Saturday, May 21, 2011

АКАФІСТ СЬВЯТОМУ АПОСТАЛУ І ЭВАНГЕЛІСТУ ЯНУ БАГАСЛОВУ

Кандак 1
Абраны Госпадам ад справы рыбацкай на пропаведзь Эвангельля і ад лоўлі рыбы на лоўлю душаў чалавечых у сьвятло праўдзівай веры, вялікі апостал, вучань, сябра і наперсьнік Хрыстовы, умалі адзінага сапраўднага Чалавекалюбца аб душах нашых. Бо Яго Ты ўпадабаў праўдзіва. Ды памілуе нас, просячых тваіх малітваў да Яго і сьпяваючых табе: Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Ікас 1
Анёльскіх сілаў і ўсяго тварэньня Творцу, Уладыку і Госпада, апрануўшага плоць нашу і прыйшоўшага на зямлю дзеля нашага выратаваньня, убачыў ідучага каля мора Галілейскага і паклікаўшага цябе разам з братам тваім, Ян вялебны, у чыне апостальскім, пакінуўшы сеткі рыбацкія і бацьку твайго ў караблі, няўхільна ад часу таго крочыць у сьлед Выратавальніку. Праз гэта сьпяваем табе так:
Радуйся, праз любоў да Хрыста бацьку па плоці пакінуўшы; радуйся, Хрыстом Нябеснага Айца атрымаўшы.
Радуйся, сьвет і ўсе прыкрасы ягоныя адкінуўшы; радуйся, даброты нябесныя ва ўзнагароду атрымаўшы.
Радуйся, духам плоць цалкам скарыўшы; радуйся, дух твой Упадабанаму Настаўніку твайму Ісусу ў пакоры прынёсшы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 2
Гасподзь Хрыстос, бачачы непарочную чысьціню сэрца твайго, запаламі плоці не ўражанага, удастоіў цябе быць годным бачаньня таямнічага адкрыцьця, якое, пранікаючы ў глыбіню багаслоўя, здолеў голасна прапаведаваць усяму сусьвету. Праз гэта “сынам грому” ад Госпада названы быў ты і Яму засьпяваў: Алілуя.
Ікас 2
Розумам праўдзівага богапазнаньня асьвячаючы душу тваю, крочыў ты за Добрым Настаўнікам тваім, навучаючыся прамудрасьці зь вуснаў Ягоным. І, праз дабрыню і нявіннасьць тваю, быў упадабаны Хрыстом, Госпадам тваім. Пачуў сёньня нас, так сьпяваючых табе:
Радуйся, дабрыні руплівец; радуйся, нявіннасьці і чысьціні захавальнік.
Радуйся, выкладчык любові да Бога і блізкіх; радуйся, добрай набожнасьці настаўнік.
Радуйся, прамудрай пакоры прыклад; радуйся, Боскай мілаты сьвяцільнік.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 3
Моц Боскасьці Хрыстовай, схаваную пад аблокам нямоглай прыроды чалавечай пазнаў ты яўна, калі Гасподзь наш, ўваскрашаючы дачку Іяіраву і пераўтвараючыся на гары Фавор, ўдастоіў цябе, разам зь двума іншымі вучнямі, быць сьведкам гэтых найбольш цудоўных цудаў. Пабачыўшы, што Хрыстос ёсьць Бог праўдзівы, з глыбіні сэрца твайго засьпяваў Яму: Алілуя.
Ікас 3
Адвагу вялікую маючы да ўпадабаўшага цябе Хрыста, Сына Боскага, ляжаў ты на грудзях Ягоных у час зьдзяйсьненьня Таемнай Вячэры, і калі прамаўляў Гасподзь аб здрадзіўшым Яго – адзіны меў адвагу запытаць аб імені ягоным. Праз гэта так сьпяваем табе:
Радуйся, упадабаны вучань Хрыстовы; радуйся, сапраўдны сябра Ягоны.
Радуйся, удастоены на грудзях Госпада ляжаць; радуйся, адвагу маючы аб імені здрадніка запытаць.
Радуйся, больш іншых да Хрыста набліжаны; радуйся, словы Госпада, як скарб бясцэнны, складаўшы ў сэрцы сваім.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 4
Бура ярасьці і злой нянавісьці сэрцам жорсткіх і няўдзячных юдэяў апанавала, калі паўсталі яны на Хрыста, Сына Боскага, і тады ўсе вучні Ягоныя, страхам ахінутыя, уцякалі, але ты, любоў моцную да Яго маючы, нават да Крыжа і сьмерці не адышоў ад Яго, усе пакуты Хрыстовы сузіраючы і спачуваючы сэрцам Дзеве, Маці Боскай, плакаўшай і рыдаючы. Дзівуючыся ж крайняй міласэрнасьці і бязьмежнаму цярпеньню Боскаму, клікаў да Пацярпеўшага за род чалавечы: Алілуя.
Ікас 4
Віся на Крыжы працьвічаны за грахі нашы Выратавальнік сусьвету і бачачы цябе і аці Сваю стоячымі каля дрэва Крыжовага, сынам цябе Усясьвятой Багародзіцы назваў, кажучы Ёй: “Жанчына, гэта сын Твой, – і табе зноў, – Гэта Маці твая”. Мы ж, дзівуючыся любові Хрыстовай, на табе выяўленай, сьпяваем так:
Радуйся, быць сынам Маці Боскай удастоены; радуйся, праз гэта да Хрыста невымоўнай духоўнай роднасьцю далучаны.
Радуйся, Маці Боскай годна паслужыўшы; радуйся, Яе, як маці сваю, ва ўсялякай годнасьці пры сябе маючы.
Радуйся, і ва Усьпеньні годнае і сьвятое цела Яе да магілы праводзіўшы; радуйся, разам зь зьзяючай галінай райскай, Архангелам Гаўрыілам прынесенай, да ложка Яе прыйшоўшы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 5
Богам пасланая зорка зьявілася ў Асіі, на ідучаму туды на пропаведзь слова Боскага, быццам лёсаваньнем указала табе. Але на шляху тваім дапусьціў гасподзь быць табе ў мора кінутым. Але мілата Боская, заўсёды з табой быўшая, захавала цябе жывым у водах марскіх, і пасьля сорак дзён загадала водам марскім, каб бруямі вынесьлі цябе на бераг. Калі ж пабачыў гэта вучань твой Прохар, ужо шмат сьлёз праліўшы па табе, гучным голасна засьпяваў цуды зьдзяйсьняючаму Богу: Алілуя.
Ікас 5
Бачылі жыхары Эфэса цудоўны цуд, табой зьдзейсьненае, калі юнака Домна забітага нячысьцікам, малітвай тваёй уваскрэсіў, апеўшы голасна сілу Бога, Якога ты ім прапаведаваў, і вызваліўшыся ад брыдкага служэньня ідалам, сьпявалі табе так:
Радуйся, праўдзівага Бога служыцель; радуйся, тым жыцьцё і здароўе людзям павяртаючы.
Радуйся, змрочны розум да Сьвятла Праўды заклікаючы; радуйся, навукай веры праваслаўнай да дабрадзейнасьці настаўляючы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 6
Прапаведнікам боскім слова Боскага ў Эфэсе быў ты, і стараўся ў распаўсюджаньні дабрыні Эвангельля, сьцьвярджаючы гэтае твае вучэньне знакамі вялікімі і дзіўнымі, капішча ж Артэміды адзінай малітвай разбурыў ты, а бачыўшыя гэта язычнікі пазналі адзінага Бога. Яму ж мы сьпяваем: Алілуя.
Ікас 6
Зазьзяла ў Эфэсе, як сонца, сьвятло веры Хрыстовай, табой прынесенае, калі нягодны Дамеціян распачаў перасьлед хрысьціян. Тады і цябе, як руплівага прапаведніка імя Хрыстовага, пастаў дэспат у Рым зьвязанага, таму пацярпеў ты жахлівыя пакуты. Праз гэта набожна сьпяваем табе так:
Радуйся, дзеля Хрыста катаваньне прыняўшы; радуйся, чару атруты сьмяротнай без шкоды выпіўшы.
Радуйся, бо ў катле ялею кіпячага не сварыўся; радуйся, сілай Хрыстовай у жахлівых катаваньнях цэлым захаваны.
Радуйся, тваёй непашкоджанасьцю кесара, катаваўшага цябе, спужаўшы; радуйся, гэтым жа народ у велічы Бога, хрысьціянамі шанаванага, пераканаўшы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 7
Калі пабачыў кат, што і жахлівыя катаваньні, якія ад яго прыняў ты, няздольныя забіць цябе, тады палічыўшы цябе несьмяротным, на выспу Патмас у выгнаньне асудзіў. Ты ж, скараючыся задуму Боскаму, так жадаўшаму, сьпяваў Богу, усё ў дабро зьдзяйсьняючаму: Алілуя.
Ікас 7
Новыя цуды паказаў ты язычнікам, жадаючы навярнуць іх у выратавальную веру Хрыстову, калі плыў ты ў выгнаньне твае, малітвай тваёй юнака, тануўшага ў моры, на карабель жывым павярнуў, буру супакоіў, вада бурная ў супакой павярнулася, ваяр ад хваробу чэрава вылечыўся. І пасьля прыходу твайго ў Патмас, нячысьцік цікавы, будучыну прадказваючы, зь чалавека выгнаны быў. Тады усе, бачыўшыя такія дзівосныя знакі, табой зьдзейсьненыя, прыходзілі да пазнаньня у Тройцы Адзінага Бога і хрост прымалі. Мы ж, цябе праслаўляючы, так сьпяваем:
Радуйся, морам і бурай кіруючы; радуйся, нячысьцікаў з чалавека выганяючы;
Радуйся, хваробы адзіным словам вылечваючы; радуйся, усім у патрэбах дапамогу падаючы.
Радуйся, цудамі сваімі язычнікаў зьдзіўляючы; радуйся, навукай сваёй няверных ў праўдзівай веры сьцьвердзіўшы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 8
Дзіўна было бачыць жрацам Апалёна, як храм бога іх і ўсіх быўшых у ім ідалаў, ты адзіным словам на зямлю скінуў. Зьдзіўленыя гэтым і ярасьць на такую тваю адвагу маючы, пайшлі да нейкага чараўніка, вялікую сілу ад сатаны ў сябе маючага, просячы яго, каб адпомсьціў за зьнявагу бога іхняга. Ён да, быўшы сьляпы душой, не ведаючы сілы, у цябе жывучай, спрабаваў прывідамі рознымі цябе застрашыць і на цябе народ узьняць. Але сам нягодны ў мора кінуўся і загінуў, таму што бясьсільныя былі нячысьцікі выратаваць яго. Бо ты забараніў ім іменем Ісуса Хрыста Сына Боскага, Яго ж праславіў народ, цудаў сьведка, засьпяваўшы: Алілуя.
Ікас 8
Быў увесь напоўнены любоўю Боскай, зьявіўся сасудам дароў Духа Сьвятога, будучыню прадказваў ты, далёкае, як блізкае бачыўшы, абвяшчаў; хворых вылечваў, жонцы дэспата на высьпе Патамас, у хваробе нараджэньня быўшай, толькі на парок дому яе ўступіўшы, палёгку дараваў ты. Таму прымі ад нас, грэшных, такі хвалебны сьпеў:
Радуйся, сасуд мілаты Боскай; радуйся, сяліба Духа Сьвятога.
Радуйся, рэчка, нясучая дзівосную дапамогу ў хваробах; радуйся, крыніца парад, што прыводзяць да пазнаньня праўдзівай веры.
Радуйся, злыя падступствы сатаны выкрываючы; радуйся, вернікаў ад нападаў ягоных абараняючы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 9
Усялякае беззаконьне ў асяродку чалавечым зьнішчаючы верай, да іх жа пасланы быў, выкрыўшы спакусу паганцаў, якія нячысьціка, у вобразе вялікага волка да людзей прыходзячага, і шматлікіх ад іх да веры Хрыстовай прывёў. Таксама капішча Вакха малітвай тваёй разбурыў, і чараўніка Нукіяна, разам зь блізкімі ягонымі, цудамі тваімі да пакаяньня прывёў. Тыя ж, ад граху да выратаваньня прыйшоўшыя, няспынна сьпявалі Богу: Алілуя.
Ікас 9
Шляхі мудрасьці чалавечай няздольныя дасьледаваць, таксама розум чалавека няздольны спасьцігнуць, як ты абвясьціў нам аб адвечным быцьці ў Тройцы Адзінага Бога. Бо падобна Майсею, у громе і бліскаўках на гары прыняў ад Бога таямніцу багаслоўя і абвясьціў сьвету, што ў пачатку было Слова, зь Айцом адвечна неразлучнае і ўсяму існуючаму падстава, маючае Сьвятло Жыцьця, якое цемра няздольная схаваць. Асьветленыя такім сьвятлом Боскай Праўды, шануем цябе як уведзенага ў таямніцу Адвечнай Тройцы і апяваем цябе як Багаслова дасканалага так:
Радуйся, арол, узьляцеўшы да самога палымянага Пасада Боскага; радуйся, труба, абвясьціўшая сьвету Адвечнага Бога.
Радуйся, чалавечае і Боскае Хрыста нам патлумачыўшы; радуйся, дзівосныя словы і навукі Госпада ў Эвангельлі тваім нам абвясьціўшы.
Радуйся, справай і праўдай любові нас навучаючы; радуйся, у любові жывучым і знаходжаньне ў іх Боскай ўсім абяцаючы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 10
Жадаючы выратаваць душы чалавечыя, усяляк навучаў ты людзей верыць у Хрыста Сына Боскага, мець сумленьне чыстае і любіць адзін аднаго, каб здолелі не толькі тут, але і ў сялібах праведных Усямагутнаму Богу: Алілуя.
Ікас 10
Сьцены Ерусаліма Вышэйшага пабачыўшы ў адкрыцьці, абвясьціў ты нам, што бачыў і што мусіць быць да канца сьвету, распавядаючы нам гэта іншасказальнымі совамі, якія здольны разумець толькі розум, што мае мудрасьць. Зьдзіўленыя такім дарам прароцтва, табе ад Бога дараваным, апяваем цябе так:
Радуйся, пазнаньнем Існуючага і Будучага перабольшваючы прыроду чалавечую; радуйся, быўшы сасудам таямніц, якія не ўмяшчае розум чалавечы.
Радуйся, невымоўныя Боскія адкрыцьці пабачыўшы; радуйся, іх верным абвясьціўшы.
Радуйся, радасьць сьвятых яшчэ ў гэтым жыцьці пазнаўшы; радуйся, іх цяпер ў дастатку маючы.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 11
Сьпеў падзякі прынясе табе, сьвяты апостал Ян, хрысьціянін, у галечу прыйшоўшы і не маючыя чым аддаць пазычальнікам сваім, у адчай упаў і шукаў сьмерці сваёй. Ты ж, прапаведнік, любоўю да блізкіх напоўнены, жадаючы пазбавіць яго ад часовай і вечнай сьмерці, крыжовым знакам сена ў золата пераўтварыў і гэта яму ўручыў. Каб тым золатам пазыкі аддаў пазычальнікам сваім, і дом свой нагадуе, Богу ж, табой яму дабрадзейнасьць падаўшаму, ды засьпявае: Алілуя.
Ікас 11
Сьвятлом зьзяе душа твая, дасягнуўшая ў меру ўзросту дасканаласьці, пазнала набліжэньне часу, калі належыць тленнаму атрымаць спадчыну абяцанага нятленьня і сьмяротнаму – абяцаную несьмяротнасьць. Канчаючы зямное жыцьцё твае, загадаў вучням зямлёй прыкрыць цела твае. Пачулі гэта жывучыя ў горадзе браты і прыйшлі да магілы тваёй і, адкапаўшы, нічога не знайшлі ў ёй. Гэтым пазнаўшы, што зьмяненьне твае зьдзейсьнілася не звычайным чалавечым сьмяротным спачынам, апявалі цябе так:
Радуйся, арол, адрадзіўшы юнацтва твае набліжэньнем да Сонца Славы Боскай; радуйся, зьменай гэтай перабольшваючы ўсе законы прыродны чалавечай.
Радуйся, па абяцаньню Добрага Настаўніка твайго усеўшыся на адзіны зь дванаццаці пасадаў; радуйся, зьдзяйсьняючы на ім суд і праўду пасярод людзей Боскага Ізраіля.
Радуйся, асалоду маючы сузіраньнем Салодкага Ісуса, да Якога на грудзі раней пакут Ягоных і Уваскрэсеньня ўзьлёг ты; радуйся, ад Ягонай міласэрнасьці вымольваючы нам усялякія даброты.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 12
Дабрыня дадзена была ад Бога месцу таму, дзе цела твае зямлі аддадзена было, ды выходзіць у дзень пахаваньня тонкі прах для вылячэньня хворых, гэтым цудам паказваючы, як праслаўляе Бог любячых Яго, ды ўсе, сузіраючыя гэта, няспынна сэрцам і вуснамі, у дзень і ноччу, сьпяваюць Богу: Алілуя.
Ікас 12
Апяваючы працы твае як апостала і цуды, і вылячэньні, якіх крыніцай ёсьць, і падаўшы дабрынёй Духа Сьвятога, у табе жывучым, усхвалім Бога, дараваўшага нам такога кіроўцу, настаўляючага нас на шлях выратаваньня і спачуваючага нямогласьці нашай. Таму прымі ад нас, сьвяты апостал, гэты сьпеў праслаўленьня:
Радуйся, стараны дабравесьнік веры Хрыстовай; радуйся, добры настаўнік Царквы Хрыстовай.
Радуйся, пачатак і падмурак багаслоўя; радуйся, абвяшчальнік Таямніц Боскіх.
Радуйся, нявінных узор і цноты правіла; радуйся, усіх верных, да тваёй абароны прыбягаючых, хуткі дапаможнік і заступнік.
Радуйся, апостал Ян, наперсьнік Хрыстовы і Багаслоў.
Кандак 13
О усяслаўны і ўсяпраслаўлены апостал і эвангеліст, наперсьнік Хрыстовы, упадабаны Ян! Тваім усясільным маленьнем да Ўсядобрага твайго Настаўніка і нашага Уладара і Госпада, выпрасі нам усялякія даброты часовыя і вечныя, хрысьціянскі канец жыцьця нашага, ды з табой і з харамі анёльскім у сялібах праведных засьпяваем Адзінаму ў Тройцы Богу: Алілуя.
(Кандак 13 сьпяваецца тройчы, потым – Ікас 1 кандак 1)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.