Monday, May 16, 2011

НЯДЗЕЛЯ РАССЛАБЛЕНАГА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Не раз мяне пыталі: чаму мы чытаем з года ў год тыя ж самыя урыўкі Сьвятога Пісаньня? Чаму не увесьці нейкую навізну ў эвангельскія чытаньні? Чаму з года ў год я паўтараю тыя ж самыя думкі, імкнучыся давесьці да сваёй і да вашай сьвядомасьці эвангельскую пропаведзь? І мне успамінаецца, як адзін прапаведнік аднойчы чатыры нядзелі запар прамовіў тую ж самую пропаведзь; і калі адзін зь ягоных вернікаў зьвярнуўся да яго з пытаньнем: чаму? Няўжо вы не заўважаеце, што толькі паўтараецеся? — той яму адказаў: а вы — як адклікаліся на гэту пропаведзь? Што вы зрабілі ў адказ на тое, што чулі?..
Мы сёньня чулі яшчэ раз, і пачуем на працягу нашага жыцьця, спадзяюся, шмат разоў, казаньне пра вылячэньне расслабленага. І некалькі разоў я казаў: кожны павінен перад сабой паставіць пытаньне, якое Выратавальнік паставіў расслабленаму: ты хворы, ты паслаблены і душой, і целам — а ці жадаеш ты зрабіцца здаровым, вылечыцца?.. І кожны зь нас адразу ж, верагодна, адказаў бы: вядома, жадаю! Але пытаньне Хрыстоў патрабуе, каб мы задумаліся над тым, што значыць атрымаць ад Бога вылячэньне. Што значыць: з пабітага зрабіцца здаровым, з расслабленага стаць ізноў моцным і здольным на жыцьцё — і духоўнае, і душэўнае, і жыцьцё целам?
І адказ мы, можа быць, знаходзім амаль у апошніх словах сёньняшняга чытаньня: ты зрабіўся цэлы; глядзі — не грашы, як бы што горшае з табой не здарылася... Калі мы жадаем вылячэньня, то павінны зразумець, што яно за сабой цягне і адказнасьць за зноў здабытую цэласьць. Нам не даецца цэласьць, каб мы зноў гэту цэласьць разьбілі, раскрышылі, і засталіся толькі абломкі таго, што Гасподзь зрабіў новым, вярнуў у той навізьне, якая нам была дадзена першапачаткова.
Вылечыцца сілай Боскай — ці целам, ці душой, ці духам, значыць на сябе узяць адказнасьць жыць як чалавек, які ужо больш не раздробнены, не расьціснуты ў сабе, у якім няма гэтай сталай вайны паміж жаданьнем дабра і жаданьнем зла. Адказнасьць быць чалавекам, у якім ёсьць насеньне зла, ёсьць насеньне дабра, але які непадзельна, усёй душой, усім розумам, усім сэрцам, усёй крэпасьцю і усёй немаччу сваёй, у якой адбіваецца сіла Боская, абраў дабро і гатовы дзеля гэтага дабра ахвяраваць усім, апрача гэтай ізноў здабытай цэласьці.
А цэласьць — гэта значыць новыя адносіны з Богам, новыя адносіны зь сабой, новыя адносіны зь атачаючымі людзьмі і зь навакольным сьветам. У адносінах да Бога гэта значыць канец падзелу; у адносінах да сябе гэта значыць тую адвагу, якая нам дазваляе жыць не павярхоўна, не зьлёгку, а жыць удумліва, глыбока, жыць усёй, парой страшнай і заўсёды небясьпечнай, глыбінёй свайго жыцьця і сваёй душы. У адносінах да людзей — гэта значыць жыць глыбінна, гэта значыць сустракаць людзей не толькі павярхоўна, і не толькі зводзіць усе адносіны да самога сябе, а жыць так, каб станавіцца відушчым іх глыбіні, казаць гэтым глыбіням слова жыцьця, ахоўваць гэтыя глыбіні ад спакусы, ад зла, ад разбурэньня.
Вось як нам належыць жыць, калі мы жадаем адказаць Хрысту: так, Гасподзь! Я жадаю быць суцэльным! Але раней, чым мы адкажам адважна, раней, чым мы скажам гэтыя словы, якія толькі ад нас запатрабуюць — удумаемся: ці гатовыя мы на подзьвіг? Ці гатовыя мы пранесьці цэласьць праз жыцьцё, дзеля Бога, дзеля сябе, і дзеля блізкага нашага? І толькі тады адкажам: так, Гасподзь! А інакш — інакш задумаемся над сабой, і зразумеем, што праўду кажа апостал, што людзі абралі цемру, таму што справы іх былі цёмныя…
Няўжо мы абяром прыцемак, паўцемру, разьбітасьць, якая нам дае нейкае грахоўнае, злое права жыць нявартыя і сябе, і блізкага, і Бога? Не! На гэта мы не можам ісьці, мы не сьмеем на гэта ісьці! Мы павінны зьдзейсьніць над сабой суд, устаць, і зрабіцца вернымі сабе, блізкаму і Богу. Амін!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.