Sunday, November 23, 2014

АРХІПАСТАРСКАЕ ПАСЛАНЬНЕ ВЫСОКАПРААСВЯШЧЭНАГА АНТОНІЯ, МІТАПАЛІТА ХМЯЛЬНІЦКАГА І КАМЯНЕЦ-ПАДОЛЬСКАГА Ў ПЕРШУЮ ГАДАВІНУ РЭВАЛЮЦЫІ ГОДНАСЬЦІ

Дарагія браты і сёстры!
Сёньня для нас асаблівы дзень. У сьвята сабора Архістратыга Міхаіла і ўсіх іншых сілаў нябесных безьцялесных мы адзначаем асаблівы дзень – гадавіну Рэвалюцыі Годнасьці. Яна ўжо стала часьцінкаю гісторыі кожнай нашай сям’і. Яна сталася сымболем подзьвігу, мужнасьці, ахвярнасьці абаронцаў Праўды Хрыстовай. Яна паказала сьвету іх моцную веру, ахвярнасьць, згуртаванасьць, мужнасьць і моц нашага ўкраінскага духу!
Год таму ўкраінскі народ прыйшоў на Майданы, каб абараніць сваё права на вольнае жыцьцё, свой хрысьціянскі цывілізацыйны выбар. Гэтая змаганьне са злом згуртавала ўсе здаровыя сілы Ўкраіны. Студэнты і працоўныя, сяляне і навукоўцы, бізнэсоўцы і дактары – усе слаі нашага народа не пашкадавалі жыцьця, сілаў і здароўя дзеля сьвятой мэты – набліжэньня да “міру і ісьціны” (Ер. 33:6). У гэтым змаганьні праявіліся найлепшыя маральныя якасьці людзей: ахвярнасьць, гераізм, патрыятызм, мужнасьць, але найперш – любоў да бліжняга.

Мы перамаглі на Майданах не зброяй, бо яе ў нас не было. Мы перамаглі Хрыстовай любоўю, бо вызвалілі свае сэрцы ад нянавісьці і злоснасьці, аб’ядналі свае душы і сэрцы ў шчырай малітве да Бога пра мір і шчасьце нашага народа.
На алтар перамогі было пакладзена багата ахвяраў. Сотні герояў, у тым ліку – найлепшыя сыны і дачкі нашай Падольскай зямлі, аддалі свае жыцьці і здароўе за гэтую перамогу. Таму сёньня нашая Хмяльніцкая епархія Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату заклікае да ўшанаваньня памяці герояў Майдану. Яны шчыра выканалі запавет Хрыста Збаўцы: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13). Яны ахвярна паклалі свае жыцьці за мір і спакой, сваёю крывёю акрапілі нашу зямлю, чым паказалі веліч мужнага адпору ліху і гвалту. Узносім свае малітвы за спачын іх душаў, каб Міласэрны Хрыстос прыняў іх у Свае нябесныя дамы.
Мы перамаглі на Майдане, але ліха не адступіла. Перамога Праўды Хрыстовай кінула яго ў лютасьць і нянавісьць, у новую вайну і прагу крыві. Вайна, якую распачала Расейская Федэрацыя супраць нашай Радзімы, ужо сабрала сьмяротнае жніва: прынесла пакуты і загібель для процьмы людзей, руйнаваньне гарадоў і вёсак, “спусташэньне і вынішчэньне, голад і меч” (Іс. 51:19). Але мы застаемся згуртаванымі і стаім у Праўдзе Хрыстовай, таму і ёсьць нязломнымі.
Першую гадавіну Рэвалюцыі Годнасьці мы сустракаем з Богам, як Яго сапраўдныя дзеці, і з гэтага радасьць нашая здабывае вялікі духоўны зьмест. З сэрцам, споўненым падзякі за “мілату, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага” (1 Цім. 1:2), мы падносім да Ўсявышняга малітву за Ўкраіну і за ўвесь сьвет, якія патрабуюць “праўды, веры, любові і міру” (2 Цім. 2:22)

+ Антоній,

Мітрапаліт Хмяльніцкі і Камянец-Падольскі.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.