Wednesday, November 25, 2009

СЬВЯЦІЦЕЛЬ ЯН МІЛАСЬЦІВЫ

Памяць 12 лістапада

Сьвяціцель Ян Міласьцівы, Патрыярх Александрыйскі, нарадзіўся на Кіпры ў VII стагодзьдзі ў сям'і шляхетнага вяльможы Епіфанія. Па волі бацькоў уступіў у шлюб і меў дзяцей. Калі жонка і дзеці сьвятога памерлі, ён стаў манахам: строгім посьнікам, малітоўнікам і браталюбчым.

Яго духоўныя подзьвігі прыдбалі яму вядомасьць, і, калі заўдавела патрыяршая катэдра ў Александрыі, імпэратар Іраклій і усё духавенства упрасілі сьвятога Яна заняць патрыяршы пасад.

Сьвяціцель годна нёс архіпастырскае служэньне, клапоцячыся аб маральным і дагматычным выхаваньні даверанага яму статку. Падчас свайго патрыяршаства ён выкрыў і выгнаў зь Александрыі ерась монафеліта-антыёхійца Фулона.

Але галоўнай сваёй справай сьвяціцель лічыў міласьціну і дабрадзейнасьць усім жывучым у нястачы. У пачатку свайго патрыяршага служэньня ён загадаў весьці улік жабракоў і убогіх у Александрыі, якіх апынулася звыш сямі тысяч чалавек. Усім гэтым няшчасным сьвяціцель даваў штодзённы бясплатны пражытак. Два разу ў тыдзень, у сераду і пятніцу, ён выходзіў да дзьвярэй патрыяршага сабору і, седзячы на дзядзінцы, прымаў усіх жывучых у нястачы: разьбіраў звады, дапамагаў пакрыўджаным, раздаваў міласьціну. Тры разу ў тыдзень ён наведваў лякарні, аказваючы дапамогу пакутнікам. У гэты час імпэратар Іраклій вёў цяжкую вайну з пэрсыдзкім царом Хозроям II. Пэрсы разрабавалі і спалілі Ерусалім, захапіўшы мноства палонных. Сьвяты Патрыярх Ян аддаў вялікую частку царкоўнай казны для іх выкупу.

Сьвяціцель ніколі не адмаўляў просячым. Аднойчы па дарозе ў лякарню ён сустрэў жабрака і загадаў даць яму 6 срэбранікаў. Жабрак, зьмяніўшы адзежу, абагнаў Патрыярха і зноў стаў прасіць міласьціну. Ян зноў даў яму 6 срэбранікаў. Калі жа жабрак у трэці раз папытаў міласьці і служкі сталі турыць назойлівага просьбіта, Патрыярх загадаў даць яму 12 срэбранікаў, сказаўшы: “Ці не Хрыстос спакушае мяне?” Два разы сьвяціцель даваў грошы купцу, пацярпеўшаму караблекрушэньні, а на трэці раз даў яму належны Патрыярхіі карабель, напоўнены пшаніцай, на якім купец зьдзейсьніў шчаснае вандраваньне і вярнуў пазычанае.

Сьвяты Ян Міласьцівы быў вядомы сваім рахманым стаўленьнем да людзей. Аднойчы сьвяціцель змушаны быў за нейкую правіннасьць адлучыць ад Царквы аднаго клірыка. Правініўшыся узлаваўся на Патрыярха. Сьвяціцель жадаў заклікаць яго для гутаркі і забыўся аб гэтым. Падчас зьдзяйсьненьня Боскай літургіі сьвяты успомніў словы Эвангельлі: калі прыносіш свой дарунак на алтар і успомніш, што брат твой мае штосьці супраць цябе, – пакінь дарунак свой і перш зьмірыся з братам тваім (Мц. 5:23–24). Сьвяціцель выйшаў зь алтара, заклікаў да сабе вінаватага клірыка і, упаўшы перад ім на калены, усенародна прасіў прабачэньня. Узрушаны клірык раскаяўся ў зробленым і пасьля зрабіўся набожным сьвятаром.

Адзін гараджанін абразіў Георгія, пляменьніка Патрыярха. Георгій прасіў сьвятога адпомсьціць крыўдніку. Сьвяціцель абяцаў так ушанаваць крыўдніка, што зьдзівіцца уся Александрыя. Гэта супакоіла Георгія, і сьвяты Ян стаў павучаць яго, кажучы аб неабходнасьці пакорнасьці і пакоры, а затым, заклікаўшы крыўдніка, абвясьціў, што вызваляе яго ад выплаты царкоўнай даніны за зямлю. Александрыя сапраўды была зьдзіўленая такі “помстай”, а Георгій зразумеў урок свайго дзядзькі.

Сьвяты Ян, строгі аскет і малітоўнік, заўсёды меў у душы памяць сьмяротную. Ён замовіў для сябе дамавіну, але не загадаў майстрам дарабляць яго да канца, папрасіўшы кожны сьвяточны дзень прыходзіць да яго і пытаць, не ці час завяршыць працу.

Незадоўга да скону сьвяты Ян змушаны быў па хваробе пакінуць сваю катэдру і паехаць на востраў Кіпр. Падчас шляху на караблі хвораму сьвяціцелю было знак: у сонным бачаньні яму зьявіўся прамяністы муж і сказаў: “Цар цароў кліча цябе да Сабе”. Гэтае бачаньне прадказала хуткі скон Патрыярха. Прыбыўшы на Кіпр, у родны горад Амафунт, сьвяціцель зь мірам адышоў да Госпада (616 – 620).

Трапар Яну Міласьціваму, патрыярху Александрыйскаму

У цярпеньні тваім атрымаў плату тваю, ойча звышгодны, / у малітвах няспынных знаходзячыся, / жабракоў палюбіў і ім дапамагаў, / але маліся Хрысту Богу, Ян Міласьцівы, дабрашчасны, / каб выратавацца душам нашым.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.