Sunday, February 27, 2011

НЯДЗЕЛЯ АБ СТРАШНЫМ СУДЗЕ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Не раз і не два Эвангельле папярэджвае нас пра тое, што мы будзем асуджаны, і пра тое, як мы можам выратавацца і не быць асуджанымі. У адным месцы Гасподзь кажа: Не усякі, прамаўляючы да Мяне “Гасподзь, Гасподзь”, увойдзе ў Царства Нябеснае… Некаторыя прыйдуць і скажуць: Ці не пераламлялі мы хлеб у дварах Храму Твайго? Ці не маліліся мы, ці не апявалі славу Тваю?.. І Я скажу ім: Адыдзіце ад Мяне, працаўнікі няпраўды…
Такім чынам, не вонкавымі праявамі набожнасьці мы выратуемся. Эвангельле, якое мы чыталі ў дзень Мытара і Фарысэі, ужо нам казала нешта пра гэта. Фарысэі быў дакладны ва усім вонкавым, але унутрана заставаўся мёртвы і халодны да аднаго, што толькі важна: да любові. Ён мог сказаць Гасподзь: Ці не маліўся я так часта ў Тваім храме? — і пачуў бы словы, якія я толькі што працытаваў вам. Ён мог бы таксама успомніць урывак са Старога запавету, дзе гаворыцца, што агіднасьць перад Госпадам малітва таго, хто не прабачае брату свайму.
І вось сёньня перад намі устае Эвангельле пра апошні, Страшны суд. Прыйдзе дзень — і не абавязкова, калі мы памром, а гэта можа быць імгненьне, калі мы раптам пачнём бачыць, калі раптам зробіцца ясным наш розум і мы спытаем сябе: у чым выратаваньне? Ці магу я спадзявацца наогул на што б там ні было?.. І першы адказ на гэта пытаньне мы атрымалі ў выяве мытара. Мытар не мог пахваліцца нічым; ён быў здраднік свайго народу, ён быў карысьлівы, ён быў няварты свайго народу, няварты Запавету, які быў законам гэтага народу. І ён разумеў, што ён абсалютна, максымальна, безнадзейна няварты, і стаяў, не сьмеючы нават увайсьці ў храм, таму што Храм быў месцам, дзе жыве Бог, месцам такім сьвятым, якім робіць яго Прысутнасьць Боская. І ён біў сябе ў грудзі, кажучы: Прабач мне, я — грэшнік… Гэта — першы крок да прабачэньня, да вылячэньня нашага жыцьця і душы.
Сёньня перад намі устае нешта іншае. Нас не выратуе строгае выкананьне формаў жыцьця, нас не выратуе набожнасьць, — тая набожнасьць, якую можна паставіць у двукосьсі, не выратуе малітва, калі мы молімся неналежна. На Страшным судзе, як ясна бачна зь сёньняшняга эвангельскага урыўка, Гасподзь нічога не спытае нас аб нашай веры, нашых перакананьнях ці пра тое, як мы вонкава імкнуліся дагадзіць Яму. Ён спытае нас: ці былі вы людзкія — ці не былі? Калі вы бачылі галоднага, ці абгарнуліся вы да яго сэрцам спагадаючым, ці далі яму ежу? Калі вы бачылі бяздомнага, ці падумалі вы пра тое, як забясьпечыць яму дах, трошкі цяпла, трошкі абароненасьці? Калі нам сказалі, што хтосьці, можа быць, знаёмы нам, зганьбіў сябе і патрапіў у турму, ці пераадолелі мы сорам, што мы — яго (ці яе) сябар, і ці наведалі яго? Калі мы бачылі кагосьці, каму маглі даць свой лішак, лішняе паліто, лішні прадмет, які мелі — ці павярнуліся мы і ці далі яго? І гэта — усё, што Гасподзь пытае, калі кажа пра Страшны суд.
Як я ужо сказаў, адзінае Яго пытаньне — гэта: ці былі вы людзкія, у самым простым сэнсе, у якім бывае людзкім любы язычнік? Хто заўгодна можа быць людзкім, у каго ёсьць сэрца, здольнае адклікацца. Калі яно ў вас ёсьць, то дзьверы для вас адкрыты, каб увайсьці ў Царства і прылучыцца Богу, — не сакрамэнтальным прылучэньнем, а прычасьцем глыбейшым нават, чым Таямніцы, — зрабіцца адзінымі зь Ім і вырасьці ў Храм Духу, у Цела Хрыстова, у месца Ягонае Увасобленай Прысутнасьці.
Але калі мы былі нялюдзкія, як мы можам думаць пра тое, каб стаць боскімі? Як мы можам думаць пра тое, каб быць прычасьнікамі Боскай прыроды, уладальнікамі Духа Сьвятога, жывымі для вечнасьці? Нічога з гэтага не можа спраўдзіцца.
І сёньня, зь выразнасьцю і вастрынёй, перад намі стаіць Суд Божы, і стаіць перад намі Ягоная літасьць; таму што Бог міласэрны, — Ён нас перасьцерагае своечасова. Аднаго імгненьня досыць, каб зьмяніць сваё жыцьцё, — неабходна усяго толькі імгненьне, не гады, так што і самы стары зь нас можа ў імгненьне убачыць сваю пачварнасьць, жах, пустэчу, няпраўду свайго жыцьця і павярнуцца да Бога з плачам, заклікаючы пра літасьць. І самы юны можа таксама навучыцца зараз, пакуль ёсьць час, крок за крокам, быць проста людзкім. Калі мы людзкія, тады мы робімся сябрамі Богу, таму што быць хрысьціянінам — гэта значыць абраць Бога сябрам сабе. А вы ведаеце, што азначае сяброўства: сяброўства азначае салідарнасьць, сяброўства азначае ляяльнасьць, сяброўства азначае вернасьць, сяброўства азначае быць адзіным у душы, у сэрца, у дзеяньні з тым, хто наш сябар. Гэта выбар, які мы усё, відаць, калісьці зрабілі, — і забывалі пра яго так часта!
І вось сёньня мы стаім перад гэтым Эвангельлем пра Суд. Але мы можам штосьці і зрабіць перад тварам ягоным. Пасьля службы ў дзьвярэй будзе грашовы збор на арганізацыю, якая клапоціцца пра тых, хто не мае дому і каму даводзіцца жыць на вуліцах, у падваротнях, хто залежыць ад мінака, каб мець магчымасьць насычыцца, хто залежыць ад літасьці людзей. Дык вось, устаньце перад сёньняшнім Эвангельлем; устаньце не толькі эмацыйна, але справай, і калі убачыце талерку ў дзьвярэй храма, дайце, дайце шчодра, дайце усім сэрцам, дайце так, як бы вы жадалі, каб вам далі, калі б вы былі на вуліцы, неабароненыя, самотныя, спадзеючыся за мяжой надзеі ці страціўшы надзею на чалавечую літасьць.
У нас некалькі імгненьняў, каб зрабіць штосьці бясконца простае. Зробім жа, і хай Боскае дабраслаўленьне будзе зь усякім, хто зробіць штосьці: не проста трошкі, але гэтулькі, колькі магчыма, каб іншы чалавек застаўся ў жывых, каб ён мог дыхаць, а не загінуць. Амін!

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.