Sunday, December 11, 2011

АБ ЦУДАТВОРНІЦТВЕ Ў СУБОТУ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
У Эвангельлі часта распавядаецца пра тое, як Хрыстос здзейсьніў той ці іншы цуд у суботні дзень і гэтым выклікаў зьдзіўленьне адных, абуранасьць іншых і вялікую, глыбокую радасьць людзей простых, якія не задумваліся над парушэньнем Ім закону, а цешыліся аб тым, што Бог, як бы парушаючы закон, можа быць, выяўляе бясконцую Сваю літасьць, Свой удумлівы клопат пра людзей. І перад намі устае пытаньне: чаму Хрыстос у суботні дзень, як бы ў парушэньне старажытнага заканадаўства, зьдзяйсьняе Свае справы міласэрнасьці? І чаму заўсёды гэтыя справы міласэрнасьці зьяўляюцца цудам вылячэньня цела і, разам з гэтым, цудам духоўнага адраджэньня чалавека? Няўжо Хрыстос зьдзяйсьняе Свае справы міласэрансьці, выяўляе Боскую ўладу прабачаць грахі, Боскую сілу рабіць чалавека суцэльным да канца, у душы, у целе, ва усім — у суботні дзень для таго толькі, каб выклікаць зьдзіўленьне?..
Гэта не дарэмнае пытаньне, таму што усё, што датычыцца Хрыста, мае да нас прамое, непасрэднае, асабістае стаўленьне. Калі гэта здарылася тады, калі Апосталы палічылі патрэбным нам гэта распавесьці, то для таго, каб мы таксама не толькі задумаліся, але штосьці зразумелі, чаго не маглі зразумець людзі ў той час, таму што яны не ведалі Хрыста, не ведалі, хто Ён, і не разумелі таго, што разумеем мы зараз.
Бог спачыў ад спраў Сваіх у сёмы дзень. Шэсьць дзён Ён дзеяў, шэсьць дзён мы бачым, як спачатку зь нішто, а потым — з хаосу жыцьця Ён выклікае адну рэч за іншай, адна істоту за іншай, як паступова, можна сказаць, расчыняецца Сусьвет, як кветка, расквітае Сусьвет. Кожны дзень пачынаецца увечары, і кожны дзень расквітае новая раніца, і штораніцы ў адносінах да будучага, наступнага дня зьяўляецца як бы увечар. Распачынаецца жыцьцё ад славы да славы, ад прыгажосьці да прыгажосьці, ад велічы да велічы; і калі усё зьдзейсьнена, калі створаны чалавек, выява Боская на зямлі, якому Бог даручае клопат пра яе, Бог спыняе Сваю творчасьць і спачывае ад спраў Сваіх.
Але што ж далей? Далей, зямля наша даручана чалавеку. Як сказаў каталіцкі архібіскуп Кёніг, сёмы дзень адпачынку Боскага зьяўляецца днём і часам творчасьці чалавека. І вось у гэтым дні мы жывём. У Старым запавеце, да Хрыста, чалавек намагаўся стварыць чалавечае грамадзтв, пабудаваць горад чалавечы, і ў гэтай спробе сплятаецца шмат натхненьня, шмат прыгажосьці, і вельмі шмат страшнага і выродлівага. Грэх чалавечы страшным чынам пераплятаецца з праўдай Боскай, натхненьне, якое яму дадзена ад Бога, сутыкаецца з грэшнасьцю, якую сам чалавек, выклікаў да жыцьця. І прыходзіць нейкі момант, тая поўнасьць часу, калі Сам Бог уваходзіць у чалавечую гісторыю, калі Сын Божы робіцца Сынам чалавечым, калі Слова робіцца целам. У гэты момант, у гэты кароткі трыдцаці трох гадовы час, сярод людзей ёсьць адзін Чалавек, Які зьяўляецца Чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова, дасканалым чалавекам. Дасканалы Ён таму, што Ён адначасова і дасканалы Бог. Бо пакуль чалавек не злучыўся неразлучна, назаўжды, да самых глыбінь сваіх з Богам, ён яшчэ не ў поўным сэнсе чалавек, ён толькі на шляху свайго ачалавечаньня. Хрыстос, таму што Ён — Богачалавек, зьяўляецца Чалавекам у поўным, завершаным сэнсе гэтага слова. І ў Яго асобе час чалавечы знаходзіць таксама сваё папаўненьне. Ён — адзіны ў дасканаласьці Чалавек, можа уступіць у гэты сёмы дзень і дзеяць у ім Боскую волю, дасканалую, выратавальную. Гэты сёмы дзень, які зьяўляецца днём адпачынку З—за чаго, зьяўляецца адначасова, зь Увасабленьня, днём Сына чалавечага. Чалавеку было даручана Богам давесьці да дасканаласьці тое тварэньне, якое Бог зачаткава зьдзейсьніў. Сьвяты Максым Спавяданьнік нам кажа, што чалавек прыналежыць двум сьветам: целам сваім — зямлі і душой сваёй, усёй адушаўлёнай істотай, духам сваім — Боскаму сьвету. Бо ў Ім спалучаўся той і іншы пачатак, Яму было дадзена быць тым зьвяном, якое можа злучыць зямлю і неба, зрабіць зь зямлі вобласьць духу…
Але чалавецтва упала, сьвет стаў пачварным, выродлівым, страшным, сьмерць атрымала неабмежаваную уладу, зло дзейнічае амаль вольна. І справа чалавека — перамагчы зло і вярнуць Богу той здабытак, той рэчавы сьвет, які Бог стварыў, які Ён даручыў чалавеку і які чалавек здрадзіў сваім падзеньнем, аддаў ва уладу разбурэньня. І роля чалавека, калі той вяртаецца да Бога, зьвяртаецца зноў да Яго, — вылечыць тое, што здарылася, і вясьці далей стварэньне туды, куды яна павінна прыйсьці — у Царства Боскае.
І вось Хрыстос, дасканалы Чалавек, таму што Ён Бог дасканалы, у гэты сёмы дзень, у гэты дзень суботні, паказваючы нам як бы ў прыпавесьці усё наша пакліканьне, вылечвае целы, абнаўляе душы, аднаўляе тое адзінства паміж Богам і стварэньнем, якое было страчана. І таму цуды Хрыстовы ў суботні дзень не зьяўляюцца проста выклікам, абразай, зьневажэньнем для тых, якія бачылі толькі літару Старога запавету, закон: гэта неабходнасьць. Хрыстос дзее ў сёмы дзень тая справа дня сёмага, які зьяўляецца днём чалавека, які зьяўляецца гадзінай чалавечай творчасьці.
Але гэты сёмы дзень — не толькі субота ў канцы старазапаветнага тыдня. Гэты сёмы дзень — увесь прамежак часу, які даручаны чалавеку і які сьцелецца зь дня, калі Творца і Бог наш спачыў ад спраў Сваіх, да дня, калі зноў прыйдзе Хрыстос у славе, у гэты раз судзіць жывым і мёртвым, усталяваць Царства Боскае, пачатак вечнасьці. І гэты сёмы дзень, гэты прамежак часу, зараз, зь Увасабленьнем Хрыстовым атрымаў зусім новае значэньне і новы зьмест. Гэта не час, калі Бог адступіўся ад Сваёй творчасьці, усястваральнае працы з тым, каб пакінуць яе чалавеку, гэты новы час, у які Бог Сам уключыўся міласэрнасьцю, спачуваньнем, любоўю, Сам увайшоў, каб быць зь намі. У нейкім сэнсе, зь Увасабленьнем Хрыстовым гэты сёмы дзень ужо як бы зачаткава носіць у сабе усю славу, усю глыбіню, усю пераможную сілу таго, што Сьвятое Пісаньне заве Восьмым днём, днём, калі запануе Бог, калі больш нічога не застанецца ні ад сьмерці, ні ад зла, ні ад расстаньня зь Ім...
Калі мы думаем пра канец часоў, мы думаем большай часткай пра Страшны суд і пра тое, што будзе потым. Хрыстос ясна нам кажа ў Эвангельлі, што суд ужо прыйшоў: суд прыйшоў тым, што Бог прыйшоў у сьвет. Але ў першы раз, Увасабленьнем Хрыста, Ён увайшоў ледзь прыкметна, Ён увайшоў ціха, Ён быў пазнаны толькі тымі, у якіх сумленьне было чыстым, якім Айцец гэта адкрыў.
І ў гэтым часе, у гэтым дне сёмым, у якім мы жывём, але куды ужо укаранілася вечнасьць, мы павінны жыць і дзеяць. Хрыстос гэта нам ясна паказаў у тым сёмым дне, у субоце, калі Ён дзеяў цуды, вылечваў цялесна, абнаўляў душы. Бог увайшоў сваечасова, і мы прылучаны гэтаму Богу, і мы закліканы ў гэтым часе дзеяць Ягоную справу. Мы недастаткова гэта разумеем, мы недастаткова разумеем маштаб нашага хрысьціянскага пакліканьня, мы недастаткова разумеем, што мы закліканы з Хрыстом і падобна Хрысту зьмяніць сьвет. Ён нас заве дзецьмі сьвятла, калі Ён Сябе заве Сьвятлом сьвету. Мы павінны б, падобна Яму, быць сьвятлом, якое працінае цемру, што адымае ў цемры яе цемру, яе чорнасьць. Заходні духоўны пісьменьнік кажа, што хрысьціянін гэта чалавек, якому Бог даручыў клопат пра іншых людзей, пра сьвет, клопат аб усім. Пра гэта нам кажа тое, што Хрыстос у суботні дзень зьдзяйсьняў цуды. Гэты суботні дзень — час, калі павінна быць вылечана усё, што паранена грахом, уваскрэшана усё, што уражана сьмерцю, вернута ў выяву і падабенства і прыгажосьць усё тое, што збрыджана. І пачынаецца гэта праца, вядома, для кожнага зь нас, у нас саміх. Але не толькі ў нас саміх. Наша пакліканьне не ў тым толькі, каб самім зьмяніцца, але ў тым, каб быць сьвятлом, цяплом, любоўю Госпада, таму што мы — Гасподні... Амін.

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.