Wednesday, March 20, 2013

Вялікі Канон Андрэя Крыцкага, што чытаецца ў чацьвер першага тыдня Вялікага посту

Песьня 1
Ірмас: Дапамогай і Пакровам будзь мне ў выратаваньні, Гэта Бог мой, і праслаўлю Яго, Бога айца майго, і ўслаўлю Яго, бо Ён праславіўся. (2 разы)
Прысьпеў: Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне.
Ягня Божа, узяўшае грахі ўсіх, / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоўнае, / і, як Міласэрны, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Да Цябе прыпадаю, Ісусе, / зграшыў я прад Табой, будзь міласьцівым да мяне, / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоў, / і, як Міласэрны Бог, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Не ўвайдзі са мной у суд, / прад’яўляючы  мае дзеі, / выпрабоўваючы словы і выкрываючы імкненьні; / але, па міласэрнасьці Тваёй, не глядзячы на грахі мае цяжкія, / выратуй мяне, Усемагутны.
Час пакаяньня надышоў; / прыходжу да Цябе, Стваральніку майму: / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоў, / і, як Міласэрны, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Маёмасьць маю духоўную растраціў у граху, / не маю я пладоў набожнасьці, / і, ад голаду пакуты церпячы, клічу: / “Міласьці Падаўца, пасьпяшай, / Сам над мною зьлітуйся”.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Пакрыўшыся боскім законам Хрыста, / ты да Яго прыступіла, / пакінуўшы нястрыманую цягу да асалоды, / і ўсе дабрадзейнасьці, са ўсёй набожнасьцю, / як адну, выканала.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Звышнатуральная Тройца, / у Адзінстве шанаваная, / вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоў і, / як Міласэрная, / падай мне сьлёзы замілаваньня.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Багародзіца, Надзея і Абарона Цябе апяваючых! / Вазьмі ад мяне цяжкае ярмо грахоўнае, / і, як Уладарка Чыстая, / мяне, прыносячага пакаяньня, прымі.
Песьня 2
Ірмас: Бачыце, бачыце, што Я ёсьць Бог, / ману дажджом праліўшы / і ваду з каменя падаўшы / у старажытнасьці людзям Маім у пустэльні, / рукой адзінаю і сілай Маёй. (2 разы)
“Чалавека я забіў, кажа Ламех, / у язву мне, і юнака – у рану”, / так ён, рыдаючы, усклікаў, / а ты не трымціш, душа мая, / запляміўшы плоць і розум апаганіўшы.
Вежу да Неба ўжо задумала ты пабудаваць, о душа, / і крэпасьць пабудаваць тваімі жаданьнямі, / калі б Творца не зьмяшаў задумы твае / і не паваліў на зямлю пляны твае.
О, як пераймаў я Ламеху, старажытнаму забойцы, / душу як чалавека, розум як юнака, / і як брата майго цела забіў, / быццам Каін–забойца, блуднымі імкненьнямі.
Дажджом праліў Гасподзь / некалі полымя ад Госпада / на беззаконьне буйнае і спаліў садамітаў; / ты ж распаліла полымя пякельнае, / у якім павінна будзеш, о душа, / быць у пакуце спаленай.
Уражаны я, паранены, / вось стрэлы ворага, уразіўшыя маю душу і цела, / вось раны, гнойныя язвы, калечаньня / клічуць аб ударах самаўладных маіх запалаў.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Працягнула ты рукі твае / да Міласэрнага Бога, Марыя, / у бяздоньні зла тонучы, / і як Пятру, чалавекалюбнаю руку дапамогі / Ён падае табе, / твайго зьвяртаньня ўсяляк шукаючы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Адвечная, няствораная Тройца, / непадзельная Адзінства, / мяне, прыносячага пакаяньне, прымі, / зграшыўшага выратуй, / Тваё я стварэньне – не пагрэбуй, / але пашкадуй і збаў мяне / ад полымя асуджэньня.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Прачыстая Ўладарка, Маці Боская, / Надзея да Цябе прыбягаючых / і Прыстанак засьпетым бурай, / міласьцівага Стваральніка і Сына Твайго, / прыхілі да міласьці да мяне, / малітвамі Тваімі.
Песьня 3
Ірмас: На нерухомым, Хрысьце, камяні запаведзяў Тваіх / сэрца мае, што вагаецца, / бо Ты адзін Сьвяты і Гасподзь. (2 разы)
Агары старажытнае, эгіптянцы, / пераймала ты, душа, / скарыўшыся свавольлю і нарадзіў / новага Ізмаіла – дзёрзкасьць.
Аб лесьвіцы, Якаву паказанай, / ты ведала, душа мая, / вядучай ад зямлі да нябёсаў, / чаму ж атрымала ты / узыходжаньня цьвёрдага – набожнасьці?
Сьвятару Боскаму і цару адзінокаму / – узору жыцьця Хрыста / у міры паміж людзьмі – пераймай.
Абудзіся, застагні, душа няшчасная, / раней, чым не дайшло да канца сьвята жыцьця, / пакуль не зачыніў / дзеверы палацу Гасподзь
Не зрабіся слупам саляным, душа, / абярнуўшыся назад, / ды спужае цябе прыклад Садому: / на вышынях, у Сігоры, выратаваньне.
Уладыка, малітвы / апяваючых Цябе не адкінь, / але памілуй, Чалавекалюбца, / і падай водпуск зь верай яго просячым.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Адзінства простае, не створанае, / адвечнае Адзінства, / што апяваецца ў Трох Асобах, / выратуй нас, якія зь верай пакланяюцца / магутнасьці Тваёй.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Ад Айца па-за часам народжанага Сына, / у часе, Боская Маці, / не пазнаўшы мужа, Ты нарадзіла, / – о, надзвычайны цуд! / – Дзевай пасьля родаў засталася і малаком сілкуеш.
Песьня 4
Ірмас: Пачуў прарок, / аб прыходзе Тваім, Гасподзь, і спужаўся, / што Ты жадаеш ад Дзевы нарадзіцца і людзям зьявіцца, і абвяшчаў: / “Пачуў я вестку аб Табе, і спужаўся”. / Слава сіле Тваёй, Гасподзь! (2 разы)
Час жыцьця майго кароткі / і напоўнены пакутай і парокам; / але ў пакаяньні мяне прымі / і да розуму пакліч, / каб не зрабіцца мне здабычай і ежай ворага, / Ты Сам, Выратавальнік, зьлітуйся над мною.
Царскаю годнасьцю, вянцом і пурпурам упрыгожаны, / чалавек валодаючы маёмасьцю вялікай і праведны, / багацьцям перапоўнены і статкамі, / раптоўна багацьця, славы, царства, / пазбавіўся і дайшоў да жабрацтва.
Калі праведны ён быў і чысты больш за ўсіх, / але не пазьбег падкопаў і хітрыкаў падманшчыка, / то ты, няшчасная і грахоўная душа, што зробіш, / калі станецца так, што нешта нечаканае / насьцігне цябе?
Ганарлівы я цяпер у словах, / таксама дзёрзкі і сэрцам, / неабдумана і бяздумна; / разам з фарысэям не асудзі мяне, / але пакору мытара мне даруй, / адзіны Міласьцівы і Правасудны, / зь ім і мяне далучы.
Зграшыў я, зьняважыўшы сасуд плоці маёй, / ведаю, Міласэрны; / але ў пакаяньні мяне прымі / і да розуму закліч, / каб не зрабіцца мне здабычай і ежай ворага. / Ты Сам, Выратавальнік, зьлітуйся над мною.
У ідала я сам сябе ператварыў, / і запаламі душу сваю апаганіў, о Міласэрны, / але ў пакаяньні мяне прымі / і да розуму закліч, / каб не зрабіцца мне здабычай і ежай ворага. / Ты Сам, Выратавальнік, зьлітуйся над мною.
Не чуў я голасу Твайго, / не паслухаўся Пісаньня Твайго, Заканадаўца; / але ў пакаяньні мяне прымі / і да розуму закліч, / каб не зрабіцца мне здабычай і ежай ворага. / Ты Сам, Выратавальнік, зьлітуйся над мною.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога аб нас.
У бяздоньня вялікага бруду зацягнутая, / не замацавалася ты ў ёй, / але, відавочна ды дзівосна, ўзьнялася імкненьням добрым праз дзеі / да найвысокае дабрадзейнасьці, / хоры анёльскія, Марыя, зьдзівіўшы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Непадзельнае па сутнасьці / і нязьлітнае ў Асобах, / багаслоўлю аб Табе, Траістая Адзіная Боскасьць, / як аб адзінаўладнае і супасаднае. / Сьпяваю Табе вялікую песьню, / што ў вышэйшым сьвеце тройчы сьпяваецца.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: І нараджаеш, і засталася Дзевай, / захоўваючы заўсёды дзявоцтва па прыродзе; / Народжаны ад Цябе абнаўляе законы прыродныя, / і нараджае ўлоньне дзявоцкае. / Дзе пажадана Богу, там пераадольваецца парадак прыроды, / бо Ён робіць усё, што жадае.
Песьня 5
Ірмас: Ад ночы да сьвітанку, / мяне, што імкнецца да Цябе, Чалавекалюбца, / адукуй, малю, / і скіруй мяне, каб хадзіў у загадах Тваіх, / і навучы мяне, Выратавальнік, / тварыць волю Тваю. (2 разы)
Да зямлі згорбленай пераймай, о душа, / прыйдзі, прыпадзі да ног Ісуса, / каб Ён выпрастаў цябе / і ты б пайшла прама / па шляху Гасподняму.
Хоць Ты і студня глыбокая, Уладыка, / але падай мне бруі з прачыстых крыніц Тваіх, / каб, як самаранка, выпіўшы, я больш не таміўся спрагай: / бо бруі жыцьця Ты падаеш.
Сілоамам будуць для мяне / сьлёзы мае, Уладыка Гасподзь. / ды ўмыю і я вочы сэрца майго / і ўбачу ў думках Цябе, Сьвятло Адвечнае.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Любоўю, якая ні зь чым не параўнальная, / Дрэву Крыжа пажадаўшы пакланіцца, / удастоілася ты жаданага; / удастой жа і мяне, усядабрашчасная, / вышэйшай славы дасягнуць.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Цябе, Тройца, мы славім, Адзінага Бога: / “Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты: Айцец, Сын і Дух, / – простая Сутнасьць, / Адзінка, якой няспынна пакланяемся.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: З Цябе апрануўся ў мяне, / нятленная, не ведаўшая мужа Маці –Дзева, / Бог, вякі стварыўшы, / і зьяднаў зь Сабою чалавечую прыроду.
Песьня 6
Ірмас: Паклікаў я ўсім сэрцам маім / да міласэрнага Бога, / і Ён пачуў мяне зь пекла найглыбокага, / і вывеў са сьмерці жыцьцё мае. (2 разы)
Я, Выратавальнік, / драхма, якую Ты некалі згубіў; / але, запаліўшы Сьвяцільнік – Папярэдніка Твайго, Слова, / запатрабуй і адшукай Твой вобраз.
Паўстань і скары, / як Ісус Амаліка, запалы плоці, / і гавааніцян – падманлівыя думкі / заўсёды перамагаючы.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Каб полымя запалаў згасіць. / бруі сьлёз ты няспынна, Марыя, пралівала, / душой запальваючыся; / іх дабрыню падавай і мне, / рабу твайму.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Бясстраснасьць нябесную атрымала ты, маці, / высокім жыцьцём на зямлі; / таму малі, каб і тым, хто цябе апявае, / пазбавіцца ад запалаў /праз малітвы твае.
Траісты: “Тройца Я няствораная, непадзельная, / што адрозьніваецца па Асобах, / і Адзінства, у прыроднае еднасьці”, / – Айцец абвяшчае, і Сын, і Боскі Дух.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Улоньне Твае Бога нарадзіла нам, / Прыняўшага нашу выяву, / Якога як Творцу ўсяго малі, Багародзіца, / каб быць нам апраўданымі праз малітвы Твае.
Госпадзі, памілуй. (3 разы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Кандак, тон 6
Душа мая, душа мая, устань, чаго ты сьпіш? / Канец набліжаецца, і будзеш ты ў смутку. / Паўстань жа, ды памілуе цябе Хрыстос Бог, / усюды прысутны і ўсё напаўняючы.
Песьня 7
Ірмас: Зграшылі мы, зьдзейсьнілі беззаконьня, / няпраўду прад Табой, / і не выканалі, і не зрабілі, / як Ты запавядаў нам. / Але не пакінь нас да канца, / Бог бацькоў нашых. (2 разы)
Зьніклі дні мае, як сон паўстаўшага ад сну, / таму як Езекія я плачу на ложку маім, / каб дададзены быў мне час жыцьця; / але якой Ісая дапаможа табе, душа, / калі не Бог усіх?
Прыпадаю прад Табой / і прыношу Табе, як сьлёзы, словы мае: / “Зграшыў я, як не зграшыла блудніца / і беззаконьне зьдзейсьніў, як ніхто іншы на зямлі; / але памілуй, Уладыка, тварэньне Твае / і пакліч мяне!”
Зацямніў я вобраз Твой / і сказіў запавет Твой, / уся прыгажосьць мая змрокам пакрылася, / і запаламі загашаны сьвяцільнік; / але зьмілуйся і павярні мне, Выратавальнік, / як сьпявае Давыд, радасьць.
Павярніся, прынясі пакаяньне, адкрый таемнае, / скажы Богу, Які ўсё бачыць: / “Ты мае таямніцы ведаеш, Адзіны Выратавальнік; / але Сам памілуй мяне, як Давыд сьпявае, / па міласьці Тваёй!”
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Зьвярнуўшыся да Усячыстае Боскае Маці, / ты, раней адкінутая бурай запалаў, / жорстка лютуючых, / і пасароміла ворага – спакусьніка; / але падай жа цяпер дапамогу ў скарбуце / і мне, рабу твайму.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Таго, Каго палюбіла ты, Каго пажадала, / дзеля Каго ты плоць зьнясіліла, прападобная, / малі цяпер Хрыста за слуг, / каб Ён, выявіўшы міласьць Сваю, / мірнае ўладкаваньне падаў / усім нам, шануючым Яго.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Тройца Няствораная, Непадзельная, / Адзінасутная і Існасьцю Адзіная: / як Сьвяты і Сьвет, і – Тры Сьвятых і Адзінае Сьвятое / апяваецца Бог Тройца; / але засьпявай, праслаў Жыцьцё і Жыцьці, душа, / – усіх Бога.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Апяваем Цябе, дабраслаўляем Цябе, / пакланяемся Табе, Маці Боская, / бо Ты насіла ва ўлоньні / Адзінага зь Непадзельнае Тройцы – Хрыста Бога / і Сама адкрыла нам, / на зямлі жывучым, нябеснае.
Песьня 8
Ірмас: Каго войскі нябесныя славяць, / і прад Кем трымцяць Херувімы і Серафімы, / усё, што дыхае і створана, / сьпявайце, дабраслаўляйце, / і ўздымайце ва ўсе стагодзьдзі. (2 разы)
Сьлёз алавастр праліваючы, / як міро на галаву Тваю, Выратавальнік, / клічу да Цябе, як блудніца, міласьці шукаючая, / маленьне прыношу і прашу / аб дараваньні мне прабачэньня.
Калі нават ніхто, як я, прад Табой не зграшыў, / але ўсё ж прымі і мяне, Міласэрны Выратавальнік, / які ў страху прыносіць пакаяньне і зь любоўю заклікае: / “Зграшыў я прад Табой Адзіным, / беззаконьне зьдзейсьніў, памілуй мяне!”
Пашкадуй, Выратавальнік. Свае стварэньне / і адшукай, як Пастыр, авечку прапаўшую, / заблукаўшага выратуй ад волка, / зрабі мяне ягнём / на пашы Тваіх авечак.
Калі сядзеш Ты, як Судзьдзя Міласьцівы, / і пакажаш страшную славу Тваю, Хрыстос, / – о. які будзе тады страх ад пячы палаючай / усім, хто баіцца нястрымнага Суда Твайго
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Сьвятла Вечнага Маці, цябе прасьвяціўшы, / вызваліла ад змроку запалаў; / таму, прыняўшы Духа мілату, / прасьвяці, Марыя, / зь верай цябе праслаўляючых.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Цуд новы пабачыўшы ў табе, маці, / сапраўды вельмі моцна зьдзіўленым быў боскі Засіма, / бо Анёла ў плоці ён пабачыў, / і зьдзіўленьням увесь напоўніўся, / апяваючы Хрыста ва ўсе стагодзьдзі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Адвечны Айцец, Сын суадвечны, / Суцяшальнік добры, Дух праўдзівы, / Слова Боскага Айцец, / Айца адвечнае Слова, / Дух жывы і ствараючы, / Тройца – Адзінка, памілуй мяне
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Як бы з пурпурнага складу, Усячыстая, / думны пурпур – плоць Эмануіла / ўнутры ўлоньня Твайго выткана; / таму мы Цябе, Багародзіцу, / праўдзіва шануем.
Песьня 9
Ірмас: Ад зачацьця без насеньня да нараджэньня невымоўнага, / у Маці, што не ведала мужа, непарочны Плод: / бо абнаўляе Боскае нараджэньне законы прыроды. / Таму мы Цябе, усе народы, / як Маці Бога нашага, / праваслаўна ўзьвялічваем. (2 разы)
Выяві міласэрнасьць, выратуй мяне, / Сын Давыда, памілуй, / апантаных нячысьцікамі словам вылечыўшы; / і слова міласэрнае мне, як разбойніку, вымаві: / “Праўдзіва кажу табе, са Мною будзеш у раю, / калі прыйду ў славе Маёй!”
Разбойнік зьневажаў Цябе, / разбойнік жа і Богам спавядаў Цябе, /   а яны абодва побач з Крыжам Тваім віселі; / але, о Усяміласьцівы, як разбойніку, што паверыў у Цябе / і пазнаўшаму ў Табе Бога, / і мне адчыні дзьверы / слаўнага Царства Твайго.
Тварэньне пакуту цярпела, бачачы Цябе раскрыжаваным: / горы і камяні ад жаху развальваліся, / і зямля трэслася, і пекла багацьця пазбавілася, / і змрок сьвятло дзённае закрыў, / гледзячы на Цябе, Ісус, / прыбітага плоцьцю да Крыжа.
Годных пладоў пакаяньня не патрабуй ад мяне, / бо сіла мая зьнемагла ва мне; / сэрца мне падай заўсёды бядуючае / і галечу духоўную, / каб я Табе іх прынёс, / як добрую і прыемную ахвяру, адзіны Выратавальнік.
Судзьдзя мой, знаючы ўсё аб мне! / Ты жадаеш зь Анёламі зноў прыйсьці, / каб суд зьдзейсьніць над усім сусьветам; / тады міласьцівым вокам Тваім паглядзі на мяне, / пашкадуй і зьлітуйся над мною, Ісус, / бо больш усяго роду чалавечага награшыў.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Зьдзівіла ты ўсіх / незвычайным жыцьцём тваім: / і хары Анёльскія, і сьмяротных зборы, / жывучы як бясплотная і нашу прыроду перабольшыла. / Таму, быццам бясплотная крочачы, Марыя, / Ярдан ты стопамі перайшла.
Прысьпеў: Прападобная маці Марыя, малі Бога за нас.
Літасьць у Творцы выпрасі, / для ўсіх праслаўляючых цябе, маці прападобная, / ды пазбавяцца ўсіх бед і скрухі, / што атачылі і нападаюць на іх, / каб мы, ад спакус пазбаўленыя, узьвялічвалі няспынна / праславіўшага цябе Госпада.
Прысьпеў: Прападобны ойча Андрэй, малі Бога за нас.
Андрэй годна шанаваны і ойча трыдабрашчасны, / пастыр Крыцкі! / Не спыняй маліцца аб апяваючых цябе, / ды пазбавімся ўсе мы ад усялякага гневу, і скарбут, і тленьня, / і бязьмерных грахоў, / як шануючыя тваю памяць зь вераю.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Траісты: Айца праславім, Сына ўзьнясем, / Боскаму Духу зь верай паклонімся / – Тройцы непадзельнае, Адзінцы па сутнасьці, / як Сьвету і Сьвятам, і Жыцьцю й Жыцьцям, / жыватворчаму і адукаваўшаму ўсе канцы сьвету.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Горад Твой захоўвай, / Усячыстая Маці Боская. / Бо пад Тваёй абаронай ён зь верай царуе, / і ад Цябе атрымлівае моцнасьць, / і пры дапамозе Тваёй пераможна адбівае ўсе напады спакушаючых, / і бярэ ў палон ворагаў, / і трымае іх у послуху.
Прысьпеў: Прападобны ойча Андрэй, малі Бога за нас.
Андрэй годна шанаваны і ойча трыдабрашчасны, / пастыр Крыцкі! / Не спыняй маліцца аб апяваючых цябе, / ды пазбавімся ўсе мы ад усялякага гневу, і скарбут, і тленьня, / і бязьмерных грахоў, / як шануючыя тваю памяць зь вераю.
Ірмас: Ад зачацьця без насеньня да нараджэньня невымоўнага, / у Маці, што не ведала мужа, непарочны Плод: / бо абнаўляе Боскае нараджэньне законы прыроды. / Таму мы Цябе, усе народы, / як Маці Бога нашага, / праваслаўна ўзьвялічваем.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.