Sunday, December 26, 2010

ГІСТОРЫЯ, АЛЬБО ПРАЎДЗІВАЕ АПІСАНЬНЕ ЖЫЦЬЦЯ СЬВЯТЫХ ВАРЛААМА І ІАСАФА

РАМАН ЗАБЫТЫ НА СТАГОДЗЬДЗІ.

ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА
Магутная хваля вяртаньня нашай спадчыны абмінула перакладныя творы старабеларускай літаратуры. Шырокая публіка троху ведае пра існаваньне беларускага тэксту “Трыстана і Ізольды” (Трышчана і Іжоты); тыя, хто атрымаў філалагічную адукацыю, маюць уяўленьне пра сьвецкія перакладныя кнігі “Александрыя”, “Аповесьць аб Троі”… Мала хто назаве болей…
А між тым, Максім Гарэцкі ў сваёй кнізе “Гісторыя беларускае літаратуры” зазначаў: “/.../ у XVII стагодзьдзі былі асабліва пашыраны перакладныя повесьці, а нават рабіліся й новыя пераклады”. Сама сабой напрошваецца выснова пра значны ўплыў перакладной літаратуры на сьветагляд тагачаснага чалавека, пра яе вялікую ролю ў ягоным жыцці.
Сярод прыкладаў перакладной літаратуры XVII стагодзьдзя М. Гарэцкі першай называе Гісторыю, альбо Праўдзівае апісаньне жыцця сьвятых Варлаама і Іасафа, выдадзеную ў 1637 годзе ў друкарні праваслаўнага Куцеінскага Багаяўленскага манастыра (паблізу Воршы, зараз — у межах гораду).
На гэтым рамане варта спыніцца асобна. Ён заслугоўвае гэтага хаця б таму, што вядомы больш чым на 30 мовах народаў Азіі, Еўропы ды Афрыкі: пэрсыдзкая, уйгурская, 5 арабскіх вэрсіяў, 2 грузінскія і грэцкая, якая паходзіць ад адной зь іх; зробленыя з грэцкай 2 лацінскія, старажытнаславянскія, армянскі ды эфіёпскі пераклады; паходжаньнем ад аднаго зь лацінскіх перакладаў — 9 італьянскіх, 8 старафранцускіх, 5 гішпанскіх, правансальская, партугальская, нямецкая, чэская, польская, ангельская, ірляндзкая, галяндзкая вэрсіі й г.д.
Годнае месца сярод іх займае й беларускі варыянт. Як адзначае М. Нікалаеў у сваёй кнізе Палата кнігапісная (Мн., 1993), найбольш раньні ў Беларусі сьпіс гэтага раману датуецца XIV стагодзьдзем і паходзіць зь Наваградзкага базыльянскага кляштару.
Захад жа, паводле цьверджаньняў І. Лебедзевай (И.Н. Лебедева. Повесть о Варлааме и Иосафе. Л., 1985), упершыню ўведаў грэцкую Аповесьць зь двух сярэднявечных лацінскіх перакладаў, асабліва зь другога, які шырока распаўсюдзіўся па краінах Эўропы, пачынаючы з ХІІ стагодзьдзя”. У гэтым перакладзе аўтарам кнігі быў названы Ян (Іаан) Дамаскін, вялікі багаслоў, філёзаф і паэт, адзін зь айцоў усходняе царквы, далучаны ёю да ліку сьвятых.
(Трэба зазначыць, што спрэчкі пра аўтарства раману пра Варлаама і Іасафа, відавочна, збілі з тропу камэнтатараў кнігі М. Гарэцкага Гісторыя беларускае літаратуры Т. Голуб, І. Саверчанку, Я. Янушкевіча, і яны таксама прыпісалі твор Яну Дамаскіну. У вышэйзгаданай працы І. Лебедзевай распавядаецца пра гісторыю дасьледаваньня кнігі й даводзіцца няслушнасьць такога меркаваньня.)
Доўгі час лічылася, што раман пра Варлаама і Іасафа зьяўляецца хрысьціянізаванай вэрсіяй жыцьцяпісу Буды. Аднак на думку ўсходазнаўцы-тыбэтоляга Б. Кузьняцова, і жыцьцяпіс Буды, і раман паходзяць з пашыраных на Ўсходзе аповедаў пра цара і ягонага праведнага сына — гэта значыць, абодва яны маюць агульную крыніцу дабудыйскага паходжаньня.
У зьвязку з гэтым цікава адзначыць той факт, што героі твору ўспрымаліся як рэальныя асобы, якія некалі існавалі. Так, сярэднявечную лацінскую вэрсію з ХІІІ стагодзьдзя сталі ўключаць у зборнікі жыццяў сьвятых. Па словах І. Лебедзевай, у пачатку ХІІІ стагодзьдзя Варлаам і Іасаф шанаваліся ў Сэрбіі як сьвятыя, прычым культ іх быў туды занесены, відавочна, зь Афрыкі.
Як піша Х.Л. Борхес у эсэ “Вэрсіі адной легенды”, кардынал Цэзар Бароні ўключыў Іасафа ў свой Рымскі мартыралёг (1585-1590).
У XVI стагодзьдзі былі вядомыя нават мошчы сьвятога царэвіча Іасафа. Спачатку яны знаходзіліся ў Вэнэцыі, але ў 1571 годзе дож гораду Люіджа Мачэніга падарыў іх партугальскаму каралю. У XVIІ стагодзьдзі яны апынуліся ўжо ў Антвэрпэне ў кляштары сьвятога Сальватора.
Але раман пра Варлаама і Іасафа ня толькі пачаў “матар’ялізоўвацца”. Ён сам зьявіўся сюжэтам для мастацкіх твораў. Так кніга Вершы духоўныя (Стихи духовные. М., 1991) зьмяшчае вершы Іасаф і Варлаамі і Плач царэвіча Іасафія.
На сюжэт кнігі стваральнік гішпанскай драматургіі Лёпэ дэ Вэга напісаў драму “Варлаам і Іасаф”. Борхес у вышэйпрыгаданым эсэ піша: “Намаганьням Хакона Хаканарсана Ісьляндыя абавязаная зьяўленьнем у сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя сагі пра Варлаама”.
Асобна трэьба сказаць аб прыпавесьцях, на якія багатая кніга. Напрыклад, прыпавесьць пра адзінарога прыгадваецца ў францускіх зборніках “прыкладаў” і прыпісваецца сьвятому Бэрнару (А.Я. Гуревич. Культура и общество средневековой Европы глазами современников. М., 1989. С. 95). Яна знайшла адлюстраваньне і ў выяўленчым бізантыцкім, заходнеэўрапейскім і расейскім мастацтве.
Другую прыпавесьць (пра чатыры скрыні) выкарыстаў Шэксьпір у “Вэнэцыянскім купцы”.
Такім чынам, відавочна, што раман быў значным складнікам літаратурнага і грамадскага жыцця Эўропы.
Верагодна, ня меней значным твор быў і для жыхароў Беларусі. Нездарма ж Куцеінская друкарня выдала кнігу ў трох варыянтах (пра гэта — ніжэй).
Варта коратка спыніцца на зьмесьце “Гісторыі, альбо Праўдзівага апісаньня жыцьця сьвятых Варлаама і Іасафа”.
У індыйскага караля Авяніра, які праславіўся сваім жорсткім перасьледам хрысьціянаў, нараджаецца сын Іасаф. Мудрэц-астроляг прадказвае царэвічу слаўнае жыцьцё ў хрысьціянскай веры. Цар загадвае не выпускаць сына з палаца, каб той не даведаўся ні пра сьмерць, ні пра старасьць, ні пра хваробы, ні пра калецтвы й каб ня чуў аніводнага слова пра хрысьціянства.
Але Іасаф даведваецца пра хрысьціянства ў настаўніка, які таемна верыў у Хрыста. Потым на праходцы ён бачыць двух калек, старога й дазнаецца пра сьмерць.
Прыезд пустэльніка Варлаама давяршае навярненьне каралеўскага сына ў хрысьціянства. Большая частка раману адводзіцца дыялёгу паміж Варлаамам і Іасафам. Тут і прыводзяцца ўжо згаданыя прыпавесьці…
Пераклад раману, выдрукаваны ў Куцейне, зроблены намесьнікам Магілёўскага брацкага манастыру Іосіфам Палоўкам. Само выданьне, як ужо гаварылася, вядомае ў трох варыянтах (у Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца, як можна меркаваць, трэці, але верагодна, гэта дэфэктны экзэмпляр: адсутнічае тытульны аркуш).
У першым яно прысьвячаецца Сільвестру Косаву, япіскапу Амсьціслаўскаму, Аршанскаму й Магілёўскаму. У другім варыянце прысьвячальная прадмова зьвернутая да мітрапаліта Кіеўскага і галіцкага Пятра Магілы. У трэцім варыянце прысьвячэньня ўвогуле няма.
Выданьне заканчваецца духоўным вершам “Песьня сьвятога Іасафа” (расейская варыяцыя “Плач царэвіча Іасафія” ўжо згадвалася вышэй).
Нягледзячы на тое, што на тытульным аркушы крыніцай для перакладу ўказваюцца грэцкі й “словенский” тэксты, у адных сваіх частках куцеінскае выданьне перакладзена зь стараславянскай, а ў іншых — зь лацінскай моваў.
Верагодна, чытачам будзе цікава пазнаёміцца з прыпавесьцямі рамана, таму я ўзяў на сябе сьмеласьць перакласьці некаторыя зь іх зь старабеларускай мовы ў сучасную й прапанаваць да друку. На іх прыкладзе можне ня толькі пазнаёміцца зь вобразным ладам твору, але й пабачыць, як рэаліі Беларусі XVII стагодзьдзя накладаліся на літаратурны твор.
Прыпавесьці
І
Быў некалі адзін вялікі й славуты кароль, якому, калі ён на залатым возе зь немалым рыцарствам, вартым яго каралеўскай велічы, ехаў, сустрэліся два чалавекі ў абарванай і бруднай адзежы, з твару худых і дужа бдедных. Каралю тады вядома было, што са зьнясіленьня цялеснага і з працы жыцьця, Богу прысьвечанага, цела сваё так высушылі. Таму, пабачыўшы іх, зь воза хутка саскочыў і да зямлі ён ім пакланіўся, а падняўшыся, вельмі прыязна іх абдымаў і вітаў. Сэнатары яго і набліжаныя зазлавалі з той нагоды, разумеючы той учынак супраціўным велічы каралеўскай. Але ніхто зь іх яўна дакараць яго за тое не наважыўся, /а/ роднага брата ягонага накіравалі, каб каралю нагадаў, каб стану свайму зацнаму і высокаму такой зьнявагі й ганьбы не чыніў. А калі ён брату свайму пра тое паведаў і непрыстойнае і малакарыснае яго прыніжэньне зганіў, водпаведзь яму кароль учыніў. Якой той і крыху не зразумеў.
Звычай быў у караля, што, калі меў каго сьмерцю скараць, вознага з трубою, якая праз гэта сьмяротнаю называлася, да брамы пасылаў. І ад трубнага зыку ўсе пазнавалі, хто мусіў памерці. І так пад вечар з трубным агалашэньнем пад дзьверы брата свайго кароль паслаў. Пачуўшы гэта, той залямантаваў аб сваім здароўі й усю ноч адкрытым дом свой трымаў. Ранкам, у чорнае і жалобнае адзеньне прыбраўшыся, зь жонкаю і дзецьмі, плачучы й наракаючы, пайшоў ён да палаца каралеўскага. А калі кароль яго да сябе дапусьціў і так, у сьлязах, пабачыў, такія словы да яго зьвярнуў:
“О, дурны і неразумны чалавеча, калі ты брата свайго,зь якім ты аднаго роду й роўнай годнасьці, супроць якога ніколі ні ў чым не правініўся, вознага так пабаяўся, якім жа чынам сьмееш мяне за тое папракаць, што Бога майго прапаведнікаў, якія мне сьмерць і страшнае прыйсьце Пана майго, супроць якога многія й цяжкія ліхасьці ўжыў я, ведаю, гучней і болей за любую трубу апавядаюць, пакорліва й прыніжана прывітаў? Для таго, каб тваё глупства зганіць, ужыў я цяпер гэты спосаб. Таксама і тых, хто цябе за гэта папракаць мяне намовіў, зараз глупства і нябачаньне пакажу.
І так прабраўшы і пра карысьць нагадаўшы, брата свайго ён дадому адаслаў. Затым загадаў зрабіць зь дрэва чатыры скрыні, дзьве зь якіх адусюль золатам аправіў і, сьмярдзючыя трупныя косткі ў іх накідаўшы, залатымі замкамі іх замкнуў. Іншыя ж дзьве скрынгі смалою і клеем абмазаў і каштоўныя камяні, і славутыя пэрліны, і разнастайныя пахучыя алеі паклаў, і валасянымі вяроўкамі абвязаў.
Сэнатараў сваіх, якімі праз ушанаваньне тых мужоў быў папіканы, паклікаў да сябе і паставіў перад імі тыя чатыры скрыні, каб ацанілі, колькі адны і колькі другія каштавалі б. яны паведалі, што пазалочаныя вялікага кошту вартыя, бо казалі, што ў іх каралеўскія кароны і кляйноты былі схаваныя. Смалою ж і клеем абмазаныя, сказалі, благія і ніякага кошту ня вартыя.
Кароль на гэта ім сказаў: І я тое ведаю, што вы такія мелі словы, бо цялеснымі вачыма на бачныя рэчы глядзіцё. Аднак ня так маеце рабіць, але нутранымі вачыма; або вартасьць, або блага і бруд нутраны ўбачыць трэба”. І зараз празалочаныя скрыні адамкнуць загадаў, ад якіх цяжкі й прыкры смурод пайшоў, і паказаў у іх брыдкія рэчы. Пасьля чаго паведаў кароль: “Гэта ёсьць кшталт тых людзей, якія сьветлыя і каштоўныя шаты ўжываюць і для вялікай славы й магутнасьці празь меру выносяцца, унутры, аднак, сьмярдзючых костак і ліхасьці поўныя”.
Потым смалой і клеем абмазаныя /скрыні/ разьвязаць загадаў усім на той час прысутным, яснасьцю і вытанчаным водарам рэчаў, у іх пакладзеных, суцешыў і паведаў ім: “Ведайце ж, да каго падобныя тыя скрыні — да пакорлівых тых і пагарджаных мужоў, прыбраных у благое адзеньне, якіх вы, на павярхоўны выгляд гледзячы, за пагарду і ганьбу тое мне лічылі, што я перад імі да зямлі пакланіўся. Я, іх годнасьць і пекнасьць душы вачыма духоўнымі зважаючы, зь датычнасьці іх славы даступіўся і над усялякую карону і аздобу каралеўскую высакароднейшымі /іх/ разумею”. Так іх прысароміў і, каб на бачных рэчах не ашукваліся, навучыў, каб на нутраныя пільнае вока мелі.
ІІ
Ідалапаклоньнікі падобныя да таго лаўца, які злавіў салаўя, вельмі малую птушку, і нож узяў, каб яго зарэзаць і зьесьці, /а/ той, маючы дазволеную сабе мову, кажа да лаўца: Што ж табе, чалавеча, зь маёй сьмерці за спажытак будзе — аніяк мной сваё чэрава напоўніць ты ня зможаш. Але калі мяне выпусьціш, трайной навуцы цябе навучу; калі будзеш яе прытрымлівацца, вялікія набыткі за ўсё сваё жыцьцё атрымаеш”. Той, зьдзівіўшыся яго словам, абяцаў так і зрабіць, і калі што новае ад яго пачуў бы, адразу меўся б яго выпусьціць. Павярнуўшыся затым, кажа салавей чалавеку: “Ніколі на тую рэч не замахвайся, да якой даступіцца ня можаш; ніколі не шкадуй аб мінулым; непраўдападобным словам ніколі ня вер. Тыя тры навукі захавай /у памяці/, і дабро з табою будзе. Той, зьдзівіўшыся розуму і мудрасьці гэтых словаў, яго, зь сіла адвязаўшы, выпусьціў. А салавей, жадаючы праверыць, ці зразумеў ён сілу словаў, ад яго пачутых, і якую зь іх атрымаў, кажа яму, у паветры лётаючы: “Бяда табе, чалавеча, што зусім ня маеш у сабе розуму — які ж скарб сёньня страціў: бо ёсьць у маім чэраве пэрліна, большая за страўсавае яйка”. Пачуўшы гэта, ён вельмі засмуціўся, і шкадаваў, што салавей зь яго рук сышоў, і, знову яго злавіць намагаючыся, сказаў: “Пайдзі, прашу, да майго дома, і тады цябе добра пачастую і гасьціннасьць выкажу, потым з пашанай цябе адпушчу”. Салавей тады яму адказаў: “Цяпер ясна ведаю, што ты дурны й неразумны, бо прыняў зь ахвотаю сказанае табе і, удзячна выслухаўшы, ніякай карысьці з тых словаў не атрымаў. Казаў я табе, каб мінулага не шкадаваў. А ты засмуціўся, што я з рук тваіх вырваўся, пашкадаваў аб мінулым. Навучыў я цябе, каб ты не замахваўся на тую рэч, да якой дабрацца ня можаш, аднак злавіць мяне важышся, ня могучы дарогі маёй спасьцігнуць. Да таго і тое казаў я табе, каб непраўдападобным словам ніколі ня верыў; а ты аднак, што пэрліна, большая за рост мой, у чэраве маім была, паверыў. І ня маеш так многа розуму, каб зразумець, што да чаго: увесь я не такі вялікі, як страўсавае яйка; якім жа чынам тое цельца такую вялікую пэрліну зьмясьціць магло б?”
ІІІ
(Чалавек уцякаў ад страшнага адзінарога.)
А шпарка бегучы, уваліўся ў нейкі вялікі роў, і, летучы, за дрэва нейкае рукамі ўхапіўся, і моцна за яго трымаўся, на прыступку нейкую нагамі абапіраючыся, думаючы, што ў спакоі застаўся і ад усялякай небясьпекі сышоў. Глянуўшы тады, пабачыў дзьве мышы — адну белую, а другую чорную — што корань дрэва, за якое ён ухапіўся, пастаянна падгрызалі й амаль да канца яго адцялі. А затым, паглядзеўшы ў глыбокі роў, пабачыў жахлівага цмока, які дыхаў агнём, і строга на яго паглядаў, і прагнуў яго страшнай пашчай заглынуць. І знову на прыступку, на якую нагамі абапіраўся, паглядзеўшы, пабачыў галовы чатырох змеяў, якія са сьцяны выпаўзалі. Угору тады паглядзеўшы, троху мёду, што сачыўся з галінаў гэтага дрэва, пабачыў. Так аб небясьпеках тых, якімі зь усіх бакоў быў абкружаны, забыў думаць, гэта значыць, як яго зьверху адзінарог, вельмі разьюшаны шукаў зжэрці; долу жорсткі цмок праглынуць яго прагнуў; і як дрэва тое, за якое трымаўся, хутка ўжо мела быць падгрызеным; ногі на сьлізкай і няпэўнай прыступцы трымаліся; тыя, кажу, такія вялікія небясьпекі забыўшы, завабіўся пакаштаваць малую слодыч гэтага мёду. Гэта падабенства тых, хто раскошамі часовага жыцьця ашукваецца, з тлумачэньнем якога зараз цябе азнаёмлю. Адзінарог ёсьць вобразам сьмерці, якая заўжды людзкі род перасьледуе і злавіць намагаецца. Роў — гэта сьвет, які ўсялякіх злыбед і сьмяротных сетак поўны. Дрэва тое, за якое, узяўшыся рукамі, трымаемся і якое дзьве мышы пастаянна падгрызаюць, ёсьць час жыцьця кожнага чалавека, які дзённымі й начнымі гадзінамі скарачаецца, і зьмяншаецца, і памалу да падсяканьня прыходзіць. Чатыры зьмяі людзкога цела, з чатырох слабых і няпэўных элемэнтаў складзеныя, значыць якія, калі ў сваім парадку не захаваюцца і перашкодзяць, целасклад разваліцца. Да таго ж агністы й жорсткі цмок — страшнае пякельнае чэрава азначае, якое тых прыняць прагне, хто гатовы раскошы над будучым дабром узносіць. Кропля мёду, якая сочыцца, азначае сьвету гэтага ўцеху й слодыч, якой ён, прыяцеляў сваіх ашукваючы, аб выратаваньні сваім думаць і крыху не дапускае.

Зь старабеларускай. Пераклад Зьміцера Дзядзенкі.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.