Monday, September 20, 2010

СЛОВА НА НАРАДЖЭНЬНЕ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

сьвяціцель Андрэй Крыцкі

Цяперашняе сьвята ёсьць дзеля нас пачаткам сьвятаў. Будучы мяжой закону і правобразам, яно разам з тым служыць брамай да мілаты і праўды. Абвяшчаючы славу дзявоцтва, гэта богаабраны дзень прапануе ўсяму стварэньню агульную радасьць. Майце дзёрзкасьць, кажа ён, гэта сьвята нараджэньня Дзевы, і зь ім абнаўленьня роду чалавечага. Дзева нараджаецца і рыхтуецца быць маці Ўладара ўсіх – Бога. Дзева робіцца пасярэдніцай паміж веліччу Боскасьці і нямогласьцю плоці.

Ды весяліцца ж цяпер усялякае стварэньне, ды сьвяткуе ўся прырода. Ды радуецца неба вышэйшае, і “воблакі ды крапяць праўду” (Іс. 45:8), ды “падаюць горы салодкасьць” (Ам. 9:13), “і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх” (Іс. 49:13), і “паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго” (Лк. 1:69) – усячыстую і недатыкальную мужчынамі Дзеву, ад якой нарадзіцца Хрыстос, надзея і выратаваньне язычнікаў. Ды радуецца цяпер усялякая ўдзячная душа і пакліча ўсё стварэньне на свае абнаўленьне і аднаўленьне. Цяпер Стваральнік усяго ўладкаваў створаны храм, і стварэньне рыхтуецца ў новае Боскае жыльлё Творцы. Цяпер выгнаная з краіны асалоды прырода наш прыме пачатак абагаўленьня і рука імкнецца ўзьнесьціся да найвысокае славе. Цяпер Адам прыносіць ад нас і за нас першае Богу – Марыю, у якой новы Адам без насеньня робіцца хлебам дзеля аднаўленьня роду чалавечага. Цяпер адчыняецца вялікія нетры дзявоцтва і царква, па вобразу шлюбнае, упрыгожваецца чыстым бісэрам праўдзівае нявіннасьці. Цяпер сыны чалавечыя прымаюць першабытны дарунак вобразу і падабенства Боскага: боская прыгажосьць, пашкоджаная брудам граху, павяртаецца чалавеку праз саюз прыроды чалавечай зь народжаным Марыяй “прыгажэйшага за сыноў чалавечых” (Пс. 44:3), – і чалавек прымае ранейшы богаствораны і богападобны выгляд. Цяпер няплодная, звыш чаканьня, робіцца маці і нарадзіўшы Нарадзіўшую без мужа, асьвячае натуральнае нараджэньне. Цяпер, па прароцтву, галіна Давыда ўзрасла з расквітнеўшага жазла Арона, каб узрасьціць нам жазло сілы – Хрыста. Цяпер ад Юды і Давыда адбываецца Дзева Юначка, выяўляючы сабой царскую і сьвятарскую годнасьць Таго, Хто прыняў на Сябе сьвятарства Арона па “падабенстве Мелхісэдэкавым” (Жыд. 7:15). Цяпер мілата ўзвысіла ў годнасьці таямнічы эфор Боскага сьвятарства, зрабіўшы яго з тканіны царскага насеньня. Каротка кажучы, цяпер пачынаецца аднаўленьне прыроды нашае, і зрабіўшыся трухлявым сьвет, прымаючы годную Бога асьвету, атрымлівае пачатак другога боскага тварэньня.

Чалавек першапачаткова быў створаны дасканалым: але прырода ягоная згубіла сваю ўроджаную годнасьць, пазбавілася мілаты праз грэх непаслушэнства. За гэта мы і былі выгнаныя з краіны жыцьця і замест райскае асалоды атрымалі жыцьцё часовае, як спадчыну роду, а зь ёй сьмерць і тленьне роду нашага. Усе палюбілі зямлю і пачалі аддаваць ёй перавагу прад небам, такім чынам не засталося аніякай надзеі на выратаваньне, апрача вышэйшае дапамогі. Ні натуральны, ні напісаны закон, ні палымяныя словы прарокаў няздатныя былі вылечыць хваробу. Ніхто не ведаў, як выправіць прыроду чалавека, і пасродкам чаго зручна было б узьвесьці яе да першабытнае дасканаласьці, пакуль Творца не пажадаў як бы зноў стварыць стрункі і прыгожы сьвет, зьнішчыць сілу граху, што ўварвалася ў старажытнасьці і нарадзіла сьмерць, і падарыць нам дзівоснае, свабоднае і абсалютна пазбаўленае запалаў жыцьцё, праз аднаўленьне наша ў хрышчэньні боскага нараджэньня. Але як бы перадалася нам гэтае вялікае і найбольш праслаўленае дабро, настолькі адпаведнае законам Боскасьці, калі б Бог не зьявіўся нам у плоці, не аддаўся законам прыроды і не пажадаў усяліцца і пажыць зь намі вядомым Яму чынам. А як бы ўсё гэта здолела б прыйсьці ў выкананьне, калі б раней не паслужыла таямніцы чыстая і нявінная Дзева, якія ўмясьціла б ва ўлоньні сваёй няўмяшчальнага, па закону перабольшваючага ўсе законы прыроды? І здолела б паслужыць дзеля гэтае таямніцы нейкая іншая дзяўчына, апрача той адзінай, якая раней ўсіх родаў была абраная Творцам прыроды? Гэтая Дзева ёсьць Багародзіца Марыя, Богам праслаўленая, зь улоньня якой выйшаў у плоці Усябоскі, і якую Сам Ён уладкаваў цудоўным храмам дзеля Сябе. Яна зачала без насеньня і нарадзіла нятленна, таму што яе Сын быў Богам, хоць і нарадзіўся ў плоці, без зьмяшэньня і хваробаў. Гэтая Маці, сапраўды, не пазнала болі нараджэньня, уласьцівых парадзіхам і дзівосна сілкавала малаком Сына, народжанага без мужа. Дзева, нарадзіўшы зачатага без насеньня, заставалася нявіннае. Таму, праўдзіва гэтая Дзева завецца Багародзіцай: нявіннасьць Яе шануецца і нараджэньне сьвяткуецца. Бог, зьяднаўшыся з чалавекам і зьяўляючыся ў плоці, даруе Дзеве Марыі Сваю ўласную славу. Жаночая сутнасьць раптам вызваляецца ад першай клятвы, і як першае ўвяло грэх, так першае ж пачынае выратаваньне.

Хто ж гэтая Дзева і ад якіх бацькоў адбылася? Скажам аб гэтым коратка, узгадаўшы, па магчымасьці, тое, што расказваецца аб ёй. Марыя, слава ўсіх, нарадзілася ад роду Давыда, а ад насеньня Якіма. Яна паходзіць ад Евы, а была дачкой Ганны. Якім быў мужам набожным, выхаваны ў законе Божым, жывучы цнатліва і ходзячы прад Богам, ён, прынамсі, састарэўся бязьдзетным. Таксама і Ганны была жонкай любячай Бога, жыўшая зь мужам сваім ва ўсялякае чысьціні, але яна пакідалася няплоднае. Прызнаючы першым і адзіным сваім абавязкам шанаваць запаветы Госпада, Ганна, аднак, штодзённа ўражалася джалам няплоднасьці, сумавала і пакутавала, носячы зьнявагу бязьдзетнасьці. Так Якім і Ганна наракалі аб тым, што нямелі нашчадка роду свайго, тым ня менее іскра надзеі яшчэ не згасла ў іх абсалютна: абодва яны ўздымалі малітву да Бога аб дараваньні ім дзіцяці дзеля працягу насеньня іхняга, – абодва пераймалі пачутай некалі малітве Ганны (1 Цар. 1:10), не адыходзілі ад храму, старана просячы Бога, каб Ён падараваў плод бязьдзетным. І не пакідалі яны сваіх намаганьняў, пакуль не атрымалі жаданага. Сапраўды, Падаўца падарункаў не пагрэбаваў дарункам надзеі. Хуткая сіла хутка паўстала на дапамогу да праліваючых сьлёзы замілаваньня і смутку прад Богам і састарэлую пару зрабіла здольнае да ўзрастаньня плоду. Такім чынам, ад няплодных і высахлых бацькоў, як бы ад арашоных дрэваў, узрос дзеля нас прыслаўны плод – усянявінная Дзева. Сувязь няплоднасьці разбурыліся: малітва звыш чаканьня апынулася плоднай, няплодная нарадзіла плод, бязьдзетная зрабілася шчасьлівае маці. Паколькі ж узрасьціўшая зь улоньня свайго Колас нятленьня адбылася ад няплоднае маці, то бацькі ў першым квітненьні Яе ўзросту прывялі Яе ў храм і прысьвяцілі Богу. Зьдзяйсьняўшы тады чарговае служэньне сьвятар, пазнаўшы хор дзяўчатак, што крочылі прад і пасьля Дзевы, узрадаваўся і ўзьвесяліўся, бачачы як бы дзейнае выкананьня Боскіх абяцаньняў. Ён пасьвяціў гэтую Дзеву Богу, як годны дар, як нейкую прыемную Богу ахвяру, і, як вялікі скарб выратаваньня, схаваў Яе ў самых патаемных частках храму. Тут Юначка хадзіла ў апраўданьнях Госпада, як у шлюбным палацы, сілкуючыся нябеснае ежай да часу заручын, які быў прадвызначаны раней усіх стагодзьдзяў Тым, Хто, па невымоўнае міласэрнасьці, нарадзіўся ад Яе, і Тым, Хто раней часоў і прасторы Боска нарадзіў Яго, і разам супрыродным і супасадным і сушанаваным Духам Ягоным, а гэта і ёсьць адзіная Боскасьць непадзельная і нязьменная і ні ў чым не адрозьнівалася, апрача асабістых якасьцяў. Такім чынам, нарадзіўшыся ад Дзевы навучыла нас вераваць у Сьвятую Тройцу: адвечнае Слова – Сын уладкаваў у Дзеве Сваё ўвасабленьне, нарадзіўшы Айцец пажадаў гэтае ўвасабленьне ад Юначкі, Дух Сьвяты ахінуў і асьвяціў улоньне неспасьціжным чынам зачаўшай.

Людзі Боскія, сьвяты збор! Ушануем памяць богабацькоў, узьвялічым сілу таямніцы. Кожны зь нас, па дадзенае яму мілаце, ды прынясе годны дарунак гэтае ўрачыстасьці. Бацькі – добрых дзяцей, няплодныя – няплоднасьць граху. Калі хто зь вас бацька, хай пераймае бацьку Ўсясьвятой Дзевы. Маці, сілкуючая сваіх дзяцей, хай радуецца разам з Ганнай, выхаваўшай дзіця, дадзенае ёй па малітве. Пазбаўленая дабраслаўлёнага плоду, хай прыходзіць зь верай да радасьці, што ўзрасла ад Ганны, і галіна няплодная апладатварылася. Дзева, набожна жывучая, хай будзе маці слова, упрыгожваючы словам прыгажосьць душы. “Разам багатыя і бедныя, юнакі і юначкі, старыя зь юнакамі” (Пс. 48:3; 148:12), ды сьвяткуюць ў гонар Юначкі Маці Хрыста Бога. Пасьпяшаемся за ідучымі дзевамі, увойдзем у сьвятое сьвятых. Там сьпее водарная кветка, там Бог прыгатаваў палац дзеля Юначкі. Таму дзевы – блізкія Яе радуюцца, уладкоўваючы будучыню: таму дачкі Сіёну крочаць за Ёй, як за царыцай. Храм адчыніў сьвяцейшую браму, каб прыняць усяўладарную славу, сьвятое сьвятых адчынілася, каб узяць у свае недасягальныя нетры Усясьвятую Маці Ўсясьвятога. Там падрыхтавана дзеля Дзевы ежа цудоўная, нябеснае сілкаваньне прапануе Ёй Той, Хто сам неўзабаве будзе сілкавацца малаком Яе. Сілкавальнікам Юначкі быў Дух Сьвяты да таго часу, калі патомак Давыда – Іосіф заручыўся зь Дачкой Давыда, і Яна прыняла словы Гаўрыіла замест насеньня, пасьля чаго была недатыкальнае шлюбу, зьяўляючыся маючай ва ўлоньні і нарадзіла Сына, не згубіўшы нявіннасьці, паколькі нарадзіўшыся ад Яе захаваў і пасьля нараджэньня непашкоджанымі знакі дзявоцтва. Ён ёсьць Ісус Хрыстос, праўдзівы Бог. Яму слава, гонар і пакланеньне зь Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.