Friday, June 5, 2009

ЗВЫШГОДНАЯ ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ


ЗВЫШГОДНАЯ ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ, АСЬВЕТНІЦА БЕЛАРУСІ.

Звышгодная Еўфрасіньня, у сьвеце – Прадслава, была дачкой полацкага князя Георгія Ўсялавіча. Ад дзяцінства яна палюбіла боскія кнігі і па іх навучылася скіроўваць свае думкі да Адзінага Бога, знаходзіцца ў страху Божым.

Калі ёй было 12 гадоў і яна даведалася, што бацькі жадаюць выдаць яе замуж, яна пайшла да сваёй родзічкі, ігуменьні Рамане, і пачала маліць яе, каб тая пастрыгла яе ў манахіні. Не адразу пагодзілася Рамана, бо баялася князя, але бачыўшы неадступнасьць Прадславы, пастрыгла яе і назвала Еўфрасіньня. Дазнаўшыся аб гэтым, яе бацькі прыйшлі ў манастыр і шмат плакалі над ёй. Але яна суцяшала іх, заклікаўшы радавацца разам з ёй.

Застаўшыся ў манастыры, звышгодная пачала працаваць з сёстрамі, прыслугоўваючы ім і ва ўсім ім скараючыся. Маючы пасьпяховасьць ў пакоры і іншых дабрадзеях, Еўфрасіньня, па дабраслаўленьню, Полацкага япіскапа Ільлі, асялілася ў каменнай кельлі царквы Сьвятой Сафіі ў перайманьне Самой Усясьвятой Багародзіце і пачала жыць ў малітве і пасьце. У вольны ад малітвы час яна перапісвала і перакладала богаслужбовыя кнігі, прадавала іх і раздавала грошы жабракам. Праз невялікі час да яе ў сьне зьявіўся анёл і прывёў Еўфрасіньню на месца, названае Сяльцом, што належала Полацкім япіскапам, і прамовіў ёй: “Належыць табе быць тут, таму што Бог праз цябе шматлікіх прывядзе да выратаваньня!”. Еўфрасіньня адказала: “Гатовае сэрца мае, Божа, гатовае сэрца мае!”. Тройчы зьяўляўся ёй анёл. Калі ж ён зьявіўся да япіскапа і апавясьціў яму волю Божу о том, каб на тым месьце быў дзявочы манастыр, япіскап ў прысутнасьці князёў і шматлікага народу перадаў гэтае месца ва ўладаньне Еўфрасіньні, і быў там пабудаваны дзявочы манастыр, і сышлося туды шмат дзеў. Звышгодная Еўфрасіньня была абрана ігуменьняй і пачала кіраваць імі, скіроўваючы да выратаваньня.

Кіравала яна і шматлікімі сьвецкімі, асабліва сям’ёй свайго брата Вячаслава. Яны ж пераймалі яе набожнаму жыцьцю. Яна ўзяла да сябе сваю малодшую сястру Градзіславу і пастрыгла яе з імям Яўдакія. Потым да яе прыйшла стрэчная сястра Зьвяніслава, аддала ёй свае багацьця і пастрыглася з імям Еўпраксія. Са сьлязамі малілася звышгодная, каб не загінула ніводная з авечак яе статку, – аб гэтым сьведчыць захаваўшыся яе запавет сёстрам.

Калі звг. Еўфрасіньня будавала для свайго манастыра каменную царкву ў гонар Выратавальніка, не хапіла для яе цэглы. Звышгодная стала на малітву, і раніцай знайшлі печ поўную абпаленымі і ўжо гатовымі цэглінамі. Гэтай цэглай і скончылі пабудову царквы. Царква ў гонар Выратавальніка, што пабудавала звг. Еўфрасіньня, захавалася да нашых дзён; яна невялікая, з вялікім слупам у сярэдзіне і з адным купалам, а на харах былі кельлі самой звышгоднай і сястры яе Еўпраксіі. У часе пабудовы царквы, дойлід Ян неаднойчы, яшчэ да сьвітанку, чуў голас, прамаўляючы да яго: “Ян устань, ідзі і глядзі за пабудовай храму ў імя Выратавальніка!” Ян меркаваў, што Еўфрасіньня дасылае нейкага будзіць яго, але яна адказала яму: “Не я дасылаю будзіць цябе, але ты чуў голас, заклікаючы цябе да працы, і скарайся яму, бо гэта справа Боская!”

Грэцкі імпэратар Мануіл даслаў ёй для манастыра абраз Корсуньскай Боскай Маці – адзін з трох напісаных сьв. евангелістам Лукашам. Гэты абраз шмат год упрыгожваў храм у Полацку. Таксама, па загадзе звышгоднай Еўфрасіньні, полацкі майстар Лазар зрабіў каштоўны крыж, што сёньня лічыцца хрысьціянскім сымбалям Беларусі.

Усё жыцьцё ў Еўрасіньні было вялікае жаданьне скончыць сваё жыцьцё ў Сьвятой Зямлі. Дасягнуўшы пахілага веку, яна даручыла манастыр сваёй сястры Еўдакіі, а пляменьніц сваіх – дачок брата Вячэслава – Кірынію і Вольгу загадала пастрыгчы і надала ім імёны Агафія і Еўфімія, бо Госпад падаў ёй дабрынб бачыць схільных да духоўнага жыцьця. Сама ж узяла з сабой свайго брата Давыда і стрэчную сястру – манахіню Еўпраксію і, разьвітаўшыся з родзічамі, сёстрамі манастыра свайго і народам Полацка, пайшла ў Сьвятую Зямлю. Прыбыўшы ў Канстанцінопаль, яна пакланілася ўсім ягоным сьвятыням, а імпэратар і патрыярх з вялікім гонарам прынялі яе.

У Ерусаліме яна найперш пакланілася Труне Госпада і паставіла прад ёй залатое кадзіла, потым наведала Патрыярха і пакланілася іншым сьвятыням. Асялілася звг. Еўфрасіньня ў манастыры пры царкве Ўсясьвятой Багародзіцы. Наведаўшы Труну Госпада, яна малілася аб тым, каб ёй тут скончыць сваё зямное жыцьцё, і, павярнуўшыся ў манастыр, захварэла. Тады яна даслала свайго брата Давыда і Еўпракісію на Ярдан, дзе не пасьпела пабываць, за сьвятой вадой і акрапіла ёй сябе. І зьявіўся ёй анёл і абвясьціў ёй аб блізкай сьмерці і прыгатаваным ад Бога спакоі. Моцна ўзрадавалася яна, пазваўшы, што месца для яе пахаваньня ўжо прызначана ў манастыры звышгоднага Хфядоса, у царкоўным прытворы, – у гэтым манастыры хавалі жанчын, і там былі магілы: мацяроў звыг. Савы і сьв. бязсрэбранікаў Касьмы і Дземьяна. Праз два дні, пасьля прычасьця Сьвятых Таямніц, звг. Еўфрасіньня перадала сваю душу Богу. Гэта адбылося 23 траўня 1173 г.

У 1187 г., калі хрысьціяне пакідалі Ерусалім, сьвятыя мошчы звг. Еўфрасіньні былі перанесяны ў пячоры Кіева-Пячорскага манастыра, а ў 1910 г. – у Полацак.

Трапары і кандакі звышгоднай Еўфрасіньні Полацкай.

Трапар. сьпеў 8: Прыкладам тваім, маці, Асьветніца Беларусі, можна ўратавацца, бо ты ўзяла крыж і пайшла за Хрыстом і прыкладна вучыла, як трэба грэбаваць целам, а ходацца за душу несьмяротную. Дзе-ля гэтага, дастойная Еўфрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая, твой дух будзе цешыцца разам з анёламі.

Другі трапар, тон 4: Пераймаючы дванаццацігадоваму Хрысту, што прапаведаваў у Ерусалімскай сьвятыні, сьвятая Ефрасіньня, Ты пераймала прыкладу Ягонаму, пакінуўшы зямнога жаніха і славу чалавечую. Хрыста Бога палюбіла над усё, і Яму шлюб склала. Узяўшы крыж, і шляхам анёльскага жыцьця за Ім ішла, і многіх да Яго навяртала. У манастыры Хрыста Ратаўніка ў Сельцах, сабраўшы дзевы знатныя, прасьвятліла Дабравесьцем зямлю Полацкую, як сонцам раньняе вясны й тым жа сьвятлом веры ў Хрыста, асьвятліла Беларускі народ. Сьвятая й чэсная Ефрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая слава табе.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Кандак, тон 2: Зь любасьцю да Госпада, дастойная, жаданьне супакою ты пагрэбавала, постам прасьвяціўшы душу сваю, моцных ворагаў пераадолела ты; але малітвамі тваімі ворагаў зухаватасьць зьнішч.

Другі кандак, тон 8: Выбраную Хрыстом дзеву чыстую, песьнямі ўславім верныя у сёньняшні дзень Ефрасіньню Вялікую, княжну Полацкую, бо яна прасьвятліла зямлю нашую і дабрадзейнасьцю, запаліўшы сьветач, лямпаду міра вечнага каля труны Хрыста Ратаўніка за наш народ. Узыйшоўшы ў горны Ерусалім духам, там жа не пакідаючы нас, моліш за нас Хрыста Богу, каб ўратавацца душам нашым.

Трэці кандак, тон 8: Выбраная Богам ад самага нараджэньня й паклікана да служэньня Яму ў стане анёльскім сьвята паслужыўшай Госпаду, і дастойна пражыўшы, і цяпер з нябеснымі сіламі Госпада хваліць. I за нас грэшных прад Госпадам молішся; з радасьцю й любасьцю ўсклікаем: Радуйся, Ефрасіньня Полацкая, дзева Хрыстова ўсягодная

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.