Sunday, September 26, 2010

НЯДЗЕЛЯ ПРАД УЗЬНЯЦЬЦЕМ

Мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сьвяты бываюць розныя, Бываюць сьвяты, калі душа поўная захапленьня і весялосьці, а бываюць сьвяты, якія напаўняюць душу строгай скрухай. І вось сьвята Узьняцьця Крыжа Гасподняга належыць да гэтых апошніх. Крыж Гасподні быў выяўлены ў Сьвятой Зямлі, ён быў знойдзены і быў узьняты, каб усе людзі, атачыўшыя патрыярха і царыцу, маглі яго бачыць.
І што убачылі людзі? Яны не убачылі размалёванае расьпяцьце, яны убачылі крыж з грубага дрэва, на якім не так даўно памёр целам Сын Божы, зрабіўшыся Сынам чалавечым. Памяць крыжоў і катаваньняў, памяць ганеньняў яшчэ была жывая, яшчэ былі людзі, якіх зьнявечылі каты, якія ў сваім целе насілі, як апостал Павел кажа, дадатковыя пакуты Хрыстовы. І калі яны глядзелі на гэты Крыж — і тыя, якія пазьбеглі пакуты, і тыя, якія засталіся вернымі Хрысту, разумелі, што значыць гэта хросная сьмерць Сына Боскага. Гэта быў Крыж і цьвікі, і быў Чалавек, і былі доўгія гадзіны кананьня.
Чым гэта сьмерць так непадобная на нашу, што яна магла апынуцца выратаваньнем сьвету, збаўленьнем усяго чалавецтва? Хіба Хрыстос целам пакутаваў больш мучанікаў і пакутнікаў усіх часоў? Не, але Яго сьмерць сапраўды асаблівая, таму што тая сьмерць, якой мы паміраем — гэта “даніна граху”, гэта сьледзтва нашай адарванасьці ад Бога. Сын жа Божы, зрабіўшыся чалавекам, быў недасягальны дзеля тленьня і сьмерці. Ён не сваёй сьмерцю паміраў: Ён памёр, таму што захацеў падзяліць зь намі, людзьмі, увесь жах нашага адчужэньня ад Бога, увесь жах чалавечага лёсу. Ён памёр сьмерцю чужой, не толькі агульнай сьмерцю чалавечай, але сьмерцю кожнага зь нас у нашай богапакінутасьці і ў нашым часам страшным багаборніцтве. Бо мы змагаемся з Богам кожны раз, калі, ведаючы Яго волю, мы адказваем: “не, Гасподзь, мая воля!”
Памёр Хрыстос, прылучыўшыся лёсу бязбожнага чалавецтва. Памёр Хрыстос і сышоў у пекла, тое пекла, якое не было проста месцам пакут, а месцам, дзе Бога няма. І гэтае пекла Ён напоўніў Сваёй Боскай прысутнасьцю. З гэтага пекла поўнае безнадзейнасьці, безнадзейнай бязбожнасьці Ён вывеў душы усіх спачыўшых. Сьмерць не сьвяткуе, сьмерць пераможана, — не фізычная сьмерць, таму што кожнаму зь нас па—ранейшаму даводзіцца прайсьці праз цеснату і скруху кананьня плоці, але сьмерць ужо не значыць для нас тое, што яна значыла дзеля Хрыста. Да Хрыста яна значыла канец зямнога жыцьця і канчатковае адлучэньне ад Бога. Пасьля Хрыста яна значыць пераход жыцьця часавага у жыцьцё вечную. Няма таго пекла, у якое уваходзіў Хрыстос, Ён яго запоўніў і спустошыў. Няма расстаньня з Богам і падзелаў паміж людзьмі, якія былі доляй дахрысьціянскага чалавецтва. Перамагло Боскае Жыцьцё, перамагла Любоў Боская.
І вось калі перад тварам Крыжа Госпада мы сузіраем сьмерць, сьмерць блізкіх, родных нам людзей, калі мы узіраемся ў твары спачыўшых, мы сапраўды можам сказаць, што сьмерць ужо не пагібель чалавеку, што сьмерць — гэта супакой, супакой той усядабраслаўлёнае суботы, калі целам Хрыстос спачыў ад працы і пакут Сваіх. Кожны зь нас у свой час уваходзіць у гэту дзівосную, усядабраслаўлёную суботу Госпада, у гэты адпачынак усёй землі, у чаканьні канчатковай перамогі над сьмерцю ў канцы часоў. І таму усякая сьмерць таямнічым, неспасьціжным чынам злучана са сьмерцю і уваскрэсеньнем Хрыстовым, не толькі зь Яго сьмерцю, але ужо зь Яго перамогай, ужо зь сьвятам спусьцелай труны. Вось чаму мы можам стаяць у труны са сьвечкамі ў руках, зь велікоднымі сьвечкамі, вось чаму мы можам пачаць журботны наш плач паніхіды альбо адпяваньня словамі: “Дабраслаўлёны Бог наш”. Вось чаму мы можам абвяшчаць: “Дабрашчасны шлях, якім ты ідзеш сёньня, о душа, бо прыгатавана табе месца спачынку”. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.