Thursday, January 6, 2011

ПАДАНЬНЕ АБ НАРАДЖЭНЬНІ ГОСПАДА БОГА І ВЫРАТАВАЛЬНІКА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА

Памяць  25 сьнежня
Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: яно здарылася па заручынах Усядабраслаўлёнае Маці Ягонае, Усячыстай Дзевы Марыі зь Іосіфам, мужам праведным і ужо старым (бо яму было восемдзесят гадоў). Усячыстая Дзева дадзена была яму, па   сьведчаньні   сьвятога   Рыгора Ніскага і сьвятога Епіфана Кіпрскага пад выглядам шлюбу, каб ён захоўваў Яе дзявоцтва і клапаціўся аб Ёй. Яшчэ перш, чым яны сталі жыць разам, апынулася, што Яна мае ва улоньні ад Духу Сьвятога. Іосіф быў уяўным мужам Марыі, а ў рэчаіснасьці захавальнікам прысьвечанай Богу дзявоцкай чысьціні Яе і відавочнікам Яе бязгрэшнага жыцьця. Бо Госпаду жадана было утаіць ад сатаны таямніцу Свайго увасабленьня ад чыстай Дзевы, і для гэтага Ён пакрыў дзявоцтва Маці Сваёй шлюбам, каб вораг не ведаў, што гэта тая Дзева, пра Якую прадрок Ісая: “вось, Дзева ва ўлоньні зачне” (Іс. 7:14). Пра гэта сьведчыць сьвяты Апанас, архіяпіскап Александрыйскі, у наступных словах “Іосіф павінен быў паслужыць таямніцы, каб Дзева, як бы маючая мужа, услаўлялася, і каб самая праўда рэчы засталася утоенаю ад сатаны, каб ён не ведаў павіннага зьдзейсьніцца, якім чынам Бог пажадаў знаходзіцца зь людзьмі” (Слова на Нараджэньне Хрыстова). І сьвяты Васіль Вялікі кажа: “Заручыны зь Іосіфам зьдзейсьнілася для таго, каб утаіць ад князя стагодзьдзя гэтага (г.зн. сатаны) увасабленьне Сына Боскага” (Слова на Нараджэньне Хрыстова). То ж кажа і сьвяты Ян Дамаскін: “Іосіф заручаецца Марыі як муж, каб сатана, не ведаючы аб бясшлюбным Нараджэньні Хрыстовым ад Дзевы, адступіў, г. зн. перастаў узбуджаць Ірада і падбухторваць юдэяў да зайздрасьці. Бо сатана зь самага таго часу, калі Ісая прадрок, што “вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць” (Іс. 7:14), зорка сачыў за усімі дзяўчатаміі, як бы якая зь іх не зачала без мужа і не нарадзіла, застаючыся дзеваю. Боскі задум уладкаваў Заручыны Дзевы Марыі зь Іосіфам, каб ад князя цемры утаілася і дзявоцтва Усячыстае Багародзіцы, і увасабленьне Бога Слова”. Яшчэ раней зьдзяйсьненьня шлюбнай таямніцы, Усячыстая Дзева Марыя апынулася меўшай ва улоньні ад Духа Сьвятога, і узрастала сьвятое улоньне Яе, якое зьмяшчае ў сабе няўмяшчальнага Бога. Асабліва ж выявілася Яе цяжарнасьць тады, калі, па сканчэньні свайго трохмесячнага знаходжаньня ў Лізаветы, Яна вярнулася ў дом свой (Лк. 1:56), і Боскі плод усярэдзіне Яе з кожным днём узрастаў, а дзень нараджэньня немаўля Хрыста усё больш і больш набліжаўся. Убачыўшы гэта, Іосіф быў у вялікім зьдзіўленьні і смутку, бо ён думаў, што Яна парушыла зарок дзявоцтва. У вялікай зьбянтэжанасьці праведны старац казаў: “Як магло гэта адбыцца? Я не спазнаў Яе і нават думкай не зграшыў супраць Яе, а вось Яна цяжарная. Гора, як гэта здарылася? Хто прывабіў Яе? І што мне рабіць, не ведаю. Ці выкрыць мне Яе, як парушыўшую закон, ці замаўчаць дзеля сораму, які тады ляжа на Яе і на мяне? Калі я выкрыю Яе, то, вядома, Яна будзе пабіта камянямі па законе Майсея, і я зьяўлюся як бы катам, які аддаў Яе на лютую сьмерць. Калі ж я не падвергну Яе абвінавачаньню, то буду мець частку з пралюбадзеямі. Што ж мне рабіць? Зьдзіўляюся. Адпушчу я Яе таемна, хай ідзе Яна, куды жадае. Ці я сам сыду ад Яе ў далёкую краіну, каб вочы мае не бачылі такога зьнеслаўленьня”. Разважаючы так, праведны Іосіф падышоў да Дзевы Марыі і сказаў Ёй, як пра гэта сьведчыць сьвяты Сафроній, патрыярх Ерусалімскі: “Марыя, што за справа гэтая, якую ў табе бачу; за гонар, сарамату: за вясельле, скруху: замест таго каб хваліцца, дакараньне мне прынесла: ад сьвятароў зь царквы як нявінную Цябе прыняў,  і што бачу”. І сьвяты Апанас Александрыйскі пра тое ж апавядае так: “Іосіф, бачачы, што Дзева Марыя мае ва улоньні, але не ведаючы, які вялікі скарб усярэдзіне Яе, у зьбянтэжанасьці так запытваў Яе: “Што здарылася з Табою, Марыя? Ці не ты чыстая Дзева, выгадаваная ў сьвятых пакоях храму? Ці не Ты Марыя, не жадаючая пазіраць на твары мужоў? Ці не Ты Марыя, Якую сьвятары не маглі угаварыць узяць шлюб? Ці не ты Марыя, якая абяцала захаваць ружу дзявоцтва неўвядальнаю? Дзе палац Тваёй цноты? Дзе сьвятліца, якая ахоўвала Тваю некранутую чысьціню? Дзе Твой сарамлівы твар? Я сарамачуся, а ты адчуваеш адвагу, паколькі я утойваю грэх Твой. Калі Іосіф усё гэта казаў да Яе, то, о, як сарамацілася годная Агніца, бязгрэшная галубка, цнатлівая Дзева, чырванеючы ў твары ад такіх слоў Іосіфа! Не адважная Яна адкрыць яму аб дабравесьці, якое прынёс Ёй Архангел і пра прароцтва, якое вымавіла пра Яе Лізавета, — не адважная Яна зрабіць гэтага таму, што баялася здацца пыхліваю і любячай хвалу. Пра гэта сьведчыць і вышэйзгаданы сьвяты Апанас, які укладае ў вусны Яе такія словы да Іосіфа: “Калі Я буду Сама пра сябе апавядаць табе, то здамся табе пыхліваю. Пачакай крыху, Іосіф, і пастыры адкрыюць табе аб Мне”.
Адно толькі і казала Дзева Марыя Іосіфу ў адказ на яго зьдзіўленьне: “Жывы Гасподзь, захаваўшы Мяне дагэтуль у бязгрэшным дзявоцтве, бо Я не спазнала граху, ніхто не дакрануўся Мяне, а тое, што ў Мне, ад Боскага жаданьні і па Боскаму дзеяньню” Іосіф жа, як чалавек, думаў чалавеча і падазраваў, што Яе зачацьце адбылося ад граху. Але, быўшы праведным, ён не жадаў выкрыць Яе, а захацеў таемна адпусьціць Яе, ці (як напісана ў сірыйскім перакладзе) ён задумаў таемна пакінуць Яе. гэта значыць сысьці ад Яе куды—небудзь далёка. Калі ж ён гэта падумаў, вось анёл Гасподні ў сне зьявіўся яму, кажучы “Іосіф, сын Давыда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю”. Анёл таму заве Дзеву жонкаю Іосіфа, каб аспрэчыць думку яго пра пралюбадзейства (бо Іосіф думаў, што Марыя зачала ад пралюбадзейства). Анёл як бы так казаў Іосіфу: “Заручаная табе жонка, а не прыналежная іншаму мужу” Пра гэта блажэнны Феафілакт кажа так: “Анёл заве Марыю жонкаю Іосіфа, паказваючы гэтым, што заручаная яму не апаганілася зь іншым. А таксама і таму, каб разам зь дзявоцтвам быў шанаваны і законны шлюб” Так разважае і сьвяты Васіль Вялікі: “Анёл назваў Марыю і Дзеваю, і заручанаю мужу, каб і дзявоцтва ушанаваць, і шлюб не упікнуць. Дзявоцтва было абрана як неабходнае для сьвятога нараджэньня, а заручыны, якія ёсьць пачатак шлюбу, былі зьдзейсьнены па законе для таго, каб не падумаў хто, што нараджэньне адбылося ад беззаконьня, а таксама і для таго, каб Іосіф быў заўсёднай сьведкай чысьціні Марыі, каб Яна не падвяргалася нараканьням за тое, што быццам бы апаганіла дзявоцтва. Яна мела (у асобе Іосіфа) Сабе заручонага, які быў сьведкай і захавальнікам Яе жыцьця” (слова на Нараджэньне Хрыстова). Анёл кажа Іосіфу: “Не бойся прыняць Марыю жонку тваю”. Гэта словы азначаюць “Прымі жонку сваю па заручынах, і дзеву па Яе зароку, дадзенаму Богу (так тлумачаць сьвяты Рыгор Ніскій і дабрашчасны Еранім), бо Яна ёсьць першая ў Ізраільскім народзе дзева, якая абяцала Богу выканаць Сваё дзявоцтва чыстым да самага скону. Але бойся, бо нарадзіўшыся ад Яе ёсьць ад Духа Сьвятога. Народзіць жа Сына, і назавеш імя Яму, — назавеш імя як айцец, хоць ты і не удзельнічаў у Ягоным нараджэньні, таму што айцам дадзена даваць імёны сваім дзецям, як і Аўраам назваў сына свайго Язэпам (Быц. 21:2) Так і ты, хоць ты і не прыродны, але толькі уяўны айцец Немаўля, па—бацькаўску паслужыш Яму, назваўшы Яму імя”. Блажэнны Феафілакт так кажа Іосіфу, ад асобы анёла: “Хоць ты і не меў ніякага удзелу ў нараджэньні Немаўля, але я жадаю даць табе гэты сан (бацькоўскі), каб ты назваў Яму і імя, ты назавеш Яму імя, хоць Ён і не ёсьць тваё нараджэньне, праз гэта ты зробіш Яму тое, што уласьціва айцу. Якое ж імя? Ісус, што значыць Выратавальнік, бо Ён выратуе людзей Сваіх ад грахоў іх”. Іосіф, устаўшы ад сну, зрабіў так, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю, заручаную яму, Якая была бязгрэшнаю Дзеваю, прысьвечанаю Госпаду праз зарок дзявоцтва, і Маці Уладара, зачаўшая Выратавальніка сьвету ад Духа Сьвятога. Ён прыняў Яе, як заручоную сваю, зь любоўю аддаючы Ёй вялікі гонар, як Гасподняй Дзеве, і служачы Ёй з глыбокай павагай і страхам, як Маці Выратавальніка. “І ня знаў Яе, пакуль нарадзіла” (Мц. 1:25), г.зн. (па тлумачэньні Феафілакта) ніколі не спазнаваў Яе, як жонку. Бо як мог ён, быўшы праведны, спазнаць Яе, Якая дадзена яму была з храму Гасподняга не для шлюбу, а для захоўваньня Яе дзявоцтва пад выглядам шлюбу? Як мог ён дакрануцца да дзяўчыны Гасподняй, Якая абяцала Богу вечнае дзявоцтва? Як мог ён крануць Усячыстай Маці Госпада Свайго і Стваральніка? А тое, што Эвангельле кажа: пакуль нарадзіла, — гэта складае звычайны выраз Пісаньня, якое ужывае слова “пакуль” у сэнсе бясконцага часу. Бо і Давыд кажа: “Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх” (Пс. 109:1). Тут не тая думка, што Гасподзь — Сын толькі патуль будзе сядзець па правую руку Госпада — Айца, дакуль Ён не пакладзе ворагаў Ягоных да падножжа ног Ягоных; але тая, што і пасьля таго, як ворагі Ягоныя будуць заваяваны пад ногі Ягоныя, Гасподзь — Сын яшчэ больш слаўна сядзець будзе, як Пераможца, у бясконцыя стагодзьдзі. Падобна гэтаму пішацца пра сьвятога Іосіфа: “І ня знаў Яе, пакуль нарадзіла” (Мц. 1:25) — не ў тым сэнсе, быццам бы потым ён павінен быў спазнаць Яе, як думалі некаторыя ерэтыкі, вучэньне якіх чужое Праваслаўнай Царкве; але ў тым сэнсе, што па нараджэньні такога Сына, Які быў Богам увасобленым, і пасьля гэтак вялікіх цудаў, якія зьдзейсьніліся падчас нараджэньня Ягонага, якіх Іосіф быў сьведкам, набожны гэты старац не толькі не сьмеў крануць Яе, але і глыбока шанаваў Яе, як раб спадарыню сваю, служачы Ёй, як Маці Боскай са страхам і трапятаньнем. Пра тое слова “пакуль” сьвятой Феафілакт гаворыць так: “Пісаньне звычайна так кажа, як і пра патоп яно кажа: “і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады” (Быц. 8:7), а крумкач і потым не вярнуўся.
І Хрыстос кажа: “і вось, Я зь вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку” (Мц. 28:20). А хіба па сканчэньні стагодзьдзя Ён не будзе зь намі? Насупраць, тады яшчэ больш, у бясконцыя стагодзьдзі, будзе Ён зь намі. Так і тут гаворыцца: пакуль нарадзіла, г.зн. што Іосіф не спазнаваў Усясьвятую Дзеву ні да нараджэньня, ні пасьля нараджэньня Хрыста, падобна таму, як і Гасподзь і ў працяг стагодзьдзя, і па сканчэньні стагодзьдзя будзе зь намі неадступна. Ды і як мог Іосіф крануць Усячыстую Дзеву, пасьля таго, як пазнаў пра невымоўнае нараджэньне ад Яе Выратавальніка?”
Бязгрэшнае дзявоцтва Усячыстай Багародзіцы і па нараджэньню Выратавальніка ясна адкрываецца і з таго, што калі Іосіф пачаў сумнявацца адносна цяжарнай Дзяўчыны і нават падумваў, ці не пазбаўлена Яна гвалтоўна дзявоцтва, — тады зьявіўся яму анёл і назваў Марыю ягонай жонкаю: не бойся, сказаў ён, прымі Марыю, жонку тваю, і гэтым аспрэчыў яго меркаваньне пра пралюбадзейства (як пра гэта і вышэй было сказана). Калі ж той жа анёл зьявіўся Іосіфу ужо пасьля Нараджэньня Хрыстовага ў Бэтлееме і ў Эгіпце, калі гэты праведны старац ужо атрымаў адкрыцьцё пра чысьціню Марыі і Боганемаўляці, народжаным ад Духа Сьвятога, — тады анёл не заве ужо Усячыстую Дзеву Марыю ягонай жонкаю, але толькі Маці Народжанага, бо так пішацца ў Эвангельлі: калі ж яны адышлі, Анёл Гасподні зьяўляецца ў сьне Іосіфу і кажа: “Вазьмі Дзіця і Маці Ягоную (а не жонку тваю), і ўцякай у Егіпет” (Мц. 2:13). І зноў у Эгіпце кажа анёл Іосіфу: “Вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву” (Мц. 2:20), відавочна паказваючы гэтым, што не на шлюб накіроўваў ён Іосіфа, а на служэньне Немаўляці і Маці Ягонай. Такім чынам Іосіф не толькі не спазнаваў Марыю як жонку сваю да таго часу, калі Яна нарадзіла Сына свайго першынца, але і пасьля нараджэньня Боганемаўля Яна засталася нявіннай Дзеваю, як пра тое згодна сьведчаць усе вялікія настаўнікі царкоўныя.
Апавядаецца і тое, што ў той час, калі Усясьвятая Дзева Марыя ужо мела ва улоньні, адзін з кніжнікаў, па імі Аньнін (ужо пасьля зьявы анёла Іосіфу), прыйшоўшы ў дом іх і убачыўшы цяжарную Дзяўчыну, пасьпешна пайшоў да першасьвятара і да усяго сынэдрыёну і сказаў ім: “Той Іосіф цясьляр, якога вы звалі праведным, зьдзейсьніў беззаконьне: ён таемна згвалціў і апаганіў Дзеву, Якая дадзена была яму з храма Гасподняга на захоўваньне, і вось Яна зараз мае ва улоньні”. Пасланыя першасьвятаром слугі пайшлі ў дом Іосіфаў і знайшлі Марыю цяжарнаю, як сказаў ім той кніжнік. Узялі яны Яе разам зь Іосіфам і павялі да першасьвятара і да усяго сынэдрыёну Першасьвятар жа сказаў Дзеве Марыі: “Забылася Госпада Бога Ты, выгадаваная ў Сьвятым Сьвятых, атрымлівала ежу з рук анёльскіх і чуючая сьпеў анёльскі! Што гэты Ты зрабіла?” Яна ж з плачам казала: “Жывы Гасподзь Бог мой, Я чыстая і мужа не ведаю”. Затым сказаў першасьвятар і Іосіфу: “Што гэты ты зрабіў?” Ён адказаў: “Жывы Гасподзь Бог мой, я чысты ад Яе”. Першасьвятар жа сказаў яму. “Бо ты не схіліў галявы сваёй пад дужую руку Боскую, каб дабраслаўлёныя былі нашчадкі тваё і ў таямніцы ад сыноў Ізраіля сышоўся ты зь Дзеваю, прысьвечанаю ў дарунак Госпаду, таму вы павінны зь Ёю выпіць ваду абвінавачаньня, каб Гасподзь выявіў грэх ваш прад усімі”.
А Богам праз Майсея быў усталяваны такі суд, як пра гэта пішацца ў 4—й кнізе Майсея (Лікі), у частцы 5—й: калі які—небудзь мужчына ці якая—небудзь жанчына будуць западозраны ў пралюбадзействе і не адкрыюць пра сябе праўды, то такім падавалася ў храме Гасподнім ваду клятвы пры адмысловых сьвятых дзеяньнях і пры адмысловым чыне. І судом Божым зьдзяйсьнялася, пасьля піцьця таго, некаторых выкрываў знак над зьдзейсьніўшымі пралюбадзейства, гэты знак выяўляў зьдзейсьненае беззаконьне. Гэтаю менавіта вадою першасьвятар зь належным чынам напаіў спачатку Іосіфа, а потым Марыю, і не зьявілася над Ёю ніякага выкрывальнага знака, так што народ дзіваваўся таму, што грэх іх не выявіўся. Тады першасвятар сказаў ім:
— Калі Гасподзь Бог не выявіў вашага граху, то ідзіце зь мірам.
І адпусьціў іх. Іосіф жа, узяўшы Дзеву Марыю, увайшоў у дом свой, цешачыся і славячы Бога Ізраіля.
Пасьля таго выйшаў наказ ад кесара Аўгуста зрабіць перапіс па усёй зямлі, і усё ішлі запісвацца кожны ў свой горад. Пайшоў і Іосіф з Галілеі, з горада Назарэту, у Юдэю, у горад Давыдаў, званы Бэтлеемам, таму што ён адбываўся зь дому і роды Давыда, — запісацца зь Марыяю, заручанаю яму жонкаю, якая была цяжарная. Бэтлеем — маленькі горад, недалёка ад Ерусаліму, у кірунку да поўдня, ляжыць пры дарозе, якая вядзе ў горную краіну, да Хеўрона, сьвятарскага горада, дзе знаходзіўся дом Захарыя, і дзе Усячыстая Дзева, пасьля дабравесьця архангела, наведала і вітала Лізавету, маці Папярэднікі. Такім чынам Бэтлеем ляжыць на сярэдзіне шляху паміж Ерусалімам і Хеўронам, а ад Назарэту, галілейскага горада, ён на адлегласьці дзён трох шляху ці трохі больш. Завецца ж Бэтлеем горадам Давыда таму, што ў ім нарадзіўся Давыд і быў у ім жа памазаны на царства; там жа памерла Рахіль, і труна Іясея, бацькі Давыда, паказваецца там жа (Быц. 35:19). Ранейшая назва Бэтлеему было Явфрафа, але Якаў, калі пас там свае статкі, назваў гэта месца домам хлеба (Бэтлеемам), прадбачачы духам і прадказваючы, што ў тым месцы павінен быў нарадзіцца хлеб, які сышоў зь нябёсаў (Ян. 6:51), Хрыстос Гасподзь. А каля Бэтлеему, да усходу, супраць студні Давыда, каля якой ён аднойчы быў моцна ахоплены спрагай і сказаў: “Хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?” (2 Цар. 23:15) — знаходзіцца пячора ў каменнай гары, на якой разьмешчаны горад Бэтлеем. Недалёка ад гэтай пячоры знаходзілася поле, якое належала Саламіі, якая таксама была жыхаркаю Бэтлеему і даводзілася сваячкаю, як Дзеве Марыі, так і Іосіфу.
І калі Іосіф набліжаўся да горада, няведаючай шлюбу Чыстай Нявесьце надышоў час нарадзіць, і ён стаў шукаць дом для начлегу, дзе Нараджаючая магла б знайсьці зручнае для Сябе месца, каб прынесьці на сьвятло дабраслаўлёны Плод Свайго улоньня. Але не знайшоў ён для сябе прыстанку, па чыньніку мноства народа, які прыйшоў запісвацца, які не толькі перапоўніў агульную гасьцініцу, але і увесь горад. Таму Іосіф і адышоў у названую пячору, таму — што не было ім месца ў гасьцініцы, а дзень ужо схіляўся да вечара. А тая пячора служыла прыстанкам для статку, і ў ёй вось Усячыстая і Усядабраслаўлёная Дзева ў паўночную гадзіну рупліва малілася Богу і, уся знаходзячыся ў богадумках і гарачым жаданьнем Госпада і любоўю да Яго, нарадзіла без болі Госпада нашага Ісуса Хрыста, у дваццаць пяты дзень сьнежня. Так і належала нарадзіць бязбольна Той, Якая зачала без шлюбнай саладосьці: не спазнала, сказала Яна, саладосьці шлюбу была не датычная. А паколькі Яна зачала ў чысьціні, то і нарадзіла Яна без болю, як пра гэта кажа сьвяты Рыгор Ніскій: “Дзева зачала, Дзева насіла ва улоньне, Дзева нарадзіла, Дзева засталася дзеваю; яшчэ не было на зямлі цуду, падобнага гэтаму” (Слова на Нараджэньне Хрыстова). І сьвяты Дамаскін кажа: “Цуд новы больш усіх старажытных цудаў: бо хто ведае маці без мужа нарадзіўшую”. Без мужа нарадзіла Усясьвятая Дзева Хрыста падобна таму, як Адам вырабіў без жонкі Еву, пра што Залатавуст сьвяты кажа так: “Як Адам без жонкі вырабіў жонку, так і тут Дзева без мужа нарадзіла Мужа, аддаючы праз гэта абавязак мужам за Еву. Адам застаўся цэлым па выманьні зь цела ягонага рабра, і Дзева была нявіннаю па нараджэньні Немаўля” (Слова на Нараджэньне Хрыстова). І спраўдзілася тое, што як бы ў цені паказана было ў неабпальным кусьце і ў Чорным моры: “як куст палаючы і не згараючы” (сьпявае Царква), “так Дзева нарадзіла і Дзевай засталася”.  І ў іншым месцы: “мора прайшла непраходнае: Нявінная пасьля нараджэньня Эмануіла застаецца нявіннай”. Так без пашкоджаньня Свайго дзявоцтва, Заўсёды Дзева Марыя нарадзіла ўвасобленага Бога. І зьдзейсьнілася гэта нараджэньне без звычайнай дапамогі і службы бабкі, як пра тое сьведчыць сьвяты Апанас Александрыйскі, калі, разважае пра наступныя словы эвангельскія: “І нарадзіла Сына Свайго першынца, і спавіла Яго, і паклала яго ў ясьлі” (Лк. 2:7) — кажа так: “Паглядзі на таямнічае нараджэньне Дзевы: Сама нарадзіла Яна, і Сама спавіла Немаўля. У сьвецкіх жанчын адна нараджае, а іншая спавівае, а ў Усясьвятой Дзевы не так. Сама нарадзіла Яна, і Сама спавіла, Сама быўшы бязбольнаю маці і ненавучанай бабкаю, не дазволіла Яна нікому крануць нячыстымі рукамі Усячыстага Нараджэньня: Сама Яна паслужыла Народжанаму ад Яе, і спавіла Яго, і паклала ў ясьлі”. Гэтак жа кажа сьвяты Кіпрыян “У нараджэньні і пасьля нараджэньня Дзева Боскаю сілаю засталася дзеваю, — Яна, Якая нарадзіла бязбольна і не мела патрэбу ні ў якіх паслугах з боку бабкі, але Сама была і маці, і нараджэньню служкай, і таму аддае Немаўляці Свайму поўная глыбокай пашаны апеку: адчувае Яго, абдымае, цалуе, падае грудзі, і усё гэта зьдзяйсьняе радасна, без усякай хваробы, без усякай немачы прыроды, звычайнай пры нараджэньні”. Такім чынам, Сама Яна Сваімі дзявоцкімі рукамі паслужыла нятленнаму Свайму Нараджэньню (Боскаму Немаўляці), чакаючы старыцы Саламіі, родзічкі Сваёй, якую пайшоў клікаць Іосіф для слугаваньня Усясьвятой Дзеве. Але Саламія прыйшла, калі зьдзейсьнілася ужо справа, бо Тая, Якая нарадзіла, Яна ж і служыла, носячы Немаўля, спавіваючы Яго і кладучы ў ясьлі.
Сьвяты   сьвятамучанік Зянон япіскап перадае яшчэ, што бабка, калі прыйшла, не верыла, што нараджэньне былі некранутае і бязбольнае, і імкнулася зь дапамогай звычайных прыёмаў спавівальнага мастацтва, пазнаць, ці праўдзіва такое гэтае нараджэньне. Але адразу уразіла яе пакараньне сьмерцю за дзёрзкую справу яе, бо рука яе, якая адважылася зьдзейсьніць тое выпрабаваньне, раптам моцна запалілася агністаю хваробай і засохла Калі ж хворая прыклала сваю руку да Боскага Немаўля, яна адразу вылечылася і зрабілася гэтак жа здаровая, як была раней. Тады Саламія паверыла, што Маці ёсьць Дзева, а Немаўля — Бог.
Пасьля гэтага бязгрэшная Маці і незвычайная Служка Свайму нованароджанаму Немаўляці, спавіўшы найсалодкае Дзіця Сваё льнянымі, белымі, чыстымі, тонкімі заслонамі, загадзя прыгатаванымі для гэтага і зь Назарэту прынесенымі, і, паклаўшы Яго ў ясьлях, якія знаходзіліся ў той жа пячоры, пакланілася Яму, як Богу і Стваральніку Свайму, пра што успамінае вялебны Іосіф, творца канонаў, калі зьвяртаецца да Усячыстай Дзевы з такімі словамі: “Увасобленага праз Юначку і абагавіўшы чалавека падабенствам, трымае рукамі, і пакланяецца, і цалуе мацярынскі, гаворачы: Найсалодкі, так я проста Цябе трымаю, трымаючага рукой усё стварэньне”. Дакладна вядома, што Богаюначка пакланілася да зямлі Народжанаму ад Яе, ляжачаму ў ясьлях, і іх са зьдзіўленьнем атачылі нябачна анёльскія чыны.
А да ясьляў былі прывязаны вол і асёл, каб спраўдзілася Пісаньне: вол ведае валадара свайго, і асёл ясьлі спадара свайго (Іс. 1:3). А гэтыя вол і асёл прыведзены былі Іосіфам зь Назарэту. Асёл прыведзены быў дзеля цяжарнай Дзевы, каб везьці Яе на сабе падчас шляху, а вала прывёў Іосіф для таго, каб прадаць яго і аддаць належную даніну, якая спаганялася па наказе кесара, а таксама і для сябе купіць усё патрэбнае. Абедзьве гэтыя бязмоўныя жывёлы, стоячы ў ясьляў, сваім дыханьнем сагравалі Немаўля, па выпадку тагачаснага зімовага часу, і такім чынам служылі свайму Уладару і Творцу. Іосіф жа пакланіўся і Народжанаму, і Нарадзіўшай, бо тады спазнаў ён, што Народжанае ад Яе — ад Духа Сьвятога, як пра гэта кажа і сьвяты Апанас: “Сапраўды не ведаў Яе Іосіф, пакуль не нарадзіла Яна Сына Свайго першынца, датуль, пакуль Дзева насіла Зачатае ад Яе, не ведаў Яе Іосіф, не ведаў ён, што ў Ёй, не ведаў ён, што ў Ёй зьдзяйсьняецца. Калі ж нарадзіла Яна, тады спазнаў ён; тады спазнаў Іосіф пра Дзеву, якая была Яе сіла, і кім Яна ўдастоілася зрабіцца. Тады спазнаў ён, убачыўшы Дзеву, грудзямі сілкаваўшую і ў той жа час захаваўшую нявінную кветку дзявоцтва. Тады спазнаў ён, калі Дзева нарадзіла, але не выпрабавала таго, што уласьціва парадзіхам. Тады спазнаў ён, што камень несякомы даваў грудзі духоўнаму Каменю. Тады спазнаў Іосіф, што пра Яе пісаў Ісая: “Дзева ва улоньне прыме”. Гэтыя словы сьвятога Апанаса сьведчаць, што ў той час спазнаў Іосіф сілу таямніцы і, спазнаўшы, пакланіўся са страхам і радасьцю, дзякуючы увасобленаму Бога, удастоіўшага яго быць сьведкам і служкай гэтай таямніцы. — Адносна ж часу нараджэньня Хрыстовага шматлікія праўдзівыя пісьменьнікі кажуць, што гэта была поўнач, якая рухалася па субоце і папярэднічала дню нядзельнаму, і гэта вестка ўзгадняецца з VI Сусьветным саборам, які так тлумачыць сьвята дня нядзельнага: “Бо ў той дзень Бог стварыў сьвятло, у той жа дзень Гасподзь пажадаў нарадзіцца; у той жа дзень прыняў Ён хрост у Ярдане ад Яна, у той жа дзень Сам міласьцівы Збавіцель роду чалавечага, дзеля нашага выратаваньня, зь мёртвых уваскрэс, у той жа дзень Ён і, паслаў Сьвятога Духа на вучняў Сваіх”. Бо як, па пэўным жа вестцы, Ён зачаты быў у дзявоцкім улоньні падчас дабравесьця ў пятніцу і ў пятніцу ж папакутаваў, так у дзень нядзельны Ён нарадзіўся і ў дзень нядзельны ж уваскрэс. І прыстойна было Хрысту нарадзіцца ў дзень нядзельны, у які Бог сказаў: “Хай будзе сьвятло” (Быц. 1:3); і ў які час “Сталася сьвятло” (Быц. 1:3) у той жа дзень належала, каб і Сам Ён, Сьвятло адвечнае, зазьзяў сьвету. А тое што Хрыстос меў нарадзіцца уначы і ў вядомую яе гадзіну, пра гэта па—прароцку прадказана ў кнізе Прамудрасьці Салямонавай, дзе гаворыцца так: “Бо, калі усё атачала ціхае бязмоўе, і ноч у сваёй плыні дасягнула сярэдзіны, сышло зь нябёсаў ад царскіх пасадаў на сярэдзіну згубнай зямлі усемагутнае слова Тваё, як грозны ваяр” (Прам. 8:14 – 15). Зьдзейсьніліся і вялікія цуды ў сусьвеце падчас Нараджэньня Хрыстовага. Так, у тую самую гадзіну, у якую Гасподзь наш сышоў праз дзявоцкую браму, захаваную чысьцінёю, раптам у той пячоры прабілася з каменя крыніца вады, а ў Рыме выйшла зь зямлі крыніца ялею і паліўся ў раку Тыбр. Храм язычніцкі, названы вечным, разбурыўся; ідалы зьнішчыліся, і на небе зьявілася там жа тры сонцы. А ў Іспаніі ў тую ж ноч зьявілася воблака сьвятлей сонца, у Юдзейскай краіне вінаграднікі энгаддскія заквітнелі, нягледзячы на зімовы час. Асабліва ж цудоўна было тое, што апісана ў Эвангельлі, калі анёлы сышлі зь нябёсаў са сьпевам і ясна паўсталі перад людзьмі. Здарылася гэта так. Насупраць той пячоры, у якой нарадзіўся Хрыстос, па сьведчаньні вялебнага Ераніма, знаходзілася вельмі высокая вежа, званая Адэр, у якой жылі пастухі статкаў. Там у тую ноч трое зь іх выпадкова не спалі і пільнавалі свой статак, і вось вярхоўны сярод сіл нябесных анёл (якім, па меркаваньні сьвятога Кіпрыяна, быў сьвяты дабравесьнік Гаўрыіл) зьявіўся ім у вялікім зьзяньні, бліскаючы нябеснаю славаю, якою ён і іх асьвячаў; убачыўшы яго, яны вельмі спалохаліся. Але зьявіўшыся анёл, загадаўшы ім пакінуць страх і не баяцца, абвясьціў ім пра радасьць, што наступіла для усяго сьвету праз нараджэньне Выратавальніка. Пры гэтым ён паказаў ім і прыкметы праўдзівасьці свайго дабравесьця: “Вы знойдзеце, – сказаў ён, – Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях. І раптоўна зьявілася зь анёлам шматлікае войска нябеснае, славячы Бога і заклікаючы: слава ў вышынях Богу, і на зямлі мір, і ў людзях добрая воля.” (Лк. 2:12 – 14); пасьля гэтай анёльскага зьяўленьня і сьпеву сіл нябесных, пастыры, параіўшыся адзін зь адным, пайшлі пасьпешна ў Бэтлеем, каб паглядзець, ці праўдзівыя словы анёла, і яны пайшлі і убачылі Усячыстую Дзеву Марыю Багародзіцу і сьвятога Іосіфа, Яе заручонага, а таксама Немаўля спавітага, ляжачага ў ясьлях. І паверыўшы несумнеўна, што гэта ёсьць Хрыстос Гасподзь, чаканы Мэсія, прыйшоўшы выратаваць род чалавечы, яны пакланіліся Яму і распавялі усё, што бачылі і чулі, і што сказана было ім ад анёла пра Гэтага Немаўля. І усе якія чулі (Іосіф, Саламія і тыя, якія ў той час прыйшлі туды) дзіваваліся словам пастыраў, асабліва ж Усячыстая Дзева Маці, бязбольна нарадзіўшая, выконвала усе гэтыя словы, складаючы іх у сэрца Сваім. І пастыры павярталіся, славячы і хвалячы Бога. Так зьдзейсьнілася Нараджэньне Ісуса Хрыста, Госпада нашага, Якому і ад нас грэшных ды будзе гонар і слава, глыбокая пашана, падзяка, зь адвечным Ягоным Айцом і зь Усясьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Трапар сьвята, тон 4

Некалі уносілася ў перапіс са старцам Іосіфам, / як народжаная ад насеньня Давыдава, у Бэтлееме Марыя, / што носіць ва улоньні Зачатага без насеньня. / Надышоў час нарадзіць, / і не было нідзе месцы, для начлегу; / але, як палац прыемны, / пячора Царыцы была паказаная. / Хрыстос нараджаецца, каб у нас аднавіць / раней згубленую Сваю выяву.

Кандак, тон 3

Дзева ў гэты дзень ідзе, каб Адвечнае Слова / нарадзіць у пячоры невымоўна. / Радуйся, сусьвет, аб тым пачуўшы, / услаў са Анёламі і пастухамі / нас дзеля пажадаўшага зьявіцца / — Дзіцё немаўля, Адвечнага Бога.


Пераклад “Беларускай Аўтакефаліі” паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.