Friday, June 5, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 23 траўня/ 5 чэрвеня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 50а

У тыя дні: калі пастанавілі нам плысьці ў Італію, дык перадалі Паўла і некаторых іншых вязьняў сотніку Аўгуставай кагорты, якога звалі Юліем. Мы ўзышлі на Адраміцкі карабель і выправіліся, маючы плысьці каля Асійскіх мясьцінаў; з намі быў Арыстарх, Македонец зь Фесалонікі. На другі дзень прысталі да Сідона; Юлій, абыходзячыся з Паўлам чалавекалюбна, дазволіў яму схадзіць да сяброў і скарыстацца іх дбаньнем. Выправіўшыся адтуль, мы прыплылі да Кіпра, з прычыны супраціўных вятроў, і, пераплыўшы мора насупраць Кілікіі і Памфіліі, прыбылі ў Міры Лікійскія. Там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, які плыў у Італію, і пасадзіў нас на яго. Павольна плывучы многа дзён і, ледзь параўняўшыся з Кнідам, з прычыны неспрыяльнага нам ветру, мы падплылі да Крыта каля Саломы; і, ледзь зь цяжкасьцю мінуўшы яго, прыбылі да адной мясьціны, якая называлася Добрыя Прыстані, паблізу якое быў горад Ласея. Але як мінула багата часу, і плаваньне было ўжо небясьпечнае, бо і пост ужо мінуўся, дык Павал раіў, кажучы ім: мужы! бачу я, што плаваньне будзе цяжкае і зь вялікай шкодаю ня толькі грузу і караблю, але і нашаму жыцьцю. Але сотнік больш давяраўся стырніку і гаспадару карабля, чым Паўлавым словам. А як што прыстань была няпрыдатная пад зімаваньне, дык многія радзілі плысьці адтуль, каб, калі можна, дайсьці да Фініка, прыстані Крыцкае, што насупраць паўднёва-заходняга і паўночна-заходняга ветру, і там зазімаваць. Павеяў паўднёвы вецер, і яны, падумаўшы, што ўжо дасягнулі жаданага, выправіліся і паплылі паблізу Крыта. Але неўзабаве падняўся на іх вецер бурны, які называецца эўраклідон. Карабель падхапіла, так што ён ня мог супрацівіцца ветру, і мы насіліся, аддаўшыся хвалям. І, набегшы на адну выспачку, якая называецца Клаўдай, мы ледзьве маглі ўтрымаць лодку; падняўшы яе, пачалі шукаць дапаможнага сродку і абвязваць карабель; баючыся, каб ня сесьці на мялізну, спусьцілі ветразь і так насіліся. На другі дзень, з прычыны вялікае буры, пачалі выкідваць груз. а на трэйці мы сваімі рукамі павыкідалі з карабля рэчы. Але як многа дзён ня відаць было ні сонца, ні зорак, а бура набірала ў моцы, дык нарэшце зьнікла ўсякая надзея на нашае выратаваньне. І як доўга ня елі, дык Павал, стаўшы сярод іх, сказаў: мужы! трэба было паслухацца мяне і не адыходзіць ад Крыта, чым бы і ўніклі мы гэтых нягодаў і шкоды; а цяпер умаўляю вас падбадзёрыцца духам, бо ніводная душа з вас не загіне, а толькі карабель; бо анёл Бога, Якому належу я і Якому служу, зьявіўся мне сёньня ўначы і сказаў: ня бойся! Паўле! табе трэба паўстаць перад кесарам, і вось, Бог дараваў табе ўсіх, што плывуць з табою. Таму падбадзёрцеся духам, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне сказана: нам выпадае быць выкінутымі на якую-небудзь выспу. У чатырнаццатую ноч, як насіла нас па Адрыятычным моры, пад поўнач, карабельнікі пачалі здагадвацца, што набліжаюцца да нейкай зямлі, і, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; пасьля, адплыўшыся трохі, памералі зноў, і было ўжо пятнаццаць сажняў. Баючыся, каб не наскочыць на камяністае дно, кінулі з кармы чатыры якары, і чакалі дня. А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі на мора лодку, удаючы, быццам хочуць кінуць якары з носа, Павал сказаў сотніку і воінам: калі яны не застануцца на караблі, вы ня зможаце ўратавацца. Тады воіны абсеклі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала. На досьвітку Павал угаворваў усіх прыняць ежу, кажучы: сёньня чатырнаццаты дзень, як вы ў чаканьні, застаяцеся бязь ежы, ня еўшы нічога; Таму прашу вас прыняць ежу: гэта паспрыяе ратунку вашага жыцьця; бо ні ў кога з вас не прападзе волас з галавы. Сказаўшы гэта і ўзяўшы хлеб, ён падзякаваў Богу перад усімі і, разламаўшы яго, пачаў есьці. Тады ўсе падбадзёрыліся і таксама прынялі ежу; а было ўсіх нас на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць душ. І наеўшыся, пачалі аблягчаць карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора. Калі настаў дзень, зямлі не пазнавалі, а ўбачылі толькі нейкую затоку зь нізкім берагам, да якога і адважыліся, калі можна, прыстаць з караблём. І падняўшы якары, рушылі морам і, адвязаўшы стырно і падняўшы малы ветразь па ветры, пакіравалі да берага. Наплылі на касу, і карабель сеў на мялізну: нос угруз і стаў нярухомы, а карма разьбівалася сілаю хваляў. А воіны змовіліся былі пазабіваць вязьняў, каб каторы, выплыўшы, ня ўцёк. Але сотнік, хочучы ўратаваць Паўла, утрымаў іх ад тога намеру і загадаў тым, хто ўмее плаваць, першым скакаць і выйсьці на зямлю, а астатнім ратавацца каму на дошках, каму на чым-колечы ад карабля. І такім чынам усе ўратаваліся на зямлю.

Дзеі 27:1–44

Чытаньне Евангельля на 23 траўня/ 5 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 57

У той час, Ісус узяўшы вочы Свае да неба і сказаў: Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я паслаў іх у сьвет; і за іх я прысьвячаю Сябе, каб і яны былі асьвечаныя праўдаю. Не за іх жа толькі прашу, а і за тых, што ўверуюць у Мяне паводле слова іхнага: хай будзе ўсё адзінае: як Ты, Войча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна, - каб паверыў сьвет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіныя, як Мы адзіныя. Я ў іх, і Ты ўва Мне; хай будуць паяднаныя ў адно, і хай уведае сьвет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне. Войча! якіх Ты даў Мне, хачу, каб там, дзе Я, і яны былі са Мною, хай бачаць славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне раней, чым пачаўся сьвет; Войча праведны! і сьвет Цябе не спазнаў; а Я спазнаў Цябе, і гэтыя спазналі, што Ты паслаў Мяне; і Я адкрыў ім імя Тваё і адкрыю, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, ў іх была; і Я ў іх.

Яна (17:18-26)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.