Wednesday, July 7, 2010

СЛОВА АБ ЯНЕ ПАПЯРЭДНІКУ

мітрапаліт Антоній (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Па сьведчаньні Госпада, ніхто, народжаны на зямлі, не быў так вялікі, як сьвяты Ян Папярэднік. І калі удумваесься ў сьведчаньне Эвангельлі аб ім, сапраўды захоплівае дух. Але не толькі дух захоплівае: бачыш у ім выяву чалавека, які здолеў так бязьмежна, так неабмежавана быць адданым свайму Богу і свайму зямному прызначэньню і які можа паслужыць кожнаму зь нас прыкладам і выявай, таму што кожны зь нас у нейкім сэнсе па стаўленьні да навакольных зьяўляецца так часта папярэднікам Гасподнім, тым, каго Гасподзь паслаў наперадзе Сябе, каб прынесьці людзям слова і выяву жыцьця, які падрыхтаваў бы іх да разуменьня Хрыста, прыняцьця Хрыста. І калі нашым жыцьцём мы сарамацім наша сьведчаньне, калі, гледзячы на нас, людзі перастаюць верыць і ў словы нашы і ў словы Хрыстовы, то мы бярэм на сябе страшную адказнасьць. Мы не толькі самі жывем у асуджэньне сабе, але мы іншых не клічам за сабой туды, куды мы закліканыя іх прывесьці: да радасьці, да той радасьці, заклад якой Гасподзь нам пакінуў і якой ніхто не можа адабраць, але якой ніхто, акрамя Госпада, не можа і даць.

Успомнім некалькі з тых выразаў, якія ужытыя Хрыстом альбо Эвангельлем у адносінах да Хрысьціцеля Яну. Першае, што мы аб ім чулі, гэта што ён голас заклікаючага ў пустэльні. Пустэльня гэтае не толькі месца ненаселенае, гэтае месца, дзе пуста; і так часта ў чалавечым сэрцы пуста, у чалавечым жыцьці пуста. Не толькі няма зьместу вечнага, але няма наогул такога зьместу, якім можна было бы жыць. І у гэтым стаўленьні мы атачоныя, усё, людзкай пустэльняй. І вось у гэтай пустэльні і мы закліканыя, падобна Хрысьціцелю, сьведчыць. Сьведчаньне Яна Хрысьціцеля пачалося не словамі: перш чым вярнуцца да людзей і казаць, перш чым уладна патрабаваць ад іх, каб яны зрабіліся годныя свайго званьня чалавека, ён сам сышоў ў голую, гарачую пустэльню і застаўся сам-насам зь самім сабой, тварам да твару зь самім сабой перад вачамі Боскімі.

Часам і нам прыходзіцца застацца ў такой адзіноце. Бывае гэта, калі нас пакінуць блізкія, калі зробіцца вакол нас пуста. Бывае гэта, калі нас спаткае хвароба, і тады, як бы мы ні былі атачоныя клопатам, мы адчуваем, што мы самотныя, таму што мы стаім перад тварам жыцьця і сьмерці тамака, дзе кожны чалавек адзін за сябе будзе вырашаць пытаньне жыцьця і сьмерці не толькі часавай, але і вечнай. Бывае, што мы сыдзем самі для таго, каб ачуцца, і тады мы ведаем, як цяжка бывае застацца сам-насам зь самім сабой, калі да гэтага не звык: робіцца боязна тады адчыняецца перад нашым уласным поглядам унутраная наша пустэча, і ў гэтую пустэчу, у гэтую пустэльню нам належыць увайсьці. Тамака будзе самотна, тамака будзе пуста, тамака будзе цяжка жыць, але толькі калі мы здолеем жыць у гэтай пустэльні, з Богам адным, зможам мы вярнуцца да людзей, ніколі не губляючы Бога і здольнымі, перамогшы сябе, перамагчы усё.

І вось Ян звыш трыццаці гадоў знаходзіўся самотна ў пустэльні, змагаўся са сваім сэрцам, змагаўся са сваім жыцьцём і выйшаў на пропаведзь і засьведчаны Богам як найвялікшы але не толькі. Эвангельле нам называе яго не прарокам, а ГОЛАСАМ. Ён так зрадніўся зь воляй Боскай, так стаў адзіны з тым жыватворным словам, якое яму належыць вымавіць для выратаваньня людзей, для абуджэньня людзей, для таго, каб у іх таксама зазьзяла жыцьцё, адрадзілася радасьць, што ён ТОЛЬКІ голас. Гэта ужо не чалавек, які прамаўляе: гэта Бог, Які вяшчае яго голасам. Так казалі сьвятыя. Адзін з падзьвіжнікаў Афону, не так даўно памерлы, казаў: Сьвятыя ад сябе не кажуць; яны кажуць ад Бога, і толькі...

Ян адпрэчыў усё зямное для таго, каб належыць Богу, і Гасподзь яго вярнуў да гэтай зямлі. Гасподзь не пакінуў яго ў далёкай пустэльні: калі Ян зрабіўся зь Ім неразлучным, Гасподзь паслаў яго да людзей, каб людзі пачалі жыць тым жыцьцём, якую спазнаў Ян. І вось ставіцца пытаньне перад кожным зь нас: ці ёсьць у мне такое жыцьцё, якім я магу запаліць іншага чалавека? Дзе гэтае жыцьцё ва мне? Калі мяне людзі сустракаюць ці загараюцца яны? Калі людзі мяне чуюць, ці трапеча іх сэрца як Эвангельле кажа аб спадарожніках Эмаўскіх, гарэласэрца ў іх? Калі людзі бачаць наша жыцьцё, няўжо яны кажуць аб нас, як казалі аб першых хрысьціянах: Як яны адзін аднаго любяць!.. Няўжо дзівуюцца, чуючы, бачачы нас, таму, што ў нас ёсьць нешта, чаго ні ў каго няма? А калі гэта не так, то мы не пайшлі нават шляхам папярэдніка, мы не гатовыя прынесьці Хрыста людзям, мы не гатовыя нават пракласьці Яму дарожку, каб Ён знайшоў неяк шлях Сабе. А мы закліканыя быць тымі, хто рыхтуе радасьць людзям, радасьць сустрэчы з Богам, радасьць, якой ніколі не будзе канца і якой ніхто, нішто не можа адабраць. Чаму ж? Таму што мы жадаем жыць на сваіх правах, мы жадаем жыць для сябе, мы не жадаем сыходзіць на нішто.

А вось што кажа Эвангельле аб Яне Хрысьціцелю. Сьведчачы перад людзьмі аб тым, хто ён сам ёсьць, Хрысьціцель кажа: Мне трэба прымяншацца, на нішто сысьці, для таго, каб Ён вырас у поўную меру... Ян сам толькі Папярэднік; ён павінен адкрыць дзьверы і адысьці так, каб аб ім больш не успомнілі людзі, раптам убачыўшы Хрыста і усё забыўшы ў гэтай радасьці.

Сыходзіць на нішто, прыгатаваўшы шлях Госпада... Хто зь нас гэта умее рабіць? Хто зь нас, ажывіўшы нейкую душу, хоць бы добрым словам, не жадае застацца ў гэтай радасьці узаемных зносін? Хто, сказаўшы жыватворнае слова, часам неспадзявана, калі Гасподзь нам дае, не жадае, каб успомнілі і ніколі не забыліся, што было сказанае гэтае слова менавіта ім?

А Хрысьціцель аб сабе яшчэ кажа: Я сябар Жаніха... Што гэта за сябар жаніха? У старажытнасьці жыдоўскай, як і паганскай, у жаніха быў сябар, які клапаціўся аб усім дзеля шлюбу і які пасьля зьдзяйсьненьня шлюбу прыводзіў да шлюбнага пакоя нявесту і жаніха, заставаўся за дзьвярамі і вартаваў, каб ніхто не перапыніў іх глыбокай, таямнічай сустрэчы ў дзівоснай шлюбнай любові. Ён быў сябрам, таму што ён умеў застацца за дзьвярамі, застацца за мяжой. Радасьць яго была дасканалая тым, што радасьць жаніха і нявесты зараз была дасканалая, яны засталіся удваіх, і ён быў абаронца гэтай сустрэчы. Яшчэ скажу: хто зь нас умее так паступіць з чужой радасьцю? Усё зрабіць, каб гэтая радасьць здарылася, усё зрабіць, каб яна зазьзяла вечным сьвятлом, і адысьці, зьберагчы яе, абараніць яе, і застацца забытым за зачыненай дзьвярамі?

Вось яшчэ сьведчаньне аб ім, апошняя сьведчаньне. Яго прымяншэньне, яго сыходжаньне на нішто дайшло амаль да мяжы. Ён узяты ў турму за праўдзівае, сумленнае слова. Хрыстос застаўся на волі. Ён прапаведуе, да Яго перайшлі вучні Яна, Ён атачоны Сваімі вучнямі. Ён вырас у поўную меру Свайго зямнога прызначэньня. І Ян ведае, што на яго ідзе сьмерць, што з турмы ён не выйдзе, і раптам яго ахапляе сумнеў. Ён, які на беразе Ярдануракі перад усімі засьведчыў, Хто будучы Хрыстос, ён пасылае двух сваіх вучняў да Хрыста спытаць: Ці ты Той, якога мы чакалі, альбо нам чакаць іншага? Інакш сказаць: Ці ты на самай справе Той, аб Якім я прынёс сваё сьведчаньне, альбо ж я памыліўся?.. Калі ён памыліўся, то дарма ён загубіў юныя гады ў пустэльні, дарма ён выходзіў да людзей, дарма ён зараз у турме, дарма ён памрэ, дарма УСЁ. Дарма нават то сьведчаньне, якое ён прынёс Хрысту, і ён падмануты Самім Богам... І вагаецца наймацнейшая душа, якая некалі была на зямлі. І Хрыстос НЕ адказвае яму. Ён не адымае ў яго поўнасьці подзьвігу веры і подзьвігу пэўнасьці да канца. Вучням, пытаючым Яго, Ён кажа: Скажыце Яну, што вы бачыце: сьляпыя бачаць, кандыбы ходзяць, жабракі дабравесьцяць; шчасьлівы той, хто не спакусіцца аб Мне... Словы, калісьці, стагодзьдзямі да гэтага, напісаныя прарокам Ісая. І яны вяртаюцца з гэтым словам. Застаецца Яну увайсьці унутр сябе і паставіць перад сабой пытаньне: калі ён быў у пустэльні адзін перад тварам Божым, ці праўда было гэта або унутраная хлусьня? Калі ён выйшаў з пустэльні прапаведаваць і трос людзей, абнаўляў іх жыцьцё, прыводзіў іх да новага жыцьця, да навізны, да вясны духоўнай праўда гэта было або не? Калі ён убачыў Хрыста і пабачыў ў Ім Будучыню, праўда гэта было або не?.. І Ян памёр у веры і ў безумоўнай пэўнасьці.

Як часта бывае, што вагаецца наша душа, што пасьля таго, як мы зрабілі усе, што мы павінны былі зрабіць, сказалі слова добрае, праўдзівае, зрабілі тое, што толькі маглі для таго, каб іншы чалавек ажыў радасьцю і уваскрэс душой і пачаў жыць вясновым жыцьцём вечнасьці, раптам знаходзіць ваганьне... Стамілася душа, цьмянее жыцьцё, хіліцца наша галава да зямлі... Ці варта усё гэта рабіць? Я не бачу плёну, я не ведаю, што будзе, а загубіў-та я гэтулькі веры, гэтулькі любові. Ці варта усё гэта рабіць?.. І Гасподзь нам не адказвае на гэта сьведчаньнем посьпеху. Ён нам кажа: Досыць таго, што усё гэта была праўда, што усё гэта было дабро, досыць табе, што ты зрабіў тое, што трэба было. У гэтым усё.

І вось, перад кожным зь нас стаіць гэтая выява Хрысьціцеля. Кожны зь нас адзін да аднаго, да кожнага іншага пасланы як Папярэднік, каб сказаць слова настолькі чыстае, настолькі вольнае ад самога сябе, ад сябелюбнасьці, ад ганарыстасьці, ад усяго таго, што робіць кожнае наша слова дробным, пустым, нікчэмным, гнілым; ці робім мы гэта зь ахвотай сысьці на нішто, толькі б з гэтага чалавека вырас жывы чалавек, нявеста вечнага жыцьця? А калі усё гэта зроблена, ці готаў я сказаць з радасьцю: Так, хай зьдзейсьніцца апошняе, хай і не успомняць аб мне, хай жаніх і нявеста сустрэнуцца, а я сыду ў сьмерць, у забыцьцё, вярнуся ў нішто”. Ці гатовыя мы на гэта? Калі не як слабая наша любоў нават да тых, каго мы любім! А што сказаць аб тых, якія нам так часта чужыя, абыякавыя?

Вось, будзем частачаста узірацца ў гэтую велічную, але чалавечую выяву Хрысьціцеля, і будзем вучыцца, як жыве сапраўдны, суцэльны чалавек, і паспрабуем хоць у малым так пражыць, зь усіх сіл, нават калі іх трохі, але без астатку, да апошняй кроплі нашай жывой сілы. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.