Monday, June 8, 2009

СЬВЯТА ТРОЙЦЫ І ЦАРКОЎНАЯ НАВУКА


Сёньня, браты, мы пачынаем сьвята ў гонар Усясьвятой Тройцы. Гэтае сьвята адзначаецца ад іншых богаслужбаў тым, што пасьля Службы Божай адразу служыцца і Вячэрня, на якой чытаюцца тры малітвы з каленасхіленьнем, а ў царкоўным жыцьці тым, што хаты на гэтае сьвята ўпрыгожваюцца сьвежай зелянінай, галінкамі, кветкамі, усьцілаюцца сьвежай травой, таму і завецца ў нас гэтае сьвята “Зялёнымі сьвятамі”. Чаму ж у гэта сьвята Вячэрня адпраўляецца адразу пасьля Службы Божай? Таму, што сьвята Усясьвятой Тройцы ёсьць як бы сканчэньнем аднаго “нявячэрняга”, як ён завецца ў царкоўнае песьні, дня Пяцідзесятніцы, што пачынаецца з Хрыстовага Ўваскрошаньня Ранішняй, працягваецца Ўзьнясеньнем Хрыста на неба, і сканчаецца Зыходам Сьвятога Духа на апосталаў, як поўным выяўленьнем Усясьвятой Тройцы, і менавіта гэтае заканчэньне адзначаецца Вячэрняй пасьля Службы Божай.

А таму, што праў усю гэтую Пяцідзесятніцу, ад Вялікадня да Зялёных сьвятаў, паводле царкоўнага статутам забараняецца ўставаць на калені пры малітве, зараз пасьля сканчэньня Пяцідзесятніцы на Вячэрняй у сьвята Тройцы ўрачыста чытаюцца тры малітвы за ўсіх жывых і памёршых, у часе якіх мы ўстаём на калені і гэтым, як бы атрымліваем дазвол далей ужо маліцца на каленях. Таму, браты, ведайце, што ад Вялікадня да Зялёных сьвятаў, пакуль сьвятар у часе Вячэрняй на сьвята Тройцы не агалосіць: Яшчэ і яшчэ, стаўшы на калені, Госпаду памолімся – ставаць на калені царкоўны статут забараняе.

Аб гэтым неяк забыліся людзі, і шмат прыходзіцца бачыць, што ў першы дзень Вялікадня ўстаюць людзі на калені, робяць паклоны прад абразамі. Гэта не патрэбна рабіць, бо, як кажа Сьвятое Пісьмо, усяму ёсьць час: Ёсьць час плакаць, і ёсьць час весяліцца; ёсьць час каяньня – духоўнага прыніжэньня, і ёсьць час бадзёрасьці – духоўнага ўздыму, якое мусіць выяўляцца і ў адпаведных царкоўных рухах.

Усе пяцьдзесят дзён ад Вялікадня да Тройцы ёсьць час духоўнай радасьці, духоўнага ўздыму, і таму царкоўны статут забараняе ў гэты час прыніжаць сябе, уставаць на калені. Чаго ж у дзень Сьвятой Тройцы Вячэрня служыцца адразу пасьля Літургіі, і гэтым як бы сканчае кола богаслужбовых службаў? Таму, што ў гэта сьвята Зыходу Сьвятога Духа сканчаецца яшчэ адно бязьмежна важнае кола – кола поўнага выяўленьня Боскасьці ў Яго трох Асобах – Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – поўнага выяўленьня Усясьвятой Тройцы, праз гэта і першы дзень Зялёных Сьвятаў называецца яшчэ дзень Сьвятой Тройцы.

Што ж гэта ёсьць Сьвятая Тройца? Гэта ёсьць Госпад Бог, што выявіў сваю любоў да людзей, свой клопат у трох Асобах: Бог Айцец, стварыў сусьвет і ім кіруе, Ён ёсьць Творца і Ўсятрымаючы, Бог Сын – Госпад Ісус Хрыстос – выратаваў людзей і сусьвет, Ён ёсьць Выратавальнік, Бог Дух Сьвяты дае жыцьцё сусьвету, духоўна ажыўляе людзей, Ён ёсьць Госпад жыватворчы. Усе гэтыя тры асобы Боскасьці роўныя паміж сабою; маюць роўныя ўласьцівасьці боскай сутнасьці, але розьніца між імі тая, што Бог Айцец ні ад каго не нараджаецца і не выходзіць, Бог Сын ад веку нараджаецца ад Айца, Бог Дух ад веку выходзіць ад Айца, а разам гэтыя тры Асобы складаюць адну сутнасьць Боскасьці – Тройцу адзінасутную і непадзельную.

Час ад стварэньня сусьвету да нараджэньня Хрыста на зямлі – гэта ёсьць пераважна выяўленьне Бога Айца ў жыцьці сусьвету. Час зямнога жыцьця Хрыста ёсьць час выяўленьня Сына Боскага ў выратаваньні сусьвету, з часу ж Зыходу Сьвятога Духа пачынаецца выяўленьне Бога Духа з жыцьці сусьвету і людзей. Такім чынам, як я ўжо казаў, Зыход Сьвятога Духа на апосталаў выканалася кола выяўленьня ўсіх трох Асобаў Боскасьці ў Яго адносінах да сусьвету і людзей. Таму і ў гэты дзень прысьвечаны ўслаўленьню Ўсясьвятой Тройцы, а ўслаўленьню асабіста Сьвятога Духа прысьвечаны 2-гі дзень Зялёных Сьвятаў.

Безумоўна, розум чалавечы вельмі слабы, абмежаваны, і сваім абмежаваным розумам чалавек няздольны зразумець бязмежнай існасьці Боскасьці. Таму ў Усясьвятую Тройцу мы мусім верыць, як навучае нас Сьвятое Пісьмо не намагаючыся цалкам зразумець таго, што вышэй нашага розуму. Калі чалавек цялеснымі вачамі не здольны глядзець на сонца, бо сьвятло сонца сьляпіць яму вочы, то тым больш сваімі духоўнымі вачамі, сваім розумам, чалавек не здольны ясна глянуць на бязьмежнае сьвятло Боскасьці, а лепш з верай і набожнасьцю схіліцца прад Яго бязмежнай дасканаласьцю.

Сьвятыя Айцы, каб хоць крыху наблізіць да нашага розуму недасягальную таямніцу Усясьвятой Тройцы, шукалі ў прыродзе такія рэчы, якія ў нейкай меры тлумачылі б нам гэтую вялікую таямніцу. Так казалі: Душа чалавека ёсьць вобраз Божы, таму, як у душы ёсьць тры галоўныя сілы: розум, воля і пачуцьці, так і ў Бога тры Асобы – Айцец, Сын і Дух Сьвяты. Іншыя нешта падобнае да Сьвятой Тройцы знаходзілі ў прыродзе расьлін: Як расьліны маюць корань, ствол і галіны, так Бог ёсьць Айцец, Сын і Сьвяты Дух. Іншыя падабенства жыцьця Боскага знаходзілі ў сонцы. Як ад сонца нараджаецца сьвятло і выходзіць цяпло, так ад Бога Айца нараджаецца Сын Божы і выходзіць Дух Сьвяты. Але бясспрэчна, усе гэтыя прыклады толькі ў слабай меры набліжаюць да нашага розуму таямніцу Усясьвятой Тройцы, у сваёй жа бязмежнай паўнаце Яна для чалавечага абмежаванага розуму застаецца незразумелай.

Але дзеля чаго ж тады, запытаеце, нам трэба вызнаваць Бога ў Сьвятой Тройцы і так у Яго верыць, калі мы не здольны гэтага зразумець? А дзеля таго, адказваю, і трэба нам верыць, што мы не здольны гэтага зразумець. Тое, што мы цалкам разумеем, у тое верыць няма чаго, тое мы ведаем. А чаго мы не ведаем і не здольны ведаць, але без яго не можам жыць, у тое мы мусім верыць, каб мець жыцьцё. Чым жа так важная для нас вера ў Усясьвятую Тройцу, што без яе мы не здольны мець жыцьцё? А тым, што ісьціна, ці як па навуковаму кажуць, догмат Усясьвятой Тройцы – гэта галоўная ісьціна, галоўны догмат нашай хрысьціянскай веры, што дае людзям вечнае жыцьцё і выратаваньне. Хрыстос Выратавальнік, калі пасылаў сваіх апосталаў на сусьвентную пропаведзь, казаў: “Дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа”(Мц. 28:19), “Хто будзе верыць ( у Ўсясьвятую Тройцу) і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.”(Мк. 16:16)

Мы мусім верыць у Бога Айца, што, як гаворыць Сьвятое Пісьмо, так палюбіў сусьвет, што і Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў бы жыцьцё вечнае (Ян. 3:16). Мы мусім верыць у Бога Сына, што з любові да людзей зышоў з неба, зрабіўся чалавекам і жыцьцё свае паклаў за жыцьцё сусьвету і выратаваньне людзей, што казаў: “Я - хлеб жывы, што сыйшоў зь нябёсаў: хто есьць хлеб гэты, будзе жыць вечна; а хлеб, які Я дам, ёсьць Плоць Мая, якую Я аддам за жыцьцё сьвету.” (Ян. 6:51). Мы мусім верыць і ў Бога Духа Сьвятога, што з любові да нас і за заслугі Хрыста, і з волі Айца Нябеснага зышоў з неба, зьяднаўся з духам нашым на наша вечнае жыцьцё, што аб Ім апостал Павал кажа: “Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрэсіў зь мёртвых Ісуса, жыве ў вас, дык Той, хто ўваскрэсіў Хрыста зь мёртвых, ажывіць і вашыя сьмяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.” (Рым. 8:11)

Таму мы мусім верыць ў Усясьвятую Тройцу, як найбольш каштоўны падмурак нашага выратаваньня і жыцьця вечнага і ўслаўляць Бога ў Усясьвятой Тройцы за Яго невымоўны клопат аб нас і ўвесь сусьвет. Усясьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе!

Браты! Цяпер часта кажуць так: “На што мне тая альбо іншая вера? Абы справы мае былі добрымі. Навошта мне верыць у Тройцу, альбо Хрыста? Што за карысьць ад гэтага, калі жыцьцё ад гэтай веры лепш не робіцца? Вось, калі я буду добра жыць, людзям даваць карысьць – гэта галоўнае. А без веры магчыма і абыйсьціся”.

Безумоўна, тут ёсьць доля праўды. І апостал Якаў кажа “Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку, а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе… Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць. Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая? … Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.” (Як. 2:14-26)

Але і добрыя справы самі па сябе без той, альбо іншае веры, як карэньня жыцьця, быць ня здольны. Мы бачым, як справы тых, што называюць сябе бязвернікамі, але і яны без веры спраў сваіх не робяць. Не вераць яны ў Бога, у слова Сьвятога Пісьма, то яны вераць у Маркса, Энгельса, вераць іх словам. Без веры чалавек нічога рабіць не можа. Справы, гэта як гавораць, ёсьць кветкі і плён нашага жыцьця. Але кветкі і плады на нейчым мусяць расьці, з нейкага карэньня мусяць даставаць сябе сілкаваньне. Без карэньня ніводная расьліна жыць не можа, якія карэньні такія будуць і кветкі, і гародніна на ім.

Вось таму, калі справы чалавека ёсьць кветкі і гародніна жыцьця, то вера чалавека ёсьць карэньні жыцьця, з якіх тыя, альбо іншыя справы толькі і могуць вырасьці, толькі і здольны браць сілкаваньне. Але на веры ў Маркса-Энгельса, на іх словах, толькі і могуць вырасьці справы дзеля гэтага зямнога часовага жыцьця, бо і гэтыя людзі, як і ўсялякі чалавек, ёсьць як тая ж трава, кажа Сьвятое Пісьмо, “што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне” (Пс. 89:6 б), а Бок ва ўсе стагодзьдзя жыве і слова Яго вечна існуе.

Таму толькі на веры ў Бога ў Сьвятой Тройцы могуць вырасьці справы, што давядуць нас да вечнага жыцьця. І калі мы на сьвята Тройцы ўпрыгожваем свае хаты зелянінай, галінкамі, кветкамі, гэтым мы выяўляем, што Ўсясьвятая Тройца ёсьць наша вечная, неўміручая надзея на жыцьцё вечнае. Зялёны колер ёсьць колер надзеі, а сьвежыя зялёныя галінкі, сьвежыя жывыя кветкі, ёсьць адзнакай жыцьця неўміручага. Таму толькі на хрысьціянскай веры ў Сьвятую Тройцу вечна зелянее і квітнее надзея на жыцьцё вечнае і дасьць плады годныя гэтага жыцьця. А калі лісьця і кветкі на дрэве не растуць, што гэтае значыць? Гэта значыць, што карэньні ў яго хворыя, альбо мёртвыя. А калі на веры ў Усясьвятую Тройцу не растуць добрыя справы, што гэта значыць? Не інакш, як тое, што Хрыстову веры ў сябе чалавек скарыў альбо цалкам забіў.

Браты, Сумна бачыць, калі нават тыя, што вераць у людзей, іх слоў, іх навукі не выконваюць, і вера іх у тых людзей ёсьць мёртвая. Які ж цяжкі сум бачыць, што вера ў вечнага, жывога Бога, у Яго любоў, міласэрнасьць, сьвятасьць, ёсьць у чалавеку мёртвая, не дзеючая, што слова Боскае, вечнае і жывое, пакідаецца для хрысьціяніна голасам, што гучыць у пустэльні, што хрысьціянін мае веру, але спраў не мае. “Калі чалавек, які адкінуў закон Майсееў, – кажа апостал Павал, – пры двух і трох сьведках, безь мілажалю караецца сьмерцью, дык наколькі ж цяжэйшае, думаеце, кары варты будзе той, хто топча Сына Божага і не ўважае за сьвятыню Кроў запавета, якою асьвечаны, і Духа мілаты абражае?” (Жыд. 10:28-29)

Уславім жа, браты, Госпада Бога нашага, Бога хрысьціянскага, што ў Тройцы славіцца найперш за ўсё справамі, годнымі нашай веры, “Таму ўслаўляйце Бога і ў целах вашых і ў душах вашых, якія - Божыя.” (1 Кар. 6:20). А ў гэта вялікае сьвята ў славу Ўсясьвятой Тройцы ўславім Бога нашага шчырай, удзячнай за ўсё малітвай да Яго: Усясьвятая Тройца, Божа наш, слава Табе. — Амін!

Сьвятамучанік Васіль Ліпкіўскі, мітрапаліт Кіеўскі

http://uaoc.net/?p=2621&page=1

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.