Wednesday, October 6, 2010

АБ ШАНАВАНЬНІ БОСКАЕ МАЦІ

Пітанаў Ю.В.
Часам праваслаўных хрысьціян абвінавачваюць у тым, што яны больш шануюць Багародзіцу, чым Хрыста. Але гэта выклікае пытаньне: адкуль узятыя гэтыя статыстычныя дадзеныя? У сапраўднасьці гэтае абвінавачаньне пабудавана на прыватным меркаваньні асобных людзей.
Праваслаўны хрысьціянін сапраўды шануе Багародзіцу, але ён абсалютна не лічыць Яе роўнай Богу. Шанаваньне – гэта не абагаўленьне! Напрыклад, “Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці” (Мц. 15:4), але, верагодна, ніводнаму сэктанту не прыйдзе ў галаву на падставе гэтага заявіць, што хрысьціянін пакланяецца бацькам, робячы іх роўнымі Богу. Два тысячагодзьдзя мінула з таго часу, як архангел Гаўрыіл абвясьціў Усясьвятой Дзеве: “Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым” (Лк. 1:35). Адзіны раз у гісторыі Дзева нарадзіла Сына. Сьвяты Ян Дамаскін піша: “Нарадзіўшыся ад яе ёсьць праўдзівы Бог, бо Нарадзіўшая ўвасобіўшагася ад Яе праўдзівага Бога – праўдзівая Багарозіца” [1]. Задоўга да гэтае падзеі прарокі прадказалі гэта: “Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына…” (Іс. 7:14). Елізавета, калі яе наведала Дзева Марыя, усклікнула: “…прыйшла Маці Госпада майго” (Лк. 1:43). Ушанаваў Боскую Маці і Архангел Гаўрыіл: “Радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын” (Лк. 1:28). Аб тым, што Яе будуць шанаваць, ведала і сама Багародзіца: “Праслаўляе душа Мая Госпада, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго” (Лк. 1:46 – 50). Дабрашчасны Феафілакт Архіяпіскап Баўгарскі так тлумачыць гэты верш: “Дзева, быўшы зусім упэўнена ў праўдзе прадказанага Ёй, усхваляе Бога, прыпісваючы цуд не Сабе, а Яму; бо Ён, кажа, паглядзеў на Мяне пакорлівую, а не Я глянула на Яго; Ён явіў Мне міласьць, а не Я Яго прасіла. І “з гэтага часу будуць, шанаваць Мяне усе роды”, не адна Елізавета, але і роды вернікаў. За што ж шанаваць? Няўжо за Маю дабрадзейнасьць? Не! Але за тое, што Бог выявіў над Мною веліч. Назвала Яго “Моцным”, каб усякі верыў словам Яе, прымаючы да увагі, што Госпад моцны зрабіць гэта. “Імя Ягонае” назвала “сьвятым”, каб паказаць, што Ўсячысты, зачаты ва улоньні жанчыны, ніколькі не паганіцца, але застаецца сьвяты. Не да Мяне адной “міласьць Ягоная”, але і да усіх шануючых Яго; бо тыя, што не баяцца Яго, але зусім нявартыя не атрымліваюць міласьці. Сказаўшы, што літасьць Боская “з роду ў род”, паказала на тое, што тых, хто баіцца Бога міласьць атрымліваюць і ў цяперашнім родзе, гэта значыць у цяперашнім стагодзьдзі, і ў будучым родзе, гэта значыць у бясконцым стагодзьдзі; бо і тут атрымліваюць у сто кратаў, а там яшчэ больш (Мц. 19:29) [2]. Мы молімся Багародзіцы[3], бо Яна мае вялікую адвагу прад Богам. Калі Саламон, знаходзячыся на вяршыні сваёй славы, не адмовіў у просьбе сваёй Маці (3 Цар. 2:20), то тым больш Сын Божы выканае просьбу і малітвы Той, Якая паслужыла вялікай таямніцы Богаўвасабленьня таксама, як Ён выканаў Яе просьбу ў Кане Галілейскім.
Ерэтыкі, скажаючы сэнс Сьвятога Пісьма, спрабуюць аспрэчыць шанаваньне Ўсясьвятой Багародзіцы праваслаўнымі хрысьціянамі, зьвяртаючы нашу ўвагу на наступныя вершы Новага Запавету: “І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае? І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае; бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці” (Мк. 3:33 – 35). Дадзены верш сьцьвярджае, што блізкасьць да Богу пабудаваная, галоўным чынам, на выкананьні чалавекам Волі Боскай, але хто выканаў волю Боскую ў большае меры, чым Багародзіца? Падмуркам дзеля шанаваньня Багародзіцы зьяўляюцца і наступныя словы Ісуса Хрыста: “Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой. Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе” (Ян. 19:26 – 27). Згодна тлумачэньню гэтага фрагмэнту айцамі Царквы, апостал Ян зьяўляецца тут прадстаўніком усіх вернікаў, якім у ягонай асобе Хрыстос абвяшчае духоўнае мацярынства Дзевы Марыі[4]. Шанаваньне ж бацькоў завешчана нам пятым запаветам Дэкалёгу.
Уся гісторыя Старога Запавету, зь яе пасьлядоўным абраньнем “рэшты”, якая павінна была зрабіцца чарговым прыступкам на шляху да прыходу Збаўцы, пачынаючы зь абраньня Сіфа, Ноя, Сіма і гэтак далей, уяўляе сабой шлях да апошняга і найбольш высокага абраньня – абраньня Ўсясьвятой Дзевы. Па Сваёй духоўнае і цялеснае чысьціні Яна зьяўлялася Адзінае Дзевай, годнай зрабіцца Царквой і храмам Духа Сьвятога[5]. Яе абраньне не было толькі зьнешнім, мэханічным, навязаным звыш адной Боскай воляй. Дзева Марыя магла адмовіцца ад таго пакліканьня, аб якім абвясьціў Ёй Архангел Гаўрыіл. Яна Адна была здольная паслужыць вялікае таямніцы Богаўвасабленьня, але без Яе волі яго не было б ажыцьцёўленае, бо “як Ён увасобіўся добраахвотна, таксама ж было Яму жадана, каб і Ягоная Маці нарадзіла Яго свабодна і па Сваёй добрае волі [6]. У Момант Дабравешчаньня “уся гісторыя сьвету, усё зьдзяйсьненьне Боскага задуму залежала ад гэтага вольнага адказу чалавека. Пакорлівая згода Дзевы дазволіла Слову зрабіцца плоцьцю”, у адказ на вестку Архангела Гаўрыіла мы чуем Яе словы: “Вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго.” (Лк. 1:38) Як склалася б гісторыя выратаваньня без гэтае добраахвотнай згоды Ўсясьвятой Дзевы Марыі? Менавіта яно, у першую чаргу, дае праўдзівым хрысьціянам права праслаўляць Боскую Маці у хвалебных сьпевах, называючы Яе “Гонарам вышэйшую Херувімаў / і без параўнаньня слаўнейшую за Серафімаў”.


[1] Преп. Иоанн Дамаскин. Точное изложение Православной веры. Кн.III, гл.XII. О том, что Святая Дева есть Богородица / Творения преподобного Иоанна Дамаскина. Источник знания. Изд. Индрик, М., 2002. С.252.
[2] Архиепископ Феофилакт Болгарский. Толкование на Евангелие от Луки. Книга 3. М., Лепта. 2004. С.27.
[3] Архиепископ Пражский Митрополит Чешских земель и Словакии Дорофей. Путеводитель по Библии. М., Изд. Св.Кирилла и Мефодия. 2001. С.55.
[4] См.: Ключ к пониманию Священного Писания.  Брюссель. Жизнь с Богом. 1982. С. 314
[5] См.: св. Димитрий Ростовский. Т.III. С.101. // Христианское чтение. 1842, IV. С.345. / Лосский В.Н. Очерк мистического богословия восточной церкви. Догматическое богословие. М.1991.С.106.
[6] Лосский В.Н. Догматическое богословие. / Очерк мистического богословия Восточной Церкви. Догматическое богословие. М., СЭИ.1991. С.260.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.