Sunday, May 23, 2010

ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!

На пяцідзесяты дзень пасьля Свайго Уваскрэсеньня Хрыстос паслаў Сваім вучням Сьвятога Духа Свайго, Духа, Які зыходзіць ад Айца, але Які пасылаецца ў сьвет Выратавальнікам Хрыстом. Вучні былі сабраныя на малітве, ва успаміне аб сваім забітым і ўваскросшым Настаўніку. І раптам сышлі на іх як бы агністыя языкі; вагнём спусьціўся на іх Дух Божы, іх напоўніла натхненьне — ужо не тыя былі апосталы, якімі яны былі за пяцьдзесят дзён да гэтага. Тады яны, спалоханыя, туліліся ў страху, што іх Настаўнік пераможаны, забіты. Зараз тыя жа самыя людзі, напоўненыя гэтым натхненьнем, гэтым дыханьнем вечнага жыцьця, напоўненыя Божай прысутнасьцю, вышлі да навакольных людзям і без страху, зь адвагай, аб якой яны самі не маглі мець паняцьця да таго, сталі казаць аб Хрысьце як аб Богу, Які стаў чалавекам, сталі казаць аб Богу як аб Любові, любові бязьмернай, невымернай, якая ахінае, ахапляе усё і усіх. І тое ж натхненьне споўніла іх такой адвагі і такой мужнасьці, дзякуючы якой яны пайшлі не толькі на пропаведзь, але на пакуты, на зьбіваньне, на пакуту і зьдзек, у засьценкі, і, у канчатковым выніку, на сьмерць. Дух Божы спачыў на іх; Дух сыноўні: як Сын Божы, так і яны сталі сынамі Божымі, і як Выратавальнік Хрыстос прыйшоў у сьвет выратаваць людзей коштам Свайго жыцьця, так і яны жыцьцё свае і сьмерць сваю падарылі людзям, каб яны пачулі, што Бог ёсьць любоў, што ў сьвеце ёсьць сэнс, што мы Богу дарагія, і што чалавечае грамадзтва павінна быць пабудавана на новых пачатках — не на пачатках гвалту, хлусьні, прыгнёту, а на пачатках любові, узаемнага прызнаньня, на пачатках ахвяры таго, хто ведае, дзеля таго, які яшчэ не ведае. Хрыстос сказаў двоім вучням: Як Мяне паслаў Айцец, так і Я вас пасылаю: на сьмерць, на жыцьцё, на перамогу. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.