Monday, September 28, 2009

СЛОВА НА ЎСЯСЛАЎНАЕ ЎЗЬНЯЦЬЦЯ КРЫЖА СЬВЯТОГА АНДРЭЯ, АРХІЯПІСКАПА КРЫЦКАГА

Мы славім Крыж, і ўся Царква напаўняецца бляскам славы. Мы славім Крыж, і твар усяго сусьвету азараецца зьзяньнем радасьці. Мы славім Крыж, і адыходзіць змрок і разьліваецца сьвятло. Мы славім Крыж, і зь Укрыжаваньнем ўзносімся, каб, пакінуўшы ніжэйшую зямлю разам з грахом, атрымаць небе і нябеснае. Крыж узьнімаецца, і шумны рык дэманаў змаўкае. Крыж узьнімаецца, і варожа сіла сатаны, уражаная, падае і разбураецца. Крыж узьнімаецца, і ўсе вернікі сыходзяцца. Крыж узьнімаецца, і гарады урачыстасьць зьдзяйсьняюць і народы сьвяткуюць сьвята. Так, адна згадка Крыжа ўжо абуджае да жыцьцятворчай радасьці і паслабляе цяжкую скруху.

Наколькі ж важна бачыць сам вобраз Крыжа? Погляд на Крыж удыхае мужнасьць і выганяе страх. Так важна атрыманьне Крыжа! Хто атрымаў Крыж, той атрымаў скарб. Вы, магчыма, думаеце, што я пад скарбам разумею золата, альбо маргарыт і каштоўныя камні Індыі, чым спакушаюцца людзі плоці, адданыя мітусьні? Не. Лепшае і найбольш каштоўнае зь усіх скарбаў і па імю і па якасьці, па ўсёй справядлівасьці ёсьць, па майму меркаваньню, Крыж, на якім, праз які і ў якім сьцьверджаны і пабудаваны дом нашага выратаваньня. Калі б не было Крыжа, то і Хрыстос не быў бы ўкрыжаваны. Калі б не было Крыжа, то і Жыцьцё не было б працьвічанае да дрэва. А калі б Жыцьцё не было працьвічанае, то не падаліся б з рэбраў бруі несьмяротнасьці – кроў і вада, ачышчаючыя сьвет, рукапісаньне граху не было б разарванае, нам бы не была б падаравана свабода, мы не пачалі б насалоджвацца дрэвам жыцьця, не адчыніўся б для нас эдэм, палымянае, зьвяртаючаеся зброя не адступіла б ад Эдэму, і разбойнік не зрабіўся б насельнікам раю.

Што я кажу? Калі б не было Крыжу, то і Хрыстос не быў бы на зямлі. А калі б не быў Хрыстос на зямлі, то не было б і Дзевы, і другога нараджэньня Хрыста, Бог не ачалавечыўся б, не было б ні Немаўля, ні ясьляў, ні пялёнак, ні абразаньня на восьмы дзень, ні сілкаваньня, ні паслухмянства бацькам, ні ўзрастаньня цялеснага, ні зьяўленьня ў сьвеце; не было б ні хросту, ні цудаў, ні Юды здрадніка, ні судзьдзі Пілата, ні натоўпу Юдэяў, зь крыкам патрабуючых укрыжаваньня Невінаватага. Калі б не было Крыжа, сьмерць не была б зваявана, апраметная не была б спустошана, і варожы зьмей не быў бы зьнішчаны. Таму Крыж – вялікі і каштоўны здабытак! Вялікае таму, што праз яго яўлены вялікія дабрадзейства, тым больш вялікія, што цуды і пакуты Хрыста атрымалі перамогу над усім сусьветам. Каштоўны, паколькі Крыж служыць знакам пакут Хрыста і Яго перамогі. Пакут: бо Ён добраахвотна прыняў на ім сьмерць. Перамогі: бо ім зьнішчаны злы, пераможана сьмерць, брама апраметнай разбураны, і Крыж зрабіўся агульным выратаваньнем для ўсяго сусьвету.

Крыж – надзея хрысьціян, выратавальнік кінутых у адчай, прытулак ахопленых бурай, лекар зьнямоглых, пераможца запалаў, падаўца здароўя, жыцьцё гінуўшых, законапакладальнік набожнасьці, пераможца нягоднай ганьбы. Крыж – зброя супраць ворагаў, скіпэтар цараваньня, дыядэма прыгажосьці, закон ненапісаны, вобраз неначартальны, жазло сілы, цьвярдыня веры, апора старасьці, кіроўца сьляпых, сьвятло для зьмешчаных у цемры, настаўнік невукам, лектар юнакам, назіральнік хлапчукам, нянька для немаўлят, пераможца граху, весьнік пакаяньня, голас праўды. Крыж – лесьвіца на неба, шлях да дабрадзейнасьці, залог жыцьця, сьмерць для сьмерці, адрыньваньня тленьня, утаймавальнік вагню, дзёрзкасьць да Бога, ключ да нябеснага царства. Крыж – ахоўнік ноччу, цьвярдыня днём, маяк у цемры, утаймавальнік у радасьці, суцяшальнік у смутку, хадайніцтва, прымірыцель, дапаможнік, абаронца, заступнік. Крыж – дапамога пры спакусах, захавальнік у небясьпецы, суцяшальнік у скрусе, дапамога ў патрэбах, капітан у моры, радасьць у няшчасьці. Крыж – ахоўнік сьпячых, дбаючы зь дбаючымі, дапамога працуючым. Крыж моц зьнямоглым, спакой стаміўшымся, ежа галодным, падмацаваньне посьнікаў, дарадца падзьвіжнікам, вопратка голым, спадарожнік вандруючым.

Крыж – утаймавальнік багатых, задум аб бедных, абаронца ўдоваў, заступнік і гадавальнік сірот, Крыж – гонар уладароў, цьвярдыня Ўладык, перамога павадыроў, пячатка дзявоцтва, саюз шлюбных. Крыж – ахова гарадоў, агароджа жыльля, пасярэднік сяброў, помста ворагам, супраціўнік тыранам, прасьледавальнік язычнікаў, абарона ад варвараў, ахоўнік цішыні. Крыж – цар любові, прымірыцель сьвету, саюз тварэньня, вызначальнік межаў любові – вышыня неба, глыбіня зямлі, даўжыня і шырыня сусьвету. Коратка кажучы: Крыж – галава пакут Хрыстовых, вянец адбыўшыхся для нас цудаў.

Таму Крыж і завецца славай Хрыстовай і вышынёй Хрыстовай. Таму ён і лічыцца чарай жаданай і сукупнасьцю пакут Хрыстовых, за нас перанесеных. А што Крыж складае славу Хрыстову, паслухаем аб гэтым самога Хрыста. Ён кажа: “сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім; калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.” (Ян. 13:31-32). Таксама: “І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету.” (Ян. 17:5). І яшчэ: “Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.” (Ян. 12:28) Тут Хрыстос кажа аб славе, якая суправаджала Яго Крыж, – г.з. замяшаньні тады стыхій, і спачуваньня прыроды. Бо належала, каб стварэньні спачувалі Творцы. А што Крыж складае і вышыню Хрыстовы, слухай , што казаў Хрыстос: “І як Майсей падняў зьмяю ў пустыні, так мае быць падняты Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае.” (Ян. 3:14-15). Бачыш лі, што Крыж складае славу і вышыню Хрыстову?

Жадаеш лі ведаць, што ёсьць слава, і што ёсьць вышыня Хрыстова? Слухай, што гаворыць Давыд: “Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа; і над усёю зямлёю будзе слава Твая” (Пс. 107:6). І зноў Ісая, ад імя Хрыста: “І вернуцца збаўленыя Госпадам, прыйдуць на Сіён з радасным гоманам” (Іс. 35:10). І так паколькі слава ёсьць вышыня; то і Хрыстос, узьняўшыся на Крыж, услаўляецца. Калі ж Крыж Хрыстовы складае славу; то і ў сёньняшні дзень узьнімаецца Крыж для таго, каб Хрыстос услаўляўся. Не Хрыстос узьнімаецца, каб уславіць Крыж, але ўзьнімаецца Крыж, каб уславіць Хрыста. А Хрыстос услаўляецца, каб нас ўзьнесьці зь сабой. Такім чынам, калі ўзьнімаецца Крыж, тады зь ім разам узвышаецца і дух набожных. Услаўляецца Хрыстос, і зь Ім услаўляюцца славячыя Яго. Узьнімаецца Крыж, і перамагаецца гонар дэманаў. Услаўляецца Хрыстос, і старажытны злы зьмей пасаромлены. Узьнімаецца Крыж, і ўзьнімае паўшых. Услаўляецца Хрыстос, і зьнішчае сорам пераможаных грахом. Узьнімаецца Крыж не толькі таму, што Хрыстос быў узьнесены на ім, але і таму, што, зьяўляючыся атрыманым, выкрыў вар’яцтва юдэяў.

А калі і як атрыманы Крыж? Пры імпэратарах, вераваўшых у Хрыста; з рэшты, не так ён атрыманы, як калі б нехта наўмысна падрыхтаваў Крыж, каб падмануць народ адным падабенствам на праўду, але атрыманы сілай Боскай і натуральнай, адзінай сілай і цьвёрдасьцю веры. Бо Крыж – скарб Боскі. Калі Гаспадар жыцьця і сьмерці, праз тры дні пасьля сваёй крыжовай сьмерці, уваскрос: тады юдэі, уражаныя стрэламі зайздрасьці і апантаныя страхам (каб ніводнае з годна шанаваных і сьвятых прылад пакут Хрыста, захаваўшыся, не зрабілася прыладай помсты юдэям і абароны для хрысьціян), зарылі ў зямлю, і такім чынам схавалі скарб – г.з. Крыж, і ўсе іншыя прылады крыжовыя, менавіта: цьвікі, дзіду і надпіс, напісаную Пілатам і прымацаваную на Крыж .

Але калі Бог уручыў хрысьціянам царскія скіпэтры і ўсю ўладу над рымлянамі, у менавіта гэты час Яму было заўгодна аддаць Крыж праз жанчыну набожную, жанчыну царыцу, жанчыну, упрыгожаную царскай мудрасьцю, дабраваліў аддаць ў цараваньне Сына яе над хрысьціянамі без усялякіх выселкаў чалавечых, нараіўшы жанчыну (скажам так) Боскай сваёй Мудрасьцю, каб яна, скарыстаўшыся часткова царскай веліччу, часткова сілай слова, уласьцівай царскай асобе, выкарыстала ўсё, што толькі магло зварушыць непрыхільнае сэрца Юдэяў. І вось, сусьветны скарб не доўга хавалася ад царыцы, шукаўшай яго без усялякай павольнасьці. Рука Боская хутка падала ёй падарунак свой, г.з. той самы Крыж Госпада, які цяпер узьнімаецца для ўсяго сусьвету; а разам зь ім уручыла і іншыя прылады, якімі зьдзяйсьнялася добрае і выратавальная для сусьвету пакута. Таму мы цяпер і зьдзяйсьняем урачыстасьць, таму і сьвяткуем, што ў гэты дзень атрымана даўно схаваная сьвятыня; што гэты схаваны скарб, быў выцягнуты зь зямлі, зазьзяў як золата; што ўладарны сьцяг царства Хрыстова, раней закапаны, выйшаў на сьвятло; што бура дэманічная сьціхла пры зьяўленьні Крыжа; што меч супраць ворагаў, меч самакованы, зазьзяў зь цемры; што Царква атрымала сваё суцяшэньне; што валодаючы скарбамі знайшла загубленую драхму; гэта – Крыж Хрыстовы, знак Госпада, зброя выратаваньня, дзяржава царская, трафэй перамогі, пасярэднікі паміж небам і зямлёй, цьвёрды саюз веруючых, слава апосталаў, люстэрка прарокаў, вянец мучанікаў, залог ушаноўваючых Хрыста.

З таго часу, як існуе Крыж Хрыстовы, Хрысту прыносіцца пакланеньне. З часу Крыжа Хрыстова мы пазналі Сына Боскага. З часу Крыжа Хрыстовага мы шануем Сына зь Айцом. З часу Крыжа Хрыстовага абрады Юдэйскія скасаваліся, язычніцтва пала, хрысьціянства ўзьнялося, паветра асьвяцілася, мы вызваліліся ад крывавых ахвяр, зрабіліся ўдзельнікамі ў бяскроўным ахвярапрынашэньні. З часу Крыжа Хрыстова зьнік смурод дэманаў, і мы пачалі адчуваць духоўны водар міру пралітага (Песьн. 1:2). З часу Крыжа Госпада пераўтварыліся ў нішто казачныя радаводы багоў. З часу Крыжа Хрыстовага мы спавядаем таямніцу Боскага Нараджэньня Ісуса па чалавечы. З часу Крыжа Госпада мы пазнаем безпачатковы Пачатак, сыходзячы зь Пачатку прадвечнага. З часу Крыжы Госпада мы навучыліся вераваць у Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, і адпрэчылі згубнае і ілжывае трызьненьне паганскага шматбожжа. З часу Крыжа Хрыстовага мы адагналі ад сябе цені прадзнакавых вобразаў і прымірыліся зь сьветам ісьціны – дабрынёй. З часу Крыжа Госпада сьмерць пагарджаецца, ідалы разбураны, прынашэньня жывёл у ахвяру спынілася, дэманы прагнаныя, паганскія капішча разбураны ўшчэнт. Паўсюль Царквы, алтары, сьпевы, усяночныя дбаньні; паўсюль Багаслоўе, адбываюцца хросты, аднадомнасьць вернікаў, пазнаньне Пісаньня, грэблівасьць да зямнога, атрыманьне нябесных дабротаў, зносіны з Богам. Але для чаго шмат казаць? З часу Крыжа Госпада людзі жывуць зь Анёламі, неба адчынена для народжаных на зямлі, і Бог прысутнічае і ўсяляецца паміж людзьмі.

О Крыж, Хрыстова і наша шмат імянная пахвала! О дрэва добрага знаку, на якім Хрыстос раскінуўся! Лаза несьмяротнасьці, зь якой Хрыстос–вінаград, падаў для нас піцьцё жыцьця! О Крыж, якім разарваны сьвітак з пісаньне граху, і напісаны запавет свабоды! О Крыж – скарб вечных дабротаў, шлях да раю, ключар царства, збаўца ад грахоў, падаўца перамог. Хрыстос, укрыжаваны на табе, зрабіў цябе дрэвам жыцьця. Хрыстос, працьвічаны да цябе, зрабіў цябе лесьвіцай, што вядзе на нябёсы. Хрыстос, павешаны на табе, разарваў путы скаваных грахом. Хрыстос, добраахвотна ўзьняты на цябе, узьнёс зь сабой і сусьвет. Хрыстос, узьнесены на цябе дзеля нас, захапіў і меднага зьмея, узьнятага на сьцяг. Няма больш меднага зьмея, які праз адзін погляд на яго, вылечваў раны ўражаных зьмеямі. Няма больш зьмея, ахоўваючага ногі на шляху (Лік. 21:8). Ужо больш не пракляты нехта зь вісячых на дрэве (Друг. 21:25). Якім жа чынам? Такім, што дабраслаўлёны юнак Ісус, Сын Боскі, ператварыў пракляцьце, ляжачае на нас у дабраслаўленьне. Крыж ужо ня ёсьць больш прадметам пракляцьця; клятва працьвічаная да Крыжа; Хрыстос зьнішчыў праклён, і паслаў на нас дабраслаўленьне.

Гэты ж Крыж Хрыстовы зрабіўся для нас крыніцай усіх дабротаў. Ён завецца рознымі імёнамі. Ён завецца жазлом праўды, цараваньня, сілы, спадчыны. Пасад Твой, Божа, зь стагодзьдзя ў стагодзьдзя: “жазло праўды – жазло царства Твайго. … паб'еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны ” (Пс. 44:7; 2:9). “Тваё жазло і твой посах – яны супакойваюць мяне.” (Пс. 22:4); дрэвам жыцьця “Яна – дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!” (Выс. 3:18) – і проста дрэвам: “будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае” (Пс. 1:3) – дзе? Давыд паказвае: пры крыніцы водаў; – якіх водаў? Боганатхнённага Пісаньня. Крыж завецца падножжам: “Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно!” (Пс. 98:5), месцам “Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных. … ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты, … пакуль не знайду месца Госпаду, жытла Моцнаму Якава” (Пс. 131:7, 4, 5).

Патрыярх Якаў прадвызначыў гэты Крыж, калі крыжавобразна паклаў рукі на ўнукаў сваіх, Яфрэма і Манасію (Быц. 48:14). Той жа патрыярх прадвыявіў Крыж, калі пакланіўся на верх жазла Іосіфу (Быц. 47:31). Жазло таго ж патрыярха Якава было правобразам Крыжа пры пераходзе праз Ярдан. Бо Якаў кажа: “я з кіем маім перайшоў гэты Ярдан” (Быц. 32:10). І крыху раней быў выяўлены Аўрааму знак Крыжа ў выглядзе рог барана, што “заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі” (Быц. 22:13), калі патрыярх таямніча зьдзяйсьняў правобразную ахвяру, прадзнак Ўкрыжаванага.

Крыж быў прадказаны і Ісакам, што нёс дровы ўсяспаленьня і хутка ідучым за айцом сваім, як ахвяра, якую Аўраам сьпяшаўся прынесьці (Быц. 22:6). Моц Крыжа і прадвызначала і жазло Майсея, ператворанае ў зьмея, які атрымаў перамогу над жэзламі эгіпэцкімі, сажраўшы іх, а для эгіпцян ператварыў у кроў воды рэк, каб яны былі непрыдатныя для піцьця. Па ўзмаху жазла Майсея зьявіліся зь вады жабы, наляцела саранча, зараіліся мухі, раскінулася цемра, і ўсе іншыя пакараньні сышлі на Егіпет (Вых. раз. 7 і наступныя). Тое жазло Майсея было вобразам Крыжа, калі Майсей падзяліў жазлом Чорнае мора і разышліся воды, зрабіўшыся да яго і ягонага народу сьцяной з правага і левага бакоў (Вых. 14:21-22). Правобразам Крыжа быў слуп вогнены і слуп хмарны, пры дапамозе якіх Бог кіраваў на шляхах вандруючы Ізраіль, зьбегшы зь Егіпту (Вых. 13:21). Выгляд Крыжа выявіў і сам Майсей на гары, узьнімаючы рукі свае, калі Ісус змагаўся зь іншапляменьнікам Амалікам, і калі Майсей быў падтрыманы Аронам і Арам, а Ізраіль умацоўваўся і пераадольваў (Вых. 17:11). Вобраз Крыжа прадказала і жазло, ударыўшае ў камень у пустэльні, і выявіўшае зь няплодных нетраў яго багатыя крыніцы. Прадвыяўляў таямніцу Крыжа і Ісая, перапілаваны на дзьве часткі дзеравянай пілой. Прамаўчу аб Амане, павешаным на дрэве (Эф. 7:10), і аб Сісары, працятым намётным калком, хоць і яны ясна выяўляюць Крыж (Суд. 4:21). Але нельга не ўзгадаць аб накідцы Іліёнавай, прадвызначыўшай моц Крыжа, калі Ільля, падзяліўшы пры дапамозе накідкі Ярдан, прайшоў па яму, як па сушы (4 Цар. 2:8). Магчыма лі абмінуць маўчаньнем і цуд Елісея, калі ён апусьціў дрэва ў ваду, і тым выцягнуў зь дна ракі жалезную сякеру, падняўшы цяжкі мэталь лёгкім кавалкам дрэва (4 Цар. 6:6)? А што жазло, узрасьціўшае ў адну ноч галіну, кветкі і плады (Лік. 17:18)? Не відавочна лі і яно паказала правобраз Крыжа?

Па праўдзе вялікі Крыж, паўсюль у Пісаньні прадказаны і прадвыяўлены, выяўляючы вобраз тых цудаў, якія штодзённа сілай Ягонай адбываюцца. Пакланяйцеся Крыжу, бо праз яго мы пазнаем Госпада. Крыж годна шануем, бо дабраслаўлёны Ўкрыжаваны на ім. Крыж годны пакланеньню, бо праз яго мы прынялі дабраслаўленьне і вызваліліся ад клятвы. Крыж годны пакланеньню, бо праз яго мы выплюнулі горкі плод дрэва непаслушэнства, і спажылі салодкасьць выратаваньня. Дабраслаўлёна дрэва: праз яго прынялі дабраслаўленьне народы. Дабраслаўлёна дрэва: на ім Бог раскінуўся плоцьцю. Бачыць Бога – укрыжаванага, і пры гэтым сярод разбойнікаў, якое відовішча можа быць дзівосьней? Дабраслаўлёна дрэва: праз яго разбойнік увайшоў у рай, і спажываньня ад гэтага дрэва зьнішчыла спажытую горач. Можа лі нешта быць больш годным? – Жыльлё, якое зачыніў спакушаны Адам, адчыніў разважлівы разбойнік, і адкуль Адам быў выгнаны, туды разбойнік пакліканы, і там упрыгожаны чынам грамадзяніна. Якое згоднае адрозьненьне! Выйшаў рабаўнік і рабаўнік увайшоў: першы праз паслушэнства, апошні праз спавяданьне; адзін абвінавачаны зь спакушальнікам, другі ўкрыжаваны разам з Творцам сваім.

Дабраслаўлёна дрэва, з якога створаны каўчэг, таямніча выратаваўшы сусьвет ад патапленьня. Дабраслаўлёна дрэва, ад якога разбойнік спажыў, і ўдастоіўся райскай асалоды. Дабраслаўлёна дрэва, ад якога прабацька Адам не смакаваў раней, пасьпяшыўшы спажыць ад дрэва пазнаньня, чаму і зьмяніў жыцьцё на сьмерць,– і якасьць якога пазнаў ужо пасьля, калі перайшоў у раскаяньне, за што і павернуты ў ранейшы стан. Дабраслаўлёна дрэва, магутнасьцю якога мышцы ганарлівых паслабляюцца, палкі ворагаў перамагаюцца, варвар адступае і скіф бяжыць, калі нават ніхто не гоніць яго. І так ў сёньняшні дзень разам са мной ўзьнясіце галасы свае, і скарбніцу Крыжа прынясіце з пакланеньнем выслоўе Пісаньня. Скарбам Крыжа я называю Хрыста Сына Боскага. Да гэтага ж скарбу і мусім сёньня зьвярнуцца са словамі Пісаньня: “Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё, бо Ты вялікі, творыш дзівосы, – Ты, Божа, адзіны Ты. (Пс. 85:9-10)


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.