Sunday, November 21, 2010

САБОР СЬВЯТОГА АРХІСТРАЦІГА МІХАІЛА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Кожнаму чалавеку дадзена імя. Гэта імя для яго — знак, што ён пад адмысловым заступніцтвам таго ці іншага сьвятога, і акрамя таго, гэта заклік чалавеку прыпадобніцца таму, каму ён даручаны. Але імёны чалавечыя, якія мы носім ад хрышчэньня, не выяўляюць нашу канчатковую сутнасьць, таму што мы ў станаўленьні, мы паступова вырастаем у тую меру, якой мы закліканы дасягнуць у Хрысьце, Госпадзе нашым Ісусе.
Архангелы і Анёлы носяць імёны, якія прамяніста выяўляюць і самую іх сутнасьць, і таямніцу пазнаньня імі Жывога Бога. І кожны носіць іншае імя, таму што кожны зь іх, ведаючы Таго ж Бога, прылучаючыся таямніцы Ягонага жыцьця, аднак, успрымае гэту таямніцу па-рознаму і абвяшчае яе усяму стварэньню па-свойму.
Мы ведаем імёны сьвятога архістраціга Міхаіла, архангела Гаўрыіла, архангела Рафаіла і шматлікіх іншых. І кожны зь іх адкрывае нам таямніцу аб Богу ў яе чысьціні, але расчыняе перад намі і таямніцу уласнага свайго богапазнаньня. Архангел Гаўрыіл нам абвяшчае, што Бог ратуе. Архангел Рафаіл абвяшчае пра тое, што Бог — Лекар, якая вылечвае усялякую хваробу. Але самы таямнічы, самы вялікі ў сваім пазнаньні Бога — Архістраціг Міхаіл, імя якога значыць "Ніхто як Бог" ці "Адзіны Бог". Гэта імя — вестка, якую ён прыносіць усяму сьвету не словам, а усёй сваёй істотай. Ён нам кажа пра тое, што адзіны Бог, нікога няма падобнага Яму, і толькі Яго мы можам і павінны ушаноўваць. Цудоўны Бог, дзівосны Бог, няма ў Архістраціга Міхаіла іншага досьведу, акрамя як гэты цуд: Ніхто як Бог.
Мы цяпер сьвяткуем ягоную памяць, сьвяткуем зь ім памяць і усіх іншых Архангелаў і Анёлаў, і мы павінны услухацца ў іх імёны і атрымаць ад іх тую вестку, якую яны даносяць да нас пра таямніцу Бажаства. Сьвяты Рыгор Палама, адзін зь найвялікіх сьвятых IV стагодзьдзя, заве анёлаў "сусьветам другім". Ён кажа нам, што анёл так празрысты, што праз яго льецца на нас і дасягае нас сьвятло Боскае; анёлы так празрыстыя, што праз іх мы пазнаём не іх, а Жывога Бога, Якога яны пазналі. Як мы павінны ім быць удзячныя за гэта! Як поўна глыбокай пашаны павінны мы паставіцца да іх невымернай, страшнай, дзівоснай і выратавальнай сьвятасьці! І таму, сьвяткуючы іх дзень, прымем ад іх дабравесьце.
І сёньня, бо гэта асаблівы дзень сьвятога Архістраціга Міхаіла, прымем ягонае дабравесьце: Ніхто як Бог! І, атрымаўшы гэту вестку, убачыўшы, што Боскае стварэньне, анёл Божы, так пазнаў Бога і так вырас у меру гэтага пазнаньня, навучымся ад яго, кожны ў сваю меру, жыць гэтай весткай: ніхто як Бог! Хай усё астатняе, як бы яно ні было выдатным, як бы яно ні было вялікім, дзівосным, адступіць і зойме сваё месца. Хай зьзяньне Боскае будзе перад нашымі вачамі непараўнальным, а астатняе хай гарыць і зьзяе тым сьвятлом, які ад Бога праліваецца на усё і усяму дае глыбіню, прыгажосьць і вечнае жыцьцё. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.