Thursday, October 14, 2010

СЛОВА НА ПОКРЫЎ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

сьвяціцель Зьміцер Растоўскі
1/14 кастрычніка
У астатнія цяжкія часы, калі, з памнажэньнем грахоў нашых, павялічыліся нашы беды ў выкананьне слоў сьвятога апостала Паўла: “у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад адзінапляменцаў, у небясьпеках ад язычнікаў, у небясьпеках у горадзе, у небясьпеках у пустыні, у небясьпеках на моры, у небясьпеках сярод фальшывых братоў” (2 Кар. 11:26), калі ў выкананьне слоў Самога Госпада паўстае народ на народ, і царства на царства, і надыходзіць голад, мор і землятрусы па месцах (Мц. 24:7), калі прыціскае нас напад іншага народу, грамадзянскія войны і сьмяротныя раны, Усячыстая і Ўсядабраслаўлёная Дзева Марыя, Маці Госпада, падае нам у абарону Свой пакрыў, каб вызваліць нас ад цяжкіх бед, каб абараніць нас ад голаду, мору і землятрусу, выратаваць ад войнаў і ран і захаваць нас непашкоджанымі пад Сваім парывам. Знак гэтага зьявіўся ў царскім горадзе Канстантынопалі ў цараваньне набожнага цара Льва Мудрага ў прыслаўнае царкве Ўсясьвятой Багародзіцы, што ва Ўлахернах. Там у час зьдзяйсьненьня ўсяночнае, у дзень нядзельны, у першы дзень кастрычніка, у чацьвёртае гадзіне ночы, у прысутнасьці шматлікай колькасьці народу, сьвяты Андрэй, юродзівы дзеля Хрыста, узьняў вочы свае ўверх і пабачыў Царыцу Нябесную, Дабрадзейку ўсяго сусьвету, Усясьвятую Дзеву Багародзіцу, што стаяла ў паветры і малілася, зьзяючую сонечным сьвятлом і пакрываючую людзей Сваім годным амафорам. Бачачы гэта, сьвяты Андрэй прамовіў да вучня свайго, дабрашчаснага Епіфана:
– Бачыш лі, брат, Царыцу і Ўладарку ўсіх, што моліцца аб усім сусьвеце?
– Бачу, сьвяты ойча, і жахаюся.
Як некалі сьвяты Іяан Багаслоў бачыў на небе вялікі знак, жонку, надзеленую ў сонца, так і сьвяты Андрэй, ва Улахернскай царкве, падобнай небу, убачыў Нявесту не ведаўшую мужа, апранутую ў сонечную парфіру. Знак, убачаны Янам Багасловам, правобраз Усяміласэрнае Заступніцы нашае, бо такое ж знак зьявіўся ў той час, калі была адкрыта ведаючаму таямніцы пагражаўшая усяму стварэньню сьмерць: “і ўчыніліся, – кажа ён, –  маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град. І зьявілася на небе вялікая азнака — жанчына, адзетая ў сонца” (Адкр. 11:19; 12:1). Чаму ж гэты знак, правобраз Усячыстае Дзеву, не зьяўлялася раней маланкі, грому, галасоў, землятрусаў і граду, калі яшчэ усе стыхіі былі спакойныя, але падчас самага страшнага замяшаньня на небе і на зямлі? Для таго, каб паказаць, што Усядобрая Абаронца наша сьпяшаецца да нас на дапамогу ў самы цяжкі час, пры надыходзе на нас згубы, і абараняе нас ад бляску спакусьлівай, нядоўга зіхатлівай сьвецкае мітусьні, ад галасоў жыцьцёвага гонару і ганарыстасьці, ад грому раптоўнага нападу ворагаў, ад буры запалу і ад граду зь вышыні, пагрозьлівым нам пакараньня сьмерцю за грахі. Бо, калі усе гэтыя бедзтвы прыціскаюць нас, адразу, падобна вялікаму знаку, зьяўляецца хуткая роду хрысьціянскаму дапамога, ахоўваючы і пакрываючы нас нябачным прадстаяльніцтвам. “Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны” (Пс. 59:6); бо ў гэтым сьвеце мы пастаўлены як бы мэтай для стрэлаў. Стрэлы ляцяць на нас зь усіх бакоў: адны ад зброі ворагаў бачных, пасьпешна нацягваючых лук свой і выхваляючыхся прад намі ў сваім гонары; іншыя зь лука ворагаў нябачных, каб мы са смуткам прызналіся, што не можам выносіць д'ябальскіх стрэлаў; іншыя ад нашага цела, варожага духу; іншыя ад лука праведнага гневу Боскага і навальніцы пакараньня, як пра гэта сьвяты Давыд кажа: “калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго; рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае” (Пс. 7:13 – 14). Каб мы не былі сьмяротна уражаны усімі гэтымі стрэламі і маглі пазьбегнуць небясьпекі, дадзена нам знак, пакрыў Усячыстае і Усядабраслаўлёнае . Накрытыя, як шчытом, Яе покрывам, мы застаёмся цэлымі ад стрэл. Бо наш Абаронца мае тысячу шчытоў для нашай аховы, як пра гэта кажа ёй Дух Сьвяты: “Як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых” (Песн. 4:4).
Некалі Давыд стварыў свой, выдатны і найвысокі, слуп паміж Сіёнам, стаячы на высокай гары і разьмешчаным ніжэй Ерусалімам, што зваліся дачкой Сіёну. І быў той слуп паміж імі, як бы шыя паміж целам і галявою, бо ён сваёю вышынёю перабольшваў Ерусалім і дасягаў да Сіёну. На тым слупе былі павешаны шчыты і усё зброі, неабходныя для вайны і абароны Ерусаліму. Дух Сьвяты прыпадабняе Усячыстую Дзеву гэтаму слупу Давыда: бо Яна, быўшы дачкой Давыда, зьяўляецца пасярэдніцай паміж Хрыстом, Часткаю Царквы, і вернікамі, якія складаюць цела Царквы; Яна перабольшвае Царкву; таму што сапраўды вышэй усіх яе сяброў, але Яна дасягае і да Хрыста, як даўшая Яму цела. Яна зьяўляецца пасярэдніцай і цяпер, калі стала на паветры паміж небам і зямлёю, паміж Богам і людзьмі, паміж Пачынальнікам подзьвігу — Хрыстом і ваяўнічай царквой, падобна слупу Давыда паміж Сіёнам і Ерусалімам, абчэпленаму дужымі шчытамі. Шчыты гэтыя азначаюць усёмагутныя Яе малітвы за нас да Бога, чутыя годнымі падчас бачаньня Яе годнага покрыва. Яна малілася зь замілаваньнем, як Маці да Свайго Сына і Творцы, прамаўляючы падчас малітвы наступныя, напоўненыя Боскай літасьці і любові словы:
Цару Нябесны! Прымі усякага чалавека, праслаўляючага Цябе і заклікаўшага Усясьвятое Імя Тваё на усякім месцы,– і дзе ёсьць памяць пра імя Маім, тое месца асьвяці; праслаў праслаўляючых Цябе і зь любоўю шануючых Мяне, Тваю Маці, прымаючы ад іх усялякую малітву і набожныя зарокі і пазбаўляючы іх ад усялякага зла і бедзтваў.
Такія Яе малітвы ці не ёсьць шчыты, якія абараняюць ваяўнічую царкву? Сапраўды яны — нязломныя шчыты, пры дапамозе якіх мы можам загасіць усе палаючыя стрэлы.
Сьвяты Амуросій пра слуп Давыда кажа, што ён быў створаны зь дваякаю мэтай: для абароны гораду і для упрыгожваньня яго. Давыд, — кажа Амуросій, — стварыў слуп для абароны і упрыгожваньня гораду: абаронаю быў ён, таму што са слупа можна здалёк бачыць ворага і прагнаць яго ад горада, — упрыгожваньнем — таму што ён перабольшваў сваёю вышынёю усе высокія будынкі Ерусаліму. Не дарма таму прыпадобненая слупу наша Заступніца, Якая для нас ёсьць цьвёрды слуп прад тварам ворагаў: сапраўды, Яна абараняе нас і упрыгожвае. Абараняе, калі далёка праганяе ад нас бачных і нябачных ворагаў, калі вызваляе палонных зь вязьніцы, калі пазбаўляе катаваных нячыстымі духамі, калі суцяшае смуткуючых, зьяўляецца заступніцаю пакрыўджаных і ціхаю прыстаньню для гнаных бураю, калі сілкуе згаладалых і наведвае хворых. Яна упрыгожвае нас, пакрываючы прад Богам ганебную галізну нашага жыцьця Сваімі найвысокімі заслугамі, як найкаштоўнае вопраткай, і шматлікай дабрынёй, як невычарпальным скарбам, папаўняючы нашу злыбеду, робіць нас годнымі прад вачамі Гасподнімі. Яна упрыгожвае, калі пакрывае нас, нямеючых шлюбнага адзеньня, Сваёю рызаю, і робіць як бы нябачнаю для Усёвідушчага Ака ганебную галізну нашу душэўную, якая ад пачатку была ад пачатку зямлёю нябачнаю і неўладкаванаю, пакрытаю водамі. Зямля неўладкаваная і пустэльная была правобразам грэшнай душы, якая страціла сваю духоўную прыгажосьць, пазбаўленай добрых спраў і чужой дзеля мілаты Боскай. Воды ж, якія пакрывалі неўладкаваную зямлю, правобраз літасьць Багародзіцы, невычэрпнае, як мора, і, падобна паўнаводным рэкам, на усіх пралітых і усіх накрываючых. Калі Дух Божы насіўся над водамі, то насіўся і над зямлёю, утоенай пад водамі і няўпрыгожанай, як бы не бачачы яе нягоднасьці. Гэта таямніча паказвала, што і душа, накрытая найміласэрным пакровам Дзевы Багародзіцы, калі і не будзе упрыгожана дабрадзейнасьцямі, не пазбавіцца мілаты Сьвятога Духу, бо пакрыў Усясьвятой Багародзіцы пакрые яе нягоднасьць, як вада пакрывала неўладкаваную зямлю, а роўна упрыгожыць яе прыгажосьцю сваёй мілаты і прыцягне да яе Сьвятога Духу. Усячыстая Дзева упрыгожвае нас, калі грэшных робіць праведнымі, а нячыстых чыстымі, як пра гэта кажа блажэнны Анастасій Сінаіт: Чарадзеяў Яна робіць апосталамі і мытараў эвангелістамі, а блудных — годнымі большай пашаны, чым цнатлівы’. Так, Марыю Эгіпэцку, быўшую некалі блудніцаю, Яна зрабіла цяпер больш годнай шматлікіх дзеў; тая, якая перш была азмрочанай і нячыстай, цяпер зьзяе, як сонца, у царстве Хрыстовым—па заступніцтве Ўсячыстае Дзевы Марыі, што ёсьць покрывам і упрыгожваньнем для усіх зьвяртаючыхся да Яе. Упрыгожвае Яна і увесь духоўны Ерусалім, альбо Хрыстову Царкву, якая так сьпявае ў цяперашні дзень: “О цудоўнае ўпрыгожаньне ўсім верным ёсьць, прароцтва, якое спраўдзілася, слава апосталаў і мучанікам дапамога, дзявоцтву хвала і ўсяму сусьвету дзівосны пакрыў”. (Служба Покрыву Багародзіцы, 3 верш на “Госпада клічу”).
На слупе Давыда разам са шчытамі былі стрэлы абаронцаў краіны: і Усячыстая Дзева, гэты адушаўлёны слуп, таксама мае пры Сабе стралы моцных, г. з. малітвы сьвятых, якія моляцца зь Ёю. Бо не Адна Яна зьявілася ў храме стоячы на паветры, але зь анёльскімі палкамі і са мноствам сьвятых, у поўнае глыбокай пашане атачаўшых Яе ў белых адзеньнях. Малітвы за нас усіх гэтых сьвятых па сутнасьці як бы стрэлы моцных, якія могуць прагнаць усю армію ворага нашага — сатаны. Усячыстая Уладарка Багародзіца ведае, што наша жыцьцё на зямлі ёсьць вайна: ваюе супраць нас вораг зь усімі сіламі; ён узьвёў супраць нас сваю армію і атачыў нас сваімі легіёнамі па слове сьпевака псальмаў: “Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла” (Пс. 21:17); “разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае” (Пс. 21:14). Таму та Нябесная Царыца, зажадаўшы дапамагчы нам, узьвяла на ворага нашага усе сілы нябесныя, заклікала прарокаў і апосталаў, сабрала пакутнікаў і цнатлівых, злучыла звышгодных і праведных і зьявілася зь імі аказаць нам дапамогу, атачыць нас моцным войскам і падаць нам перамогу на ворагам: “бо табой падаюцца перамогі, табой зьнішчаюцца ворагі” (Акафіст, ікас 2). Яна прыйшла зь анёльскімі войскамі, бо Яна была прадбачаная Якавам лесьвіцай (Быць, 28:12—15), якую атачае мноства анёлаў. Успамінаючы тут лесьвіцу Якава, хто—небудзь мог бы зьдзівіцца: чаму анёлы не засталіся на ёй нерухома, але няспынна узыходзілі і сыходзілі? Уцяміўшы ж, што тая лесьвіца была правобразам Дзевы Марыі, па слове царкоўнай песьні: “Радуйся мост, да нябёсаў прыводзячы, і лесьвіца высокая, якую Якаў прадбачыў” (Служба Дабравешчаньню, 1 верш на “Госпада клічу”), – ён зразумее, чаму анёлы не пакідаліся на лесьвіцы нерухомыя. Бо ў малітвах няспынная Багародзіца загадвае анёлам разам зь Ёю няспынна дапамагаць людзям: узыходзячы да Бога, узносіць малітвы людзей, а сыходзячы—прыносіць ім ад Бога дапамогу і дабрадзейства. Тая ж лесьвіца і цяпер зьвяла зь Сабою мноства анёлаў зь нябёсаў, прыносячы нам зь вышыні заступніцтва і абарону. Яна прыйшла зь анёламі, каб загадаць ім — захаваць нас на усіх шляхах нашых; Яна прывяла зь Сабою хор усіх сьвятых, каб, зьдзейсьніўшы за нас сумеснае маленьне, сумесна прынесьці і нашы грэшныя малітвы да Сына Свайго і Бога нашага. Паміж усімі сьвятымі, якія зьявіліся ў храме зь Усячыстае Дзевай, былі два абраныя: сьвяты Ян Папярэднік, бо “сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы” (Мц. 11:11) і сьвяты Ян Багаслоў, “якога любіў Ісус, і які на вячэры, на грудзі яму схіліўся” (Ян. 21:20). Іх абодвух, як маючых вялікую адвагу прад Богам, наша Малітоўніца узьвяла зь Сабою, каб разам зь імі хутчэй схіліць Бога да літасьці, бо: “на многае здольная шчырая малітва праведніка.” (Як. 5:16). І устала Усячыстая Дзева паміж двума праведнікамі як бы ківотам паміж двума херувімамі, як пасад Госпада Саваофа паміж Серафімамі, як Майсей зь выцягнутымі далонямі паміж Аронам і Орам; тады упаў пякельны Амалік зь усім цёмным царствам і зь сілаю сваёю(Вых, 17:11—14).
Такім чынам, мы сьвяткуем Пакрыў Усясьвятой Багародзіцы Дзевы, згадвае Яе праслаўленае зьяўленьне ва Улахернскім храме, бачанае сьвятым Андрэем і Эпіфанам. Мы сьвяткуем, узносячы падзяку Заступніцы нашай за гэтак вялікую міласьць Яе, паказаную роду хрысьціянскаму і старанна молім яе, каб Яна і цяпер і заўсёды малітоўна заступалася за нас, шукаючых яе покрыва. Молімся таму, што без Яе покрыва нам, увесь час абражаючым Бога, немагчыма было б жыць. Шматкроць грашачы, мы падпадаем і пад шматлікія пакараньні па слове сьпевака псальмаў: “Шмат смуткаў бязбожнаму” (Пс. 31:10). Мы загінулі б ужо за свае беззаконьні, калі б за нас не маліла ўсяміласэрная Ўладарка: бо каб не прадстаяла молячыся гэтая Малельніца: хто б зь нас пазбавіўся ад столькіх бед, хто ж захаваўся да сёньня вольным. Прарок Ісая радзіць юдэям: схавайцеся на кароткі час, пакуль пройдзе гнеў Госпада. Але дзе можна атуліцца ад гневу Гасподняга? Падчас пакут мы нідзе не знайшлі пакрыва для абароны, акрамя адзінай Уладаркі сусьвету, Якая кажа пра Сябе вуснамі Духа Сьвятога, што Яна: “падобна воблаку пакрыла зямлю” (Сір. 24:3). Сапраўды, мы хаваемся пад пакровам Той, Якая, як воблака, пакрыла зямлю. Але чаму ж, о Усячыстая Дзева Багародзіца, Ты прыпадабняеш Сябе гэтак нявартай рэчы, воблаку? Хіба ў Цябе няма для прыпадабненьня сонца, месяцу і зорак, тым больш, што аб Цябе сказаў Прамудры са зьдзіўленьнем: “Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?” (Песн. 6:10) Якую ж прыгажосьць мае воблака, што Ты не грэбуеш прыпадабняцца яму? Таямніца гэта ясная; калі воблака згушчаецца над зямлёю і пакрывае яе, тады усе зьвяры цэлыя ад лаўцоў, бо ніхто не можа злавіць іх. Таму вось і Усячыстая Дзева заве Сябе воблакам: Яна хавае нас ад лаўцоў. Мы ж, грэшныя, паводле развагі Залатавуста, па сваёй нечалавечнасьці — скаціны і зьвяры: мы дагаджаем улоньню, як мядзьведзі, патаўшчаем цела, як лашакі, злапомныя, як вярблюды, займаемся крадзяжом, як ваўкі, гневаемся як зьмеі, якія джаліцца, як скарпіёны, падступныя, як лісіца, носячы ў сабе яд злосьці, як яхідна. Такіх зьвяроў, як мы, перасьледваюць розныя лаўцы: спасьцігае нас праведны гнеў Божы, караючы за благія распачынаньні,–па слове “Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!” (Пс. 93:1). Насьцігаюць нас беззаконьні нашы, так што кожны зь нас можа сказаць: “беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу” (Пс. 39:13). Перасьледуе нас і нябачны вораг: “Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы” (Пл. Ерам. 3:10). Пагражае нам і бачны вораг. Ён кажа: “Паганю, даганю, падзялю здабычу; насыціцца імі душа мая, агалю меч мой, зьнішчыць іх рука мая” (Вых. 15:9). Але мы маем адвагу, мы маем разумовае воблака, пакрываючае нас – Усячыстаю Дзеву Марыю На Яе мы спадзяемся, да Яе прыбягаем; пад Яе пакровам і волас з галавы нашай не ўпадзе, як толькі мы зь замілаваньнем паклічам: пакрый нас пакровам Тваім, Захавальніца наша, Усячыстая Дзева: “схавай бы мяне ў патайным месцы” (Пс. 26:5). Але ўсе дні жыцьця нашага смутак ёсьць, як некалі казаў патрыярх Якаў: “малыя і няшчасныя дні жыцьця майго” (Быц. 47:9). Асабліва бядотны тыя дні нашы, у якія мы бачым зло і самі творым шмат злога, “сабе зьбіраеш гнеў на дзень гневу” (Рым. 2:5). Усе гэтыя бядотныя нашы дні патрабуюць Твайго міласьцівага покрыву, о Ўсясьвятая Дзева! Пакрый да нас ва ўсе дні жыцьця нашага, і асабліва ў дзень люты, калі душа будзе разьвітвацца зь целам. Прыйдзі да нас зь дапамогай Тваёй і пакрый нас ад паветраных духаў злосьці паднябеснае, а ў дзень Страшнага Суду захавай нас ў тайніках Твайго Покрыва! Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.