Thursday, September 23, 2010

ПЕРШЫ ПОЛАЦКІ ЯПІСКАП МІНА І ХРАМ – УСЫПЛЯЛЬНІЦА

Міхась Белямук

Паводле летапісаў першым Полацкім япіскапам быў Міна, хіратанісаны 13 сьнежня 1105 года, памёр 20 ліпеня 1116 года. Наступны япіскап, хіратонія якога адзначана ў летапісах пад 1143 г. – Кузьма. “Жыцьцё”[1] Еўфрасіньні Полацкае называе япіскпаў Ільлю (1117 – 1128) й Дзяніса (1117? – 1183) [2, б. 73, 78].

Пра япіскпа Ільлю “Жыцьцё” распавядае, што ён прыйшоў да Еўфрасіньні з прапановай перабрацца ў Сяльцо, дзе царква сьвятога Збаўцы, дзе “брація наша ляжыць, раней нас быўшая япіскапамі” [2, б. 74]. Гэтак мы даведаемся, што япіскап Міна не быў першым Полацкім япіскапам і што япіскапы пахаваны ў Сяльцы, якое з паловы ХІІ–га стагодзьдзя зрабілася вядома як Спаса–Еўфрасінеўскі жаночы манастыр. Што тычыцца царквы сьвятога Збаўцы, то ў пачатку ХІХ стагодзьдзя яна была ледзь прыкметнае руінай, таму паўстала пытаньне, ці сапраўды ў Сяльцы існавала царква–усыпляльніца полацкіх герархаў.

Акадэмік Міхал К. Каргер зацікавіўся гэтым пытаньнем і правёў у 1961 – 1964 гадох раскопкі [3, б.240–247]. Раскопкі выявілі, што храм з трох бакоў атачаюць прытворы – галерэі, што сьцены захаваліся (больш за 1 метр), што ўсходняя частка храму была цалкам зьнішчана пасьля 1943 года пабудоваю склепа. М.К. Каргер дапускае, што храм быў ня толькі трохнэфавым, а і трохабсідным.

Сьцены мелі фрэскавы росьпіс, ад каторага in situ зьберагліся дэкаратыўныя панэлі мурмурацыі ў ніжніх частках сьцен.

На падлозе адшуканыя дробныя абломкі тынкоўкі з фрэскавым росьпісам. На абломках бачны часткі твараў, вопраткі і надпісаў, дэкаратыўныя фрагмэнты. Падлога храму і прытвораў густа выслана фігурнымі рознакаляровымі майялікавымі пліткамі.

У паўночным прытворы знаходзіцца вялікага памеру крыпта, аздобленая мазаікай. Мабыць, яна была прадугледжана дзеля вельмі дастойных асобаў. Мазаікай быўаздоблены заходне–паўднёвы вугал. М.К.Каргер дапускае, што мазаікай былі пакрыты сьцены асноўнага храму і сьцены, дзе знаходзіліся саркафагі. У храме–усыпляльніцы было 32 саркафагі, большасьць якіх былі пустыя. У тых, дзе былі касьцякі старых мужчынаў, не захаваліся аблачэньні, а пэўна тут былі пахаваны Полацкія япіскапы і архіяпіскапы. Тое, што саркафагі пустыя і пакойнікі без аблачэньня, хай нас не зьдзіўляе, бо ў Полацку гаспадарылі людзі, якім наша праваслаўная рэлігійная мінуўшчына была не да спадобы й якія нішчылі яе рознымі шляхамі.

М.К. Каргер кажа, што полацкі храм–усыпляльніца быў “выключны па багацьцю дэкору і інтэр’еру” [3, б. 244]. Ён расьпісаны фрэскамі і мазаікай, аздоблены разнастайнымі па памеры і колеры майялікавымі пліткамі. Храм “яўна мог канкурыраваць са ўсімі вядомымі нам храмамі Полацка, не саступаючы ва многіх адносінах самому сабору Сафіі” [3, б. 247]. Пабудовы храму–усыпляльніцы М.К. Каргер адносіць да пачатку ХІІ стагодзьдзя [3, 245].

Хто–ж мог быць будаўніком храму–усыпляльніцы? На нашу думку, гэта мог быць япіскап, які займаў Полацкую катэдру. Кіеўская Русь часоў япіскапа Міны мела ўжо два культурныя цэнтры – Вышгарад, дзе ляжаць мошчы Барыса і Глеба, і Пячорскі манастыр, дзе знаходзіліся мошчы Феадосія, да кананізацыі якога рыхтаваліся герархі.

У Полацку пакуль што не было такога культурнага асяродку, які–б адпавядаў манаскаму спірытуалізму й уплываў на сыноў і ўнукаў Усяслава Чарадзея ды спрыяў аб’яднаньню полацкіх князёў. Япіскап Міна да хіратоніі быў манахам Пячорскага манастыра. Адсюль дапускаем, што ён – славянін і, магчыма, паходзіў з Полаччыны. Хіратанісаны ў япіскапа Полацкага, ён жадаў, каб у Полацку таксама паўстаў культавы цэнтар. Разумеючы важнасьць такога цэнтру, ён, паразумеўшыся са сьвятарствам, князямі і баярамі, прыступіў да пабудовы храму–ўсыпляльніцы дзеля полацкіх архіпастыраў.

Міналі гады і стагодзьдзі. У Полацку пачалі ўладарыць гаспадары, якім культавы праваслаўны цэнтар быў не да душы. Храм–усыпляльніца пачаў занепадаць. Ён разваліўся , зямля прытуліла яго на колькі стагодзьдзяў. Але месца гэтае дарагое і сьвятое ўсім беларусам. Ці ўшаноўваецца яго сёньня? Ці адбываюцца беларускія богаслужбы на гэтым сьвятым месцы, дзе спачываюць нашы архіпастыры?.

Заўвагі

1. Полное Собрание Русских Летописей (ПСРЛ). М., 1962. т.2, б. 257, 314; ПСРЛ. М., 1965. т. 9, б. 150.

2. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры, склаў А.Ф. Коршунаў. Мінск, 1959.

3. Крагер М.К. Храм–усыпальница в Евфросиниевском Монастыре в Полоцке \\ Советская археология. М., 1977. №1.

На фота – плян Полацкага храму – усыпляльніцы, намаляваны М.К. Крагерам.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.