Настаўнікі Клецкай беларускай гімназіі: дырэктар Рыгор Якубёнак, Мікола Чарнецкі, выкладчык хіміі і біялогіі Вячаслаў Арэнь, матэматык Мікалай Рудакевіч. Клецк, ліпень 1931 г |
Характэрна, што на яго тэрыторыі нацыянальная сістэма адукацыі не перажывала спаду нават і пасля таго, як у многіх месцах па волі партызанаў яе пачалі настойліва разбураць, тлумачачы тым, што яна нібыта служыць толькі інтарэсам акупацыйных уладаў, а не беларускаму народу. У 1943-44 н.г. на Лідчыне заняткі вяліся ў 397 пачатковых беларускіх школах.
Такое зусім не радавала тых, хто ў міжваенны перыяд усяляк перашкаджаў стварэнню тут нацыянальных школ для беларусаў. Экстрэмісцкі настроеныя польскія колы ніяк не жадалі пагадзіцца з панаваннем беларускай нацыянальнай школы ў тых месцах, дзе незадоўга да 17 верасня 1939 года баяліся нават слова сказаць у яе падтрымку. На барацьбу з беларусізацыяй асветы ахвотна падключыліся жаўнеры польскай Арміі Краёвай, даволі часта выкарыстоўваючы дзеля гэтай мэты фізічную расправу з настаўнікамі.
Калі ў 1943 годзе не ўдалося застаць дома настаўніцу Анастассю Макарэвіч з вёскі Навасады, каты забілі траіх яе малалетніх дзяцей, аднаго – у калысцы. У маі 1944 года акаўцы расстралялі ў вёсцы Беліца настаўніка-пенсіянера разам з яго дзецьмі.
Гэтыя варварскія ўчынкі вельмі проста папоўніць прыкладамі з іншых мясцовасцяў, у прыватнасці з Крэва Смаргонскага раёна.
Стараннямі протаіерэя, настаяцеля прыхода Міхаіла Леванчука тут у гады акупацыі была заснавана беларуская школа. Настаўнікамі ў ёй працавалі ягоная дачка Ларыса і пляменніца Валянціна. Усе яны ўтраіх у сакавіку 1944 года былі расстраляны польскімі бандытамі. Мясцовыя прыхаджанне зрабілі вылізныя маніфэстацыйныя хаўтуры свайму ахвярнаму святару і настаўніцам.
На тэрыторыі Шчучынскага раёна ад рук акаўцаў загінулі кіраўнік школы Язэп Клышэвіч, Пётр Рандарэвіч. Ахвярамі польскіх жаўнераў у Сямяцічах (Брэстчына) сталі былы дырэктар мясцовай даваеннай рускай школы Шыманскі і два яго непаўналетнія сыны.
Незаменнай стратай для беларускіх нацыянальна-патрыятычных сіл стала забойства акаўцамі ў пачатку 1944 года Мікалая Чарнецкага. Ён і ў даваенны час праследаваўся польскімі ўладамі за сваю самаахвярную працу на карысць беларускай справе. Мікалай Антонавіч выкладаў гісторыю і геаграфію Беларусі. За свае шырокія веды хутка здабыў ад вучняў паважную мянушку “Пан прафесар”. Ён не толькі дасканала ведаў свае прадметы, але быў знаўцам літаратуры і філасофіі. Акрамя польскай і беларускай мовы, вольна валодаў чэшскаю, ведаў латынь. Не застаўся незаўважаны і яго патрыятызм. Паміж сабою гімназісты не раз гаварылі: “Пан прафесар цалкам закаханы ў Беларусь”. Гэта былі словы ўдзячнасці і пахвалы. Акрамя штодзённых заняткаў, М.Чарнецкі кіраваў пасяджэннямі літаратурнага гуртка. На жаль, яго педагагічны талент не паспеў раскрыцца ў поўнай меры. У 1931 г. улады закрылі Клецкую гімназію. Праз год была ліквідавана настаўніцкая семінарыя ў Вільні, а яшчэ пазней – гімназія ў Навагрудку.
У тых умовах Мікола Чарнецкі пераехаў у Вільню. Быў сябрам Беларускага Навуковага Таварыства, разам з аднадумцамі выдаваў грамадска-палітычны часопіс “Золак”. Толькі пасля верасня 1939 г. зноў змог вярнуцца да настаўніцтва. Працаваў дырэктарам школы ў Крынках, на Беласточчыне, а потым узначаліў раённы аддзел народнай асветы. Але і на гэты раз перыяд настаўніцтва аказаўся нядоўгім. Нямецкая акупацыя перакрэсліла ўсе планы. Чарнецкі адмовіўся супрацоўнічаць з гітлераўцамі, хаця прапановы ў гэтым накірунку і паступалі. Але найбольш небяспечнымі аказаліся дзеянні польскага падполля, якое скарысталася сітуацыяй для вынішчэння беларускай інтэлігенцыі, развязаўшы супраць яе сапраўдны тэрор. На пачатку студзеня 1944 г. узброеная група напала на дом сястры Міколы Чарнецкага і забрала настаўніка з сабой. Толькі праз некалькі тыдняў яго цела, са слядамі жорсткіх катаванняў, было знойдзена ў адной з вёсак. Беларускага настаўніка пахавалі на праваслаўных могілках у Беластоку. На таблічцы ўказана дата смерці: 19 студзеня 1944 г. Так загінуў адзін з найбольш таленавітых выкладчыкаў Клецкай беларускай гімназіі. Чалавек, пра якога сябры казалі: “Гэта быў камень, крышталь, цвёрды і непахісны ідэаліст, гатовы на ўсё, акрамя здрады дзеля кавалка хлеба”.
Такія шчырыя беларускія патрыёты былі зусім не патрэбны акаўцам…
Крыніцы:
Л. Лыч «Нацыянальна – культурнае жыццё на Беларусі ў часы вайны»
Ю. Грыбоўскі «Польска-беларускі канфлікт у Генеральнай акрузе Беларусь»
В. Сліўкін артыкул «Грамадзянская вайна на Лiдчыне ў 1944-1954 гг.», часопіс "Лідскі Летапісец"
http://reha.of.by/index.php?newsid=70
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.