сонца вернікам Турава і ўсёй зямлі Кіеўскае Русі, вучэньням праваслаўным асьвятляючы сэрцы хрысьціянскія, разганяючы цемру язычніцтва і беззаконьня. І цяпер, залатавусны Боскі прапаведнік і настаўнік, салодкасьцю тваіх твораў усе, хто прагне праўды, насычаюцца і ўдзячна сьпяваюць табе:
Радуйся, настаўнік Праваслаўя і Залатавуст Кіеўскага Праваслаўя, бо на шлях выратаваньня нас скіроўваеш; радуйся, кіраўнік, усіх, сьляпых вачамі душэўнымі, да Хрыста прыводзячы.
Радуйся, сейбіт праўды, верных ад грахоўнага замілаваньня вызваліўшы; радуйся, адамант, што праўдзівы дух веры і набожнасьці зацьвердзіў.
Радуйся, ад забабонаў, ерасі і расколаў статак царкоўны захаваўшы; радуйся, куміраў язычнікаў і блуду зьнішчальнік.
Радуйся, бо тых, што адпалі або заблукалі, да праваслаўнае веры павяртаў; радуйся, бо вусны твае мілатой напоўнены і залатыя словы абвяшчаюць.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 7
Жадаючы захаваць еднасьць Кіеўскага праваслаўя, сьвяціцелю Мікалаю Мірлікійскому пераймаючы, ты, дабрашчасны Кірыла, ерэтыка – япіскапа ды раскольніка Суздальскага Фёдара, за злачынствы так названага, як Арыя бяздумнага, на Кіеўскім саборы выкрываў ты, і разам зь усімі герархамі анафэму на яго наклаў. Богу ж, што Духам Сьвятым дапамагае справе праведнае, удзячна сьпяваў ты пераможны сьпеў: Алілуя.
Ікас 7
Новым абаронцам чысьціні Праваслаўя для ўсёй Кіеўскае Русі паставіў цябе Гасподзь. Духам Ісьціны ілжывае вучэньне і нягоднасьць ерэтыкаў перамог, вялікага князя Андрэя сапраўды богалюбівым быць заклікаў ты, ойча Кірыла, у дусе мудрасьці яго настаўляючы, як дзіцё царкоўнае, таму і мы, умацаваныя малітвамі тваімі, пакорліва сьпяваем табе:
Радуйся, бо еднасьць Кіеўскага Праваслаўя добра захаваў; радуйся, нашых сьвятых айцоў пахвала і наша суцяшэньне.
Радуйся, бо аб храмах Божых старана клапаціўся; радуйся, бо народныя бунты і царкоўныя падзелы зьміраў.
Радуйся, міратворца праўдзівы, міру настаўнік добры; радуйся, вечны сьвяцільнік ісьціны і любові Кіеўскага Праваслаўя.
Радуйся, бо князёў і судзьдзяў заклікаў быць мудрымі і бескарыснымі; радуйся, бо заўсёды ўзносіў малітву водарную да Бога за прымірэньня ўсіх варагуючых.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 8
Дзіўнае і прыгожае ў Богу бачаньня, як стараньням тваім новы вялікі храм на гары Замкавай будуецца, ы Вера Праваслаўная не толькі ў горадзе Тураве, але ва ўсёй Беларусі ўмацоўваецца. Мы ж, старана жадаючы ўладкаваньня ў сэрцах нашых сядзібы Духа Сьвятога, толькі з табой, сьвяціцель наш Кірыла, маем адвагу адзінымі вуснамі сьпяваць Стваральніку нашага выратаваньня: Алілуя.
Ікас 8
Увесь закон, як у Богу жыць у сябе маючы, настаўнік і прапаведнік дзіўны і ўмелы, ты, дабрашчасны Кірыла, сапраўды Залатавустам усёй зямлі Кіеўскае Русі выявіўся. Шматлікія карысныя для душы павучаньні на Пісаньня Эвангельля ды прароцкія, што чытаюцца па сьвятам Госпада, таксама малітвы да Бога на ўсялякі час і дзень тыдня, канон пакаянны, пахвалы сьвятым, настаўленьня манахам і пастырам ды багата іншых твораў напісаў ты і Царкве Кіеўскае перадаў у час свой. Таму і цяпер усім вернікам паказваеш праўдзівы шлях да Царства Хрыстовага, таму табе, як настаўніку мудраму, удзячна сьпяваем:
Радуйся, бо царкоўную казань няспынна тварыў; радуйся, Русі Кіеўскае вялікі прапаведнік Праваслаўя і Богапазнаньня.
Радуйся, бо аб добрым служэньні царкоўным старана радзееш; радуйся, бо, як рака разумнага раю, выратавальнае навукаю ўсю Кіеўскую Русь напаўняеш.
Радуйся, бо вусны зьмея злога заўсёды зачынаеш, а верных на подзьвігі духоўныя натхняеш; радуйся, бо тым, хто сьляпы вачамі душэўнымі, шлях праўды паказваеш.
Радуйся, бо нядбайных служыцеляў Царквы да добрага разуменьня і сумленьня заклікаеш; радуйся, бо пастыраў слоўнага статку Хрыстовага духам любові палаючай дабраслаўленьням тваім умацоўваеш.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 9
Усю скарбуту і зьнявагу ты, ойча Кірыла, цярпеў дзеля праўды па Пісаньню: Бо няма прарока ў айчыне сваёй, чым у казаньнях тваіх няспынна навучаў статак твой, каб усе ў пакаяньні заклікалі імя Тварца і Бога, Яму ж зь адвагаю сьпеў замілаваньня старана прыносім: Алілуя.
Ікас 9
Прамоўцам мудрым не выстачыць слоў, каб апісаць цярпеньня твае, калі да словаў тваіх залатых неразумныя людзі не прыслухаліся, але праз ганарыстасьць і ілжывую веру крочылі ў змрок грахоўных страсьцей, як у балоце плоці танулі. Мы ж, дзеці твае, словы мудрасьці тваёй у сэрцы прыняўшы, табе, са сьлязамі, сьпяваем:
Радуйся, бо ты ганарыстасьць і блуд выкрываў; радуйся, бо ты беззаконных і ілжывых жорсткім настаўленьнем выпраўляў.
Радуйся, бо ты смутак за авечак статку твайго пацярпеў; радуйся, бо за ворагаў Госпада са сьлязамі пакорліва маліўся ты.
Радуйся, бо любоўю Хрыстовай усялякую варожасьць і супраціў перамог ты; радуйся, бо сваёй міралюбнасьцю і прастатою акамянеўшыя сэрцы скараўшы.
Радуйся, бо цярпеньню і пакоры багата людзей навучылася праз жыцьцё твае; радуйся, бо ты ў дабрадзейнасьці веры, надзеі і любові шматлікіх умацаваў.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 10
Жадаючы выратаваць багата вернікаў Сваіх, выявіў Гасподзь на крыжы вобраз Маці Сваёй Купяціцкае для ўсё зямлі Палесься нашага. Ты ж, ойча Кірыла, шмат скрухі пацярпеў у канцы свайго жыцьця праведнага, атрымаў зь вышыні разуменьня і на спакой адышоў у манастыр свой, дзе раней прыняў пострыг манаскі. Мы ж, праслаўляючы подзьвігі і працы твае, малітвы няспынныя, плач сьлёзны і хвароб цярпеньня, Міласэрнаму Праведнаму Падаўцы Богу сьпяваем: Алілуя.
Ікас 10
Мурам абарончым і дапамогай для праваслаўных людзей зьяўляўся ты, палымянаю малітваю і сьлязамі шчырымі нячысьцікаў спальваючы, мудрымі парадамі ад памылак агароджваў, Боскаю любоўю сэрцы саграваў, шматлікіх выратоўваў ад рабства варожага, сьвятлом зьзяючым духоўнага настаўніка для князёў і людзей быў ты, мы ж молім цябе, ойча, каб і ў гэтыя апошнія часы не прапалі сьвяцільнікі веры і набожнасьці на землях Беларусі ды Ўкраіны, ты ж, на нябёсах жывучы, прымі ад нас, нягодных, сьпеў гэты:
Радуйся непераможны слуп Праваслаўя і аб усім сусьвеце малітоўнік плачучы; радуйся, у роздумах духоўных падобны да дабрашчасных і мудрых старцаў і аб дзецях сваіх смуткуючы.
Радуйся, бо нячысьцікаў ад верных адганяеш; радуйся, бо аб грэшніках і беззаконных са смуткам рыдаеш.
Радуйся, бо ты больш чым сябе карысьці, карысьць блізкім шукаў; радуйся, шматлікіх сьвятароў навучыўшы і ўпрыгожыўшы.
Радуйся, бо ад зносін царкоўных забараняў вернікам ухіляцца; радуйся, бо ты любячых сьвятыні і храмы Боскія хваліў і дабраслаўляў.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 11
Гэты сьпеў праслаўленьня прыносячы, молім цябе ўсе, прападобны Кірыла, ды адродзяцца Сьвятыя Беларусь і Украіна, землі нашы шматпакутныя і горад твой да новага жыцьця, якое Богу прыемнае. Таму маліся за нас, дзяцей тваіх, каб не былі няўдзячныя за шматлікія міласьці Госпада да нас, грэшных, ды не аддадзімся адчаю і беспараднасьці, а старана засьпяваем Богу пераможную песьню: Алілуя.
Ікас 11
Сьвятлом жыцьця твайго анёльскага і пакутнага, усю зямлю Кіеўскае Русі асьвяціў ты, сьвяціцель Кірыла. Калі ж прыйшоў час адыходу Твайго, Анёлы сьвятыя душу тваю дабрашчасную ў нябесныя сялібы ўзьнялі. Цела ж твае годнае, пераемнікам тваім, сьвятым Лаўрэнціям, атрымана было нятленным, што сьвятасьць тваю засьведчыла. Але пазьней, па Задуму Боскаму, мошчы твае сьвятыя да часу ад людзей схаваныя, ды і ад зьнявагі ворагам захаваныя. Мы ж старана просім у Бога прабачэньня грахоў і беззаконьняў нашых і табе сьпяваем:
Радуйся, угоднік Хрыстовы, час жыцьця свайго зямнога набожна скончыўшы; радуйся, са ўсімі сьвятымі навечна зьяднаны і вечную славу ў спадчыну прыняўшы.
Радуйся, пасьля працы вандраваньня зямнога ў сялібах нябесных спачываючы і тленьня цялеснага не спазнаўшы; радуйся, бо мошчамі сваімі сьвятымі, да часу схаванымі, набожны страх перад сьвятынямі ўсім падаўшы.
Радуйся, бо, праз малітвы набожных, цела свае сьвятое для пакланеньня верных у вызначаны час выявіш; радуйся, бо тады ў праўдзівасьць Праваслаўя шматлікія без сумневу павераць і зямлю сваю зноў росквітам духоўных праславіш.
Радуйся, бо залатымі словамі тваімі заблукаўшых сыноў да праваслаўя скіроўваеш; радуйся, бо і цяпер айчыну сваю – Беларусь Сьвятую, старажытны Тураў і ўсё Кіеўскае Праваслаўе ад бяды заўжды абараняеш і ў праўдзе замацоўваеш.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 12
Мілату прамудрасьці кніжнае і багатыя дары нябесныя прыняў ты, дабрашчасны Кірыла. Праз гэта праслаўляюць цябе герархі і ўсе людзі праваслаўныя праслаўляюць цябе, як угодніка Божага і праслаўленага Залатавуста зямлі Беларускае, няспынна дзівуюцца невымоўным талентам і подзьвігам тваім, сьпяваючы Богу: Алілуя.
Ікас 12
Апяваючы слаўную памяць тваю, сьвяты ойча наш Кірыла, годна праславіць цябе жадаем і, як малітоўніка за народ Беларускі і за ўсё Кіеўскае Праваслаўе, молім: Будзь няспынным малітоўнікам аб выратаваньні ўсіх верных, што любяць залатыя словы твае і што моляцца малітвамі тваімі, разам жа голасна і аднымі вуснамі радасна праславім цябе так:
Радуйся, бо ты духам сваім і цяпер нябачна зь намі ёсьць; радуйся, бо як воблака боганоснае жыцьцёвымі кроплямі сэрцы нашы напаўняеш.
Радуйся, бо ты ў гэты час бязбожніцтва памылковасьць выкараняць дапамагаеш; радуйся, бо ты спаленыя сухасьцю духоўнае сэрцы нашы боскаю расою арашаеш.
Радуйся, бо Богам скіраванае рукою сваёю, ты зноў народу твайму шлях выратаваньня ад чужынскага ярма грахоўнага паказваеш; радуйся, бо з казаньнямі сваімі, Богам натхненнымі, як сонца ўсе землі Кіеўскага Праваслаўя абыходзіш.
Радуйся, малітоўнік за душы нашы грэшныя каля пасаду Цара Нябеснага; радуйся, бо аб цябе радуюцца Анёлы і вяселяцца людзі.
Радуйся, Кірыла, богамудры настаўнік пакаяньня.
Кандак 13
О праслаўлены і дзівосны ойча наш Кірыла, сьвяціцель годны і Залатавуст, што сьвятлей усіх у Кіеўскім Праваслаўі зазьзяў, сьвятым і прасьветлым вучэньням Хрыстовым усе канцы Кіеўскае Русі адукаваўшы. Прымі гэты сьпеў праслаўленьня ад нас, нягодных дзяцей тваіх, і тваімі цёплымі малітвамі ў Пасада Боскага, выпрасі для нас прабачэньня грахоў, ў праваслаўнае веры і добрых справах сьцьверджаньне, пазбаўленьня ад бед і скрухі, каб у набожнасьці ўсе гады жыцьця нашага пражылі, сьпяваючы Богу: Алілуя.
Гэты кандак чытаецца тройчы, потым ікас 1 і кандак 1
Малітва
Сьвяты Кірыла, любы ойча наш! Ты — бяздоннае мора духоўнага багацьця й прыгажосьці Боскай! Ты — вобраз духоўнае велічы нашых набожных прашчураў! Ты — люстра дабрыні іхняе! Ты — нашы анёльскія вусны на нябёсах! Ты — нашы духоўныя крылы арліныя да раю! Ты — жывая вада Госпада! Ты — знак нашае любові прад пасадам Боскім,  нашая надзея на Яго! Ты — наш малітоўнік прад справядлівым Судзьдзём! Ты — наш беларускі каштоўны дыямэнт у кароне найбольшых сьвятых! Ты — нашая зьзяючая слава Боская, бліскучы розум нашага народу, нашая сьвятасьць, і нашая радасьць на вякі вякоў!
Сьвяты Кірыла, Залатавуст Беларускі ды усяго Кіеўскага Праваслаўя, любы браце і ойча наш, малі Бога за нас грэшных! Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.