Friday, October 16, 2009

РАЗУМЕНЬНЕ СЬВЯТА ПОКРЫВЫ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Сьвятамучанік Васілій,(Ліпкіўскій)

Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны

Гэта вялікае сьвята – Покрыва Боскай Маці, якое мы сёньня сьвяткуем, усталявана ў Канстантынопалі на ўспамін досыць нявыбітной падзеі: Калі адзін раз Канстантынопалю пагражала небясьпека ад ворагаў, жыхары Канстантынопаля сабраліся ў царкву Багародзіцы, т.зв. Валахнскую, памаліцца, і вось сьвяты Андрэй, які знаходзіўся тады ў царкве зь сваім вучням Епіфанам, пабачылі ў царкоўнае бані дзівоснае бачаньне: наперадзе стаяла Ўсясьвятая Багародзіца, што трымала на руках сваіх амафор (гэта вопратка япіскапаў, што апранаецца на плечы і азначае служэньне людзям), пакрывала ім людзей, якія маліліся, Сама шчыра малілася за людзей, а побач зь Ёй стаялі і маліліся апосталы, прарокі, мучанікі і ўсе сьвятыя. Гэтае дзівоснае бачаньне падтрымала і суцешыла людзей, а Госпад дапамог ім прагнаць ворагаў.

Падзея гэта досыць нявыбітная, я так казаў, бо ў працягу гісторыі шмат разоў і ў зямлі грэцкае, і ў расейскае, і ў іншых краях, і нават у нас ва Ўкраіне, напрыклад у Пачаеўскае Лаўре, цудоўная ахова Ўсясьвятой Багародзіцы відавочна выратоўвала ад ворагаў. Таму і ў самім Канстантынопалі, дзе гэта дзівосна адбылося, яно зусім не сьвяткавалася. Але, вось у нас на Ўкраіне, Покрыва – гэта вялікае сьвята, вельмі багата храмаў у нас пабудавана ў гонар Покрывы Боскай Маці. У самім асяродку Ўкраінскага казацтва, у Запарожскае Січы, была пабудавана царква ў імя Покрыва Божай Маці. Зразумела, што ўкраінцы сьвяткуюць у гэтае сьвята не гістарычную дапамогу Боскай Маці Канстантынопалю, а сьвяткуюць нешта іншае, значна больш роднае і вартае для душы хрысьціяніна, больш агульнае, духоўнае.

Гэтым сьвятам украінцы наогул адзначаюць веру праваслаўнага хрысьціяніна ў нябесную абарону Божай Маці, у яе Покрыву ўсяго хрысьціянскага сьвету сваёй мацярынскае турботай. Покрыва Божай Маці – гэта ёсьць як бы адзнака прагненьня нашага зямного жыцьця да зьяднаньня зь нябёсным, з Божай Маці і ўсімі сьвятымі, гэта ёсьць ўздым нашага марнага, нікчэмнага жыцьця да вартасьці вечнага, гэта ёсьць наша вера ў нябесную абарону, у нябеснае кіраўніцтва ўсім, што адбываецца ў нашым зямным жыцьці і маленьне аб гэтай абароне і кіраўніцтве…

На сваіх руках Усясьвятая Багародзіца трымала амафор, якім пакрывала людзей. Амафор, значыцца па нашаму наплечнік, гэта ёсьць такі ўбор, падобны да шырокага доўгага ручніку, які накладаюць япіскапу на плечы ў часы богаслужбы. Амафор – гэта адзнака пастырскага служэньня людзям. Хрыстос называе сябе добрым пастырам, які вельмі турбуецца аб сваіх авечках – бярэ на ўласныя плечы і нясе тых авечак да статку, якія адбіліся альбо заблукалі, альбо адышлі (Лк. 15:5). Таксама і Хрыстос усіх людзей свайго статку – царквы, як сваіх авечак, якія заблукалі альбо стаміліся, нясе на плечах Сваёй сусьветнай турботы да іх выратаваньня і нябеснага царства, і гэтым амафорам – наплечнікам у япіскапаў, які ў часе богаслужбы ўяўляюць сабой вечнага Архірэя – Хрыста, адзначаецца вечная турбота Хрыста аб выратаваньні кожнае душы і ўсяго сьвету.

Хрыстос, як першы і вечны Першасьвятар, ёсьць першы слуга выратаваньню людзей, які сам сказаў аб Сябе: “Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.” (Мк., 10:45) Вось гэты свой амафор, значыцца турботу аб выратаваньні людзей, Хрыстос пераклаў і на сваіх найблізкіх слуг: апосталаў, сьвяціцеляў, мучанікаў і ўсіх сьвятых, а прад усім на сваю Ўсячыстую Маці. Вось гэта служэньне Божай Маці выратаваньню людзей, яе Покрыву ўсяго хрысьціянскага сьвету сваім нябесным амафорам, мы сьвяткуем у гэта сьвята Покрывы. На боскіх плячах Хрыста Выратавальніка цяжкім амафорам павісьлі ўсе людзі, усе народы, усе Ягоныя цэрквы; усім Ён служыць, усіх выратоўвае, выратоўвае тых, якія заблукалі, стаміліся, выносіць да Свайго нябеснага царства.

Такім чынам, гэты свой амафор, гэтыю долю служэньня ўсім цэрквам, усім людзям, каб іх вызваляць ад бяды і прыгод, Хрыстос паклаў і на Сваю Ўсячыстую Маці, якая ёсьць выратаваньнем і дапамогай непахіснай для ўсіх нас, для ўсяго сьвету хрысьціянскага. Цяжкім амафорам павісьлі на яе руках усе нашы беды і скрухі, – усе мы грэшныя, беспарадныя, – і Яна, як той “вытканы хітон”, пляце свае малітвы і ўсе апосталы, прарокі і ўсе сьвятыя, таксама як амафорам, абцяжараны заступніцтвам за нас…

Вось гэтай верай ва сусьветны нябесны амафор, у гэтае заступніцтва Божай Маці і ўсіх сьвятых, заўсёды пранятыя былі і ўкраінцы, – пад гэты амафор прыхіляліся, але з гэтым нябесным амафорам прагнулі спалучыць і ўласны зямны амафор – сваё служэньне вызваленьню і палягчэньню жыцьця свайго народу. Паглядзіце на старажытны абраз Запарожскае Божае Маці. Як і зь якім пачуцьцём глядзелі на Ўсясьвятую Дзеву Марыю зь амафорам на руках Запарожцы – старшына з шаблямі за поясам! Якая ў іх вачах гатоўнасьць і самім паслужыць для свайго народу, – узяць на сябе хоць частку, хоць кончык таго нябеснага амафору, каб па яму дабрацца да неба праз палёгку скрухі і бяды свайго абражанага, паняволенага народу, і гэтым чынам зьяднацца зь небам!

За край гэтага нябеснага амафору павінны брацца і ўсе мы, на сябе яго накладаць палягчэньнем цяжару жыцьця адзін аднаго, як да гэтага заклікаў нас і апостал Павал: “Дзін аднаго цяжар насіце і выконвайце закон Хрыстовы”. У гэтым і ўсё заданьне царквы і царкоўнага жыцьця, каб амафор служэньня адзін аднаму, на выратаваньня сьвету і палягчэньня гэтага жыцьця, па часткам разабралі, паклалі на свае плечы і ўсе верныя, і зьяднаньнем гэтага зь нябесным амафорам надаць яму вагу вечнасьці і магутнасьці…

Гэтую вялікую ідэю – аб’яднаньня небе зь зямлёй пад адным сусьветным амафорам братэрскага яднаньня і служэньня адзін аднаму і выратаваньне сьвету – засланіла зямная звычка да панаваньня, прагі да зямной велічнасьці, якая прайшла і ў царкоўнае жыцьцё і захапіла найбольш яго кіраўнікоў. Вось, адзнакай гэтага панаваньня ў царкве і велічнасьці зрабіўся і амафор кіраўнікоў царквы. Бо што ўляўляе зь сябе цяпер афафор на плячох архірэяў? Гэта не столькі адзнака служэньня царкве япіскапа, колькі сымбаль панаваньня над ёй, кіраўніцтва ў ёй.

І накладаецца амафор цяпер у япіскапа па-над царскай вопраткі сакасу, якую насілі візантыйскія цары, а потым далі права апранаць яе і патрыярхам, а неўзабаве і ўсім япіскапам, калі яны зрабіліся іх уплывовымі сябрамі ўраду. У сувязі з гэтым і самому амафору япіскапа надалі выгляд шыкоўнае стужкі, якую апраналі значныя царскія ўраднікі на ўрачыстых імпрэзах (вялікі амафор). І вось выява найбольшага цяжару Хрыстовага і Божай Маці ў турбоце аб выратаваньні сьвету, адзнака братэрскага служэньня людзям – амафор, зрабіўся ў сучасных япіскапаў адзнакай панаваньня ў царкве і паслуг ад людзей.

Браты! Наша Ўкраінская Праваслаўная Царква, народна–саборнакіруемая, зьнішчыла ў сябе япіскапскае панаваньне над царквой, – вызнала япіскапаў толькі як першых слуг сваіх, па слову Хрыстоваму, і павярнула япіскапскаму амафору ў сябе тое вызначэньне, якое ён меў яшчэ ў царкве першых стагодзьдзяў, калі ён апранаўся не на царскі сакас, а на прэсьвітэрскія рызы, што вызначалі “тканы хітон” Хрыста. Такім чынам, амафору сваіх япіскапаў наша царква павярнула першапачатковае вызначэньне – служэньне іх не таму, ці іншаму ўраду, а царкве, значыцца свайму роднаму народу і яднаньні зь вечным Першасьвятаром – Хрыстом.

Але і ўвесь наш украінскі народ, які складае родную царкву, прыняўшы прынцып ўсенароднага саборнага кіраваньня, узяў на сябе значную частку царкоўнага амафору, значыцца цяжару служэньня, згодна Запаветам Хрыста, выратаваньню і палягчэньню жыцьця нашага народу, мусіць яднацца зь нябесным амафорам, які на руках Усясьвятой Дзевы Багародзіцы, сьвятых апосталаў і ўсіх сьвятых, які ёсьць ў іх адзнакай служэньня ўсім цэрквам і народам, усяму сьвету, і як такі накладаецца на плечы вечнага Першасьвятара Хрыста, што ёсьць Агнец Боскі, што ўзяў на Сябе грахі сусьвету.

Вось, браты, якое вялікае значэньне ўкладае наша царква ў гэтае сьвята Покрывы Ўсясьвятой Багародзіцы. Тут надаецца вялікая вартасьць, як заступніцтву Ўсясьвятой Багародзіцы і ўсіх сьвятых за нас, так і пэўны адказ з боку царквы Хрыстовай, значыцца ўсёй грамады верных – адказ сваёй працай, сапраўдным братэрствам, узаемнай дапамогай ў палягчэньні жыцьця, у прагненьні да выратаваньня, да яднаньня зь небам.

Наша Ўкраінская Праваслаўная Царква дала ўжо такі адказ – узьяднала свой братэрскі амафор зь амафорам Усясьвятой Дзевы тым, што менавіта на гэта сьвята Покрывы Багародзіцы ўтварыла свой Першы Ўсеўкраінскі Сабор, 1921 г., і вызвалілася з-пад улады маскоўскае царквы, каб жыць сваім вольным жыцьцём, – непасрэдна яднацца зь нябесным заступніцтвам Божай Маці.

Але багата, браты, яшчэ трэба нам перамагчы перашкод на шляху нашага вызваленьня і вольнага жыцьця; багата яшчэ перацярпець ад наогул варожых адносін да нашае царквы, нават з боку іншых цэркваў. Будзем жа маліць Усясьвятую Багародзіцу і ўсіх сьвятых – сваім нябесным амафорам пакрыць нас і дапамагчы ў гэтай барацьбе і цярпеньні. Але найбольш перашкод да вызваленьня нашай царквы, да яднаньня яе зь нябесным амафорам, уяўляе не што іншае, як наша ўласная кволасьць, недасьведчанасьць, наша абыякавасьць, разьяднанасьць, здрадлівасьць і ўсе тыя сумныя наступствы нашага векавога зьняволеньня, якія трымаюць нас, быццам закаваных у кайданы…

Вызваліцеся, яднайцеся, заклікаў калісьці наш народ яшчэ Тарас Шаўчэнка. Але вызваліцеся самім, разарваць гэтыя кайданы на саміх сябе – гэта перабольшвае нашы сілы… О, Усячыстая Дзева Багародзіца! Дапамажы ж нам вызваліць царкву і народ наш ад усіх бед і нападаў, і самім вызваліцца ад уласнае няволі і нямогласьці годным Тваім амафорам! Амін!


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.