Thursday, January 6, 2011

БОЖАЙ МІЛАСЬЦЮ СЬВЯШЧЭННЫ САБОР ЯПІСКАПАЎ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ НА ЧУЖЫНЕ

Да ўсечэснога Духавенства, прэпадобнага Манашаства й усіх багалюбівых вернікаў нашых на Чужыне й на Бацькаўшчыне прабываючых
КАЛЯДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ
“І СЛОВА целам сталася, і пасялілася між нас”.
Ян. 1:14.
УЛЮБЛЕНЫЯ ДЗЕЦІ НАШЫЯ!
Такімі натхнёнымі й цудоўнымі словамі зьвястуе нам сьв. Апостал Іоан вялікую радасьць: Хрыстос НАРАДЗІЎСЯ! Хрыстос, прадвечнае Слова целам сталася, і пасялілася між нас, і бачылі мы славу Яго, як Адзінароднага ад Айца, поўнае ласкі й праўды. А сталася гэта не прыпадкова. Аб гэтым апавясьціў Бог Айцец ужо зграшыўшым Адаму й Еве ў Раю: Насеньне Жанчыны скрышыць галаву шатана (I Майс. 3,15).
Гасподзь Бог стварыў Адама й Еву для вечнага й шчасьлівага жыцьця ў Раю. Але зьмей-шатан спакусіў іх, яны цяжка зграшылі й гэтым страцілі Рай і жыцьцё вечнае. Аднак, Гасподзь Міласэрны, дзеля бясконцае любові Свае, зьмілаваўся над імі й абяцаў паслаць ім Месію-Спасіцеля, Каторы Сваім послухам аж да сьмерці на Крыжы паверне людзям страчанае жыцьцё вечнае ў Раю.
Цяжкое было жыцьцё людзей пасьля страты Раю. Аднак, надзея на Месію-Спасіцеля іх ад роспачы ратавала, узмацняла, пацяшала. А калі яна слабела, а часам і зусім зьнікала, Гасподзь Бог прыпамінаў ім аб ёй праз Сваіх Прарокаў, якія, натхнёныя Духам Сьвятым, гаварылі людзям: Прыйдзе Месія, народзіцца ад Прачыстае Дзевы ў Віфлееме, злучыць ізноў людзей з Богам!
I вось, калі споўнілася поўня часу, у ціхую Сьвятую Ноч стаўся цуд: зазьзяла Зорка над Віфлеемам! Зорка Ласкі, Міласэрдзя й Любові Божае. У вялікім сьвятле зьявіўся Ангел на небе й апавясьціў Віфлеемскім пастыром аб вялікай радасьці ўсім людзям: Цяпер нарадзіўся вам у месьце Давідавым Спасіцель, Каторы ёсьць Хрыстое Гасподзь (Лк. 2,11).
Хрыстос, Спасіцель наш, НАРАДЗІЎСЯ! Нарадзіўся ў ясьлях у стайні, бо ня было Яму месца ў гасподзе (Лк. 2,7). Дзіва дзіўнае: Валадар Неба й зямлі, Творца ўсяго сьвету, нарадзіўся як найбяднейшы чалавек! Але гэта толькі для нас дзіва, бо Народжаны Хрыстос, паводля Провіду Божага, меў узяць на Сябе ўсе беды, немачы й грахі нашыя. Таму Ён, як Чалавек, ужо ад Нараджэньня мусіў быць сярод гэтае бяды, немачаў, выгнаньня, цярпеньняў, уключна з пакутамі на Крыжы. Ісус Хрыстос узяў беды нашыя на Сябе, каб нас зрабіць шчасьлівымі. Ён зыйшоў зь Неба, прыняў нашае цела, каб ачысьціць, асьвяціць нас, зрабіць нас ізноў дзяцьмі Божымі. Ён панізіў Сябе, каб так падняць нас на ўзровень ангелаў, на вышыні Нябесныя! Ён стаў Чалавекам, каб перамагчы ўсе слабасьці нашыя й паказаць нам, што й мы можам карыстацца сілаю Яго, калі толькі пойдзем за Ім, па слову Яго: Калі будзеце мець Веру, дык зробіце тое, што Я раблю, і нішто ня будзе немагчымае для вас (Мц. 17,20). Урэшце, Сваім Нараджэньнем у стайні, Спасіцель наш асьвяціў усю прыроду, усякі твор.
Таму ў ціхую Сьвятую Ноч Нараджэньня Дзіцятка ўся прырода заціхае, зачараваная зьяўленьнем Тварца сваяго ў людзкім целе, усякі твор пяе хвалу Яму. Тым болей людзі, зачараваныя сьвятлом Зоркі Віфлеемскае, абнаўляюцца, прасьвятляюцца, выбачаюць сабе крыўды розныя, бо ж гэтае сьвятло Любові Божае ня ведае ніякіх перашкодаў, ніякіх межаў, абьгамае сабою ўвесь сьвет: усіх людзей, усякі твор. Таму таксама нашы пабожныя продкі з усёабыймаючаю любоўю ў сэрцах сваіх нясьлі сена са стала ў стайню й давалі яго жывёле, бо ў гэтую часіну ўсё было Божае!
Так дабрадатныя праменьні Зоркі Віфлеемскае, як сьвятло Ласкі й Любові Вожае, натхняюць сабою ўвесь сьвет, усюды нясуць радасную вестку аб Нараджэньні Богачалавека на зямлі, весьцяць Праўду, Супакой-Мір усім людзям добрае волі. I як даўней людзі добрае волі цешыліся надзеяй на Прыход Спасіцеля, так і цяпер з Нараджэньнем Яго цешацца надзеяй, што скора запануе ўсюды на сьвеце любоў, брацтва й мір, як Ён і сказаў: Прыйдзеце да Мяне ўсе працуючыя й абцяжаныя, і Я супакою вас (Мц. 11,28). Таму ўсе людзі добрае волі ў ціхую Сьвятую Ноч вітаюць Народжанае Дзіцятка, як сьвятло й мір сьвету, фіміамам свае любові й надзеі, выяўляючы гэта сьвятлом запаленых сьвечак. I асабліва ў гэтую Сьвятую Ноч душы іх цешацца, бо адчуваюць прысутнасьць Творцы сьвету й міру-супакою сярод іх дьш цьвёрда вераць, што скора прыйдзе час, і Бог міру скрышыць шатана пад нагамі нашымі (Рым. 16,20).
Але радасьць нашая заўсёды болыпая, калі мы дзелімся ёю з нашымі блізкімі. Таму ў гэты Сьвяты Вечар кажны сьпяшыць дамоў, да свае сямейкі, да стала з пахучым сенам, каб перажыць радасьць ангелаў і Маці Божае перад ясьлямі Дзіцятка. Нажаль, многія з вас будуць мець пустыя месцы пры сваім стале, бо там ня будзе таты, мамы, або сына, дачкі. I не адна сьляза скоціцца. з абліччаў вашых, але няхай яна злучаецца з гарачаю Вераю й Любоўю да Народжанага Хрыста, Бога нашага, Каторы пацешыць вас, пашле Ласку Сваю вам і тым, каго няма з вамі. Асабліва-ж шчыра й горача памолімся ў гэты Сьвяты Вечар за тых нашых братоў і сёстраў, што церпяць і пакутуюць удома дый на катаргах і высылках сучаснага Ірада. Спасіцель наш выслухае малітвы нашы, і паможа нам неўзабаве славіць Яго на нашай народжанай, Вольнай і слаўнай Бацькаўшчыне-Беларусі.
3 гэтаю цьвёрдаю вераю й надзеяй на мір Божы ў сьвеце, з палымяннай любоўю да Нованароджанага Хрыста, Бога нашага, вітаем вас, усечэсныя Айцы й улюбленыя Браты й Сёстры зь вялікім і радасньгм Сьвятам РАСТВА ХРЫСТОВАГА і з надыходзячым НОВЫМ ГОДАМ. Няхай сьвятло Зоркі Віфлеемскае ўзмацніць і прасьвятліць вас дый злучыць вас у адну Богу мілую сямейку, і радасьць вашая будзе поўная, бо Ягоная, Хрыстовая (Ян. 15,11).
Пасылаем вам нашае Архіпастырскае Багаславеньне. Стала ўзмацняйце Веру вашую ў Хрыста, Бога нашага, пазнавайце Праўду Яго, і яна зробіць вас вольнымі (Ян. 8,32), ды шчасьлівымі й радаснымі тут на зямлі й там на Небе.
Ласка й Мір Госпада нашага Ісуса Хрыста, Любоў Бога й Айца, і Шчадроты Сьвятога Духа будуць з усімі вамі. АМІНЬ.
СЬМІРЭННЫ АРХІЯПІСКАП СЕРГIЙ
Глава Сьвяшчэннага Сабору Япіскапаў Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы
СЬМІРЭННЫ АРХІЯПІСКАП ВАСIЛЬ
Сакратар Сьвяшгэннага Сабору Япіскапаў БАПЦ на Чужыне.
Дана Року Божага 1955,
месяца сьнежня
Аўстралія-Амэрыка.

Напісаньне арыгіналу захована. “Беларуская Аўтакефалія”, 7 студзеня 2011 года.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.