Tuesday, December 21, 2010

СЛОВА НА МАЛЕБНЕ ЗА ПАЦЯРПЕЎШЫХ І ЦЕРПЯЧЫХ ЗА ПРАЎДУ Ў БЕЛАРУСІ

прат. Сяргей Горбік
Мучанікі Госпада! / Дабрашчасная зямля, арашоная крывёй вашай, / і сьвятыя манастыры, прыняўшыя целы вашы: / бо вы падчас подзьвігу перамаглі ворагаў / і аб Хрысьце зь адвагай абвясьцілі.
З Трапара мучанікам, тон 2.
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня мы зьядналіся ў малітве смуткуючы і радуючыся адначасна. Смуткуючы, бо шмат сумленных, годных, сьмелых беларусаў пацярпелі ад гвалту бязбожнае і багаборчае  улады: паранены, бязьвінна асуджаны, кінуты ў вязьніцы, церпяць зьдзек і пакуты. За ніх мы ўздымае свае малітвы. Радасны, бо Гасподзь паказаў у тых беларускіх героях, якія выйшлі на вуліцы Менска саму чыстую душу беларускага народу, ягоную нязломную волю змаганьня за Хрыстову Праўду.
Менавіта таму, я невыпадкова пачаў сёньняшняе слова цытатай зь трапара мучанікам Хрыстовым. І тут няма памылкі альбо нейкага непаразуменьня, як быццам здаецца некаторым зь вас.
Бог, сярод іншых дарункаў, падараваў чалавеку два найбольш каштоўных: бесьсьмяротную душу і свабодную волю. Гэтыя два дарунка Боскія непарыўна зьвязаны паміж сабой: ўжываеш дадзеную свабоду добра – добра і душы тваёй; ужываеш свабоду на злое – кепска робіцца і душы… Гвалт над свабодай волі ёсьць гвалтам над дарункам Боскім, над Ягоным тварэньнем, а значыцца паўстаньне супраць Яго.
Што ж сталася ў гэтыя дні, а найбольш 19 сьнежня, у Беларусі? Улады, слугі “князя сьвету гэтага” – сатаны, двойчы паспрабавалі згвалтаваць волю людзей.
Першы раз – калі адабралі сьвятое права выказаць сваю волю на выбарах; калі, служачы цемры, груба сказілі волю кожнага беларуса. І тут няма розьніцы за каго і як хто галасаваў. Галоўнае – права кожнага вольна распарадзіцца сваёй воляй – сваім голасам. Кожны сам вольны выбраць свой шлях…
Другі раз – калі ўзьняла руку на народ Боскі – наш беларускі народ. І не імпульсіўнае была гэта злачынная дзея, а разважлівая і сплянаваная. Рука бязбожніка не пашкадавала жанчын, дзяцей, старых… Не буду тут спыняцца на амаральнасьці і злачынстве гэтых дзей, яны ўсім зразумелы і ўсе сумленныя людзі іх асуджаюць. Хрыстовы запавет любові быў адкінуты гэтымі ўладамі і ад гэтага часу яны зрабіліся багаборцамі і бязбожнікамі!
Вось тут, у адстойваньні Праўды прад уладай багаборцаў, і закладзена аналёгія сёньняшніх падзей з падзеямі раньняга хрысьціянства, часамі ганеньняў. Як і тады, у кожнага хрысьціяніна быў выбар: выйсьці і адкрыта спавядаць веру, схавацца альбо адступіць і скарыцца ўладзе. А сёньняшняе стаяньне за Праўду – гэта ёсьць спавяданьне вернасьці Боскаму дарунку – свабодзе волі. І не проста адстойваньне справядлівасьці, а спавяданьне свайго выбару крочыць шляхам праўды, шляхам закону Боскага. Шляхам той свабоды, аб якой сьвяты Апостал Якаў казаў “А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні” (Як. 25:1).
Яны выйшлі… Не схаваліся, не шукалі сябе апраўданьня застацца дома, не спужаліся пагроз сьмерці і пакуты. Сапраўды пераймаючы хрысьціянскім пакутнікам, выйшлі дабравесьціць Праўду і змагацца за Праўду. У праліцьці крыві, пакутах, цярпеньню роўныя яны, бо зь змагарамі за праўду заўсёды Гасподзь і толькі на Яго надзея іхняя.
Веру, убачыў Гасподзь гэтых праведнікаў і, па малітвам Уладаркі нашай Багародзіцы і ўсіх сьвятых зямлі Беларускай, разгарнуў над імі пакрыў… Міласэрны Гасподзь да праведнікаў і, дзякуй Богу, сьмерць не прыйшла на плошчы Менска. Але сёньняшнія праведнікі Беларусі сваёй крывёй, пакутамі, цярпеньнем і воляй засьведчылі сваю адданасьць Праўдзе Хрыстовай і Сьвятой Беларусі. Таму яны ёсьць годныя пераймальнікі мучанікаў і таму да іх зьвярнуў я ў пачатку казаньня словы трапара. Іх крывёй і пакутамі мацнее і праслаўляецца Беларусь у вачах Госпада!
Але мы толькі на шляху да перамогі… Нават сёньня працягвае бязбожная ўлада арыштоўваць і катаваць сумленных беларусаў. Мучацца бязьвінныя ахвяры ў вязьніцах, стогнуць параненыя, смуткуюць іх сем’і. За іх усіх мы сёньня молімся за пакутнікаў і герояў, за гонар Беларусі!
Яны выйшлі, яны ёсьць… і значыцца будзе Уваскрэсеньня, будзе перамога праўды Хрыстовай у Беларусі…. І будзе суд… і вышэйшы Судзьдзя будзе судзіць кожнага. “Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна зь законам свабоды”. (Як. 2:12) Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.