Thursday, September 23, 2010

НЕКАЛЬКІ МАЛАВЯДОМЫХ МАЛІТВАЎ АБ ВЯРТАНЬНІ ХРЫСЬЦІЯНСКІХ СЬВЯТЫХ, АДАБРАНЫХ ЯЗЫЧНІКАМІ


прат. Сяргей Горбік
У богаслужбовае літаратуры Бізантыі ХІVXVI ст.ст. час ад часу сустракаецца некалькі цікавых малітваў і просьбаў у часе Сьвятой літургіі, якія магчыма ахарактарызаваць як “Малітвы аб вяртаньні адабраных язычнікамі сьвятыняў”. Хутчэй за ўсё, гэтыя малітвы нарадзіліся ў часе ісламскае навалы на Бізантыйскую імпэрыю, калі на акупаваных мусульманамі тэрыторыях хрысьціянскія храмы перарабляліся на мячэці альбо на грамадзянскія пабудовы. Улічваючы той факт, што да сёньня пытаньне вяртаньня храмаў вернікам у Беларусі (як і ў іншых месцах былога СССР) актуальна, мы паспрабавалі аднавіць і перакласьці на беларускую мову некалькі старажытных малітваў.
Першая малітва да Госпада Бога, верагодней за ўсё мае свае вытокі ў бізантыйскім праваслаўным чыне асьвячэньня храму. Аб гэтым сьведчаць ўрыўкі зь малітвы архірэя на асьвячэньня храма. Але яны яўна выпраўлены адпаведна становішчу і патрэбам.
Другая малітва, да сьвятога мучаніка Яна Воіна, які лічыўся ў Канстантынопалі, дзе спачывалі ягоныя мошчы, абаронцам і суцяшальнікам усіх пакрыўджаных і смуткуючых ад згубы нейкае рэчы.
Цікавым падаецца той факт, што ў Кіеўскае Праваслаўнае Царкве сьвяты мучанік Ян Воін меў асаблівае шанаваньне менавіта як вялікі памагаты ў смутку за згубленымі рэчамі. У Кіеўскім Сафійскім саборы знаходзіцца цудатворная ікона зь малітвай і кандаку гэтаму сьвятому.
Малітва Госпаду Богу аб вяртаньні сьвятыні, язычнікамі аднятае
Божа адвечны, заўсёды існуючы, што ўсё ад нябыту ў быцьцё прывёў, жывучы ў сьвятле непрыступным, пасадам маючы нябёсы, прыступкам жа зямлю. Майсею загад даўшы і запавет напісаны, вясёлы дух прамудрасьці ў народ уклаўшы. Удастоіўшы іх да стварэньня сьведчаньня скініі, каля ж яе служэньне зьдзейсьняць належным чынам і прадпісаньнем. Таксама і Саламону шырыню і веліч сэрца дараваўшы, і праз гэта старажытны храм паставіўшы. Сьвятым жа і ўсяхвальным апосталам – Духа служэньня і мілату абноўленае скініі, чым сьвятыя Твае Царквы і ахвярнікі Твае, Гасподзь, па ўсёй зямлі паставіўшы, каб прыносіліся Табе сьвятыя і бяскроўныя ахвяры.
Сёньня на калені ўпаўшы, зь стогнам і жалем у сэрцах і душах нашых зьвяртаемся да Цябе: Божа адвечны, Уладар і Стваральнік ўсяго, паглядзі цяпер літасьцівым Тваім позіркам на нас, грэшных і нямоглых слуг Тваіх, што на голае зямлі і пад адкрытым небам гэтыя малітвы да Цябе ўздымаюць з рыданьнем, бо ведаем – за грахі і малую веру нашу пошасьць язычніцкая на нашу зямлю прыйшла і жыльлё Твае апаганіла, хрысьціян паланіла і зьневажае. Але пакуты прымаючы ў веры хрысьціянскае цьвёрда  і непахісна трымаемся, як адданыя слугі Твае і толькі Цябе, Уладара і Бога нашага, надзею маем.
Уладыка, Гасподзь Бог наш, спадзяваньне ўсіх канцоў зямлі, пачуй нас, грэшных, молячых Цябе. Пашлі Твайго праслаўленага, ўсямагутнага, Усьсясьвятога Духа і зьвярні ва ўцёкі ворагаў нашых, зноў дай нам асьвяціць храм гэты, і ахвярнік гэты. Каб напоўніўся ён сьвятлом адвечным, зноў быў у жытло Тваё. Адрадзі яго як сялібу славы Тваёй.
Бо Ты ёсьць Бог моцны і міласэрны, і на пацярпеўшых за Цябе сьвятых мучаніках спачываеш, і Табе славу ўзносім Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Малітвы сьвятому мучаніку Яну Воіну аб вяртаньні сьвятыні, язычнікамі скрадзенай
Малітва на іконе Кіеўскага Сафійскага сабору
О вялікі і абаронца і ўгоднік Хрыстовы Яна Воін! Памілуй слугу твайго, які ў бедах і смутку знаходзіцца, і ва ўсялякім нападзе злым, і захавай ад усялякага злу, абарані ад крыўднікаў . Бо табе дадзена такая дабрыня ад Бога.
Кандак зь іконы Кіеўскага Сафійскага сабору
О вялікі і ўсяміласьцівы мучанік Ян, дзівосны і страшны, Нябеснага Цара ваяр! Прымі маленьня ад слугі твайго і ад сапраўднае бяды, ад падманлівага чалавека, ад злога крадзяжу і будучае пакуты пазбаў мяне, праўдзіва сьпяваючага Табе: Алілуя!
Малітва Канстантынопальскае Царквы
Юліянам, царом бязбожным, зьнішчаць хрысьціян пасланы быў ты, сьвяты Ян Воін, аднак адным маёмасьцю ўласнае дапамагаў, іншых жа, пераконваў бегчы ад катаў няверных, вызваляў, і моцныя пакуты і зьняволеньне ў цямніцы ад ката пацярпеў. Пасьля сьмерці нягоднага цара, будучы вызвалены зь вязьніцы, ты ў вялікае дабрадзейнасьці рэшту жыцьця да спачыну свайго правёў, чысьцінёй, малітвай і постам ўпрыгожваючыся, жабракам багатае міласьціну падаючы, нямоглых наведваючы і смуткуючых суцяшаючы. Таму ва ўсялякіх скурах нашых дапамога і ва ўсіх, бедах нашых суцяшальнікам маем цябе, сьвяты Ян Воін. Прыпадаючы да цябе, молім цябе, будзь мучэньняў нашых лекарам і у пакутах нашых душэўных збаўцам, бо ад Бога ты атрымаў уладу карыснае дзеля выратаваньня ўсім падаваць, добрае памяці сьвяты Ян Воін, вандроўнікаў сілкуючы, паланёных вызваліцель, нямоглых лекар, сіротам дапамога! Паглядзі ж на нас, шануючых сьвятую ў радасьці памяць тваю, маліся за нас прад Госпадам, каб быць нам спадкаемцамі Царства Ягонага. Пачуй і не адпрэч нас, і пасьпяшайся на дапамогу нам, сьвяты ваяр Ян, злачынцаў і выкрадальнікаў выкрываючы, і выкрадзенае, яўна альбо таемна імі забранае, верна молячым цябе павяртаючы, і вяртаньнем маёмасьці ў радасьць людзей прыводзячы. Бо крыўда і несправядлівасьць цяжкія дзеля кожнага чалавека. Таму пачуў нас сьвяты Ян Воін, дапамажы павярнуць нам аднятыя язычнікамі храмы нашы, каб, зноў асьвяціўшы іх, мы ў храмах нашых да ўвянчаўшага цябе Госпада песьні праслаўленьня і падзякі засьпявалі, дзякуючы Яму за міласэрнасьць ва ўсе стагодзьдзі. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.