Thursday, November 5, 2009

ЗА АЎТАКЕФАЛЬНАСЬЦЬ УКРАІНСКАЕ ЦАРКВЫ

Прапанаваная вашай увазе без перабольшаньня гістарычны артыкул “За аўтакефальнасьць Украінскае Праваслаўнае Царквы” падсумоўвае долю ўкраінскае Царквы і яе вернікаў у няволі расейскае Царквы і робіць вынік аб патрэбе незалежнага царкоўнага жыцьця. “Украінская аўтакефалія” перадрукавала гэты тэкст зь выданьня “Вістник політики, літератури й життя”, № 25, Відзень, 1918 г., 23 чэрвеня, бачына 1. З гэтага тэксту мы і робім пераклад на беларускую мову.

На 20 чэрвеня быў прызначаны пачатак Агульнаўкраінскага Праваслаўнага Царкоўнага Сабору ў Кіеве. Ён мусіць вырашыць надзвычайна важныя пытаньні. Украінская Праваслаўная Царква спыніла ў 1685 г. жыць уласным жыцьцём. Калі фатальны лёзунг “Жадаем пад праваслаўнага цара” перакрыў паветра веку дзеля эканамічна–палітычнага і нацыянальна–культурнага разьвіцьця Ўкраіны, нядоўга трэба было чакаць, бо толькі 31 год, на падпарадкаваньне Кіеўскае мітраполіі Маскоўскаму патрыярху.

Прад тым незалежная Ўкраінская Праваслаўная Царква ўяўляла сабой вольную, чыста агульна–грамадзянскую інстытуцыю, арганізаваную на выбарным падмурку з шырокім удзелам сьвецкіх людзей ў яе справах. У часы сваёй самастойнасьці Ўкраінская Праваслаўная Царква, як і ўсе нацыянальныя інстытуцыі Ўкраіны, была глыбока пранізана і напоўнена духам шырокага і шчырага дэмакратызму. Тады абапіралася яна не толькі на духоўную герархію, але і на царкоўна–рэлігійныя брацтва, у склад якіх уваходзілі ўсе кола грамадзкасьці, пачынаючы ад набожных князёў і канчаючы зьбяднелымі багамольцамі–жабракамі.

У час сваёй незалежнасьці бачыла Ўкраінская Праваслаўная Царква доўгі шэраг слаўных мітрапалітаў, ігуменаў, белае і чорнае сьвятарства, якія верна стаялі на абароне ўкраінскіх народных патрэбаў, бралі чынны ўдзел у змаганьнях Украіны за волю, пакінулі вечныя сьляды ў разьвіцьці ўкраінскае культуры, напрыклад у тагачасным украінскім літаратурным жыцьці адыгрывалі галоўную ролю (Елісей Плятянецкі, Герасім і Мялецій Сматрыцкія, Ёў Княгінецкі, Іван Вішнявецкі, Іянікій Гатляроўскі, Лазар Барановіч, Інакенцій Гізэль, Захарыя Копысьценскі, Кірыла Транквіліён Стаўравекій, Антін Радзівілаўскі, Сьвэстр Косаў, Ёў Барэцкі, Зьміцер Растоўскі ды іншыя). Шмат разоў украінская гісторыя запісвала вельмі прыгожыя дакумэнты патрыятызму ўкраінскага праваслаўнага сьвятарства. Кіеўскі мітрапаліт і архімандрыт Кіева–Пячорскае Лаўры заявілі, што хутчэй загінуць, чым прысягнуць цару (расейскаму – БА) на вернасьць, калі Хмяльніцкі зрабіў Пераслаўскую дамову. У сваіх плянах выратаваць украінскую дзяржаўнасьць зь маскоўскае няволі меў гэтмат Пятро Дарашэнка знакамітага дарадцу і дапаможніка ў асобе мітрапаліта Іосіфа Нялюбовіча–Тукальскага.

Адносна ўзроўню сваёй адукацыі знаходзілася тады ўкраінскае праваслаўнае сьвятарства без параўнаньня вышэй маскоўскага сьвятарства. Пятро Магіла вучыўся ў Парыжу і пасылаў маладых людзей у Заходнюю Эўропу атрымоўваць вышэйшую адукацыю. Для Ўкраіны не патрабаваўся Пятро І каб прарубіць вакно ў Эўропу, бо тут усе выбітныя прадстаўнікі сьвятарства былі зь заходнеэўрапейскай адукацыяй. Больш таго, Маскоўшчыну “эўрапеізаваў” цар Пятро І пры дапамозе ўкраінскага сьвятарства, а Тэафан Пракаповіч быў правай рукой цара ў ягоных змаганьнях за рэформы. З падпарадкаваньнем Кіеўскае мітраполіі Маскоўскаму патрыярху, маскоўскі ўрад пачаў пры дапамозе зьняволенай украінскай Царквы і яе пастыраў зачыняць Украіне вакно ў Эўропу. Так было забіта найперш тое, чым Украінская Праваслаўная Царква карысна адрозьнівалася ад маскоўскай.

У 1721 г. уведзена маскоўская цэнзура, а сынадальны ўказ дамогся “зьвяраць кнігі зь велікарускімі пячатнымі, каб не было аніякай разьніцы і асаблівай мовы не было”. Украінскія манастыры замест таго, каб быць асяродкамі ўкраінскай духоўнасьці, зрабіліся антынароднымі асяродкамі, а з тых месцаў, адкуль раней разыходзілася кніжнае сьвятло па Ўкраіне, як, напрыклад, з Кіева–Пячорскае Лаўры і зь базыльянскае друкарні ў Пачаеве, паўсталі цьвярдыні маскафільскага чарнасоценства. Між вышэйшаю ўкраінскаю герархіяй па працягу ўсяго часу зьняволеньня Царквы не знайшлося ніводнага роўнага старажытным.

Украінская Праваслаўная Царква не толькі згубіла свой нацыянальны характар, але і зрабілася аб’ядноўваючым чыньнікам русыфікацыі. На япіскапскіх і ігуменскіх пасадах заселі маскалі альбо нацыянальныя здраднікі манкурты, што душылі ўсялякае жаданьне працы дзеля свайго народу ў ніжэйшага сьвятарства, якое рэкрутавалася зь народных мас. Доўга змагалася Ўкраінская Праваслаўная Царква за сваю незалежнасьць. Яе дэмакратычная арганізацыя зрабіла з казацтва заўзятых абаронцаў яе правоў. Часы ўздыму, нацыянальна–дзяржаўнае думкі ва Ўкраіне былі часам уздыму і Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы. Заснаваньне “Сьвяцейшага Сыноду” у 1721 г. зьліла дзьве самастойныя арганізацыі ў адну, але такім чынам, што Ўкраінская Праваслаўная Царква цалкам згубіла сваю індывідуальнасьць і набыла маскоўскую.

А наступствы таго? Наступствы таго на нацыянальным полі ўжо вызначаны ў агульных рысах. На рэлігійным полі зрэагавалі на гэта народныя масы вялікім распаўсюджаньнем сэктанства. Алкаголь і дэмаралізацыя вынішчае маладое пакаленьне ўкраінскага народу. Справа не можа чакаць і кліча да паратунку ўсіх людзей добрае волі.

Для Украінскае Праваслаўнае Царквы ёсьць адзіны выхад: павярнуцца да сваёй мінуўшчыны зь выбарчым правам і апорай ня толькі на герархію, а і на брацтва, якія мелі б на мэце выкараніць дэмаралізацыю сярод украінскіх народных мас, усунуць піяцтва, ўзьняць іх маральную вартасьць. Мала таго. Украінская Праваслаўная Царква павінна зрабіць тое, што давяршыў Чацьвёрты Ўнівэрсал Украінскай Цэнтральнае Рады на палітычным полі, на царкоўным полі і замяніць былую залежнасьць ад Канстантынопальскага Патрыярхату поўнай незалежнасьцю, уласнай аўтакефаліяй.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.