Saturday, October 31, 2009

Змагар за незалежнасьць Белаурсі сьвятамучанік Гэоргі Бортнік


Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечак.

Евангельля паводле Яна, 10:11

Ад пачатку свайго існаваньня Маскоўшчына зрабіла ўсё маг­чы­мае, каб “прыватызаваць” праваслаўя ды прышчапіць па­ня­во­ле­ным народам імпэрыі думку: “Праваслаўныя сьвя­та­ры – непахісныя абаронцы і патрыёты Расеі.” Але гісторыя Бе­ла­ру­сі, як і гісторыя іншых краінаў з пануючым праваслаўным ве­ра­выз­на­нь­ням (Украіна, Грузія, Малдова і г.д.), ведае сотні вы­пад­каў адданага змаганьня праваслаўных сьвятароў за Во­лю сваіх народаў. Адзін зь іх – сьвятамучанік Гэоргі Бортнік.

Гэоргі быў сынам беларускага праваслаўнага сьвятара-пат­ры­ё­та Венэдыкта Бортніка, што служыў і жыў у вёсцы Забор’е ця­пе­раш­ня­га Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Магчыма, ён там і нарадзіўся.

Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, ад юнацкіх гадоў меў нязломныя нацыяналістычныя перакананьня, разумеючы: Галоўны вораг беларускага народу – расейскі імпэрыялізм.

У часе ІІ сусьветанай вайны Гэоргі Бортнік бярэ актыўны ўдзел у змаганьні з расейска-маскальскімі акупантамі. Ён ра­зу­мее – перамагчы ворага магчыма толькі са збро­яй у руках, а на той час толькі Няметчына бы­ла згодна даць беларусам зброю дзеля ба­ра­ць­бы зь маскоўска-ра­сей­с­кі­мі акупантамі. Бор­т­нік уступае ў шэрагі беларускай паліцыі, а ў 1943 г. – у Саюз Бе­ла­рус­кай Моладзі і робіцца ад­ным зь актывістаў арганізацыі. Як беларускі вай­с­ко­вец прымае ўдзел ва ўзброянай барацьбе зь дэвэрсійнымі групамі НКВД, маскоўска-ра­сей­с­кім ка­му­ніс­тыч­ным падпольлям. У 1944 г. Гэ­ор­гі Бортнік ус­ту­пае да шэрагаў Беларускай Кра­ё­вай Аба­ро­ны і прымае чынны ўдзел у аба­ро­не Беларусі ад мас­коў­с­ка­га акупацыйнага вой­с­ка летам 1944 г.

Пасьля адступленьня нямецкіх войскаў, Гэ­ор­гі апынаецца ў Няметчыне і ўступае ў Бэр­лін­с­кую падафіцэрскую школу БКА і, адначасна, ро­біц­ца сябрам падпольнай Беларускай Не­за­леж­ніц­кай Партыі. У пачатку 1945 г. ён выдатна за­кон­чыў падафіцэрскую школу ў Баварыі й з кра­са­ві­ка 1945-га служыў камандзірам дружыны 3-га батальёна дывізіі СС “Беларусь”.

Няметчына капітулюе, але барацьба за не­за­леж­насьць Беларусі працягваецца. Ад лета 1944 г. у Беларусі дзейнічае нацыянальная партызанка “Чорнага Ката” пад кіраўніцтвам Міхала Ві­туш­кі, што стваралася з беларускіх патрыётаў і тэхнічнай дапамогай СД і Абвэру яшчэ ад вяс­ны 1943 г.

З траўня 1945 г. Бортнік перабываў у амэрыканскім палоне і мае ўсе магчымасьці застацца на За­хадзе, але малады беларускі афіцэр пастанаўляе павярнуцца на Бацькаўшчыну дзеля ўдзелу ў ба­ра­ць­бе за незалежнасьць Беларусі. Ён заагітоўвае да ўступленьня ў БНП яшчэ чацьвярых ма­ла­дых беларускіх вайскоўцаў і ў сьнежні 1945 г., разам зь арганізаванай ім групай, вяр­та­ец­ца ў Беларусь.

Пакуль нам невядома – ці меў ён перамовы зь нейкімі прад­с­таў­ні­ка­мі Міхала Вітушкі, што заставаліся ў Заходняй зо­не аку­па­цыі Няметчыны альбо дзейнічаў самастойна. Вя­до­ма толькі: Гэ­ор­гі неаднойчы сустракаўся зь архіяпіскапам Пін­с­кім Аляк­сан­д­рам (Іназемцавым), ад якога бярэ даб­рас­лаў­ле­нь­ня на вяр­та­нь­ня ў Беларусь і прыняцьця сьвятарскае год­на­сь­ці. А са­вец­кая агентура лічыла архіяпіскапа Аляк­сан­д­ра адной зь найбольш “небясьпечных” постацяў Беларускага і Ўкра­ін­с­ка­га праваслаўя, ад­ным зь духоўных натхняльнікаў ўзброенай вызваленчае барацьбы бе­ла­рус­ка­га й украінскага народаў. Па мер­ка­ва­нь­ню беларускае эміг­ра­цыі, менавіта МГБ ар­га­ні­за­ва­ла забойства ўладыкі ў Мюнхене (люты 1948 г.).

Ад канца 1945 г. падпольная група Гэоргія Бортніка дзей­ні­чае ў Беларусі. Яны зьбіраюць зброю, агітуюць людзей, спра­бу­юць налагодзіць сувязі зь іншымі падпольнымі і пар­ты­зан­с­кі­мі групамі ў тагачасным Пліскім раёне Полацкай воб­ла­сь­ці.

У 1947 г. Гэоргі ўступае да Жыровіцкае праваслаўнае сэ­мі­на­рыі. На той час у Жы­ро­ві­чах перабывае, пад выглядам звы­чай­на­га ераманаха РПЦ, пад­по­ль­ны япіскап Наваградскі БАПЦ Гэр­ман, які ад лета 1944 г. зьяўляўся духоўнікам Беларускага суп­ра­ці­ву М. Вітушкі і, адначасна, выконваў абавязкі сувязьнага бе­ла­рус­ка­га падпольля. У Жы­ро­ві­цах ствараецца пад­по­ль­ная беларуская група “Чорнага Ка­та”, у якую ўваходзяць ня то­ль­кі сьвя­та­ры і сэмінарысты, а і сьвецкія асобы. Ад­ным зь сяброў групы зьяў­ляў­ся і Гэ­ор­гі Бортнік. Група дзейнічае у шчы­ль­ным кантакце з галёўным штабам і аса­біс­та М. Ві­туш­кай. Фармальная пры­на­леж­насьць сьвятароў, сяброў групы, да РПЦ дае маг­чы­масьць езь­дзіць па ўсёй Бе­ла­ру­сі і памежныя раёны Ўкраіны і Ра­сеі. Сэмінарысты, скан­ча­ю­чы на­ву­ча­нь­ня, разьяжаліся дзеля служэньня ў роз­ныя куткі Беларусі і рабіліся прад­с­таў­ні­ка­мі пад­по­ль­най БАПЦ. Фактычна ад­наў­ля­ла­ся падпольная БАПЦ, да якой да­лу­ча­юц­ца і не­ка­то­рыя ўкраінскія сьвя­та­ры са зьнішчанай мас­коў­с­кі­мі акупантамі ЎАПЦ з бе­ла­рус­ка- ук­ра­ін­с­ка­га Палесься. Бе­ла­рус­кія й ук­ра­ін­с­кія правас­лаўныя сьвятары-пат­ры­ё­ты шчыльна кан­так­ту­юць са ўзб­ро­я­ным супрацівам. Яны пера­даюць пар­ты­за­нам прадукты, хаваюць і лекуюць па­ра­не­ных, ар­га­ні­зу­юць супраціў сяля­наў ка­лек­ты­ві­за­цыі, распаўсюджваюць пад­по­ль­ную лі­та­ра­ту­ру ды перапраўляюць да пар­ты­за­наў людзей, за якімі пачынала па­ля­ваць МГБ.

Пасьля заканчэньня сэмінарыі Гэ­ор­гі Бортнік дапамагае ў служэньні свай­му бацьку-сьвятару ў в. Забор’я і, ад­на­час­на, робіцца прадстаўніком бе­ла­рус­ка­га супраціву ў Пліскам раёне По­лат­чы­ны. 7 верасьня 1947 г. ён узяў шлюб зь Леанілай Бортнік, дачкой пса­лом­ш­чы­ка Аляксандра Барадзіна, а неў­за­ба­ве прымае дыяканскія ды сьвя­тар­с­кія сьвя­ча­нь­ня. Як сьвятар у канцы 1947 г. альбо пачатку 1948 г. пры­мае ад япіс­ка­па Гэрмана аба­вяз­кі экзарза пад­по­ль­най БАПЦ у Полацкай воб­ла­сь­ці Беларусі. Займаўся перакладацкай дзейнасьцю дзеля падпольнага “Весьніка БАПЦ”. Заўсёды чы­таў Апос­тал і Эвангельля, пра­маў­ляў казаньня і раз­маў­ляў з парахфіянамі выключна на бе­ла­рус­кай мове.

У тым жа 1947 г. пад­по­ль­ная група а.Гэоргія ўста­леў­вае су­вязь зь яшчэ адной бела­рус­кай пад­по­ль­най групай - “Саю­зам Барацьбы Супраць Каму­нізму” пад кіраўніцтвам Пятра Шып­ко. Апошні гераіч­на гіне ў пэрастрэлцы з гэбіс­та­мі ў 1948 г. і а. Гэоргі ўзначальвае гэту арганізацыю.

Адначасна а. Гэоргі гур­­­туе беларускіх пра­вас­лаў­ных сьвя­та­роў Полатчыны, што за­ха­валі вер­насьць БАПЦ. Не­ка­то­рыя зь іх зна­ходзі­лі­ся ў пад­по­ль­лі, некаторыя – дзеля прык­ры­ць­ця, лічыліся сьвя­та­ра­мі РПЦ. Ён пра­водзіць не­ка­ль­кі падполь­ных сьвя­тар­с­кіх збо­раў Полац­кага экзархату БАПЦ, на якіх сьвятары аб­га­вор­ва­лі так­ты­ку дзейнасьці пад­по­ль­най БАПЦ ды да­па­мо­гу беларускаму ўзброенаму суп­ра­ці­ву. Пад прафэсій­ным кі­раў­ніц­т­вам а. Гэоргія, абод­ве га­лі­ны бе­ла­рус­ка­га суп­ра­ці­ву (падпольна-пар­ты­зан­с­кая сэт­ка Міхала Вішукі і пад­по­ль­ная БАПЦ) на Полатчыне здолелі дзей­ні­чаць узгоднена. Ме­на­ві­та праз сьвя­тар­с­кую сэтку “Саюз Ба­рацьбы Супраць Ка­му­ніз­му” право­дзіў найбольшую час­т­ку дзейнасьці па распаў­сюд­ж­ва­нь­ню лі­та­ра­ту­ры і ўлётак.

Падтрымліваў а. Гэоргі і непасрэд­ную сувязь зь невялікім атрадам беларус­кіх паўстанцаў, што дзейнічаў у Пліскім раёне. Па некаторым дадзеным, ён ня толькі зьяўляўся духаўніком ат­ра­ду, а і перадаваў партызанам зброю, сабраную сябрамі “Саюза Барацьбы Супраць Камуніз­му”, прадукты і мэдыкамэнты.

У траўні 1950 г. а. Бортніка ды некаторых іншых сяброў ягонай падпольнай сэтцы арыштавалі. Больш году іх катавалі маскоўскія акупанты, але яны не здрадзілі барацьбе за сва­бо­ду Белаурсі. Паводле прысуду Ваеннага трыбунала ад 10 жніўня 1951-га а.Гэоргія Бор­т­ні­ка асудзілі “за здраду радзіме” да расстрэлу. Ужо пасьля прысыду маскоўскія каты зьдзя­сь­ні­лі яшчэ адну спробу схіліць беларускага змагара да здрады: Яму прапанавалі зьмя­ніць прысуд на паняволеньня ў лягеры пад умовай пакаяньня і адмовы ад сьвятарства. Але айцец Георгі не здрадзіў Хрыста і Беларусь. Ён быў расстраляны 1 лістапада 1951 го­ду.

У канцы 1951-га арыштуюць і жонку а. Гэоргія - Леанілу, беларускую патрыётку, вы­пус­к­ні­цу Віленскай беларускай гімназіі, сяброўку СБМ. Ня гледзячы на тое, што дома зас­та­лі­ся два маленькіх сына (Лаўр (1948), Алег (1950)), яе асудзілі на 25 гадоў кан­ц­ля­ге­раў.

У пачатку 90-х Леаніла Бортнік спрабавала дамагчыся рэабілітацыі мужа. У красавіку 1991 году зь Віцебскай пракуратуры прыйшоў адказ:

“Вина Бортника подтверждается материалами дела. По приговору Военного трибунала от 10 августа 1951 года был осужден за измену родине к высшей мере наказания — расстрелу. В деле имеются данные, что приговор приведен в исполнение 1 ноября 1951 года. Оснований для постановки вопроса о пересмотре дела и реабилитации Бортника Г. В. не имеется. Ваше заявление оставлено без удовлетворения”.

Але Бог заўсёды дапамагае праўдзе! У лістападзе 2006 г., нягледзячы на вялікія цяжкасьці, па­ба­чы­ла сьвет кніга С. Ярша і С. Горбіка “Беларускі супраціў”, дзе асобныя старонкі былі пры­сь­вя­ча­ны асобе а. Гэоргія Бортніка. Адразу паўтала некалькі ініцыятыўніх групаў пра­вас­лаў­ных беларускіх вернікаў і міранаў розных юрысдыкцыяў, што дамагаліся вызнаньня а. Гэ­ор­гія сьвятамучанікам. Практычна ніводная праваслаўная юрысдыкцыя, апрача РПЦ МП ды яе са­ця­лі­таў, неадмовіла беларусам у праве ўшанаваньня беларускага змагара, а. Гэоргія Бор­т­ні­ка. У кастрычніку 2007 г. беларускім праваслаўным сьвятаром Сяржуком Горбікам былі складзе­ны: адмысловая служба ў гонар сьвятамучаніка Гэоргія (Бортніка) і малебен. Ягоная па­мяць урачыста ўшаноўваецца 1 лістапада 2007 г. ў шматлікіх беларускіх праваслаўных парах­фі­ях, а таксама ўсімі патрыётамі Беларусі.

Вечная памяць і слава героям!

Сьвятар Сяржук Горбік

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.