Friday, October 30, 2009

ПАМЯЦЬ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА І ЭВАНГЕЛІСТА ЛУКІ

(18 кастрычніка)

Сьвяты Апостал і Эвангеліст Лука нарадзіўся ў Антыёхіі. Ягоныя бацькі былі язычнікамі. Зь старажытных апавяданьняў вядома, што ён быў адукаваным чалавекам, па спэцыяльнасьці лекар, яшчэ займаўся жывапісам і някепска ведаў юрыдычныя навукі. Знаходзячыся ў Ерусаліме, ён пачуў казань Госпада Ісуса Хрыста. Ён увераваў у Госпада, зрабіўся Яго пасьлядоўнікам і быў залічаны да ліку сямідзесяці Апосталаў, аб абраньні якіх ён так распавёў у сваім Эвангельлі: “Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці, і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось маліце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё. Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце. У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: “мір дому гэтаму!” і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца; а ў доме тым заставайцеся, ежце і пейце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом. І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць; і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: “наблізілася да вас Царства Божае”. А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце: 11. “і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае”. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму. Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся; але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам. І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся. Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, хто паслаў Мяне.(Лк. 10:1-16) Яго амаль забіла страта Ісуса Хрыста. Але яму дапамог сам Ісус, які зьявіўся яму ў Кляопі. Пераканаўшыся ў тым, што Ісус Хрыстос уваскрос, сьвяты Лука пасьля ўзьнясеньня Госпада пачаў прапаведаваць Яго дзеля іншых. У Анціёхію часта прыяжджаў Апостал Павал. Сьв. Лука палюбіў гэтага Апостала і разам зь ім наварочваў людзей да веры ў Ісуса Хрыста. Яны неаднаразова наведвалі Малую Азію і Грэцыю, знаходзіліся ў Ерусаліме і Рыме. Сьв. Лука не разлучаўся зь апосталам Паўлам да самай ягонай сьмерці. Гэта апісана ў Дзеях Апосталаў. Каля 90 г. пасьля Нараджэньня Хрыстовага, сьв. Апостал Лука быў ужо старшага веку. Цар Даміцыян чыніў ганеньня на хрысьціян. Сьв. Лука ў сваім Эвангельлі даводзіць, што хрысьціяне не ворагі дзяржаве. Бо, адзначыў ён, сам Пілат, пераканаўся, што Ісус не меў за сабой ніводнай правіны.

Ягонае Эвангельля больш зьмястоўна і дакладней, чым папярэднія. Сам сьв. Лука лічыў сябе найперш гісторыкам. У сваёй працы ён жыцьцё Ісуса Хрыста павязаў з гісторыяй Рымскае імпэрыі і надаў шэраг храналягічна канкрэтных дат. Сьвяты Лука, па просьбе апостала Паўла, напісаў кнігу Дзеяў Сьвятых Апосталаў. У ёй, па словай сьв. Яна Залатавуснага, шмат увагі дадзена апосталу Паўлу, які найбольш зрабіў для пашырэньня веры Хрыстовай. Сьв. апостал лука прапаведаваў веру Хрыста ў Грэцыі. У Салуні ён быў пастаўлены япіскапам г. Македонія. Рукапакладзены ён быў апосталам Паўлам. Сьв. апостал Павал называе яго лекарам, у сваім пасланьні ён піша: “Вітае вас Лукаш, лекар любасны…” (Кал. 4:14). Апостал Лука маляваў абразы. Ім напісаны іконы Боскай Маці, а таксама абразы Сьв. апостала Пятра і Паўла. Адзін зь абразоў напісаны апосталам Лукой быў падараваны патрыярхам Канстантынопалю сьвятой маці нашай Еўфрасіньні Полацкай і захоўваўся ў Полацку.

З пераказаў вядома, што за веру Хрыстову ворагі хрысьціянства павесілі сьвятога апостала Луку на аліўкавым дрэве ў горадзе Ахаі на 84 годзе ягонага жыцьця. Цела яго пры імпэратары Канстантыне ў 390 годзе было перанесена зь Ахаі ў Канстантынопаль, у царкву Пятра і Паўла разам зь мошчамі апосталаў Андрэя і Цімафея. Філасторгій сьведчыць, што калі перанасілі мошчы Сьвятога Апостала, да працэсіі далучыўся хворы эўнух Анатоль і дапамог несьці цела сьв. апостала Лукі. У час перанясеньня ён выздаравеў.

Ёсьць сьведчаньні, што сьвяткаваць памяць ап. Лукі пачалі ў IV ст. У V ст. Анатоль Канстантынопальскі і Леў Магістар напісалі песьні ў гонар Эвангеліста Лукі, якія і зараз сьпявае сьв. Царква, услаўляючы сьв. апостала Луку як Эвангеліста, аўтара Дзеяў Апосталаў і як лекара.

На “Хваліце” сьпяваем: “Ты навучыўся, Лука, прыдабрашчасны, больш навуцы лекаваньня душаў, чым целаў, і, натхнёны Божай мудрасьцю, да ўсяго здатным паказаў сябе, лікуючы і душы, і целы. Ты заўсёды заклікаеш людзей да ведаў, узносіш да жаданьня Бога, на неба прыводзіш і маленьні за ўсіх, славячых цябе, узносіш”.

Трапар сьвята

Апостал сьвяты і Эвангеліст Лука, маліся да міласьцівага Бога, каб прабачэньня грахоў падаў Ён душам нашым.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.