Monday, February 28, 2011

СЛОВА Ў НЯДЗЕЛЮ МЯСАПУСНУЮ. АБ СТРАШНЫМ СУДЗЕ

архіяпіскап Лука (Война–Ясенецкі)
Як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага, бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг, і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і прыход Сына Чалавечага” (Мц. 24:37 – 39) – другі страшны прыход.
Ці так сапраўды будзе? Не, тое, што было ў дні Ноя, прыводзіць Хрыстос у Сваёй гаворцы пра Страшны Суд для таго, каб паказаць, што гэтак жа раптам, гэтак жа нечакана зьявіцца нам Сын чалавечы ў славе Сваёй зь усімі сьвятымі анёламі, каб зьдзейсьніць Свой Суд.
Чаму кажу я, што не дакладна так?
На словы Самога Госпада Ісуса Хрыста абапіраюся я, бо сказаў Ён: “І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца; і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай…” (Мц. 24:29 – 30)
А гэтаму Ягонаму страшнай зьяўленьню будуць, па Ягоных сьвятых словах, папярэднічаць вялікія жахі, найвялікія бедзтвы, “бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі. А ўсё гэта болесны пачатак” (Мц. 24:7 – 8) – тых страшных эпідэмічных хвароб, якія заўсёды неразлучныя зь вайной.
Будуць, бачыце, страшныя войны, будуць народы нішчыць адзін аднаго; не будзе тады бестурботнага супакою, які быў у дні Ноя, а будзе жорсткае і страшнае жыцьцё, “бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.” (Мц. 24:21)
У сьвятога апостала Яна Багаслова ў яго дзівосным Адкрыцьці чытаем апісаньне тых жахаў, тых лютых пакут, якія будуць папярэднічаць Другому прышэсьцю Госпада Ісуса Хрыста. Гэта будзе час мораў і землятрусаў, будзе час пакут неапісальных.
І тады раптам нечакана пачуецца страшны голас трубы архангела, ад якога затрымціць увесь сусьвет. Тады будзе тое, што прадказана сьвятым прарокам Ісаяй: “Яшчэ адчыніцца неба – а неба адчыніцца, калі прыйдзе Хрыстос – пачнуць трымцець горы; а калі горы затрымцяць, то што чалавек грэшны зробіць?”
Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць.” (Ян. 5:25)
Як гэта усё мёртвыя ажывуць? Сілаю Боскай ажывуць: па волі Боскай адчыняцца труны і магілы усіх ад стагодзьдзя памерлых; бяскрайняе мора зашуміць страшнымі бурамі і выкіне незьлічоных мерцьвякоў, утоеных у ім — косткамі пакрыецца уся зямля — косткамі чалавечымі — і пачнецца тое, пра што абвясьціў сьвятому прароку Ізэкіілю Бог наш у незвычайным, дзіўным бачаньні.
Была на мне рука Госпада, і Гасподзь вывеў мяне духам і паставіў мяне пасярод поля, і яно было поўнае касьцей, і абвёў мяне вакол каля іх, і вось даволі шмат іх на паверхні поля, і вось яны даволі сухія. І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: “косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!” Так кажа Гасподзь Бог касьцям гэтым: вось, Я ўвяду ў вас дух, і ажывяце. І абкладу вас жыламі, і выгадую на вас плоць, і пакрыю вас скураю, і ўвяду ў вас дух, і ажывяце, і ўведаеце, што Я — Гасподзь. Я вымавіў прароцтва, як загадана было мне; і калі я прарочыў, адбыўся шум, і вось рух, і пачалі збліжацца косьці, костка з косткаю сваёю. І бачыў я, і вось, жылы былі на іх, і плоць нарасла, і скура пакрыла іх зьверху, а духа ня было ў іх. Тады сказаў Ён мне: вымаві прароцтва духу, вымаві прароцтва, сыне чалавечы, і скажы духу: так кажа Гасподзь Бог: ад чатырох вятроў прыйдзі, дух, і дыхні на гэтых забітых, і яны ажывуць.  І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, — і яны ажылі і сталі на ногі свае — досыць, вялікае полчышча. І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя — увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: “высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня”. Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую. І ўведаеце, што Я — Гасподзь, калі адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых, і ўкладу ў вас дух Мой, і ажывяце, і зьмяшчу вас на зямлі вашай — і ўведаеце, што Я Гасподзь сказаў гэта — і зрабіў, кажа Гасподзь.” (Ізэк. 37:1 – 14)
Так будзе і тады, калі адчыняцца усе труны, калі мора аддасьць сваіх мерцьвякоў — тады уся зямля пакрыецца косткамі сухімі. І раптам гэтыя косткі па загадзе Боскаму прыйдуць у рух і стануць збліжацца адна зь адной.
О які страшны грукат костак паднімецца тады! Гэты грукат усіх аглушыць. Косткі злучацца адна зь іншай, на іх вырастуць жылы, вырасьце цела, пакрыецца скурай, і дух увойдзе ў іх, і створыць Гасподзь вялікі цуд.
Ён сказаў у бачаньні Яна Багаслова: “Вось, твару ўсё новае” (Адкр. 21:5). І створыць Ён новыя целы памёршых, а плоць нам невядомую, па ўласьцівасьцях сваіх.
Але сказана ў Пісаньні, што будуць яны целамі духоўнымі. Апостал Павал абвясьціў нам аб тых, якія да страшнага дня Суда Хрыстовага будуць яшчэ жывымі. Так казаў Ён: “Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся; раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленнымі, а мы пераменімся, бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць” (1 Кар. 15:51 – 53).
У імгненьне вока гэтыя целы — целы уваскрэслых людзей і раптам якія зьмяніліся жывых набудуць зусім новыя уласьцівасьці: яны зробяцца нятленнымі, яны будуць жыць вечна разам зь несьмяротным духам сваім.
Такім чынам, адбудзецца жудасная сусьветная катастрофа, пра якую казаў і Сама Гасподзь Ісус Хрыстос, пра якую казаў і сьвяты прарок Ісая і сьвяты апостал Пётр у Другім пасланьні, і апостал Ян Багаслоў у Адкрыцьці. Усе яны кажуць, што ў гэты страшны дзень Другога прышэсьця Хрыстова прыйдзе канец усяго сусьвету: “Прыйдзе ж дзень Гасподні, як злодзей ноччу, і тады нябёсы з грукатам мінуцца, а стыхіі, распаленыя, разбурацца ўшчэнт, зямля і ўсе дзеі на ёй згараць. Калі так усё гэта зруйнуецца, дык якімі павінны быць у сьвятым жыцьці і пабожнасьці вы, хто чакае і прагне прышэсьця дня Божага, калі ўспалымнёныя нябёсы разбурацца і распаленыя стыхіі растопяцца” (2 Пят. 3:10 – 12).
Будзе сусьветная неапісальная катастрофа. Увесь сусьвет будзе зьнішчаны страшным невядомым нам полымем.
І тады надыдзе дзень, у які Гасподзь створыць усё новае: новую зямлю, новы Ерусалім, новы сусьвет.
Страшнае полымя, якое ахопіць усю зямлю, як агністая рака, захопіць усіх уваскрэслых мерцьвякоў, усіх былых жывымі, тым часам і раптам якія зьмяніліся і нятленных, захопіць далёка—далёка ад зямлі, якая гарыць, якая руйнуецца, туды, дзе будзе Страшны суд, туды, дзе зьявіцца на аблоках Судзьдзя Праведны Гасподзь і Бог наш Ісус Хрыстос, зь усімі анёламі Сваімі.
І ўстануць прад Ім усе народы, усе калісьці жыўшыя самыя старажытныя людзі, людзі каменнага і бронзавага стагодзьдзя – усе ўстануць
Устануць тады, калі надыдзе жахлівая цемра, бо “сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца…” (Мц. 24:29). Але цемра гэтая асьвятліцца незвычайным сьвятлом, бо раптоўна зьявіцца знак Сына Чалавечага на небе – крыж сьвяты, сьвятло якога будзе непараўнальна ярчэй згаслых нябесных сьвяцілаў.
І тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай” (Мц. 24:30). І убачаць усе народы Таго, у Якога так шматлікія не верылі, убачаць тыя, раскрыжаваўшыя Госпада Ісуса, убачаць тыя, якія ва усе далейшыя стагодзьдзі і да нашага часу бесьперапынна працягваюць ізноў і зноў крыжаваць Хрыста і таптаць Ягоную неацэнную Кроў. Убачаць няверуючыя — і здрыгануцца; убачаць — і прыйдуць у неапісальны жах, бо тады убачаць — і не змогуць не верыць.
Убачаць сваімі вачамі, сваім трапечучым сэрцам адчуюць жах і страх, ад якога будуць хавацца ў пячорах і прорвах, і прасіць, каб абрынуліся на іх горы і схавалі іх ад гневу Ягня.
Але нішто не схавае іх, бо вечная Боская праўда, зьняважанай бяскарна быць не можа; бо праўда, якая так часта тапталася на нашай грэшнай зямлі, тады зазьзяе ва усім сьвеце як найвялікая і дасканалая Боская праўда.
Тады надыдзе вялікая радасьць для тых, якія ўсё жыцьцё шукалі і жадалі праўды, не знаходзячы яе вакол сябе. Тады яны “схіляцца і падымуць галовы свае, бо набліжацьмецца збавеньне іх” (Лк. 21:28).
Зь вялікае радасьцю, зь неапісальным вясельлем уваскрэснуць усе праведнікі.
У жаху і трапятаньні паўстануць усе зьняважыўшыя Кроў Хрыстову, няверуючыя ў Яго.
А няверуючых была незьлічоная колькасьць са старажытных і незапамятных часоў. Бо яшчэ старажытны мудрэц Ісус сын Сіраха так казаў ад асобы іх: “Выпадкова мы нараджаемся і потым будзем як не быўшыя, і дух нас разальецца, як паветра”.
Не, не разальюцца, як паветра, не будуць, як не быўшыя, а уваскрэснуць, зь жахам і трапятаньнем паўстануць прад вочы грознага Судзьдзі.
І надыдзе тады момант, калі праўда Боская будзе паказана ўсяму сусьвету.
Гасподзь Усятрымаючы, Судзьдзя сусьвету аддзеліць праведных ад несправядлівых; адных паставіць направа ад Сябе, а іншых налева і скажа тыя словы, якія чулі вы ў Эвангельскім чытаньні: апраўдае Ён, назаве дабраслаўлёнымі Айца свайго усіх тых, хто дзее людзям няшчасным і пакутуючым і патрабуючым справы літасьці; засудзіць і пашле ў пакуту вечную тых, хто ніколі і нікому не дзеяў дзеі літасьці.
Надзвычай важна тое, што адкрыў Гасподзь пра Свой Страшны Суд: надзвычай важна ведаць, што Ён толькі за справы міласэрнасьці ці поўная адсутнасьць літасьці будзе судзіць людзей. Ён не будзе пытаць ні аб чым іншым, будзе судзіць грэшнікаў толькі за тое, што не мелі спачуваньня, жалю, міласэрнасьці і любові да блізкіх сваіх.
Чаму гэтага досыць, чаму не трэба больш пытаць ні пра што Госпаду Ісусу? Таму што любоў ёсьць выкананьне усяго закону, а адсутнасьць любові — зьневажаньне закону Хрыстовага.
Дабраслаўлёнымі Айца Свайго назаве Ён тых, якія поўныя былі любові, міласэрнасьці, спачуваньня і шкадаваньня.
Праклятымі і асуджанымі на вечныя пакуты назаве тых, якія сваімі справамі паказалі, што чужыя любові, зусім чужыя самаму важнаму ў законе Божым, што адпрэчыўшы гэты закон, растаптаўшы сьвятую любоў, яны адпрэчылі закон дабра і аддалі перавагу закону зла; не жадалі ісьці па шляху Хрыстоваму, пайшлі сваім шляхам, шляхам зла. Ну што ж, ці будзем абурацца тым, што пойдуць яны ў пакуту вечную? Не, не будзем: яны самі сябе засудзілі на гэту вечную сьмерць.
Калі і не сказаў бы Хрыстос Сваіх страшных слоў, усё адно самі сябе засудзілі б яны. Як гэта людзі, якія жылі тысячы гадоў таму назад, могуць засудзіць сябе?
Чулі вы ў вершырах цяперашняга нядзельнага дня, калі дзеецца памяць пра Страшны Суд, што калі пачнецца суд, разагнуцца кнігі, у якіх запісаны дзеі кожнага чалавека.
Навошта гэтыя кнігі, якія разагнуцца, няўжо патрэбныя яны Усёведаючаму Богу? Не, вядома, не патрэбныя. Гэтыя кнігі толькі сымбалічна малююць тое, што нязгладжальна захавана ў сумленьні кожнага чалавека, у несьмяротным духу ягоным.
Раптам у адно імгненьне пройдзе прад ім усё ранейшае жыцьцё, да драбнюткіх падрабязнасьцяў успомніць ён кожнае злое слова свае, кожная злую дзею, кожную ганебную думку сваю успомніць — і жахнецца.
Калі быў злачынцам, калі быў блюзьнерам, таптаў Кроў Хрыстову, усе гэтыя страшныя справы раптам раптоўна паўстануць прад ягонымі духоўнымі вачамі.
Якія падставы маю я казаць так і сьцьвярджаць гэта? Маю, прамую падставу маю, бо вядома з кніг па псыхалёгіі, што людзі, якія былі на валасінку ад сьмерці — якія танулі ў моры і былі ў апошні момант выратаваны, якія траплялі пад цягнік, але ляжалі паміж рэйкамі ў той час, як цягнік з грукатам праносіўся над імі — гэтыя людзі распавядалі, што ў адну страшную перадсьмяротную хвіліну праходзіла прад імі усё іх ранейшае жыцьцё, пачынаючы з раньняга дзяцінства.
Гэта магчыма толькі таму, што усё, што мы дзеем, што гаворым, што думаем, незгладжальна навекі захоўваецца ў духу нашым. Дух захоўвае усё гэта, і калі дух вызваліцца ад кайданоў цела, калі цела зробіцца духоўным, тады дух адкрые прад духоўнымі вачамі чалавека усё тое, што адбывалася на працягу ягонага жыцьця. Гэта будзе страшны суд яго самога над ім самім. Ягоны уласны дух, ягонае сумленьне засудзіць яго.
Таму глыбока справядліва і правільна, што усе дзеючыя зло будуць адданы на тое, каб вечна існаваць зь сатаной і анёламі ягонымі, якія адракліся дабра і зрабіліся цэнтрам зла.
Зь імі, зь імі ў вечных, бясконцых зносінах, будуць жыць крыжаваўшыя Хрыста, зьняважыўшыя Кроў Ягоную. У гэтых зносінах іх злосьць і жорсткасьць будзе бязьмежна павялічвацца. У гэтым і будзе складацца іх бясконцая пакута.
Вось у чым будзе складацца Страшны Суд. Вось што павінны ведаць, у што верыць безумоўна, бо так будзе. Так казаў Хрыстос, Ягоныя сьвятыя апосталы, Ягоныя прарокі, а яны маніць не могуць.
Што ж патрэбна рабіць нам, маючым прад позіркам розуму свайго гэты жахлівы малюнак Суду? Не я адкажу на гэта пытаньне, а адкажа сьвяты апостал Пятро: “Дык вось, любасныя, чакаючы гэтага, пастарайцеся зьявіцца перад Ім неапаганенымі і беспахібнымі ў сьвеце; і доўгае трываньне Госпада нашага прымайце за выратаваньне…” (2 Пят. 3:14 – 15)
Паклапаціцеся загадзя пра тое, каб Страшны Суд быў для вас не жахам узрушаючым, не жахам нясьцерпным, а радасьцю.
Жывіце так, каб калі пачуеце страшную трубу архангела, калі уваскрэснуць целы вашы, вы схіліліся б і з радаснай усьмешкай на вуснах узьнесьлі хвалу Богу, Які нарэшце дзее суд, нарэшце карае цяжкіх грэшнікаў, беспакаранасьці якіх не цярпела душа ваша, душа кожнага добрага чалавека.
Будзем жыць так, каб Страшны Суд і труба архангела не спалохалі нас, а прывялі ў вялікую радасьць, і сьпявалі б мы песьні Вечнаму Судзьдзі, Праведнаму судзьдзі, Які ушануе усіх па справах іх. “Яму слава і цяпер і ў дзень вечны. Амін” (2 Пят. 3:18).


4 сакавіка 1951 г.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.